Шлях да сінтэзу

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Выява і слова

/i/content/pi/mast/56/947/24.jpg 
 Памяць маці. Лінарыт. 1977.
Другая палова ХХ стагоддзя — складаны і шмат у чым супярэчлівы перыяд у гісторыі айчыннага выяўленчага мастацтва. Работы, што ў той час экспанаваліся на выставах, былі выкананы пад уплывам сацрэалізму з ягонымі сюжэтамі і тэматыкай.

Іншыя кірункі жылі сваім жыццём, то-бок — падпольна, зрэдку выплываючы з лёхаў і гарышчаў.

Мастацтва — адна дарога, але крочаць па ёй многія. Ісці складана: яна нібы лабірынт — шлях да сваіх унутраных рэзерваў. У 1970-я гады я меў за спінай трыццаць гадоў жыцця, запас ведаў і прафесійную школу — а трэба было зрабіць крок наперад, каб адрэзаць папярэднія дасягненні і выйсці на новы ўзровень. Задача была пастаўлена такім чынам: адкрыць свой метад, адшукаць магчымасць удзельнічаць у мастацкім жыцці краіны без канфармізму ў творчасці. Ісці ў адзіноце толькі маёй душы вядомай сцежкай і рабіць толькі новыя памылкі, не паўтараючы чужых.

У сярэдзіне 1970-х я ўжо цалкам знаходзіўся пад уплывам мастацтва Усходу. Адчуваў сябе вучнем, што спрабуе крок за крокам паўтарыць прыёмы і дасягненні адрознага ад нашага творчага метаду. Разумеў і іншае: на гэта не хопіць усяго зямнога жыцця.

Знаёмства з паэзіяй і філасофіяй Усходу зберагло ад сур’ёзнай небяспекі: паўтарэнне не заўсёды вучэнне. У паўторы чужых дасягненняў я ўбачыў не толькі карысць, але і яд для сваёй творчасці. Усход скіраваў мяне на ўласны шлях, дазволіў перастаць баяцца не быць зразумелым, нешта не паспець зрабіць. Усё цяпер было маё: удачы і няўдачы, дасягненні і падзенні... Вінаватым ці пераможцам быў толькі я. Усё адбывалася не дзеля поспеху, грошай і нават не дзеля мастацтва, а дзеля пошуку самога сябе.

Я пачаў рухацца да простасці і натуральнасці ў прыродзе, да яе чысціні і прыгажосці, да вечных ідэалаў, незалежных ад любых плыняў. Ісціна адзіная ў сваім вытоку, але кожны з нас імкнецца апрануць на яе папяровую сукенку ўласнага фасону — і лічыць гэта выключна правільным рашэннем.

Спакой і напаўненне пустаты сэнсам сталі маёй галоўнай задачай. Маўчанне сэнсу і таямніца гэтага стану. Да стварэння і фарміравання свайго свету мяне прывялі доўгія гады блуканняў у прыцемках лесу ўласнай душы, куды зрэдку прабівалася сонечнае святло, што пасля надоўга знікала. Такая вандроўка доўжыццa і цяпер, аднак ёсць некалькі сонечных палянак у гэтым цёмным лесе. Да іх магу дабрацца вядомым мне шляхам і перавесці дух. Узыходжанне да сябе працягваецца, і кожны раз мушу рабіць выбар, на якую сцежку павярнуць, каб дасягнуць мэты. Вось радкі з кітайскага тэксту «Горкі гарбуз»: «Чалавек дасканалы — без правіл». Азначае гэта не тое, што ён не мае правіл, галоўнае — адсутнасць правіл. Усё, што падначальваецца пастаяннаму закону, павінна абавязкова валодаць зменлівымі ўласцівасцямі. Калі ёсць правіла, трэба, каб у ім была закладзена здольнасць да зменаў.

Вырашаючы праблему сінтэзу мастацтваў, я распачаў свае першыя доследы. Тады былі амаль забытыя мінулыя дасягненні ў працы са шрыфтам і выявай. Меў кола знаёмых, якія цікавіліся гэтай праблемай. Асабіста я адштурхоўваўся ад лубка і футурыстаў, але сапраўднай школай стаў Усход з яго здабыткамі ў сінтэзе каліграфіі, літаратуры і жывапісу. Нарэзаў першыя драўляныя дошкі і першыя лінарыты — думаю, што менавіта ў гэты перыяд усё і пачало складвацца ў нейкую сістэму, у нейкае правіла гульні — маёй гульні на полі гравюры з нетрадыцыйнымі для нас выявамі кветак, траў і вершаў. Ідэя першасная ў творы — у сваёй працы над травамі і кветкамі я заўсёды гэта памятаў. Знаходзіў новыя прыёмы апрацоўкі дошкі, імкнуўся ўсё прапусціць праз сябе, дамагаючыся натуральнасці і адначасова пазбягаючы чыста знешняга падабенства са з’явамі навакольнага жыцця. Важна прыйсці да злагоджанасці сваіх пачуццяў і думак, старацца ўгадаць рытм прыроды і, не парушаючы, паспрабаваць уключыцца ў яго ўсёй сваёй істотай — фізічнай і духоўнай. У працэсе сузірання нібы знікаў разрыў паміж розумам, эмоцыямі і тэхнікай выканання — заставаўся толькі адухоўлены стан творчасці. Водгук душы захоўваў рытм майго сэрца, жыццё духу ўпляталася ў графічныя аркушы, якія нараджаліся з-пад разца.

Адчуў сябе пераможцам, калі мае гравюры сталі прымаць на рэспубліканскія і ўсесаюзныя выставы (тое адбылося ў 1976–1977 гадах). Паслядоўна развіваў і дасканаліў свае знаходкі, і пазней, хоць і не распрацоўваў кан’юнктурных тэм, мяне прынялі ў Саюз мастакоў. І гэта стала маёй другой перамогай.

Напрыканцы хачу прывесці шэсць выразаў і настаўленняў у мастацтве жывапісу з павільёна Цынцзай:

Лепш у жывапісе быць неспрактыкаваным, чым млявым, халодным і косным.

Лепш быць замкнёным і гордым, чым 
вульгарным, прадажным і рыначным.

У халодным і млявым няма жыцця, 
у прадажным шмат вульгарнага.

Калі хочаш аддаліцца ад вульгарнага, тады няма іншага шляху, акрамя стараннага вывучэння кніг.

Дух вучонасці, начытанасці ўзнясецца, рыначны і вульгарны знікне.

Мастак-пачатковец, будзь асцярожны!

Уладзімір Хін