Эксперыменты з графічнай краіны

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Польскае біенале ў беларускай сталіцы

/i/content/pi/mast/56/944/19.jpg

Моніка Блашчык. Энергія цела. Фрагмент. Серыяграфія, відэа, графічная інсталяцыя. 2009.

Польшча мае статус «краіны графічнай». Вялікая колькасць разнастайных конкурсаў і біенале і якасць іх правядзення стымулююць польскіх творцаў да актыўнага пошуку і самавызначэння ў міжнародным кантэксце. Агульнапольскае біенале студэнцкай графікі ў Познані — яшчэ адзін прыемны таму прыклад. З 1999 года выстаўка пасля конкурсу праходзіць у Гарадской галерэі «Арсенал» у Познані, а сёлета завітала яшчэ і ў сцены мінскага Палаца мастацтва.

Станаўленне школ станковай графікі і графічнага дызайну ў Польшчы адбывалася паралельна, адчувальны іх узаемаўплыў, уздзеянне фатаграфіі і камп’ютарных тэхналогій. «Развіццё розных графічных медыя, якое назіраецца ў апошнія гады, выклікала рэнесанс зацікаўленасці класічнымі графічнымі тэхнікамі, што знаходзіць рэальнае адлюстраванне на рынку мастацтва, — адзначаюць куратары Біенале студэнцкай графікі прафесары Міраслаў Паўлоўскі i Стэфан Фіцнэр. — Нашай мэтай з’яўляецца вылучэнне цікавых творчых постацей сярод студэнцкай моладзі і аблягчэнне ім пачатку плённай дзейнасці. Мерапрыемства стварае магчымасць уважліва прасачыць і параўнаць дасягненні графічных майстэрняў з мастацкіх навучальных устаноў цэлай Польшчы».

Журы біенале адабрала 96 твораў 67 аўтараў. Гран-пры атрымала Моніка Грубізна (Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні). Яе шаўкаграфія з правакацыйнай назвай «О!Свіння» — вельмі актыўная праца ў стылістыцы экспрэсіянізму. З жывапісам можна пераблытаць і прынт «BLUBERYBEBE» Кінгі Курэк (Акадэмія мастацтваў у Катавіцах). А вось праца Паўліны Бартнік з Акадэміі мастацтваў у Варшаве глядзіцца тонкім афортам, хоць створана ў лічбавым друку. Разнастайнасць тэхнік у арсенале маладых аўтараў — ад класічных відаў глыбокага, высокага і плоскага друку да выкарыстоўвання інавацыйных тэхналогій — дае магчымасці канцэптуальнага заглыблення і вольнага плавання ў графічных прасторах. Студэнцкія працы дыхаюць свабодай, юнацкі максімалізм праяўляецца ў павялічаных памерах, а ў тэхнічным плане яны часта не ўступаюць і сталым прафесіяналам.

Акрамя цікавасці да класічных друкаваных тэхнік адбываецца крок да актуальнага мастацтва праз выхад у прастору інсталяцыі, камбінаванне з відэа і 3D. Прасторавае вырашэнне экспазіцыі абыгрывала «Фармацыя» Наталлі Асінскай з Мастацкага ўніверсітэта ў Познані. Яе «армія фартухоў» з трынаццаці папяровых аб’ектаў улучала наведвальнікаў у гендарную праблематыку. Моніка Блашчык, якая прадстаўляе Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні, атрымала ўзнагароду рэктара Акадэміі мастацтваў у Вроцлаве за графічную інсталяцыю «Энергія цела» з выкарыстоўваннем відэа і друку шаўкаграфіі. Мастачка робіць спробу занатаваць экспрэсіўны рух у статычнасці моманту праз эфект размытага фотаздымка. З інсталяцыяй і прынтам працуе Ілона Прочэк-Кранц (Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні), яе твор «Прадукцыя» атрымаў ганаровую адзнаку.

Польская графіка даўно заўважана ў выкарыстанні дызайнерскіх прыёмаў. Некаторыя графічныя аркушы маюць плакатны характар — у добрым сэнсе гэтага слова. Можна адзначыць і сацыяльную скіраванасць многіх прац. Да праблемы існавання чалавека ў сучасным грамадстве звяртаюцца Мажэна Кавалік («Спажывец»), Каміла Мацвейшын («Павел» з цыкла «Лячэнне дурноты») і Даміян Франкоўскі («Манекен Х» і «Манекен F»). Назва працы Наталлі Раманюк з Акадэміі мастацтваў у Катавіцах сведчыць сама за сябе: «Быць чалавекам — гэта значыць прыкідвацца чалавекам». Цікавую камбінацыю лінарыта і акватынты прапанавала Катажына Новак з Акадэміі мастацтваў у Вроцлаве. Адметны прафесійны лінарыт «Часапрастора» ў лепшых традыцыях польскай школы стварыла Агата Гэртхэн (Акадэмія мастацтваў у Вроцлаве). На канструктыўнае вырашэнне графічнай прасторы скіраваныя афорты Катажыны Куцвай і Эвеліны Шыдэлка з Акадэміі мастацтваў у Кракаве, Марыны Мазур з Мастацкага ўніверсітэта ў Познані.

Прыцягвалі ўвагу ў экспазіцыі лінарыты на джутавым палатне Барбары Кусяк (Акадэмія мастацтваў у Кракаве) і двухметровая матрыца лінарыта Каміля Смалы з Акадэміі мастацтваў у Катавіцах.

Галоўная эмоцыя, якую спарадзіла наведванне экспазіцыі Агульнапольскага біенале студэнцкай графікі, — шчырая зайздрасць: вось каб і для беларускіх студэнтаў-графікаў існавала такая матывацыя да творчасці! Плакат біенале выканала Богна Ота-Вэнгжын — яе сумесная з Монікай Старовіч выстаўка праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску мінулым годам. А на пачатак чэрвеня ў музеі запланавана выстаўка сучаснай польскай фатаграфіі Катавіцкай акадэміі мастацтваў. Выдатна, што дзякуючы Польскаму інстытуту беларускі глядач можа знаёміцца з мастацтвам суседзяў.

Ганка Шханава