Віртуознае майстэрства

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Віцебскі творца Ісак Бароўскі

/i/content/pi/mast/55/936/47.jpg
 
Імя віцебскага жывапісца Ісака Бароўскага (1921–1991) у шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» прыгадваецца ўсяго некалькі разоў і заўжды ў агульным пераліку людзей, што працаваліў 1960–1980-я гады. Для правінцыйнага жывапісца, які не вельмі часта пісаў тэматычныя карціны з актуальнымі для савецкага часу сюжэтамі, тое можна было б лічыць нават удачай, калі б асоба творцы яўна не выбівалася з агульнага шэрагу. Калі б мастак не быў сапраўдным віртуозам жывапісу, які шматкроць пацвердзіў выключнае майстэрства ў напісаных ім партрэтах, пейзажах і нацюрмортах.

Называючы Ісака Бароўскага віртуозам, мы ўкладаем у гэта слова яго першапачатковы сэнс і часткова згубленае семантычнае значэнне. У сярэднявеччы віртуозам называлі прафесіянала, які адзначыўся ў любой інтэлектуальнай ці мастацкай галіне, у дасканаласці валодаў тэхнікай і дасягнуў у ёй найвышэйшай ступені майстэрства. Семантыка слова «віртуоз» выразна высвечвае катэгорыю таленту (у лацінскай мове virtus — доблесць, талент), таму звядзенне гэтага паняцця да «тэхнікі», да пазначэння высокай выканальніцкай здольнасці, канешне ж, вялікая памылка. Сваімі асновамі віртуознасць караніцца ў свядомасці творцы, асаблівасцях яго мыслення, у творчай актыўнасці, тэмпераменце і псіхіцы.

Нягледзячы на даволі актыўны ўдзел Ісака Бароўскага ў мастацкім працэсе, пры жыцці гэтага выдатнага жывапісца не было выдадзена ні каталога, ні альбома твораў. Дзве кнігі пра мастака з’явіліся ўжо пасля яго смерці — дзякуючы намаганням удавы Антаніны Майсеевай і сяброў-фундатараў. Да свайго 70-годдзя, як і да другой у сваім жыцці персанальнай выставы, Бароўскі не дажыў паўгода...

З аднаго боку, Ісак Бароўскі — тыповы прадстаўнік таго «савецкага» пакалення, якое прыняло на сябе ўвесь цяжар вайны і ў наступным мірным жыцці стала шчырым і апантаным рэпрэзентантам паэтыкі «сацыялістычнага рэалізму», увасобленай ім у самых разнастайных жыццесцвярджальных тэмах і вобразах. З другога, гэтаму творцу былі блізкія афарбаваныя ўзнёслымі і рамантычнымі колерамі ідэі і каштоўнасці «шасцідзясятнікаў». Мастак неаднойчы адзначаў у сваім дзённіку, што пісаць карціны па канонах і ўзорах іншых жывапісцаў нельга, трэба вучыцца толькі на ўласным досведзе і толькі з жыцця «выхопліваць» матывы, моманты, сюжэты. «А ўжо ці падыдуць яны пад катэгорыі часу, ідэі — гэта воля лёсу».

Высокі прафесійны ўзровень Ісака Бароўскага ў галіне жывапісу і малюнка ў значнай ступені быў абумоўлены навучаннем у Віцебскай мастацкай вучэльні ў Льва Лейтмана, Аляксандра Мазалёва, Уладзіміра Хрусталёва. Аднак, хутчэй за ўсё, Бароўскі ад прыроды валодаў добра пастаўленым вокам, з дзяцінства шмат маляваў, што і паспрыяла ў свой час яго захапленню партрэтным жанрам. Жанрам, які быў сугучны яго мастацкаму тэмпераменту і асабліва моцна ўразіў маладога мастака ў творчасці яго першага настаўніка — Юрыя Пэна.

Прызваны пасля заканчэння мастацкага тэхнікума ў Чырвоную Армію, Ісак Бароўскі ў 1941–1943 гадах становіцца ўдзельнікам шматлікіх баёў пад Смаленскам, Ельняй, на подступах да Масквы. Некалькі разоў паранены (восенню 1943 года асабліва цяжка), ён трапіць у новасібірскі шпіталь; там жа, у Новасібірску, пасля лячэння і дэмабілізацыі па раненні ён застанецца жыць — амаль на доўгія дваццаць гадоў развітаецца з роднай Беларуссю.

Сярод першых твораў, экспанаваных на выставах у 1950-я гады Ісакам Бароўскім — у той час маладым новасібірскім мастаком, крытыка адзначала графічны партрэт у тэхніцы сухой іголкі. Асноўнай жа сферай прафесійнай дзейнасці Бароўскага ў той час была афармленчая праца ў мясцовым аддзяленні Мастацкага фонду РСФСР. Тры гады Бароўскі працаваў у Маскве — над афармленнем павільёна на ВДНГ. У лістах блізкім пісаў: «Часта лаўлю сябе на тым, што ў Новасібірску я жыць не хачу, хачу дамоў, у Віцебск...» У 1962 годзе Ісак Бароўскі вярнуўся на Радзіму.

Шматгадовы досвед мастака-афармляльніка не мог не паўплываць на характар яго графічнай і жывапіснай мовы. Гэта праявілася ў падкрэсленай стылізацыі і лаканізме пластыкі формаў, выкарыстанні абагульненняў. І, разам з тым, сур’ёзна займацца жывапісам Ісак Бароўскі пачаў толькі ў родным Віцебску. І ці не адразу асноўным жанрам стаў партрэт.

Спрабуючы адшукаць вытокі творчай манеры Бароўскага, што сфармавалася ўжо ў сярэдзіне 1960-х, варта прыгадаць «суровы стыль». У гэты перыяд на развіццё станковага мастацтва ўплывае мастацтва манументальнае, адбываецца гіпербалізацыя выяў-вобразаў, павялічваюцца памеры жывапісных палотнаў, узрастае эмацыйная напружанасць каларыту, дэкаратыўнасць, мастакі нібы ігнаруюць усё выпадковае і мімалётнае. А ў мастацтве партрэта дамінуючымі становяцца вобразы-тыпы. Прыхільнікі суровага стылю ўсё часцей адыходзяць ад канкрэтнай мадэлі і ствараюць уласную іканаграфію.

Аднак пры аналізе твораў Бароўскага 1960-х гадоў складаецца ўражанне, што мастак перакананы: партрэт — гэта жанр, у якім прадметам мастацкага пазнання з’яўляецца чалавечая індывідуальнасць, і таму выява ў першую чаргу павінна быць падобна на мадэль. Пазней у жывапісных палотнах Бароўскага будуць адзначаць стылістычныя паралелі з Валянцінам Сяровым, Міхаілам Урубелем, Фёдарам Малявіным, Абрамам Архіпавым, Мікалаем Фешыным, Паўлам Корыным, Таірам Салахавым... Прычым асноўнае, што аб’ядноўвае гэтых вельмі розных па аўтарскіх манерах творцаў, — выдатнае валоданне малюнкам і выразная пластыка жывапіснай мовы.

У 1960-я гады Бароўскі піша шэраг партрэтаў маладых сучаснікаў, сярод якіх «Партрэт дзяўчыны», «Дзесяцікласніца», «Партрэт школьніцы», «Вучань рамеснай вучэльні», «Дзяўчына ў жоўтым», «Школьніца», «Вясковая дзяўчына», «Партрэт дзяўчынкі», «Партрэт дзяўчыны ў блакітным». У гэты час мастак стварае і некалькі аптымістычна-ўзнёслых, рамантычных палотнаў, такіх як «Паштальёны», «Медсястра», у якіх скіраванасць на індывідуалізацыю вобраза не перашкаджае акцэнтуацыі пэўнага тыпажу. Яшчэ больш выразнымі ў гэтым сэнсе пазней стануць яго творы «Геолагі» і «Будаўнікі» (1970-я).

Мастак выдатна адчувае характар мадэлі, праўдзіва і дакладна перадае яе характарыстыкі. Упрыгожванне, «удасканаленне» вонкавых даных персанажа ніколі не прыцягвала Бароўскага. Невыпадкова адзін са сваіх дзённікаў мастак завяршае запісам: «Сёння павінен прыйсці заказчык. Трэба будзе пісаць партрэт. Пісаць проста, нічога не выдумляючы».

Ісак Бароўскі дастаткова вольна выбірае ракурс, размяшчае натуру франтальна, паварочвае яе ў тры чвэрці ці малюе ў профіль. Мастак аддае перавагу вертыкальна выцягнутым фарматам, нярэдка паказвае фігуру ў рост. Выяўленча-сэнсавымі дамінантамі становяцца твар і рукі мадэлі, на пластыцы і графічнай вытанчанасці якіх і сканцэнтравана асноўная ўвага творцы. І канешне ж самыя глыбокія пачуцці, самыя патаемныя перажыванні раскрываюць вочы персанажаў. Выява фігуры нярэдка глядзіцца сілуэтна на светлым жывапісным фоне. Мастак адмаўляецца ад ідэі загрувашчвання кампазіцыі элементамі ці аб’ектамі і аддае гэта месца прасторы вольнага колеру.

Наогул, адна з асаблівасцей партрэтаў, напісаных Бароўскім, — удалы выбар выразнага асвятлення, з дапамогай якога мастак выяўляе характэрныя рысы твараў. У большасці партрэтаў перавага святла актывізуе аптымістычны настрой, мастак дабіваецца своеасаблівага свячэння мадэлі. Невыпадкова ў сваіх дзённіках ён падкрэслівае, што вобразы ў творах павінны свяціцца па-рознаму. І нібы ставіць перад сабой задачу: «свячэнне знаходзіць у эскізах...»

Звычайна творца выбірае даволі кантраснае асвятленне, нярэдка змяшчае большую частку твару ў зону цені. Падобнае становішча мадэлі адносна крыніцы святла ў жывапісных і графічных кампазіцыях Бароўскага нярэдка мяжуе з контражурам, што вымагае дакладнага малюнка, але, разам з тым, дае магчымасць колерам мадэляваць ценявыя плоскасці. Але нішто не стрымлівае мастака і не перашкаджае яму тэмпераментна і пластычна мадэляваць форму.

Як узгадваюць тыя, з каго пісаліся жывапісныя партрэты, Ісак Бароўскі нярэдка рабіў папярэднія накіды і замалёўкі алоўкам, а толькі потым пачынаў працу на палатне. Нават у працяглых па часе выканання графічных партрэтах, што намаляваны алоўкам, найперш адзначаеш не акадэмічную завершанасць і дасканаласць пластычнай распрацоўкі, а лёгкасць, графічную выразнасць і... жывапіснасць. І гэта не дзіўна: уласцівае Ісаку Бароўскаму тонкае паэтычна-вобразнае ўспрыняцце рэчаіснасці вызначала прыярытэты яго творчых захапленняў. Дарэчы, менавіта графічныя партрэты і замалёўкі пераконваюць у тым, што Ісак Бароўскі добра маляваў, і тыя «памылкі ў прапорцыях», якія нехта бачыць у яго палотнах, выкліканы моцным тэмпераментам каларыста, які скіраваў усю увагу на экспрэсіўнасць жывапіснага самавыражэння.

Цэнтральнае месца ў творчасці Бароўскага займаюць жаночыя партрэты, псіхалагічна праніклівыя, напісаныя з асаблівым натхненнем. Мастак імкнецца як мага больш тонка зразумець патаемны настрой мадэлі, яе думкі, пачуцці, перажыванні. На палотнах адлюстраваны яркія індывідуальнасці са сваім жыццёвым досведам — «Жанчына ў белым шалі» (1966), «Жаночы партрэт» (1967), «Нявеста» (1974), «Партрэт маладой жанчыны (Л.Базан)» (1974), «Маладая жанчына ў сінім» (1977), «Партрэт жонкі» (1986), «Жаночы партрэт у футры» (1986), «Удава» (1986), «Партрэт дзяўчыны ў бэзавым» (1987), «Жанчына ў сіняй кофце (Л.Маслава)» (1988), «Дзяўчына ў аранжавым (1990)», «Жаночы партрэт (Надзея)» (1990) і іншыя.

У каларыце сваіх жывапісных твораў Ісак Бароўскі кіраваўся поўнай свабодай і ўласным густам. Мастак то аддае перавагу вытанчанай, стрыманай, да нюансаў распрацаванай пастэльнай гаме, то з захапленнем асвойвае гучныя тэмбры — экспрэсію і моц насычаных колераў. Піша то празрыстымі пяшчотнымі лесіроўкамі, то шырока і пастозна выразнымі асобнымі мазкамі. У кожным з палотнаў каларыстычны лад абумоўлены ўплывамі натуральнага асяроддзя і адначасова вылучаецца індывідуальным спосабам «агранкі крышталя жывапіснай формы і прасторы». Увага надаецца асобна кожнаму элементу твора. Мастак імкнецца «па магчымасці» да большай тонкасці ва ўсіх фрагментах палатна — «і ў пляме, і ў лініі». «Кожны кавалак паасобку павінен быць прыгожы праўдай усяго твора», — піша Ісак Бароўскі ў сваім дзённіку.

У канцы 1960-х—1970-я гады Бароўскі распачынае серыю партрэтаў з выявамі «герояў часу» — перадавікоў вытворчасці, ветэранаў вайны і працы. Далёка не заўжды іх напісанне звязана з дзяржзаказам. Нярэдка гэта свядомы выбар мастака, перакананага ў тым, што «пісаць трэба толькі тых, хто падабаецца, хто табе цікавы, хто ўражвае...»

У створаных Бароўскім партрэтах прадстаўнікоў розных прафесій дамінантай нярэдка становіцца не столькі наяўнасць нейкіх атрыбутаў, колькі выдатна перададзены ўнутраны стан. Сярод такіх палотнаў — партрэты першай настаўніцы мастака Я.В.Клімавай (1964), псіхіятра, прафесара І.Д.Саснавіка (1968), настаўніка А.Балабошка (1971), участковага («Паставы Сямён») (1973), токара Фурсава (1973), даяркі Г.Н.Яначкінай (1976), ветэрана-калгасніка (1979), настаўніцы Т.К.Ждан (1980-я), доктара-псіхіятра В.К.Анішчанкі (1981), маладога інжынера (1986), вясковага доктара (Г.Е.Гелер) (1987), бібліятэкара Марыі Робертаўны («Роздум») (1989) і іншыя.

Нават у выявах вядомых, ушанаваных дзяржавай і грамадствам асоб мастак скіраваны не на стылістыку афіцыёзнага параднага партрэта, ён імкнецца падкрэсліць унутраны, псіхалагічны стан мадэлі. Менавіта ў такім ключы зроблены партрэты старога бальшавіка Т.Т.Тарасава (1966), ганаровага грамадзяніна Віцебска С.Д.Пескінай (1966), Героя Сацыялістычнай Працы П.Д.Клімава (1966), удзельніка Віцебскага падполля П.М.Зайцава (1968), старога бальшавіка В.Л.Парахневіча (1969), ветэрана-заслонаўца Н.М.Курлыпа (1973), былой падпольшчыцы Т.Лявончанка (1975), маёра ў адстаўцы Баранінскага (1982) і іншыя. Увогуле, партрэты ўдзельнікаў вайны, як і сама ваенная тэма, проста не маглі не з’явіцца ў творчасці мастака, які прайшоў праз полымя Вялікай Айчыннай. І таму асабліва шчырымі ўспрымаюцца яго палотны «Прывал» (1980-я), «У атаку» (1980-я), «Салдаты» (1972, 1982), «Партызаны выходзяць з акружэння. Чацвёртая беларуская» (1986), «Без вестак прапаўшы» (1986, 1990), у якіх мінулая вайна паўстае жахам і болем, вялікай трагедыяй чалавецтва.

Спектр жанравых і вобразных прыхільнасцей Бароўскага мала змяніўся і ў канцы 1970-х–1980-я гады. Прыярытэтным жанрам у жывапісных і графічных пошуках застаецца партрэт. Аднак у партрэтах, напісаных у гэты час, лаканічную, эмацыянальна канкрэтную выяву змяняюць вобразы з паглыбленай псіхалагічнай характарыстыкай. Мастак імкнецца паказаць багацце інтэлекту герояў, увасобіць іх думкі і разважанні. Гэта ўжо не проста партрэты-тыпы прадстаўнікоў прафесій, а відавочны пераход да партрэта-карціны. Цікавасць да творчых людзей, інтэлектуалаў уласцівая ўсяму беларускаму выяўленчаму мастацтву 1980-х. У гэты час Бароўскі піша партрэты народнага мастака БССР Я.Нікалаева (1978), скульптара А.Тарасяна (1979), дырэктара абласнога краязнаўчага музея Н.А.Сулецкай (1982).

Вольны і імпульсіўны характар Ісака Бароўскага не мог укласціся ў межы партрэтаў і тэматычных твораў: «Не сядзіце седзьма ў майстэрні, пакуль вы не знайшлі свайго стылю. Не марнуйце часу, корпаючыся ў мёртвай тэорыі. Углядайцеся ў прыроду. Звяртайце ўвагу на ўсё, што вакол вас». Выдатным эксперыментальным полем для жывапісных пошукаў мастака ў 1980-я гады сталі пейзажы і нацюрморты. У гэты час у палотнах Бароўскага размашыста вольная і эцюдная жывапісная прастора твораў становіцца яшчэ і філігранна распрацаванай, што нагадвала стылістыку шэрагу фільмаў любімага ім геніяльнага кінарэжысёра Андрэя Таркоўскага. Пейзажы Бароўскага 1980-х — найчасцей натурныя эцюды вясковых краявідаў. Іх заўжды вылучае не толькі вострая назіральнасць, эфектная пластыка, але і выразная кампазіцыйная арганізаванасць — «Алея восенню», «Восень», «Дарога», «Вёска Халамер’е Гарадоцкага раёна», «Вуліца Гагарына ў Лёзне», «Стажок», «Возера», «Копны», «Ралля», «Ля возера», «Пахмурны дзень», «За даллю даль», «Віцебскія далі», «Халамер’е». «Я ўсё жыццё ва ўсім шукаў натуральнасць прыроды, — напіша Бароўскі ў сваім дзённіку, — і ніколі не захапляўся лжывым бляскам...»

Мастак шмат у чым непаўторны і ў жанры нацюрморта — «Бэз» (1980-я), «Нацюрморт з клубніцамі» (1990), «Букет хрызантэм і кубачак» (1990). Бароўскі дакладна перадае ўсе асаблівасці прасторы і элементы формы і разам з тым уражвае лёгкасцю, свабодай і пластычнай выразнасцю жывапісу.

Зразумела, што менавіта асаблівасці жывапісу робяць творчасць Ісака Бароўскага выключнай з’явай у беларускім мастацтве. Пры тым ён заўжды дэманстраваў здольнасці выдатнага рысавальшчыка, быў знаўцам анатоміі і віртуозна валодаў мадэліроўкай формаў. У творчай манеры Бароўскага традыцыі сур’ёзнага рэалізму старых майстроў у выяўленні псіхалогіі і духоўнасці мадэлі гарманічна зліліся з вольным жывапісна-экспрэсіяністычным падыходам да пабудовы прасторы твора. Менавіта гэта сёння прыцягвае да жывапісных палотнаў Ісака Бароўскага маладых мастакоў. А некалі ў творы сваіх папярэднікаў узіраўся і сам Бароўскі: «Я ўглядаюся ў генія, які стварыў цудоўны жывапіс, употай ад усіх атрымліваю асалоду — паколькі ён не зусім у модзе (...) і хачу зрабіць нешта такое, каб нехта атрымліваў асалоду — таемна, моўчкі, раўніва...»

 Міхась Цыбульскі