Алена Сулкоўская

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Моманты змены

Алена Сулкоўская нарадзілася ў Мінску, вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2000 годзе атрымала дыплом жывапісца. У 2004-м пераехала ў Галандыю, дзе скончыла Акадэмію мастацтваў Герыта Рытвельда (Амстэрдам). Працуючы з тэкстылем, яна актыўна ўлучае свае творы ў прастору, вольна змешвае тэхнікі і прыёмы. Жыве ў Галандыі, удзельнічае ў рэгіянальных і міжнародных выставах. Працы знаходзяцца ў прыватных і галерэйных калекцыях Амерыкі, Германіі, Аўстрыі і Галандыі.

 Сяргей Кірушчанка

 

 

/i/content/pi/mast/56/949/28.jpg 
Без назвы. Акрыл. 2009.
Ты з творчай сям’і, і здаецца мне, што такога пытання: станавіцца мастаком ці не — у цябе не ўзнікала...

— Бацька заўсёды папярэджваў, што гэта прафесія вельмі складаная, калі не любіш — не варта і спрабаваць. Таму гэтым шляхам з пятага класа школы Ахрэмчыка я ішла цалкам свядома.

У каго вучылася і хто з настаўнікаў найбольш на цябе паўплываў?

— У школе ў Рыгора Сітніцы, а ў Беларускай акадэміі мастацтваў у Алеся Марачкіна, але на кафедры жывапісу настаўнікі пастаянна мяняліся. Найперш паўплывалі мой бацька Уладзімір Сулкоўскі і Анатоль Бараноўскі — яшчэ ў тыя часы, калі я зусім маленькай ездзіла з імі на эцюды. Запомнілася, як Бараноўскі вучыў студэнтаў, што глядзець і бачыць — розныя рэчы, трэба думаць, што ты бачыш, і асэнсоўваць гэта ў творы. З часоў вучобы з павагай стаўлюся да Мая Данцыга — настолькі роўны быў у яго падыход: і чыста чалавечы, і як у прафесіянала. У Акадэміі адной з галоўных задач стала супраціўленне любому ўплыву, каб засталося тое, што ты хочаш данесці, — няважна, адпавядае гэта або не чыймусьці меркаванню. Я насамрэч вельмі ўдзячна за пройдзеную школу: пасля такога выпрабавання ўжо нічога не страшна. Табе будуць казаць: ты не мастак і работа твая нішто, — усё няважна, галоўнае — працягваць працаваць.

Пасля заканчэння ты займалася жывапісам?

— Выстаўлялася на маладзёжных і нават на адной рэспубліканскай выставе. Работамі, якія былі напісаны яшчэ падчас вучобы.

Што яшчэ паўплывала на цябе — фільмы, кнігі?

— Бацькі былі мастакі, таму мы глядзелі якаснае кіно — Параджанаў, Таркоўскі. І літаратуру патрэбную ў час «прайшла». Люблю Умберта Эка, Борхеса, і асабліва ўражвае Муракамі. Я прачытала яго ўсяго на рускай мове і была ўпэўнена, што ён такі цудоўны таму, што добра перакладзены. Узяла раман на англійскай мове — тое ж уражанне. Ён падобны на візуальнага мастака. Працэс чытання твораў Муракамі нагадвае мне мой метад працы: спачатку ўсё простымі сродкамі выбудоўваецца ў нейкія візуальныя абстрактныя карцінкі, потым адбываецца яднанне ў адно цэлае — можа і абстрактнае, але ўжо зразумелае.

Падчас навучання ў Мастацкай акадэміі ў Амстэрдаме ў цябе адбылася прынцыповая змена творчай парадыгмы, матэрыялу, стылю, мыслення. Што стала штуршком: асяроддзе, сусветнае мастацтва, з якім ты пазнаёмілася зблізку, іншыя прынцыпы навучання?

— Калі я была жывапісцам, мне важна было перадаць колеравы стан, выява — другасная. Працавала з плямамі і абстрактнай атмасферай. Была патрэба рушыць наперад. Мне прапанавалі вучыцца ў аспірантуры ў Мюнстэры на аддзяленні жывапісу, але адмовілася. Узнікла магчымасць вучыцца ў Мюнхене, але я вырашыла спачатку скончыць Акадэмію ў Мінску. Потым пераехала ў Амстэрдам. Паступіла на тэкстыльнае аддзяленне. Хацелася ўсё прынцыпова памяняць, да таго ж спадабаліся майстэрні шаўкаграфіі — было відаць, якія тут велізарныя магчымасці.

Першыя два гады ў чужой краіне — гэта адаптацыя, знаёмства з тым, чым займаюцца мясцовыя мастакі, вывучэнне мовы. Англійскую я ведала добра, аднак палова курса шаўкаграфіі выкладалася на галандскай. Толькі праз два гады па-сапраўднаму стала працаваць творча. Мяне захапіў мінімалізм: нуль колеру, толькі белае і чорнае, магчымасць выявіць нешта простымі сродкамі — вышыўкай, малюнкам. Аднойчы зразумела, у чым прычына. Я ўбачыла арыгінал твора Маціса — партрэт у сініх тонах. Калі разбірацца, праз што ў мяне памяняўся стыль, — уся справа ў гэтым партрэце. Не магу сказаць, што Маціс самы любімы мастак, але той момант ніколі не забуду. Згадаю партрэт — і ўсё магу змяніць...

Чым тамтэйшыя прынцыпы адукацыі адрозніваюцца ад нашых?

— Калі ўжо ёсць нейкая мастацкая адукацыя, то лепшай акадэміі, чым Герыта Рытвельда ў Амстэрдаме, не знайсці. Наогул, калі ты цвёрда стаіш на нагах, можна лёгка памяняць матэрыял. Вельмі каштоўным быў і досвед працы ў інтэрнацыянальным асяроддзі. Пашанцавала, што ў мяне быў выдатны каардынатар курса — Ёка Рабаорт. Яна, напрыклад, казала, што гэты кірунак маёй працы — перспектыўны і заняткі мне не патрэбны: «Ты сфарміраваны мастак, табе важна вучыцца размаўляць пра свае работы». І гэта было самае цяжкае: паверыць у сябе як мастака. Перамены пачаліся са змены стаўлення, з перамогі над сабой...

/i/content/pi/mast/56/949/28a.jpg 
 З серыі «Індустрыяльная паэзія».

Малюнак на тканіне. 2012.

Сёння тканіна — твой асноўны матэрыял. Табе надакучыў жывапіс, лічыш, што ён неактуальны? Ці цябе заварожвае шаўкаграфія? Раней, наколькі я ведаю, ты шыла.

— У Мінску я нават планавала паступаць на тэкстыль, рада, што не атрымалася: на базе маёй жывапіснай адукацыі можна займацца чым хочаш.

Пішу пастаянна, але работы пакуль не паказваю. Да тых тканін, з якімі працую, стаўлюся як да палатна. Часам і яго выкарыстоўваю. Гэта, канешне, не класічнае разуменне палатна, не жывапіс. Я перайшла ў стадыю малюнка — калі вышываю, калі ствараю выяву, замест алоўка проста выкарыстоўваю ніткі.

Праца з тканінай дапамагла табе змяніцца, у тым ліку — і ў традыцыйным жывапісе. Магчыма, трэба было адысці ад апошняга, каб вярнуцца да яго на іншым узроўні?

— Для мяне было важным паглядзець на свае працы збоку. Пакуль іх робіш, гэта немагчыма. Толькі праз некаторы час бачу, якімі яны выглядаюць. Я хацела знайсці новую мову. З-за гэтага перастала ў Амстэрдаме займацца жывапісам, рабіла калажы з простай паперы, а пасля ўжо вярнулася да фарбаў і да малюнка.

Як ты ставішся да сваіх работ мінскага перыяду?

— Часам гляджу на іх і думаю: як я магла такое зрабіць? Спатрэбіцца год, каб вярнуцца на той тэхнічны ўзровень. А некаторыя, відаць, ужо і не змагу паўтарыць. У мяне быў складаны працэс працы. Спачатку выконвала шмат невялікіх эскізаў, а пасля за дзве гадзіны павінна была завяршыць увесь твор. Гэтыя дзве гадзіны былі вельмі напружанымі: калі не паспееш — твор не адбудзецца. Тыя каляровыя напрацоўкі я не выкідала. Некаторыя з іх захоўваю і дакладна ведаю, што ў нейкі момант зраблю з іх вялікія работы, бо там ёсць думка, якую магу развіваць.

Чакаю тваіх новых твораў, жывапісу, які народзіцца праз досвед працы з тканінай, з шаўкаграфіяй. Раскажы пра свае найбольш цікавыя экспазіцыі. Калі ты ўдзельнічаеш у выставах, ці адыгрывае для цябе ролю архітэктурная прастора, у якой плануеш экспанаваць свае працы?

— З архітэктурай была звязана мая работа «Шлях да падзення». Разам з Ленай Давідовіч мы атрымалі рэзідэнцыю ў горадзе Хелмондзе, дзе знаходзіцца самая вядомая ў Галандыі тэкстыльная фабрыка ХІХ стагоддзя, яна яшчэ дзейнічае. У нас быў месяц на падрыхтоўку работы і месяц — на выставу. З Ленай мы падзялілі другі паверх. Я проста закахалася ў гэту прастору, у гэты від з акна. Менавіта пад архітэктуру я прыдумала свой новы твор з тэкстылю. «Шлях да падзення» — гэта з вядомай песні, чалавек там скача ў ваду. У мяне ён уздымаецца ўгару. Спачатку гэта пазнавальная постаць, потым яна трансфармуецца ў палёце, і нарэшце — гэта самалёт. Цэлая гісторыя пра мару людзей лётаць. У Лены быў апакаліпсіс. Пачыналася экспазіцыя з таго, што ты па лесвіцы ўзнімаешся наверх і бачыш адтуль маю інсталяцыю, пасля кіруешся ў частку Лены Давідовіч, там цёмна і там яе гісторыя. Усё было вельмі ўдала ўзаемазвязана. Упершыню для сябе я рабіла твор на 80 квадратных метраў. Тэхналогія была складанай: я выразала з тканіны постаць, якая павінна была вісець, а яе абрыс (ты яе расцягваеш, і ўсё мяняецца) мусіў чытацца з розных ракурсаў. Сёння гляджу на фатаграфіі экспазіцыі і бачу, што сапраўды нечага дамаглася: змагла змяніць прастору. Калі выстава скончылася, не ведала, куды гэты твор падзець (вялікі!), думала нават выкінуць. Добра, што не зрабіла гэтага, таму што выставіла яшчэ раз — на Маскоўскім біенале, ужо зусім у іншым будынку — у музеі Царыцына. Там яна глядзелася зусім па-іншаму, але таксама змяніла архітэктуру вакол сабе. Для мяне гэта было дзіўна, таму што звычайна я працую з плоскасцю.

Такі станковы прынцып?

— Так, аб’ём для мяне ўяўляе складанасць.

/i/content/pi/mast/56/949/29.jpg 

Шлях дападзення. Тэкстыль, інсталяцыя.  2009.

Сучаснае мастацтва тым і вылучаецца, што яно адышло ад станкавізму. Нават каб зрабіць вялікую сур’ёзную жывапісную выставу, трэба задзейнічаць праектнае мысленне. Але пытанне маё пра іншае. Як лічыш: ты ўжо склалася як мастак ці тваё станаўленне ўсё яшчэ доўжыцца? На маё меркаванне, гэты працэс у творцаў павінен адбывацца пастаянна — вечнае станаўленне, няспыннае абнаўленне.

— Я з вамі цалкам згодная, таму што мастак, які адбыўся, гэта, напэўна, мёртвы мастак. Памёр і ўсё зразумела... Калі ж цябе па-сапраўднаму нешта хвалюе, ты заўсёды можаш зрабіць цалкам новы твор. Памяняць усё. Акадэмія мастацтваў у Мінску мяне навучыла адной рэчы: у апошні момант можна нешта змяніць. У жывапісе — гэта лёгка, але ёсць такія матэрыялы, дзе выпраўленні немагчымыя. Тады можна прапанаваць нечаканую выставачную канцэпцыю.

У цябе ў Галандыі быў доўгі перыяд адаптацыі і да нядаўняга часу — даволі складанае жыццё. Для тваіх сябровак — Вікі Мітрычэнка і Лены Давідовіч — для таго, каб умацавацца і не прапасці, вялікую ролю адыграла вера. Што падтрымлівала цябе — вера ў Бога, у мастацтва?

— Без веры ў Бога я б і не паехала. Калі разважаць лагічна: які сэнс нешта мяняць, калі ў цябе і так усё склалася?

Але нехта сказаў: калі Бог даў табе талент, будзе тваім грахом, калі ты яго напоўніцу не рэалізуеш.

Што для цябе мастацтва — спосаб заробку, самасцвярджэння?

— Сродак самарэалізацыі і атрымання задавальнення ад працэсу. Пра вышэйшыя мэты я не задумваюся. Атрымліваю асалоду, калі твор удаецца... А ўвогуле — гэта складанае пытанне.

Канешне, складанае. Ці важны для цябе поспех?

— Пэўна, калі нехта кажа, што поспех для яго няважны, ён маніць. Увесь час стараешся, нават для сябе: важна, каб кожная наступная работа была прынамсі не горшай за папярэднюю. У ідэале — лепшай. У мастацтве пра такія рэчы цяжка разважаць: параўнаць, бывае, немагчыма. Але адчуванне, што справа ў цябе пайшла, неверагодна важнае. Нават момант, калі ты прыдумаў твор, — поспех. Канешне, хочацца, каб цябе хвалілі. Але гэта ўжо бывае небяспечна...

Як ты камунікуеш са сваім замежным асяроддзем? Як выбудоўваюцца ўзаемадачыненні з галерэямі?

— Дзейнічаць паводле класічнай схемы: наведваць розныя вернісажы і заводзіць там знаёмствы — у мяне не атрымліваецца. Звычайна знаёмлюся ў працэсе работы. Што да галерэй... Як толькі я прыехала, адразу пайшла паказваць працы, праўда, не свае. Як увайшла, так і выйшла — без сувязей ніхто цябе не прыме. Пасля абсалютна выпадкова трапіла ў спіс мастакоў галерэі, пра якую нават не марыла. Я не ўмею кан’юнктурна кантактаваць, хаджу на выставы, калі мне гэта цікава, напрыклад, на Арт-Амстэрдам.

Колькі галерэй там прадстаўлена?

— Практычна ўсе галандскія, шмат з суседніх краін. Фэст больш класічны, а Арт-Ратэрдам прысвечаны сучаснаму мастацтву. Дарэчы, больш шанцаў завесці патрэбныя сувязі, калі ходзіш на выставы з інтарэсам да іх, а не дзеля знаёмства. Апошняе заўсёды відаць. Тут варта быць шчырай, адразу казаць, што табе трэба. Нязвыклае пачуццё.

У Беларусь ты прыязджаеш нячаста, але, можа, у цябе склалася нейкае адчуванне тутэйшай сітуацыі? Мне падаецца, што перамены адбываюцца: з’яўляюцца маладыя творцы, нядрэнныя выставы...

— Калі прыязджаеш раз на два гады, складана пра нешта меркаваць. Аднак я сачу за замежнымі выставамі і вельмі хвалююся, калі творцы з Беларусі прымаюць удзел у міжнародных праектах, бо ўражанне пра краіну будзе складвацца па іх работах. І прыемна, калі нашых заўважаюць: вось, маўляў, ваш беларускі мастак... Добра, што з’яўляюцца маладыя людзі і робяць выдатныя творы. Я яшчэ памятаю, як складана было працаваць у Мінску: грошай няма, а галоўнае — робіш і разумееш, што гэта нікому не патрэбна. Нават паказаць няма дзе. Сапраўдных творцаў вядзе толькі цвёрдая вера ў мастацтва.