Тысяча і адно адценне светлых фарбаў

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

У мінулым годзе пашчасціла пабачыць тры новыя акцёрскія работы спявачкі Алены Бундзелевай: Надзею ў оперы У.Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», Першую жонку Сіняй Барады ў оперы В.Капыцько «Ягоныя жонкі», Лізэту ў «Кававай кантаце» І.С.Баха. Ці выпадкова, што дзве ролі з трох -- у беларускіх творах?

 /i/content/pi/mast/4/94/1001-adzenne1.jpg
 «Чарадзейная флейта» В.А.Моцарта. А.Бундзелева (Паміна).
Задумаўшыся, я адразу прыгадаў выкананне ёю галоўнай жаночай партыі Маргарыты ў пастаноўцы «Фаўста» А.Г.Радзівіла, дадаў сюды М.К.Агінскага, С.Манюшку і прыйшоў да высновы: не, не выпадкова!
Не выпадкова яе рэгулярна запрашае да супрацоўніцтва «Беларуская капэла». Не выпадкова ў гастрольную вандроўку ў Чэхію і Швецыю артыстка выпраўляецца з праграмай старадаўняй беларускай музыкі. Невыпадкова, бо ёсць у гэтай спявачкі і патрыятызм, і глыбокі інтэлект, і свая канцэпцыя. І пры гэтым Алена Бундзелева -- адна з самых абаяльных жанчын беларускай сцэны, не сапсаваная прыналежнасцю да бамонду…
Палітра голасу А.Бундзелевай -- тысяча і адно адценне цёплых і светлых тонаў. З дапамогай іх спявачка перадае найтанчэйшыя пералівы шматактаўнай гамы перажыванняў. У опернай драматургіі гэты адмежак палітры называецца «лірычная гераіня». Без яе не існуе ніводны спектакль. Нават «народныя драмы» М.Мусаргскага не былі б такімі дасканалымі без партый Ксеніі і Эмы. Нават вагнераўскія оперы-манументы засяроджаны вакол кранальных вобразаў Эльзы ці Ізольды. А любая камедыя набывае налёт вульгарнасці, калі ў ёй не аказваецца астраўка «шчырасці ўсур’ёз».
А.Бундзелева даўно стала ўвасабленнем шчырасці ўсур’ёз. Вобразы лірычных гераінь яна не іграе, а ўвасабляе ўсёй сваёй жаночай існасцю. Яна такая і ў жыцці -- крыху сентыментальная, пачуццёвая, датклівая, далёкая ад «міжнародных канфліктаў», якія заўжды віруюць у творчых суполках. Мабыць, сёння такой быць і не модна. Яна нікому не зайздросціць -- маўляў, у кожнага свой шлях і свае метады яго працярэбліваць. Яна не нясе сябе, быццам каралеву, не патрабуе адносін, як да прымы. Калі з беларускай сцэны сышло пакаленне яе таленавітых папярэдніц -- Н.Казлова, Н.Губская, Н.Кастэнка, В.Курбацкая, -- раптам аказалася, што яна -- сапраўдная прыма. Нібы раскрыліся пялёсткі ружовага бутона, а пасярэдзіне аказалася маленькая Дзюймовачка, якой наканавана стаць каралевай эльфаў.
Метафара, магчыма, пафасная, але слушная. Алена шчыра прызнаецца, якой бездапаможнай дзяўчынкай адчувае сябе перад кожным выхадам на сцэну, якое гэта для яе, баязліўкі, выпрабаванне -- абраць публічную прафесію і ўсё жыццё змагацца з сабой. Што ж, менавіта бездапаможным дзяўчатам даводзіцца ствараць дабро і хараство -- так сведчаць казкі.
Адна з такіх дзяўчат згубілася сярод імхоў жудаснага палескага балота. Надзея Яноўская,
 /i/content/pi/mast/4/94/1001-adzenne3.jpg

 «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана.
Надзея Яноўская.

гераіня оперы У.Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», стала ахвярай бязлітаснай мужчынскай прагі да багацця і ўлады. Надзея паволі згасае ў адзіноце велізарнага дома, замучаная прывідамі страшэннага Палявання.
Вобраз, створаны Аленай, кранае надзвычайнай тонкасцю душэўнай арганізацыі, эфемернасцю, празрыстасцю, ідэалізаванай пяшчотнасцю, ледзь не боскай прамяністасцю. Нездарма Надзея, паводле задумы рэжысёра, двойчы бярэ ў рукі свечку, ператвараючы вобраз у сімвал. Пры свечцы гучыць і арыя Надзеі -- самая пастаральна-рамантычная старонка партытуры спектакля. Нават неарамантычная. Бо незабыўны Уладзімір Солтан не ставіў сабе за мэту зрабіць вобраз Надзеі шматпланавым. Прастора вобраза гераіні нават не перасякаецца, а ўзвышаецца над планам дзеяння, нібы недатыкальная тэма-ідэал у постмадэрнісцкіх сімфоніях. І Алена гэта зразумела.
Для выратавання незямной істоты неабходна наяўнасць зямной сілы. У барацьбу за жыццё дзяўчыны ўступае лірычны герой Беларэцкі. Удзелам у «Дзікім паляванні» даўнія партнёры А.Бундзелева і У.Громаў даказалі творчую арганічнасць свайго дуэта.
Другі светлы вобраз з рэпертуару А.Бундзелевай -- рабыня Лю, гераіня казкі Дж.Пучыні «Турандот». Волю гэтай танюткай, але непахіснай істоты не змаглі зламаць усе жахі свету. Яна таксама не ўзрушвае наваколле размахам дзейснага супраціўлення. А магла б… Прынамсі, гэта магло б быць дарэчы -- велічная героіка-трагічная арыя, праз якую мы б адчулі годнасць і самасвядомасць гераіні. Але няма такой арыі! Не напісаў кампазітар… А напісаў неверагоднай прыгажосці ўсходнюю арабеску, нетаропкі аповед італьянскай Шахерэзады, якая, зведаўшы шмат гора, засталася самай шчаслівай жанчынай на зямлі. Бо на яе долю выпаў балючы цуд нераздзеленага кахання. Гераіню, па сутнасці, другога плана кампазітар зрабіў principal, тым самым ураўнаважыўшы дзве раўназначныя па важкасці супрацьлегласці: холад, штучнасць, бляск Прынцэсы і цеплыню, жыццёвасць, натуральнасць рабыні.
Лю А.Бундзелевай -- наймудрэйшая з жанчын. Без ілжывага пафасу, з адкрытым, неабсяжна вялікім сэрцам яна абараняе сваю любоў і людзей, за якіх яна ў адказе. Абараняе самаахвярнасцю. Рабыня Лю ў выкананні папярэдніцы спявачкі, Вікторыі Курбацкай, была больш уплывовай, больш значнай. Гэтая ж гераіня ў А.Бундзелевай някідкая, але ў яе асобе адчуваецца ўнутраная сіла.
Вось такі парадокс! Мы лічылі А.Бундзелеву тонкім інтэрпрэтатарам празрыстых вобразаў Моцарта. І раптам сталася відавочным, што яе голас выдатна адпавядае партытурам Пучыні, насычаным меладызаванай гармоніяй. Акрамя Лю, другое сведчанне таму -- Мімі з «Багемы».
 /i/content/pi/mast/4/94/1001-adzenne4.jpg
 «Багема» Д.Пучыні. Мімі.
На мой погляд, Мімі з’яўляецца сёння лепшай роляй спявачкі. Са мной згодныя не толькі шматлікія беларускія гледачы, але і… тайскія. Пра выкананне А.Бундзелевай падчас гастроляў Беларускай оперы ў Бангкоку захоплена адгукнулася тайская прэса. У гэтай ролі як нідзе больш да месца прыйшліся індывідуальныя асаблівасці голасу спявачкі -- трапятлівасць гуку, ледзь прыкметная жывая вібрацыя, усхваляванасць кожнага праспяванага слова. Хоць спявачка ніколі не злоўжывае гучнасцю, яе голас, празрысты і палётны, лёгка перакрывае магутнасць аркестравага гуку дзякуючы сваёй серабрыстай, блізкай да каларатуры падфарбоўцы. Мімі можа быць больш крыштальнай і абаяльна-какетлівай -- як гераіня Т.Траццяк. Альбо можа мець прэтэнзію на высакароднасць і разуменне сваёй жаночай прывабнасці -- як Мімі В.Курбацкай. А можа быць менавіта такой вытанчанай і незямной, такой сціплай і наіўнай, якой стварае яе А.Бундзелева. Смерць гэтай бездапаможнай і бязвіннай душы, да якой лёс быў такім бязлітасным, зала аплаквае, нібы смерць дзіцяці…
Асобнага разгляду заслугоўваюць іншыя акцёрскія работы А.Бундзелевай: наіўная Паміна ў «Чарадзейнай флейце», Графіня, заклапочаная адыходзячай маладосцю, у «Вяселлі Фігара», арыстакратычная Віялета Валеры з «Травіяты». Дарэчы, пачаць трэба было б з Таццяны Ларынай, якая ў пэўным сэнсе стала «візітоўкай» спявачкі, але тады б мы згубілі інтрыгу. У спектаклі «Яўгеній Анегін» спявачка ў пары з Уладзімірам Пятровым ствараюць вельмі элегантны дуэт. Таццяна А.Бундзелевай выразная і ў вясковых сцэнах, і ў вялікасвецкіх -- дзякуючы спалучэнню натуральнасці сцэнічных паводзін, артыстызму і непадробнай усхваляванасці гучання голасу, жывой і багатай інтанацыйнай працы.
А можа, не толькі таму? Удакладню: дзякуючы спалучэнню заўсёднай інтанацыйнай чысціні з чысцінёй душэўнай. Вось яе ніколі не падробіш і на майстар-класах не набудзеш. Алена Бундзелева -- з тых нешматлікіх таленавітых выканальніц, створаныя якімі светлыя вобразы не канфліктуюць з іх уласным станам душы, а супадаюць, адцяняючы адно аднаго...

                                                                                                                           Артур ЗАЙЦАЎ