Імгненне змяшчае вечнасць

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Каляровыя эстампы Юліяна Іарданова

/i/content/pi/mast/56/942/17.jpg

Горныя казкі. Зіма. Каляровы афорт. 2010.

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва падрыхтаваў экспазіцыю твораў вядомага графіка з Балгарыі Юліяна Іарданова.

Для яго характэрны прафесіяналізм ва ўсім, дасканаласць у вырашэнні ідэі з першых эскізаў да адбітка. Пластычныя перацяканні матываў готыкі, барока, сэцэсіі і сюррэалізму характарызуюць складаную вобразную мову аркушаў Іарданова. Мастак не разлічвае на выпадковыя эфекты, прыступае да працы ў матэрыяле — афорце ці літаграфіі, прадумаўшы ўсё да дробязі. Рамантык і прагматык, ён паэтызуе і адначасова педантычна — міліметр за міліметрам — разлічвае прастору. Першапачаткова схопленая інтуітыўна ідэя прапрацоўваецца і ўдасканальваецца. «Графіка патрабуе шмат сіл, цярпення і часу. У адрозненне ад жывапісу і малюнка, дзе вы можаце лёгка і хутка выпраўляць памылкі, у друкаванай графіцы гэта цяжка і часта немагчыма. Яна вымагае дысцыпліны і поўнай канцэнтрацыі на працэсе».

Балгарская школа друкаванай графікі высока цэніцца ў свеце, яе асаблівасцю сталі каляровыя эстампы, дзе як у вялікіх, так і ў мініяцюрных прынтах для кожнага колеру рыхтуюць асобную дошку, а не карыстаюцца рукатворнай падфарбоўкай. Юліян Іарданоў тут лідар. Апантаная адданасць прафесіі, творчы педантызм і ўпартасць прынеслі яму сусветнае прызнанне: можна без перабольшання канстатаваць, што ён дасягнуў вяршыні тэхнічнага майстэрства ў афорце. Працы вылучаюцца экспрэсіўнай дэфармацыяй і смелымі ракурсамі. Прызы і адзначэнні міжнародных конкурсаў у розных краінах свету і «ліст чакання» для калекцыянераў — бясспрэчныя сведчанні высокага статуса ў сучаснай графіцы, дзе імя Юліяна Іарданова стала сінонімам прафесіяналізму і мастацкай якасці.

Творца нарадзіўся ў горадзе Ловеч, у 1995 годзе скончыў Нацыянальную мастацкую акадэмію ў Сафіі. Юліян са студэнцкіх часоў не маляваў з натуры, не карыстаецца і фотаздымкамі, у што паверыць цяжка. Жыве ў Сафіі, але шмат вандруе па Еўропе, любіць месяцамі працаваць на друкарскіх базах у Кітаі, дзе можна апантана аддацца творчаму працэсу і нішто не замінае канцэнтрацыі: нават незразумелая кітайская мова гучыць «як птушыныя спевы».

Ажыццяўленне творчага акта ў фігуратыўнай прасторы ў сучасным мастацтве не з’яўляецца наватарствам. Але Юліян Іарданоў кожны раз знаходзіць новыя хады, балансуючы паміж фармальнай пабудовай кампазіцыі і трансфармацыяй рэалістычнай выявы. Стварае філасофска-паэтычныя па сваім гучанні аркушы, якія ўражваюць цікавым прасторавым вырашэннем і вольным абыходжаннем з рэалістычным малюнкам.

У серыі афортаў «Памкненні», зробленых у 1994–1995 гадах, у якасці назваў былі абраныя радкі з паэзіі розных аўтараў, што супадалі з пошукамі графіка. Так, назвай твора «Плача дождж у апусцелым садзе» стала фраза вядомага балгарскага паэта і мастацтвазнаўцы Багуміла Райнова. «Чалавек — дастатковая прычына» — цытата з Каліна Донкава. Мастак часта карыстаецца сімваламі палёту і часу, уводзіць дэталі крылаў, пясочнага гадзінніка. У эстампе «Паэзія» (2010) адчуванне палёту перадаецца дзякуючы птушыным пёрам, што замянілі вёслы, і дзявочай постаці, якая выпрасталася з маналітнага кавалка скалы ў ракурсе з распасцёртымі рукамі. Выява шклянога гадзінніка, які напаўняецца не пясчынкамі, а людзьмі, — па-босхаўску моцна схопленая алегорыя («Вечнасць», 1996). Парадокс: памеры постацей вымяраюцца міліметрамі, хоць нясуць на сабе адбітак манументальнасці. Неаднаразова звяртаўся мастак да сімвалічнай выявы дошкі для гульні ў шахматы, намякаючы на долю чалавека — пешкі ў гульні жыцця.

Час і прастора — галоўныя адпраўныя кропкі ў творчасці мастака. Многія аркушы базуюцца на гістарычных элементах, грэчаскай міфалогіі, балгарскім фальклоры. Але ўніверсалізм пластычнай мовы не замыкае яго ў рамках балканскай культуры, дае магчымасць самым розным гледачам прасякнуцца алегорыямі музыкі, паэзіі, архітэктуры.

Дынамічныя выявы коней можна назваць асаблівай мастакоўскай прыхільнасцю, што выказваецца ў малюнках з акварэльнай заліўкай. Мастак захоплены рухам, любуецца пералівамі пругкіх мышцаў, лёгка гуляе магутнымі масамі.

Трансфармацыя, стварэнне новых формаў і прапорцый сталі творчым метадам мастака. Дасканалае валоданне малюнкам дазваляе віртуозна ператвараць адны рэчы ў іншыя, пераломліваць прастору ў кампазіцыях. «Заўсёды адчуваю вялікае задавальненне, калі магу ўзнавіць глыбіню прасторы», — прызнаецца творца. Цікавяць яго гісторыя і артэфакты, якія графік удумліва ўплятае ў свае работы, ствараючы нібыта новую рэальнасць. У гэтым сэнсе адметнай стала серыя афортаў «Магічныя хронікі» (2000). У трох кампазіцыях гэтага цыкла са складаным — у тры дошкі — друкам кожнага эстампа Юліян Іарданоў сумяшчае выявы шлемаў і тонка прапрацаваныя краявіды на другім плане. Матэрыяльнае і жывое, прадмет і прыродная прыгажосць наслойваюцца, канфліктуюць і зліваюцца ў адзінстве. Мастак інтэгруе археалагічныя рэчы і нараджае свае ўласныя артэфакты, што выглядаюць вельмі пераканаўча, хоць і не нясуць гістарычнай дакладнасці, а з’яўляюцца спараджэннем аўтарскай фантазіі. У Кітаі ён стварае нізкі «Горныя казкі» (2010) і «Час» (2012). Тры працы з «Горных казак» (друк з дзвюх дошак) — «Зіма», «Карона» і «Сфера» — адвольны аўтарскі пераклад балканскага эпасу на выяўленчую мову. Вялікія афорты (памерам 50×40 см) з цыкла «Час» — філасофскія развагі, што выліліся ў сюррэалістычныя кампазіцыі з міфічным адценнем.

У працах майстра будынкі ажываюць, а людзі заміраюць у складаных ракурсах, ператвараюцца ў камень. З чалавечых целаў выбудоўваюцца новыя аб’ёмы: элементы ордараў, колы, сцежкі, горы, крыж. Метафарычнасць выяўленчай мовы захоплівае ў палон. Цякучасць архітэктурных формаў найбольш складана перадаецца ў цыкле літаграфій «Забытыя сны» (2012): у творах «Піета» і «Храм» мастацка-вобразная сістэма прасторы будуецца на музыкальнасці архітэктурных перапеваў.

З пункту гледжання стылістыкі манеру Юліяна Іарданова акрэсліць цяжка. Ёсць тут пэўныя павевы сюррэалізму, фантастычнага рэалізму, неаготыкі, фэнтэзі. Роля своеасаблівага Гаўдзі ў графіцы, складаны асацыятыўны шэраг і багацце інтэрпрэтацый архітэктурных трансфармацый розных стыляў, вяртанне да вобразаў мінулага схіляюць да тэрміна «постмадэрновы сімвалізм». Сучасны творца можа дазволіць сабе шырокі спектр зваротаў да гісторыі сусветнага выяўленчага мастацтва: цытаванне, перайманне, дубляж — і пры гэтым ствараць новае.

Экслібрыс займае асаблівае месца ў творчасці Іарданава. Захапляе інтэрпрэтацыя шрыфтавога напаўнення: тэкст выступае на мурах архітэктуры, арганічна ўпісваецца ў сілуэт альбо вымалёўвае дэталь. На эстампе для калекцыі Луіджы Бергомі (2002) прозвішча ўладальніка ўтварае канат, на якім размешчаны персанаж, што балансуе на адной назе над абрывам паміж дзвюх гор. Уражвае экслібрыс для бельгійскага калекцыянера Ваўтэра ван Гэйзеля (2003): Гамлет не мае рысаў твару, у яго бездані глядач пачынае патанаць і растварацца, карону акрэслівае рэльеф чалавечых постацей. Са складанага натоўпу людзей будуецца (у прамым сэнсе) шлях у творы для Алоіса Вертонгена. Стымулам для ўзнікнення ідэі гэтага эстампа стаў вобраз Дыягена, што шукае шлях жыцця з ліхтаром у руцэ. Кампазіцыйныя і сэнсавыя наслаенні — часты мастацкі прыём. Цень ад танца Саламеі ўтварае сілуэт галавы на блюдзе («Exl. Dr. Wolfgang Pungs», 2002), твар Дон Кіхота вымалёўваецца ў прасторы («Exl. Dr. Arnold Hausweiler», 2004).

У многіх экслібрысах прысутнічае эротыка. Назву «Эрас і Танатас» мае эстамп для збору швейцарскага калекцыянера Ёзефа Бурха (2006), пяшчотным эратызмам прасякнуты афорт «Фрына» (2009) для Ваўта Мюлеманса з Нідэрландаў. Лятучыя караблі — адна з улюбёных тэм — знайшлі сваё ўвасабленне ў знаку «Exl. Greamers» побач з трансфармаванымі аголенымі постацямі (2011).

Цікавы мастацкі ход выкарыстаны ў серыі «Подзвігі Геракла» (2011), дзе выявы нібыта існуюць у некалькіх вымярэннях: гістарычным (у якасці артэфакта) і рэальным. Постаці быццам сыходзяць са старажытных барэльефаў, пакідаючы там адну ці некалькі дэталяў. Квадрыга ў «Ex libris Frank Gotz» ствараецца з трох рэальных коней і чацвёртага — на барэльефе другога плана. Так і керынейская лань з «Ex libris Roel Tielman» у напружанай барацьбе з чалавекам выпрасталася з малюнка на каменнай пліце. Крыцкі бык у «Ex libris Miets & Wout Meulemans» пакінуў адбіткі капытоў задніх ног на разгорнутым папірусе кампазіцыі. Кожны — з няроўнымі абрысамі — афорт гэтай серыі мае нейкую дэталь, што выходзіць за рамкі кампазіцыі, пашыраючы прастору аркуша. Арганічна ўвайшлі ў кампазіцыйны шэраг выявы грэчаскіх піктаграм. Серыя «Подзвігі Геракла» знакавая: Геракл пераадольвае жывёлін і пачвар, графік перамагае графічны матэрыял — цынкавую дошку ў афорце і літаграфскі камень.

Міні-прынты і экслібрысы Юліяна Іарданова глядзяцца даволі манументальна з-за ўдала знойдзенага балансу буйных плям і дасканалай ювелірнай прапрацоўкі дэталяў. Калі разглядаеш рэпрадукцыі, ствараецца ўражанне маштабнага друкаванага аркуша. І гэта не выпадкова: мастак імкнецца да рэалізацыі сваіх творчых задум у першую чаргу менавіта ў вялікіх эстампах, дзе адчувае сябе незалежным ад густаў калекцыянераў. Але аддаючы прыярытэт значным памерам, ён застаецца адным з самых запатрабаваных еўрапейскіх экслібрысістаў. Экслібрыс, па яго словах, «гэта выдатны спосаб кантактаваць з многімі людзьмі — прадстаўнікамі розных краін і культур. Цікавыя стасункі даюць магчымасць пашыраць гарызонты і прымушаюць мяне адчуваць сябе грамадзянінам свету». На сённяшні дзень яго опус-ліст складаюць больш за 120 экслібрысаў у тэхніцы афорта.

Юліян Іарданоў шмат (часам не без іроніі) разважае пра наканаванне мастака: «Ёсць папулярнае клішэ: маўляў, мастака бласлаўляюць нябёсы. Як і ў кожнай зацяганай фразе, тут шмат праўды. Я шчаслівы, што магу надаць форму думкам, адчуванням і эмоцыям». Звышпатрабавальны да сябе, ён вельмі рэдка бывае задаволены вынікам і атрымлівае найбольшую асалоду непасрэдна ад творчага працэсу: «Мастацтва — поле бясконцых магчымасцей, для якіх не хапае жыцця».

Ганна Ціханава