Кветкавы рай

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Мастакоўскае дасье

/i/content/pi/mast/55/934/37.jpg 
Матылькі. Габелен. 1999.
Многія беларускія мастакі сёння жывуць і працуюць у розных краінах свету. Гэта не замінае ім ладзіць персанальныя выставы ў самых прэстыжных залах на Радзіме (прыгадайма нядаўнія экспазіцыі Ігара Цішына, Наталлі Залознай, Людмілы Кальмаевай у мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва). Пытанне толькі ў тым, як творцы сябе пазіцыянуюць: адны падкрэсліваюць беларускія карані, другія дэкларуюць касмапалітызм. Ганна Крываблоцкая-Козак, што ўжо болей за дзесяць год жыве і актыўна займаецца мастацтвам у Турцыі, належыць да першых. Сведчаць аб гэтым яе шматлікія творы, у тым ліку паказаныя на персанальнай выставе ў Анкары, прымеркаванай да 20-годдзя адкрыцця Пасольства Беларусі ў Турцыі. З турэцкага боку выставу адкрываў намеснік міністра замежных спраў Турэцкай Рэспублікі Фатых Джэйлян, з беларускага — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы Валерый Калеснік. Падзея была асветлена на першых палосах цэнтральных перыядычных выданняў краіны — газет «Hurriyet» і «Cumhurriet».

Як творчая асоба Ганна сфарміравалася яшчэ да пераезду ў шчодрую на сонца паўднёвую краіну. Удзельнічаць у выставах пачала з 1998 года, зладзіла тры персанальныя (2001, 2004, 2005)... Адкуль жа столькі энергіі ў гэткай маладой і далікатнай дзяўчыны? У пошуках адказу перагорнем старонкі біяграфіі: Аня паходзіць з сям’і вядомых беларускіх творцаў — манументаліста Уладзіміра Крываблоцкага і майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Галіны Маркавец.

Творчы імпэт Крываблоцкага, што праявіўся ў шэрагу мемарыяльных комплексных роспісаў, фантастычны: 600 фігур персанажаў на 320 квадратных метрах роспісу «У імя жыцця на Зямлі» ва ўшацкім Музеі народнай славы імя Уладзіміра Лабанка, што за пяць кіламетраў ад вядомага мемарыяльнага комплексу «Прарыў»; дзясяткі метраў мазаікі «Дрэва жыцця» на тарцы дзевяціпавярховага будынка ў Салігорску і на фасадах карпусоў электратэхнічнага завода ў Брэсце; манументальныя вітражы ў ДК Мсціслава; цыкл велічных філасофска-эпічных карцін «Свабода», «Песня пра зубра», «Маці-Зямля», «Прарыў», «Дыялог»; паліптых «Рэквіем» у зале баявой славы Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны трагічнай гісторыі фашысцкага канцлагера ў Азарычах; кіраўніцтва аўтарскім калектывам і асабісты ўдзел у стварэнні манументальнага дэкаратыўнага роспісу ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі...

У творчым актыве Галіны Маркавец (Крываблоцкай) — сцэнічныя касцюмы для мастацкіх калектываў «Харошкі» і «Песняры», стварэнне арыгінальнага габеленавага канцэптуальнага праекта «Дыялог з прыродай», серыя тэкстыльных работ на тэмы гісторыі Беларусі і яе этнакультурнай спадчыны, манументальны габелен-заслона «Вясёлка» для Палаца Рэспублікі, манументальны габелен «Мелодыі Зямлі»для інтэр’ера Нацыянальнай бібліятэкі.

Ганна расказвае, што менавіта бацькі далі прыклад апантанасці і адданасці мастацтву. Дзякуючы ім яна выхоўвалася ў атмасферы творчай свабоды і самастойнасці. Фарміраванне творчай асобы адбывалася ў часы навучання на факультэце дызайну (аддзяленне мадэлявання адзення і мастацкага ткацтва) Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам выдатных настаўнікаў Галіны Мяшковай, Юрыя Піскуна, загадчыцы кафедры Валянціны Бартлавай. З асаблівай удзячнасцю Ганна адзначае майстра габелена Маргарыту Шчамялёву, якая падсілкоўвала яе цікавасць і імпэт узорамі творчасці з сусветнай культуры, навуковымі публікацыямі і даследаваннямі.

Маргарыта Шчамялёва, у сваю чаргу, згадвае, што амаль не сустракала студэнтаў, роўных Ганне Крываблоцкай працавітасцю і імкненнем да ведаў: «На першы прагляд Аня прынесла столькі работ, што для іх не хапіла месца. Давялося шукаць дадатковую аўдыторыю, таму што ў фармаце “кропка, лінія, пляма” было шмат напружанай працы, пошуку, даследаванняў, вывучэння магчымасцей, якія мы як выкладчыкі проста не маглі праігнараваць. Усім нам тады стала зразумела, што гэтай студэнтцы мала звычайных аб’ёмаў вучэбнай праграмы: яе натура патрабавала вырашэння звышзадач. На першым і другім курсах яна апантана штудзіравала навыкі майстэрства, рабіла гэта бліскуча і заўсёды вылучалася маштабнасцю творчага эксперымента паралельна з дасканалым засваеннем выканальніцкага рамяства. Гэта чалавек-перфекцыяніст, які імкнецца дайсці да самай сутнасці, умее глядзець на сваю працу з розных бакоў, каб бачыць і выпраўляць недаробленае, — яна ад пачатку была здольная самастойна і цвяроза ацэньваць свае слабыя месцы, каб скіроўваць туды энергію дзеля ўдасканалення. Яе заўжды было лёгка “завесці” на сур’ёзную работу — Аня ніколі не баялася перапрацавацца. Азіраючыся на свае 17 год працы на кафедры, магу назваць усяго толькі каля пяці такіх апантаных студэнтаў. Заканамернымі былі вылучэнне Ганны Крываблоцкай на атрыманне Прэзідэнцкай стыпендыі падчас вучобы (1998), потым чырвоны дыплом (2001) і бліскучая дыпломная работа з рэкамендацыяй Дзяржаўнай камісіі на прыняцце ў Беларускі саюз мастакоў, мінаючы маладзёжную секцыю».

У студэнцкія гады Ганна супрацоўнічала з тэатральнымі калектывамі, якія аб’ядноўвалі яе равеснікаў. Спектаклі «Трагічная гісторыя пра Гамлета» (1999) Тэатра-студыі маладзёжнай творчасці і «ДК Данс» (2001) Тэатра «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава сталі падзеямі ў культурным жыцці тагачаснага Мінска. Стварэнне дэкарацый было даверана Ані Крываблоцкай. «...Рухі колераў, целаў, энергіі акцёраў (спектакль “ДК Данс”) — усё існуе ў адзіным парыве, заварожвае, — пісаў у артыкуле пра спектакль прафесар культуралогіі з Вялікабрытаніі Бенджамін Коўп. — І ў гэтым “чараўніцтве” не апошняе месца адыгрывае дэкарацыя — вобразы магутных і велічных, спакойных у сваёй мудрасці птушак-волатаў, якія сузіраюць інтрыгі марнага жыцця... Раптоўна ў канцы спектакля іх сімволіка выступае на першы план — дзве птушкападобныя постаці людзей на хадулях, абкручаныя тканінай, паўстаюць з цемры і рухаюцца ў прасторы... Публіка ў захапленні...»

Пошукі, выпрабоўванне сябе ў розных кірунках на пачатку творчай дзейнасці... Бадай, самым адказным і вызначальным быў праект для інтэр’ера Нацыянальнай бібліятэкі — манументальны габелен «Паўлінка» (2006) па матывах паэзіі Янкі Купалы, які Аня выканала бліскуча і ўпэўнена. У аналізе мастацкай вобразнасці гэтага твора адштурхнуся ад вызначэння Валерыя Жука, дзе мастацтвазнаўца сцвярджае, што габеленшчыкі ў працах для бібліятэкі захавалі баланс паміж сюжэтнай выяўленчасцю і абстрактнай дэкаратыўнасцю. На мой погляд, у манументальнай і віртуознай тэкстыльнай кампазіцыі Ані Крываблоцкай-Козак вялікую ролю адыгрываюць паэтыка-міфалагічныя інтанацыі — выразныя, пранізлівыя, пераканаўчыя. Яны чуюцца ў мелодыцы спелага лета, поўнага шэптаў квітнеючых палёў і чараўніцтва лясоў, дзе цвіце папараць-кветка; у адлюстраванні купальскага вогнішча, чые вохрыстыя пялёсткі надаюць твору жыццесцвярджальны, аптымістычны характар; у вібрацыі халодных тонаў у ніжняй частцы кампазіцыі, што ўносяць ноткі драматызму — згадкі чарнобыльскага выбуху. Прастора габелена — не толькі фізічная, у якой гарманічна спалучаны колеравыя плямы, перададзена мелодыка лінеарных формул і рытмаў. Гэта і інтэлектуальная прастора, матэрыялізаваная праз пластыку віртуознага габеленавага ткацтва, здольнага гучаць у тонусе, ладзе, стылі Купалавай паэзіі, абагульняючы канкрэтыку сюжэта да агульнанацыянальных каштоўнасцей светаадчування беларуса. Гэтая прастора дыхае, праменіцца добразычлівасцю і хараством прыроды.

Падчас размовы з Ганнай я спыталася пра вытокі яе здольнасці да глыбіннага асэнсавання айчыннай культуры. Мастачка распавяла, што гэта ідзе ад бабулі і дзядулі, Соф’і і Пятра Маркаўцоў — інтэлігентаў, якія пражылі складанае і доўгае жыццё ў невялікім мястэчку на Віцебшчыне, трымаліся хрысціянскіх каштоўнасцей і мелі глыбокі досвед гісторыі і этнічнай культуры народа. На трэцім курсе навучання ў Акадэміі, працуючы над тэкстыльнай кампазіцыяй «Лёсы» (1998) на радзіме мамы, у дзедавай сядзібе ў Докшыцах, яна доўгімі днямі і вечарамі, перабіраючы нітку за ніткай, слухала аповеды з гісторыі родаў бабулі і дзядулі. Яны дапамагалі ёй у працы, падбіраючы выстрыжаныя належным чынам кавалачкі з былых сукенак і паліто. Так разам — старое і маладое — майстравалі з «мінулага» новую рэальнасць...

Пройдзеная ў Докшыцах школа духоўнага сталення знайшла магутны працяг у дыпломнай рабоце Ганны — серыі манументальных габеленаў пад агульнай назвай «Дыялог» (2001). Духоўна-эмацыйны характар гэтых твораў вызначаны болем ад сыходу любімага дзядулі, які праз сваю мудрасць і дабрыню быў бясспрэчным аўтарытэтам для ўсёй вялікай мастакоўскай сям’і Маркаўцоў. Твор увасобіў тэму памяці аб трагічных, але непазбежных жыццёвых стратах чалавека. Праз метафарычныя вобразы птушак мастачка распавядае пра дыялог, што вядуць між сабой у вечнасці прадстаўнікі розных пакаленняў.

Пытаюся ў Ганны, што змянілася ў яе мастацтве з пераездам у іншую краіну. Адказ уразіў: на адлегласці абвастрылася пачуццё роднага, але і Турцыя стала блізкай і любімай. Так, на двух крылах, жыве і ляціць па жыцці Ганна Крываблоцкая-Козак — нібы белая лебедзь: адно крыло і апірышча — бацькоўскі дом і сям’я на Беларусі, другое — дзеці, муж і яго вялікая і дружная сям’я ў Турцыі, якая з вялікай павагай ставіцца да творчых памкненняў мастачкі і ўсімі сіламі спрыяе іх рэалізацыі. На цяперашняй, трэцяй па ліку, персанальнай выстаўцы Ганны ў гэтай краіне яе сакральным цэнтрам стаў вобраз таго самага лебедзя — вялікае жывапіснае палатно «Белыя крылы» (2012), напісанае спецыяльна для экспазіцыі. Сэнс карціны шматпластовы і не вычэрпваецца асабістымі перажываннямі. Не толькі Ганна, але і прыхільнікі яе творчасці ў Турцыі бачаць у міфічнай птушцы сімвал Беларусі — краіны пад белым покрывам зімы, дзе жывуць прыгожыя і таленавітыя людзі.

Вобразы птушак, што так моцна запаланілі ўяўленне мастачкі яшчэ з часоў навучання ў Акадэміі і наведвання дзедавых Докшыц, — адны з дамінуючых у новай экспазіцыі: да «Белых крылаў» і яшчэ на Радзіме створанага габелена «Смутак» (2001) Ганна дадала дзве нядаўна напісаныя жывапісныя кампазіцыі з архаічнымі выявамі крылатых стварэнняў — «Палёт» (2009) і «Прарыў» (2009). Разам яны фарміруюць моцную дынаміку прасторы выставы, узбагачаюць яе энергіяй жыцця, поўнага суквеццяў розных фарбаў, гукаў і рытмаў.

Асобная ўлюбёная тэма творчасці Ганны — кветкі і наогул раслінны свет. Распачатая яшчэ на Беларусі жывапіснымі кампазіцыямі «Бярозы» (1996), «Кветкі» (2000, 2001), «Цюльпаны» (2001), габеленамі «Лістапад» (2004) «Вясна» (2005), велічна і лірычна выведзеная ў габелене «Паўлінка» для Нацыянальнай бібліятэкі, гэтая тэма атрымала развіццё ў Турцыі, чаму паспрыялі багацце і яскравасць паўднёвай флоры. Самая першая жывапісная кампазіцыя, створаная Ганнай пасля пераезду, — карціна «Сіні касач» (2008). Гэта сублімаванае пачуццё-ўражанне новага жыцця, новай рэчаіснасці. Выразны і эфектны твор, які сімвалізуе асаблівы этап у дзейнасці мастачкі, вынесены на афішу яе выстаўкі ў Анкары.

У творчасці Ганны вялікую ролю адыгрываюць пачуцці, аднак для яе характэрны і выразны аналітычны склад выяўленчага мыслення. У гэтым пераконвае карціна «Сіні касач» — канцэптуальны вобраз кветкі, які вельмі аддалена ўвасабляе жывую натуру і насамрэч з’яўляецца «партрэтам» пачуцця гэтай самай жывой прыроды. Праз вобразы кветак мастачка стварае вобразы ўласных пачуццяў і ўражанняў. У прасторы выстаўкі яна будуе кветкавы рай уласнае душы, вось чаму яе кветкі так дзівяць і зачароўваюць гледача, тым болей — турэцкага, якога цяжка ўразіць такімі сюжэтамі: традыцыйная ўсходняя культура заўжды была насычана расліннымі матывамі.

Цікавая дэталь: у кветкавай прасторы выстаў Ганны вылучаліся дзве групы ўлюбёнцаў — цюльпаны (2008) і лілеі (2010). У першыя гады творчай дзейнасці на новай радзіме мастачка стварыла серыю жывапісных палотнаў на тэму цюльпана як сімвала ўсходняй краіны. Гэтыя творы адрозніваюцца ад іншых жывапісных кампазіцый сакавітай формай, што нагадвае шкло, праз якое праменіцца сонца, і надзвычайным унутраным свячэннем энергіі. Серыя палотнаў на тэму чароўнага хараства белай лілеі мае іншы лад. Гэта хутчэй эмоцыі тыпу «настальжы», дзе дамінуюць элегічныя настроі і шапэнаўскія мелодыі колераў.

Праявы новых рыс у мастацтве Ганны Крываблоцкай-Козак падахвочваюць задаць ёй натуральнае пытанне: ці не перакваліфікавалася яна з майстра традыцыйнага беларускага габелена ў мадэрновага жывапісца? На гэта мастачка адказала, што пастаянна памятае пра ткацтва і плануе творчасць у яго прасторы, але яе амбіцыйныя задумы патрабуюць грунтоўнай матэрыяльнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі. Ганна мае намер наладзіць працу майстэрні па вытворчасці тканых паясоў (кшталту слуцкіх) з мэтай адраджэння старадаўняга ўмельства. Галоўнае — падтрымка сям’і — ужо здабытае. Ёсць і памяшканне, і майстры, гатовыя распачаць справу. Не сумняваюся: для ажыццяўлення сваёй ідэі дзяўчына абавязкова знойдзе спонсараў і ў Беларусі, і ў Турцыі, бо гэта вельмі актыўны, паслядоўны ў сваіх кроках і рашэннях чалавек, які прывык ставіць перад сабой звышзадачы і вырашаць іх. Менавіта такія людзі пакалення next і задаюць новыя вяршыні.

 Таццяна Гаранская