Калейдаскоп этнічных арт-традыцый

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Культура аб’ядноўвае нацыю, спрыяе яе самавызначэнню і самаўсведамленню, але адначасова гэта масток сяброўства між народамі і дзяржавамі. Нацыянальная культура знаходзіць сваё ўвасабленне ў навуцы, літаратуры, філасофіі і, канешне ж, у мастацтве. Яе базісам і самым старажытным слоем з’яўляецца культура этнічная — гэта крыніца мовы, тэм, вобразаў і сюжэтаў нацыянальнага мастацтва. Нацыянальная культура заўсёды ў руху, пастаянна абнаўляецца, адкрыта да кантактаў з іншымі культурамі і засвойвае іх лепшыя дасягненні. Авалодванне ёю не даецца само сабой і патрабуе ад чалавека пэўных інтэлектуальных высілкаў і самаадукацыі.

Багацце і разнастайнасць этнакультурнай спадчыны народаў, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны, ва ўсім бляску дэманструе ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне. Свята, якое паспела стаць візітнай карткай горада, адбываецца пры традыцыйнай падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага гарвыканкама, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь. За сямнаццацігадовую гісторыю фэст, што ўвасабляе шматнацыянальнае жыццё рэспублікі, набыў статус па-сапраўднаму ўнікальнай з’явы. Такія маштабныя культурныя акцыі выхоўваюць павагу да гісторыі і духоўных каштоўнасцей іншых народаў і адыгрываюць значную ролю ў фарміраванні мультыкультурнага асяродка, які супрацьстаіць згладжванню этнакультурнай разнастайнасці і ўніфікацыі нацыянальных культур.

У стылі народнага карнавалу

/i/content/pi/mast/56/937/2.jpg 
Фінал Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур ідэальна спалучае глыбокі грамадскі пасыл і нязмушаны дух народнага карнавалу. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук перакананы ў тым, што маштабнае свята — гэта не толькі хуткаплынныя эмоцыі, але і фактар устойлівага развіцця ўсяго рэгіёна, які прыкметна ўплывае і на паўсядзённае жыццё.

Гродзенскі фэст ужо даўно выкрышталізаваў уласныя традыцыі, але ж амаль штораз яго фармат спазнаваў пэўныя змены. Чым адметнае сёлетняе свята?

— Чытацкую аўдыторыю «Мастацтва» напэўна зацікавіць адкрыццё выстаўкі «Гродна — дарог скрыжаванне» — гэта вынік пленэру, удзел у якім узялі творцы розных нацыянальнасцей. Яшчэ адзін новы штрых — выстаўка лялькі народаў Беларусі. У канву свята цудоўна ўплятаюцца і такія імпрэзы, як парад-конкурс мадэльераў і візажыстаў, дзе дэманструюцца не толькі касцюмы і прычоскі, але нават і бодзі-арт з «этнічным» ухілам, а таксама конкурс нацыянальных відаў адзінаборстваў і паказальныя выступленні асілкаў-культурыстаў. Такое своеасаблівае спалучэнне мастацтва і спорту было характэрна для старадаўніх кірмашоў, таму ўпэўнены, што і на нашым фэсце яно цалкам арганічнае.

Фестываль не толькі дэманструе набыткі нацыянальных культур, але і спрыяе раскрыццю новых талентаў. Падчас конкурсаў самадзейныя выканаўцы з этнічных суполак атрымліваюць унікальную магчымасць выступіць разам з прафесійным аркестрам. Многія канкурсанты выкарыстоўваюць «пляцоўку для старту», каб рушыць далей. Некаторыя ўжо сталі салістамі Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. А гродзенец Магамед Асланаў нават патрапіў у фінал дзіцячага конкурсу «Песня для “Еўрабачання”».

Месца правядзення рэспубліканскага свята было абрана папраўдзе невыпадкова: мультыкультурныя традыцыі ўласцівыя Гродзеншчыне спрадвеку...

— Сёння ў нашай вобласці жывуць прадстаўнікі 92 нацыянальнасцей! Жывуць як добрыя суседзі, у міры і згодзе, і многія з такіх этнічных груп нават цяжка назваць звыклым словам «дыяспары» — настолькі шчыльна іх лёс знітаваны з лёсам беларускага народа. Згадайма хаця б татарскую супольнасць з Іўя альбо вёску Рымдзюны на Астравеччыне, дзе заўсёды можна пачуць літоўскую мову. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Мы па праве ганарымся тым, што ў нашым краі заўсёды з павагай ставіліся да людзей іншых звычаяў.

У той самы час быць «гаспадаром» такога свята, як Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, — вельмі адказная місія, якая ўключае мноства практычных аспектаў...

— Спадзяюся, што заўсёднікі форуму кожнага разу звяртаюць увагу на тыя пазітыўныя зрухі, якія датычаць добраўпарадкавання горада, развіцця яго турыстычнай інфраструктуры. Гэты фэст таксама не стане выключэннем. Думаю, госці належна ацэняць новую стыльную кавярню і камфартабельны атэль «Нёман».

Многія буйнамаштабныя культурныя падзеі маюць таксама і эканамічнае вымярэнне ў жыцці рэгіёна, дзе яны адбываюцца. У прыватнасці, яны спрыяюць фарміраванню пазітыўнага іміджу сярод інвестараў. Ці дзейнічае гэты прынцып адносна Фестывалю нацыянальных культур?

— Стабільнасць, лад і парадак у беларускім доме — неабходная ўмова для дынамічнага развіцця краіны, а таксама і вытокі нашага эканамічнага росквіту. Вытворчасць ды ўсе іншыя віды эканамічнай дзейнасці нельга разглядаць у адрыве ад сацыяльнага фактару — ён з’яўляецца неад’емным базісам для любых дзелавых ініцыятыў. Менавіта таму імідж рэгіёна і сапраўды мае вялікае значэнне для інвестараў. Ніхто не будзе будаваць дом на нетрывалай глебе, ці не так?

Фестываль нацыянальных культур — своеасаблівая «лакмусавая паперка» нашага грамадства. Ён сведчыць пра тое, што здольнасць паважаць, суперажываць, дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго стала для нас нормай, гэта ў нас у крыві.

На святочны фэст у Гродне заўсёды прыязджае шмат суседзяў з іншых краін. Безумоўна, сярод іх ёсць і прадстаўнікі бізнесу. Горад у гэтыя дні становіцца пляцоўкай для знаёмства і зацікаўленага дыялога. Як вядома, менавіта асабістыя кантакты становяцца найлепшай асновай для развіцця партнёрскіх адносін. Станоўчыя ўражанні замежных гасцей ад фестывальных імпрэз надаюць ім імпульс да супрацоўніцтва з нашым рэгіёнам. Толькі ў рамках праграм транспамежнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь» і «Польшча — Беларусь — Украіна» ў вобласці ўжо рэалізуецца 15 праектаў на суму каля чатырох мільярдаў еўра. Яны тычацца самых розных аспектаў жыцця рэгіёна — культуры, медыцыны, адукацыі, энергазберажэння, гарадской інфраструктуры... Таму, як бачыце, уплыў фестывалю — хоць сабе і ўскосны — можна прасачыць літаральна паўсюды, і эканоміка тут не выключэнне.

Фестываль нацыянальных культур з’яўляецца адной з галоўных візітовак Гродзеншчыны. Ці выкарыстоўваецца яго патэнцыял у якасці своеасаблівага турыстычнага «брэнда»?

— Калі вы вырашыце прайсціся падчас фэсту па гродзенскіх вуліцах, то пераканаецеся ў яго турыстычнай прыцягальнасці. Людзі з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы ведаюць пра гэтае свята, чакаюць яго і загадзя шукаюць магчымасці туды патрапіць. Ды і «брэндавы» фактар таксама спрацоўвае. Нават тыя, хто ніводнага разу не пабываў на фэсце, чулі пра яго дзякуючы СМІ альбо сябрам. І паколькі водгукі выключна добрыя, ужо сам факт правядзення фестывалю істотна паляпшае імідж нашага горада ды, адпаведна, павялічвае жаданне сюды прыехаць.

Вядома, такая з’ява, як фестывальны турызм, у нашай краіне яшчэ патрабуе развіцця ды папулярызацыі, некаторыя пытанні — прыкладам, датычныя інфраструктуры — да канца пакуль не вырашаны. Аднак на Гродзеншчыне ёсць самы галоўны рэсурс для поспеху — цэлы суплёт яркіх фестываляў. Усяго іх праводзіцца ў вобласці каля трыццаці, і ў гэтай палітры кожны знойдзе нешта на свой густ. Згадайма і «Каложскае Дабравесце», і яркае свята «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», і мноства фэстаў сярэднявечнай культуры, якія ладзяцца ў нашых замках.

Таму зараз перад намі стаіць адказная задача — папулярызаваць тое, што мы маем, распавесці пра гэта ўсяму свету. Гродзеншчына актыўна ўдзельнічае ў турыстычных выстаўках як на Беларусі, так і за мяжой, прапануючы самы шырокі спектр разнастайных турпаслуг. Безумоўна, Фестываль нацыянальных культур адыгрывае надзвычай істотную ролю ў пазіцыянаванні рэгіёна.

Вельмі важна не толькі разрэкламаваць свой прадукт, але і спраўдзіць чаканні турыстаў. Менавіта таму арганізатары фестывалю штораз імкнуцца палепшыць яго праграму, зрабіць яе больш яркай і разнастайнай, стварыць новыя цікавыя пляцоўкі. Мы робім усё для таго, каб тыя госці, якія прыедуць у Прынямонне ўпершыню, захацелі вяртацца сюды зноў і зноў.

Новыя фарбы ў палітры фэсту

/i/content/pi/mast/56/937/4.jpg 
Заўсёднікаў Фестывалю нацыянальных культур чымсьці здзівіць папраўдзе складана — здавалася б, на вуліцы Гродна было выплеснута столькі энергіі і крэатыву... Тым не меней, арганізатары свята штораз імкнуцца дадаць у гэтую палітру новыя фарбы, упісаць новыя адметныя радкі ў яго гісторыю. Пакуль што ім тое заўсёды ўдавалася. А начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі перакананы: гэты фэст таксама не стане крыўдным выключэннем.

— Непаўторным свята робяць нават не столькі арганізатары, колькі самі ўдзельнікі. Вось і сёлета можна казаць, што новых фарбаў дадалося, прынамсі, тры. У фестывалі дэбютуюць прадстаўнікі Венесуэлы, Іспаніі, а таксама далёкай Афрыкі. Без сумневу, іх адметныя галасы на гэтым мультыкультурным кірмашы будуць пачутыя. Каб не паўтарацца, арганізатары вырашылі прысвячаць кожны фестываль пэўнай тэме. Гэтым разам асаблівая ўвага звернута на веснавыя абрады і святы. І прамінаючы нацыянальныя падворкі, можна ўбачыць і параўнаць традыцыі розных народаў, знайсці ў іх не толькі адрозненні, але і падабенства.

Цырымонія адкрыцця фестывалю раней праходзіла з удзелам самадзейных мастацкіх калектываў, але сёлета было вырашана запрасіць на яе прафесійных артыстаў — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць на Беларусі. Ды і ўвогуле, сёлета сярод удзельнікаў фэсту як ніколі шмат вядомых калектываў. Сярод іх Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, Маскоўскі ансамбль танца «Юнацтва». Шырокі ўдзел у фестывальнай праграме вядомых артыстаў спрыяе росту мастацкага ўзроўню свята. Гэта сведчанне таго, што гродзенскі форум няспынна развіваецца, набывае вагу, самавітасць, засвойвае «новыя арбіты». Творчы пошук незвычайных форм ды ідэй не спыняецца ніколі, ён — у самой аснове гэтага фестывалю!

Суквецце нацыянальных культур

/i/content/pi/mast/56/937/8.jpg 
У Беларусі паміж прадстаўнікамі розных народаў склаліся шматвяковыя традыцыі добрасуседства, узаемадапамогі і павагі, якія ўзбагачаюць нашу духоўную спадчыну мастацкімі каштоўнасцямі і сучаснымі творчымі дасягненнямі.

На тэрыторыі нашай краіны пражываюць людзі больш чым 140 нацыянальнасцей, усе яны — грамадзяне Рэспублікі Беларусь з роўнымі правамі на сваё нацыянальнае, канфесіянальнае вызначэнне і рэалізацыю духоўных і культурных патрэб. Беларускае грамадства фактычна не ведае падзелу па этнічных, расавых або рэлігійных прыкметах, ніколі не сутыкалася з канфліктамі на гэтых накірунках. Замежныя «добразычлівыя» сродкі масавай інфармацыі, міжнародныя арганізацыі, інтэрнэт-выданні пры ўсім жаданні не могуць папракнуць нашу рэспубліку ў наяўнасці праблем, якія ўзнікаюць на нацыянальнай глебе.

Мы імкнёмся да захавання міжнацыянальнага даверу, увасаблення цывілізаваных форм дыялога. Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей — праца з этнічнымі супольнасцямі. У Беларусі зарэгістравана 180 грамадскіх аб’яднанняў 26 рэспубліканскіх нацыянальных супольнасцей, якія захоўваюць і падтрымліваюць свае народныя традыцыі. За гады паездак па рэгіёнах, у якіх бываю даволі часта, я ніколі нідзе не пачуў ніводнай скаргі на тое, што чалавек адчувае сябе няўтульна ў родным горадзе або вёсцы з-за канфліктаў з суседзямі, кіраўніцтвам ці калегамі па прычыне яго этнічнай прыналежнасці: добразычлівасць, талерантнасць і цярпімасць — спрадвечныя якасці беларусаў…

Палітыка краіны накіравана на аб’яднанне нацый, спрыяе іх самавызначэнню і самаўсведамленню. Для захавання і развіцця культуры прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, дзейнасці іх арганізацый, устаноў культуры і адукацыі ў нашай краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы. Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур — заўсёдны клопат дзяржавы, вынік сумеснай ініцыятывы ўлады і грамадскіх арганізацый — аб’яднаў прадстаўнікоў розных народаў. Яго можна назваць своеасаблівай творчай мадэллю міжнацыянальных адносін у краіне — наўрад ці хто можа пахваліцца, што ведае пра вопыт правядзення падобных маштабных свят у Еўропе, напрыклад. Гэта сапраўды беларуская мадэль. І не таму, што складзена і навязана кімсьці «зверху» — яна выкрышталізавалася сама. Людзі трапляюць у фестывальны вір, сустракаюцца на творчых пляцоўках, святочных падвор’ях, наведваюцца адзін да аднаго ў госці, і мы вельмі беражліва ставімся да гэтага міжэтнічнага культурнага спаборніцтва.

Як ажыццяўляецца падтрымка творчых самадзейных калектываў этнакультурных грамадскіх аб’яднанняў? Тут важны і фінансавы складнік, бо людзі хочуць не толькі прадэманстраваць сваё выканальніцкае майстэрства, але і «падаць сябе» найбольш годна — гэта тычыцца і касцюмаў, і музычных інструментаў. На Кансультатыўным Міжэтнічным савеце пры Упаўнаважаным кіраўнікі этнакультурных супольнасцей дэмакратычна размяркоўваюць сродкі, выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту на падтрымку і развіццё адукацыйных, культурна-асветніцкіх, інфармацыйных праектаў. У мінулым годзе на гэтую справу было выдаткавана 130 мільёнаў рублёў, і значная частка сродкаў была выкарыстана на падрыхтоўку да Рэспубліканскага фестывалю. 18 творчых калектываў атрымалі нацыянальныя касцюмы, а таксама музычныя інструменты, сцэнічны абутак... Заўважу, што ў некаторых выпадках (калі, напрыклад, у этнакультурнага аб’яднання няма свайго творчага калектыву) мы забяспечваем іх камплектамі беларускіх народных строяў — у гэтых касцюмах яны могуць сустракаць хлебам-соллю сваіх суайчыннікаў на розных мерапрыемствах, што таксама працуе на імідж краіны. Апарат Упаўнаважанага прыняў актыўны ўдзел у фінансаванні фотавыставы аб жыцці і творчасці 20 этнакультурных грамадскіх аб’яднанняў, якая была створана ўпершыню і стала яркай фарбай ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Фестываль адлюстроўвае разнастайнасць культурнай спадчыны народаў, якія пражываюць у нашай краіне. Гэта вынік актыўнай працы па выяўленні лепшых набыткаў этнакультурных аб’яднанняў, калектывы якіх імкнуцца ўдасканальвацца ў сваёй творчасці, паказаць самыя вабныя рысы духоўнага багацця свайго народа. Людзі чакаюць яркага свята, якое адбываецца ў Гродне раз у два гады, і рыхтуюцца да яго. Фестываль дае магчымасць прадэманстраваць узоры самабытнага мастацтва, народных рамёстваў, традыцый, абрадаў і такім чынам уплывае на ўзаемаразуменне між людзьмі, стварае ўмовы для захавання духоўных каштоўнасцей.

Трэба адзначыць, што Гродзенскі аблвыканкам, гарвыканкам бяруць на сябе асноўную ролю па падрыхтоўцы, фінансаванні і арганізацыі фестывалю, а Рэспубліканскі аргкамітэт на чале з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолем Тозікам не толькі кантралюе падрыхтоўку святочных мерапрыемстваў, але аказвае вялікую дапамогу па вырашэнні канкрэтных пытанняў з боку адпаведных міністэрстваў і іншых дзяржаўных структур.

Маштабнае народнае свята адыгрывае вялізную ролю ў актывізацыі творчай дзейнасці этнакультурных грамадскіх аб’яднанняў і стымулюе праяўленне самых яскравых узораў нацыянальнай творчасці. З’яўляюцца новыя каларытныя калектывы, адкрываюцца новыя імёны выканаўцаў і майстроў народнай творчасці. Гэта не фестываль прафесійнага мастацтва, але выканальніцкі ўзровень творчых калектываў аказваецца надзвычай высокім. У выніку дбайнага і строгага адбору ў Гродна трапляюць самыя таленавітыя. Калектывы, што ўдзельнічаюць у конкурсе, складаюцца з выканаўцаў-аматараў — але ў камісію, якая вызначае ўдзельнікаў фестывалю на рэгіянальных праглядах, уваходзяць прафесіяналы, а старшынёй журы з’яўляецца народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі, кіраўнік легендарнага Народнага хору імя Генадзя Цітовіча. Так, працэс падрыхтоўкі вымагае шмат сіл і выклікае моцныя хваляванні, але істотна, каб людзі абавязкова атрымлівалі ад гэтага працэсу ўнутранае задавальненне, — тады ў наступным годзе той, хто цяпер заняў трэцяе месца, будзе імкнуцца стаць першым. У Гродна запрашаюцца лаўрэаты, дыпламанты адборачных тураў конкурсаў у раёнах, гарадах і абласцях, — зараз гэта 984 чалавекі. На вялікі жаль, пакуль немагчыма запрасіць як мага больш удзельнікаў, усіх жадаючых — а гэта тысячы і тысячы людзей, — затое арганізатарам удаецца захаваць годныя ўмовы прыёму гасцей свята, каб ні ў каго не засталося пачуцця крыўды ці незадаволенасці.

Сёлета мы запрасілі невялікі калектыў (8–10 чалавек) беларусаў Малдовы — гэта не звычайная практыка, хутчэй — выключэнне, бо для беларусаў замежжа існуе свой фестываль. (Упершыню ён прайшоў у мінулым годзе ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску»: ідэя належала Упаўнаважанаму і Гродзенскаму аблвыканкаму, а ажыццявіла правядзенне І  Фестывалю мастацтваў беларусаў свету Міністэрства культуры — і гэта яскравы прыклад узаемадзеяння дзяржаўных органаў.) У адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве ў сферы працы з суайчыннікамі, падпісаным на ўзроўні ўрадаў нашых краін у Кішынёве, мы бяром на сябе пэўныя абавязацельствы па адмысловай падтрымцы малдаван, якія жывуць у Беларусі, а малдаўскі бок пашырыць працу з беларусамі, якія жывуць у Малдове. Адзначу, што пагадненні па супрацоўніцтве таксама заключаны з Расіяй, Украінай, Літвой і Грузіяй, вядуцца перамовы з Арменіяй, Латвіяй, Эстоніяй і Казахстанам.

За сямнаццаць гадоў у гродзенскага свята з’явіліся свае традыцыі і адметнасці. Калі фестывальны рух толькі распачынаўся, не было ні журы, ні творчых адбораў, мала ў каго былі нацыянальныя касцюмы і інструменты. Цяпер актыўны ўдзел у фестывалі бяруць і народныя майстры рэгіёнаў Гродзенскай вобласці — гэтыя людзі займаюцца бондарствам, ткацтвам і, паказваючы вырабы народнай творчасці, ствараюць атмасферу свята. Ад шматлікіх канцэртных выступленняў масавых народных калектываў і выканаўцаў мы прыйшлі да ідэі адмысловых этнічных падвор’яў і разнастайных выстаў. На аформленым у адпаведным нацыянальным стылі падвор’і ёсць танцавальная пляцоўка — на ёй выступаюць калектывы. Кожнае падвор’е — непаўторнае. Там можна набыць сувеніры, якія нідзе больш не знойдзеш. Арнаменты на касцюмах, рухі танцаў, мелодыі песень, вытанчаныя прысмакі нацыянальных кухняў — усё адрозніваецца, у кожнага падвор’я ёсць свае сакрэты прымання гасцей. Тут ёсць чаму павучыцца прафесіяналам! Падчас вялікага фэсту яны могуць назбіраць у скарбонку ідэі для ўласных будучых канцэртаў і выступленняў. А творчыя калектывы нацыянальна-культурных аб’яднанняў здатныя ўпрыгожыць любы гала-канцэрт!

Раўнапраўны дыялог нацыянальнасцей — гэта крыніца ўзбагачэння духоўнасці нашых людзей. Аўра свята нараджаецца ў атмасферы яднання, самапазнання, узаемапавагі розных народаў. Фестываль застаецца важным элементам дзяржаўнай палітыкі, значнай падзеяй жыцця нашага грамадства, складнікам гармоніі ў міжнацыянальных адносінах.

 Леанід ГУЛЯКА,

Упаўнаважаны па справах рэлігій і

нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь