Вялікі Рай з маленькіх грахоў

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

«Алтар нацый» у Гомелі

/i/content/pi/mast/56/948/25.jpg

Аксана Мась. Алтар нацый.

Леташняе Венецыянскае біенале было адзначана амаль татальнай украінскай прысутнасцю. Відовішчныя выставачныя праекты, моцная інфармацыйная кампанія, прафесійна арганізаваныя стасункі з інтэрнацыянальнай арт-супольнасцю — усё было на ўзроўні. Пачынаючы з таго, што сам Акіле Баніта Аліва, аўтарытэтны італьянскі тэарэтык, вынаходнік тэрміна «татальнае мастацтва», выступіў у якасці куратара Нацыянальнага павільёна нашых суседзяў. Украінскі піяр грукатаў на ўсю Венецыю: нават на бартах водных трамвайчыкаў мільгала рознакаляровая рэклама Future Generation Art Prize — міжнароднага конкурсу, арганізаванага кіеўскім PinchukArtCentre.

З аднаго з такіх перапоўненых вапарэтаў мне і давялося ўбачыць твор Аксаны Мась. На эфектна падсвечанай велізарнай панэлі, у паўцемры невялікай плошчы знянацку з’явілася жаночае іканапіснае аблічча. Яркае, але крыху няпэўнае. Як потым высветлілася, манументальная выява складалася з безлічы каляровых драўляных яек, створаных у тэхніцы традыцыйнай украінскай «пысанкі».

Тыя велікодныя яйкі з берагоў венецыянскага канала трапілі ў Гомель — у вялікую Калонную залу Палаца Румянцавых і Паскевічаў.

«Алтар нацый» Аксаны Мась павінен рэпрадуцыраваць «Пакланенне Святому Баранку» (1425–1432) братоў Ван Эйкаў, больш вядомае як «Генцкі алтар». Пакуль завершаны толькі некалькі з яго фрагментаў — кожны памерам 6 на 6 метраў. Тры пано на венецыянскім узбярэжжы і ў гомельскім палацы былі толькі часткай украінскага павільёна. А сам павільён — толькі пачаткам грандыёзнай працы. І тым не менш — гэта больш за 100000 распісаных уручную драўляных яек на васьмі панэлях. Калі грандыёзная мазаіка будзе даведзена да фіналу, такіх панэлей будзе каля трохсот. Зараз іх толькі пятнаццаць.

У роспісе яек прымалі ўдзел прадстаўнікі самых розных слаёў грамадства — жыхары больш чым сарака краін. Аксана папрасіла ўсіх суаўтараў намаляваць свае асабістыя грахі, жаданні ці фобіі.

Выявы грахоў — вельмі розныя, але, сабраныя па пэўных іх супольнасцях, малюнкі ўплываюць на кантэкстуальнае і нават эмацыйнае ўспрыняцце мазаічных пано. Напрыклад, «Анёл, які спявае» размаляваны вязнямі, а «Аблічча Дзевы Марыі» — дзецьмі. Розніца адчуваецца, але на адлегласці яе не відаць...

З безлічы «грахоўных» маляванак узнікае вобраз Раю — крыху супярэчлівая, але выразная метафара. Увогуле, складанне нечага вялікага з маленькіх самадастатковых часцінак — так званая «акумуляцыя» — стратэгія ў сучасным мастацтве папулярная. Аднак, у «Алтары» структурны элемент знойдзены надзвычай удала. Як кажа Баніта Аліва: «...Праект... з’ядноўвае традыцыі велікодных яек і найноўшых тэхналогій, зыходзячы з якіх мастацкі аб’ект разглядаецца як сукупнасць пікселяў. Яйка — вось гэткі неспадзяваны піксель». Да таго ж — універсальны сімвал сусвету і паходжання жыцця, які прысутнічае ў многіх культурах, што робіць праект транснацыянальным. З іншага боку, ва ўкраінскай народнай культуры пісанка мае статус знакавай з’явы, і гэта надае твору выразную нацыянальную адметнасць.

Партысіпатарнасць — адкрытая для гледача магчымасць удзелу ў вырабе твору — важная катэгорыя сучаснага мастацтва, якая, бадай, замяніла традыцыйную катэгорыю «прыгажосці». Злучэнне «Божага дару з яешняй» — высокамастацкага і прафаннага — моцны бок работы. Названыя ўзроўні ўспрыняцця выразна падзелены ў фізічнай прасторы. Пераключэнне паміж імі — набліжэнне/аддаленне — дае самастойны дзейсны эфект, здольны «страсянуць оптыку» назіральніка.

«Гэты праект мне хацелася зрабіць сапраўды духоўным. Думаю, апошнім часам духоўнасці не хапае многім творам, — тлумачыць сваю ідэю мастачка. — ...Я хацела паказаць, чым людзі розных культур падобныя паміж сабой: калі Рай кожны бачыць па-свойму, то грахі ва ўсіх аднолькавыя». Мы маем справу з маленькімі ачышчальнымі «споведзямі», і атрымліваецца, што «Алтар нацый» — сімвалічнае ўвасабленне Раю, зноў здабытага людзьмі. Гісторык мастацтваў і захавальнік «Святога Баранка» ў саборы Святога Бавона ў Генце Іахан Антоніс цытуе апісанне Новага Іерусаліма — адной з асноўных тэм Генцкага алтара — у біблейскай Кнізе Адкрыцця: «Пасля гэтага зірнуў я, і вось вялікае мноства людзей, якога ніхто не мог пералічыць, з усіх плямёнаў і каленаў, і народаў і моў, стаяла перад тронам і перад Ягнём». І працягвае: «...Здаецца, што гэта незлічонае мноства зноў вернутае да жыцця ў незлічонай колькасці велікодных яек, выкарыстаных для ілюстрацыі гэтай карціны. Такім чынам, твор Аксаны Мась — нешта значна большае, чым гіганцкая копія рэальна існуючай карціны. Ён увасабляе сам Рай на зямлі — утапічную мару, уласцівую кожнаму з нас, хоць і не кожны верыць у магчымасць яе ажыццяўлення».

Застаецца толькі дадаць, што «Алтар нацый» быў рэпрэзентаваны ў Гомелі дзякуючы супрацоўніцтву кіеўскай кампаніі «ARTTREND», якая прадстаўляе інтарэсы мастачкі, і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Падаецца, сумесныя ўкраінска-беларускія высілкі не былі марнымі — пра гэта сведчыць не толькі ўзрослая колькасць наведвальнікаў Палаца, але і іх шчырая зацікаўленасць незвычайным творам.

Павел Вайніцкі