Трэнды і брэнды

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум у Магілёве

/i/content/pi/mast/56/950/33.jpg 
 «Спектакль № 7». Карняг-тэатр (Мінск, Беларусь).

Бадай, кожны міжнародны фестываль, што існуе

на пастаяннай аснове, у рэшце рэшт пачынае «паводзіць сябе» накшталт жывога арганізма: пераасэнсоўваць уласныя законы, падпарадкоўвацца пэўным цыклам, уступаць у залежнасць ад шматлікіх абставін. Вядома ж, «М.аrt кантакт» — не выключэнне. Сёлета ён сёмы раз праходзіў у Магілёве. І якраз сістэмныя зрухі сталіся найбольш заўважнымі ў ягонай штогадовай структуры. І гэта зразумела. Пакуль рухаемся, жывем. Было б дзіўна, калі б адшліфаваны фармат нарэшце не запатрабаваў «рэбрэндынгу» аднойчы ўсталяваных правіл  і схем. І хоць канфлікты «бацькоў і дзяцей» былі рашуча скасаваныя яшчэ за савецкім часам, менавіта ўзніклае неразуменне паміж «непаслухмянымі» і «пакрыўджанымі» сталася прычынай зменаў, якія наўпрост кідаліся ў вочы. Зразумела, што інтарэсы «бацькоў» аказаліся захаванымі, а «дзеці», якія да таго ж публічна прынеслі прабачэнні, былі пастаўлены ў кут. Уласна кажучы, што страчана?

 

Найперш, «Веснік “М.аrt кантакту”» — «жывое больш чым трэба» выданне «з перцам», якога не далічыліся сёлета. А яшчэ — альтэрнатыўнае маладзёжнае журы, рашэнні якога хоць часта і адрозніваліся ад рашэнняў вялікага Экспертнага савета, але ж відавочна не былі пазбаўлены слушнасці. Па вялікім рахунку, усе гэтыя раптоўныя высвятленні адносін паміж асобамі статуснымі і «простымі смертнымі» можна было б не браць пад увагу. Калі б, сярод іншага, гаворка не тычылася добра і якасна зробленай справы.

Сёлета дынамічныя змены канцэпту таксама былі заўважныя. Выразна выявілася мастацкая шматвектарнасць праграмы, у ёй быў ярка акрэслены менавіта маладзёжны аспект. Для нашага ўстойлівага ў сваёй аднастайнасці сцэнічнага мастацтва карысны вопыт любога іншага накірунку. Калі сучасны тэатр паўстае ў магчымай разнастайнасці, яму не трэба прыдумляць, як задаволіць схільнага да таннага шырспажыву гледача і адначасова захаваць прыстойны твар. Да гонару «М.аrt кантакту», гэтым разам галоўным аказалася аўтарскае выказванне, у цане былі шчырасць і спавядальнасць, як ніколі запанаваў інтэрактыў. Усё гэта цалкам натуральна для маладзёжнага фармату. Уразілі: экспрэсіўнае аўтарскае выказванне Яўгена Карняга («Спектакль №7»), Паўла Пражко і Кацярыны Аверкавай («Гаспадар кавярні»), абаяльна-даверлівы, проста вочы ў вочы, расповед у маскоўскім Незалежным праекце «Лафкадзіа», выбітныя перформансы «Не» і «Фарбы» Тэатра танца «KARAKULI», трагічна выгукнутыя «Тры сястры» Льва Эрэнбурга і піцерскага Невялікага драматычнага тэатра. Кранальна-наіўнымі (нам бы вашы праблемы!) падаліся філасофскія развагі юнакоў у спектаклі «Над вадой пад думкамі» нямецкага Тэатра «Марабу». Цягам праграмы ўдзельнікаў фестывалю захаплялі, раздражнялі, многім надакучвалі «ружовыя чалавечкі» славенскай групы «KUD LJUD». Рэзкае адмаўленне ў бальшыні крытыкаў выклікаў спектакль «Разваліны» маскоўскага Цэнтра драматургіі і рэжысуры Аляксея Казанцава і Міхаіла Рошчына. Зрэшты, сумна не было. Нават просты пералік сведчыць пра незвычайную разнастайнасць праграмы. Прыемна, што галоўная вартасць «М.аrt кантакту» — ягоная мастацкая змястоўнасць — і гэтым разам захавалася.

Паміж творчасцю і вытворчасцю

Сэнс любога міжнароднага фестывалю — упісаць айчынныя сцэнічныя калектывы ў якасны мультыкультурны кантэкст. Выраз «усё пазнаецца ў параўнанні» застаецца такім жа актуальным, як і сцвярджэнне, што здатнасць параўноўваць — прэрагатыва развітога розуму. Калі прааналізаваць прадстаўленую на «М.аrt кантакце» айчынную праграму, становіцца зразумела, што мы маем і чаго нам не стае. Асабліва калі ўлічыць, што знайсці пару-тройку спектакляў, адпавядаючых сучасным тэатральным трэндам, у нас бывае даволі складана. Ды «М.аrt кантакту» гэта ўдалося, хоць беларуская праграма падалася палярнай. На адным полюсе апынуліся Яўген Карняг, Кацярына Аверкава і Вольга Лабоўкіна, на другім — Рускі тэатр, Магілёўскі імя В.Дуніна-Марцінкевіча і ТЮГ. Менавіта так, хоць імпульсіўныя рэжысёрскія выказванні і цяжкаважныя практыкаванні рэпертуарнага тэатра на першы погляд уяўляюцца зусім несупастаўнымі.

«Спектакль №7» Карняг-тэатра ўтрымлівае адказы на самыя надзённыя для айчыннага тэатра пытанні, паспяхова абвяргае існуючыя на сённяшні дзень безнадзейныя прагнозы. За «Спектаклем №7» — феномен іншага тэатра: незапраграмаванага, нявыпусташанага, нерэалістычнага і невербальнага. Яўген Карняг («М.аrt кантакт» можа лічыцца хросным бацькам рэжысёра), здаецца, зрабіў неверагоднае. Ягоны праект узнік, нібы міраж сярод пустыні. У бачным простым вокам аазісе з эмацыйнай сілай і нязмушанасцю пульсавала грамадзянская думка, якая надавала спектаклю значэнне мастакоўскага выказвання. Візуальны канцэпт быў спалучаны з драматычна-ўражальным сэнсам. Сваю адметную ролю ў гэтым сыгралі мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян і дызайнер Сяргей Шабохін. Шматлікія мастацкія коды, якімі шчодра было аздоблена сцэнічнае дзеянне, прымушалі не толькі азірацца на класікаў, але і ўспамінаць пра ўласныя карані. У прыватнасці, пра спектаклі Аляксея Ляляўскага (як вядома, Карняг ягоны вучань) нам нагадвалі: наўмысна-расхістаны асяродак, які адначасова ўяўляў амаль што па-шэкспіраўску «звіхнуты свет»; напаўпрыспушчаныя панчохі гераіні (як у «Каштанцы» і «Драй швэстэрн»), вёдры з бульбай, якую персанажы абіралі проста з генетычнай наканаванасцю... Здаецца, са спектакляў Віталя Баркоўскага прарастаў лагічна-алагічны сэнсавы лад. Гульня з выпадковымі значэннямі і пазнавальнымі знакамі ўрэшце набывала сутнасны змест. Маўклівая Персона (Валянціна Гарцуева), узнесеная пад столь на неверагодным памосце ў атачэнні шэрагу гранёных шклянак, успрымалася як іранічна-трагічны архетып, што паяднаў асобу з эпахальнымі артэфактамі. Нібыта трансфармаваная скажонай свядомасцю, узнікала згадка пра Чэхава (як вядома, Антон Паўлавіч — наша ўсё). «Чайка» — і з абвостранай апантанасцю гераіня Святланы Анікей (нібы Аркадзіна) перабінтоўвала галаву герою Аляксандра Казелы (нібы Трэплеў). У зачыненым пакоі, у абмежаванай прасторы спектакля становіцца надзвычай важным, узбуйняецца кожны жэст. Асаблівы сэнс набывае бясконцы рух па коле абставін. Звышлаканічны, звышгучны. Смех. Плач. Бясконцая спроба існаваць. Марная спроба? Простыя сэнсы адбіваюцца ў свядомасці гледачоў і знаходзяць тлумачэнне. Немудрагелістае. Важнае. Сфармуляванае. Для мяне «Спектакль №7» зусім не пра страх, — так лічаць многія, — які мы пастаянна вымушаны пераадольваць. А пра існаванне разгубленага чалавека ў сучасным свеце. У варожым асяродку. З чужымі, але ж па-за Галівудам...

Як безумоўную вартасць спектакля хочацца адзначыць рэжысёрскую працу з акцёрамі. І саміх акцёраў — усіх без выключэння: Вольгу Скварцову, Святлану Анікей, Аляксандра Казелу, Валянціну Гарцуеву, Віталя Краўчанку. Напаўзабытае словазлучэнне «акцёрскі ансамбль» тут вельмі дарэчы.

Шмат спрэчак выклікаў спектакль «Гаспадар кавярні» па п’есе Паўла Пражко. І, прызнацца, мяне гэта здзівіла найбольш. У самім адмаўленні заўважная крыха кансерватызму, які, як вядома, здатны зрабіцца сапраўдным рухавіком прагрэсу. Стылістычна вывераную і сэнсава дакладна акрэсленую рэжысёрскую работу Кацярыны Аверкавай ну ніяк не назавеш эксперыментальнай. (Хіба што наш тэатр насамрэч заблукаў у танцавальна-камедыйнай прасторы і па-за папсовасцю зусім перастаў сябе ўяўляць.) Сумна, што маладым рэжысёрам права на ўласнае выказванне штораз даводзіцца здабываць наноў і такім чынам, быццам наш тэатр дагэтуль знаходзіцца ў паставе разумовага эмбрыёна. Як справядліва зазначыў герой Паўла Пражко: «Дыскурс мярцвее». Тым не менш думаю, што спектакль магіляўчан «Гаспадар кавярні» для беларускага тэатра стаўся знакавым. У ім адлюстраваны творчыя памкненні пэўнай часткі прафесійнай моладзі, у якой перадусім здатнасць і жаданне адпавядаць сучаснаму тэатральнаму мысленню незалежна ад абранага стылю і формы выказвання. Пераканальная спроба наноў адкрыць на айчынных падмостках змястоўную жыццёвую прастору.

Філасофія маргінала, выяўленая праз расповед ад першай асобы драматурга («я пішу пра людзей»), які не адасабляе сябе ад людзей. Уразлівае «мона» імпульсіўна і тонка ўвасоблена Аляксандрам Куляшовым — чалавекам у напаўпустым сцэнічным атачэнні. Кацярыне Аверкавай спатрэбіліся толькі звычайнае крэсла, школьная дошка і просты экран. На ім у доўгім шэрагу ўзнікаюць твары мінчукоў. Мільгаюць вочы, усмешкі, выхапленыя эмоцыі і выяўленыя думкі. Здымкі незарганізаваныя. Усё — насамрэч. Потым дзіўны ланцуг слоў, амаль выпадковыя і вельмі трапныя аскепкі рэчаіснасці, у якіх тая рэчаіснасць выразна адбіваецца. Гэта пра людзей. Пра нас. Пра самога Паўла Пражко (аўтара!) або не пра яго? На стыку ігры і споведзі ўзнікаюць няўлоўныя рэчы. Эфекты. Сведчанне таго, што ў відочнай прастаце і адкрытасці трактоўкі ёсць рэчы глыбінныя. Сутнасныя. Падумаем пра жыццё. Усё дакладна адчута і асэнсавана рэжысёрам. Яна трапна аспрэчвае словы героя (драматурга) «творчасцю займаюцца неразумныя людзі». І надае ім шматстайны сэнс, які падтрымліваецца тэкстам. Так, нармальныя людзі займаюцца бізнесам. І далей: «небагатыя — значыць інфантыльныя. Багаты чалавек па вуліцах не ходзіць». Аверкава не займаецца бізнесам, яна ставіць спектаклі. Пражко піша п’есы. Сучасны беларускі спектакль узнікае на скрыжаванні гэтых памкненняў. Яны ўсё зрабілі правільна. Па-за акрэсленай прастатой рэжысуры дакладная праца з акцёрам, цягам усёй сцэнічнай дзеі ўвага да выканаўцы не знікае ні на хвіліну. Ён надзейна трымае і нашы думкі, і нашы эмоцыі.

Усё, што з’яўляецца на нашых падмостках, варта ўпісваць у агульны кантэкст. Думаю, цяпер даволі складана будзе сказаць, што маладая рэжысура ў нашых тэатрах адсутнічае.

Гэта цалкам пацвярджаюць і спектаклі Тэатра танца «Karakuli» «Фарбы» і «Не» ў пастаноўцы Вольгі Лабоўкінай. Яе работы для многіх сталіся сапраўдным адкрыццём, зробленым на тэрыторыі невербальнага тэатра. Тут пануюць рух, пластыка, выяўленыя эмоцыі стыльна ўзведзены ў ступень абсалюту. Гэты сучасны тэатральны накірунак паспяхова і цалкам самастойна развіваецца ў Беларусі. Выдатна, што ў праграме «М.аrt кантакту» яму заўсёды адведзена адпаведнае месца.

Спрэчкі вакол традыцыйнага рэпертуарнага тэатра ўсё часцей узнікаюць у Беларусі. Яны, праўда, не такія вострыя, як, напрыклад, у Расіі. Думаю, сур’ёзная гаворка пра спосабы і форму існавання сучасных калектываў у нас яшчэ наперадзе. І спектаклі, паказаныя на «М.аrt кантакце» нашымі «акадэмікамі», пра гэта, безумоўна прымушаюць задумацца. Цікава, як яны ўсведамляюць сябе ў агульнай мастацкай прасторы? Увогуле, ці ўсведамляюць? Прысутнічае ці не ў іх дзейнасці такое паняцце, як творчая праграма?

Мяркуючы па спектаклі «Нататкі стомленага рамантыка» Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага — наўрад ці. Патлумачыць прысутнасць «дарожнай навелы» ў ягоным рэпертуары можна з цяжкасцю. Вядома, калі падыйсці да тэатра як да ўстановы, дзе мастацтвам займаюцца па вызначэнні. Або не займаюцца? Калі глядзіш на тое, як моладзь самааддана выкладваецца ў сумніўным відовішчы, ахоплівае роспач. Галоўным чынам таму, што самім тэатрам тое падаецца як цікавая імправізацыя, паказальна-эцюдны метад работы, увасобленая школа... Апошні тэзіс, праўда, сведчыць хутчэй пра яе адсутнасць. Літаратурныя спробы папулярнага сатырыка Міхаіла Задорнава шчодра аздоблены незразумелым рэжысёрскім пафасам, празмерная шматзначнасць дзеяння канкрэтызаваная ў стылі: распавялі — паказалі. Для таго каб увасобіць «жывыя карцінкі» з каментарыямі, быў запрошаны рэжысёр з Латвіі. Менавіта з ягонай дапамогай так званы «эцюдны метад» быў зайграны да пошласці. Маладыя актрысы, па сутнасці, вымушаны ўдзельнічаць у безгустоўным КВЗ з выяўленымі элементамі вульгарнасці. А яшчэ кажуць, што маладым рэжысёрам пасля заканчэння Акадэміі вельмі складана знайсці сабе работу.

Сітуацыя з «Нататкамі стомленага рамантыка» даволі сімптаматычная для нашага тэатра, які ўсё больш рашуча рвецца вонкі — за межы мастацкасці. Калі падобныя спектаклі ціха існуюць дзеля забавы звычайных гледачоў, а рэцэнзіі на іх памячаюцца спецыяльнай зорачкай (маўляў, на правах рэкламы), на гэта яшчэ можна заплюшчыць вочы. Калі ж іх прапануюць на міжнародны фестываль у якасці міжсезоннага дасягнення — справы насамрэч не вельмі. Зерне ад пустазелля ўсё ж такі варта аддзяляць, каб не заглушыла пладаносную ніву. Самае кепскае будзе, калі маладыя акцёры насамрэч павераць, што займаюцца мастацтвам. Толькі з тае прычыны, што сапраўднага тэатра не бачылі ніколі.

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прывёз на «М.аrt кантакт» адзін з лепшых сваіх спектакляў «Страцім-лебедзь». Таму казаць суровыя словы ў бок калектыву, які пасля столькіх гадоў творчага забыцця нарэшце адважыўся паўстаць перад вачыма тэатральнай грамадскасці з творам сур’ёзным, прымеркаваным да юбілею Максіма Багдановіча, відаць, няправільна. Тым больш што акцёры, занятыя ў спектаклі па п’есе Юрыя Сохара, гэтага не заслугоўваюць. Яны шчыра выдаткоўваюцца, праца з Віталём Баркоўскім пайшла ім на карысць. Па-акцёрску вельмі цёплыя, глыбокія эмоцыі ўласцівы Яўгену Ракіцкаму, Але Граховай, Жанне Зарэмба, Аляксандру Парфяновічу, Анастасіі Агейкінай. І ўсё ж... На сцэне ўсё адбываецца нібыта ва ўчарашнім сне. Падобны спектакль па п’есе Юрыя Сохара Віталь Баркоўскі паставіў у Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа. Толькі называецца ён «Прывітанне, Альберт!» і прысвечаны Альберту Эйнштэйну. Люстраныя сцэнаграфія, спосаб працы з тэкстам, пластычныя прыёмы, рэжысёрская ідэя і метад яе ўвасаблення. Усе прыкметы серыйнасці навідавоку, здаецца, Баркоўскі выступае ў якасці «маньяка-забойцы» — вядома ж, самога сябе. Зрэшты, спектаклі Рускага і Бабруйскага тэатраў — нібы звёны аднаго ланцуга. І пакуль падобныя варыяцыі будуць прымальнымі, шанцаў у нашага тэатра не паболее.

Сярод спектакляў тыповых і шараговых — «Мой бедны Марат» Аляксея Арбузава, пастаўлены ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача Ягорам Лёгкіным. Адначасова можна адзначыць сур’ёзныя адносіны да справы маладога рэжысёра і ягоныя пазаўчарашнія ўяўленні аб прафесіі. І якраз гэта — родавая траўма існуючай сістэмы навучання. Натуральна ўзнікае пытанне: калі не здолелі навучыць, як зрабіць, каб жадаючыя навучыліся самі пры амаль што поўнай адсутнасці аб’ектаў для пераймання? Сярод відавочных хібаў «Майго беднага Марата» — няздатнасць абжыць сцэнічную прастору. «Прыкутыя» рэжысёрам да печкі-буржуйкі, героі спектакля, здаецца, баяцца зрабіць лішні крок у бок. Усё мяшаюць ды мяшаюць кашку ў конаўцы. Або раптам ускокваюць на раяль, які чамусьці стаіць недарэчна — не на ножках, а на баку. Калі не зважаць на неапраўдана перабольшаныя эмоцыі, недакладныя акцёрскія ацэнкі (куды гляджу? каму кажу?), устаўныя пластычныя нумары, можна сказаць, што спектакль вырашаны ў традыцыйнай рэалістычнай манеры. Атрымліваецца, што гэта ў публікі дах паехаў ад выгляду перакуленага, прыпёртага да сценкі раяля і вялізных, ад падлогі да столі, палотнішчаў календара (сцэнограф Алена Ігруша), якія пафасна зрываюць персанажы — маўляў, час мінае. Разумею Ягора Лёгкіна, калі ён кажа, што не шукае ў мастацтве простых шляхоў, унікае аблегчанай драматургіі. І не разумею такога нерашучага дотыку да сур’ёзнай літаратуры. З гэтай «п’есай на траіх» сапраўды цікава разабрацца. Дарэчы, спажыва, якую яна дае акцёрам, таксама заўважная ў рабоце Юліі Смірновай (Ліка), Генадзя Гаранскага (Леанідзік), Васіля Казлова (Марат).

На любым міжнародным фестывалі ўсе спектаклі трапляюць у пэўна вызначаны прафесійны кантэкст. І тое, што самому тэатру ўяўляецца творчым дасягненнем, вельмі часта ўспрымаецца як «сямейная радасць» або правал. Атрымліваецца, распавядаць пра ўласныя поспехі можам толькі самім сабе. Прыкладна так і сталася сёлета на «М.аrt кантакце». Найперш таму, што ў праграме быў паралельна прадстаўлены яшчэ і зусім іншы тэатральны прадукт.

Там, за даляглядам...

У свеце да тэатра ставяцца па-рознаму. Было б наіўна лічыць, што сцэнічнае мастацтва квітнее няспынна і паўсюль. Ды толькі ў тым, што яно развіваецца, рассоўваючы нашы ўяўленні пра стыль, існуючыя жанры і накірункі, таксама можна было пераканацца на спектаклях «М.аrt кантакту». Плён і поспех узнікаюць толькі там, дзе не ставяцца з пагардай да творчага працэсу. Паперадзе — жаданне займацца мастацтвам і дакладнае ўсведамленне, дзеля чаго.

Па-за рамкі міжнароднай праграмы (маўляў, нічога цікавага) сёлета можна было вынесці толькі адзін спектакль. «Пунсовыя ветразі» Арлоўскага тэатра для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» — звычайны тэатральны шырспажыў. І мы гэтак можам, і ніколі не саромеемся. Галоўнае, што яркіх тэатральных уражанняў было шмат. «Лафкадзіа» здарыўся на трэці дзень «М.аrt кантакту» і моцна ўзняў агульны настрой. Пасля прагляду былі заўважныя толькі шчаслівыя твары. Ва ўсіх без выключэння гледачоў. Спектакль узнік на вольнай творчай прасторы, па-за межамі тэатра рэпертуарнага. Некалі ў нас падобныя праекты называліся самастойнымі работамі. Яго ўвасобіла актрыса Тэатра doc. і Тэатра «Практыка» (яна ж студэнтка курса рэжысуры Шчукінскага вучылішча) Святлана Іванова разам з амерыканскімі акцёрамі Одзінам Ландам Байранам і Казімірам Ліске, якія скончылі Школу-студыю МХАТ у майстэрні Канстанціна Райкіна. Казка-прыпавесць для дзяцей і дарослых паводле кнігі Шэла Сільверстайна «Лафкадзіа, або Леў, які адстрэльваўся» зусім не растыражаваная на падмостках, затое перапоўненая нечаканымі паваротамі сюжэта, добразычлівымі інтанацыямі, тонкім гумарам. З неверагоднымі вынаходлівасцю і абаяннем яе разыграла на сцэне кампанія маладых людзей. Як кажуць, паўтарыць немагчыма, але навучыцца можна. Чаму падобныя работы зніклі ў нас? Пытанне без адказу.

Самыя палкія спрэчкі выклікаў спектакль «Разваліны» па п’есе Юрыя Клаўдзіева (Цэнтр драматургіі і рэжысуры Аляксея Казанцава і Міхаіла Рошчына). Драматурга Юрыя Клаўдзіева і рэжысёра Кірыла Вытаптава зацікавіла тэма канібалізму падчас вайны: у п’есе дзеля таго, каб выжыць, паядаюць замёрзлых людзей. Гледачы і крытыкі засяродзіліся на пытанні: «льга» або нельга ступаць на тэрыторыю маральных забарон? Увогуле, ці існуюць для твораў пра Вялікую Айчынную якія-небудзь табу? Цікава, што падобныя пытанні самімі стваральнікамі спектакля былі вынесеныя за дужкі. Галоўнай дзейнай асобай зрабіўся ГОЛАД. Псіхалагічныя і псіхічныя праблемы выявіліся ў адэкватнасці стылю, інтанацыі, моцным драматычным напружанні. Усё ўсталявана ўпэўненай рэжысёрскай рукой. Эстэтычнае трымценне гэтага спектакля жудасным камяком захрасала ў горле. Шкада, што для нас гэта толькі чарговае поле самаабмежаванняў.

Піцерскі Невялікі драматычны тэатр паказаў чэхаўскія «Тры сястры». Спектакль зрабіўся кульмінацыяй фестывалю, ягоным трыумфам, змястоўным і мастацкім кантрапунктам. А таксама атрымальнікам галоўных узнагарод — Гран-пры, «За лепшую мужчынскую ролю» (Канстанцін Шалястун — Вяршынін), «Лепшая маладая актрыса» (Марыя Сямёнава — Ірына). Такая аднадушнасць у вызначэнні пераможцаў для любога фестывалю рэдкасць. Сёлета гэта былі яшчэ і шчаслівыя тэатральныя імгненні ад тэатра з Санкт-Пецярбурга пад кіраўніцтвам аднаго з лепшых расійскіх рэжысёраў Льва Эрэнбурга. Майстар-клас па рэжысуры і акцёрскім мастацтве. Змястоўны духоўны пласт і плён творчасці маладога сцэнічнага калектыву, аб’яднанага вакол настаўніка-майстра.

Усё ж такі «М.аrt кантакт» зноў набірае абароты.

Людміла ГРАМЫКА