Калегіум

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Аршанскі выставачны праект

/i/content/pi/mast/55/929/17.jpg 
Марыэла Івайлава (Балгарыя). Дзве гадзіны ў Фларэнцыі. Алей. 2010.
З’яўленне арыгінальнага выставачнага праекта ў правінцыі заўжды падзея. Асабліва калі ён перарастае ў доўгатэрміновы і пашырае свой аўтарытэт і міжнародны фармат. Пасля правядзення некалькіх выстаў мастацкага праекта «Калегіум», здаецца, настаў час для асэнсавання зробленага і вызначэння перспектыў.

Пачыналася ўсё з адной актыўнай і апантана захопленай мастацтвам асобы — з аршанскага мастака Анатоля Жураўлёва. Менавіта ён абазначыў ідэю і стаў першым куратарам выставы «Калегіум», арганізаванай у 2009 годзе. У той час наўрад ці хто ўяўляў сабе, што гэты праект зможа стаць серыйным і нават знакавым для мастацкага жыцця Оршы. Першапачаткова хацелася проста зрабіць выставу ў толькі што адкрытых пасля рэстаўрацыі залах старажытнага Аршанскага калегіума езуітаў і сабраць у экспазіцыі творы сяброў з шэрагу краін. Ідэя атрымала падтрымку не толькі з боку Беларускага саюза мастакоў, але і захапіла мастакоў Расіі — прадстаўнікоў Смаленскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў РФ, якія сталі партнёрамі.

Першая выстава «Калегіума» адбылася ў канцы кастрычніка 2009 года. У ёй прыняў удзел дваццаць адзін мастак з Баранавіч, Брэста, Віцебска, Вязьмы, Маладзечна, Мінска, Оршы і Смаленска. Прадстаўніча ў экспазіцыі выглядаў нефігуратыўны жывапіс, у якім у той ці іншай ступені прачытваліся рэалістычныя матывы і вобразы. Такія былі творы Васіля Касцючэнкі, Анатоля Жураўлёва, Вячаслава Барысоўскага, Уладзіміра Чайкі і Аляксея Жарала. Моцны асацыятыўна-філасофскі накірунак складалі падкрэслена абстрактныя і разам з тым даволі эмацыянальныя па вобразнасці алейныя кампазіцыі Анатоля Кузняцова, Наталлі Чайкі, Барыса Іванова, акрылавы жывапіс Алеся Фалея, акварэлі Рыгора Мяжуева, калажы Антаніны Фалей. Стылістыку сучаснага пластычнага мыслення выразна дэманстравалі аб’екты і інсталяцыі Генадзя Фалея.

Амаль палову твораў, прадстаўленых на выставе, складалі выкананая на грунце рэалістычных традыцый графіка і жывапіс — ад малюнкаў вугалем Юрыя Бараноўскага і Валерыя Ляшэнкі і сімвалічных палотнаў Людмілы Шчагловай да дасканала распрацаваных алейных палотнаў Наталлі Баўрынай, Генадзя Русецкага, Мікалая Таранды, акварэляў Генадзя Улыбіна. Дамінавалі ў вызначанай вышэй групе твораў лірычныя краявіды, хоць некаторыя з іх, нягледзячы на камерны фармат, мелі эпічны характар. Асобна стаялі ў нечым нават іранічныя партрэты Аляксандра Пушкіна, Аляксандра Грыбаедава, Міхаіла Кутузава, прадстаўленыя Віктарам Чайкай з Вязьмы.

Ужо першы «Калегіум» прадэманстраваў не толькі даволі высокі якасны ўзровень твораў, але і спецыфічны статус праекта. Стала зразумела, што ў імкненні захоўваць дэмакратычнасць пры адборы твораў для будучай экспазіцыі куратары свядома адмовіліся ад абавязковых для выканання ўмоў, ад відавых, жанравых і тэматычных абмежаванняў. Пры гэтым сама неабходнасць адбору твораў па крытэрыях мастацкасці і арыгінальнасці ніколі не выклікала сумненняў.

Другая выстава «Калегіума» ўзору 2011 года шмат у чым стала лагічным працягам папярэдняй. Колькасць удзельнікаў павялічылася да трох дзясяткаў, дадаліся і новыя краіны, напрыклад Балгарыя і Германія. Актуальны аспект праекта ў экспазіцыі выдатна падтрымалі тры металічныя аб’екты Васіля Васільева. Абстрактны жывапіс папоўніўся эмацыянальнымі кампазіцыямі нямецкага творцы Эды Дахрот, Мікалая Федарца, асацыятыўнымі гуашамі Леаніда Мядзвецкага, акрылавымі імправізацыямі Генадзя Фалея, архітэктанічна строгім дэкаратыўным жывапісам Віктара Шылко, адметнымі калажамі Аляксандра Канавалава, мінімалістычным жывапісам Кацярыны Сумаравай, канцэптуальным мінімалістычным палатном Віктара Зайцава, метафізічнымі вобразамі Стаса Траскоўскага, напоўненым сімваламі жывапісам Ігара Хадзянка.

Акварэль на другой выставе «Калегіума» была прадстаўлена пейзажамі Фёдара Кісялёва, экспрэсіяністычнымі кампазіцыямі Рыгора Мяжуева, лаканічнымі аркушамі Галіны Раманавай. У экспазіцыі ўпершыню з’явілася ткацтва Святланы Баранкоўскай, дэкаратыўная пластыка Аляксандры Русецкай і гравюры Валерыя Ляшэнкі. Экспазіцыя твораў рэалістычнага накірунку ўзбагацілася работамі Мікалая Ліханенкі, Вадзіма Бальшакова, Уладзіміра Батуры, Яўгена Жураўлевіча, нацюрмортамі і тэматычнай кампазіцыяй Антона Русецкага.

Трэці «Калегіум», адкрыты ў канцы лютага гэтага года, на наш погляд, стаў этапным для асэнсавання шляху, ужо абазначанага ім у прасторы мастацтва. У аснове праекта пачала выкрышталізоўвацца ідэя прафесійнага яднання мастакоў. Аршанскі «Калегіум», не пазбаўлены прэтэнзій на элітарнасць, становіцца не проста экспазіцыйнай прасторай, а месцам арганізацыі творчай супольнасці, месцам спаткання творцаў, у асяроддзі якіх з цягам часу могуць сфарміравацца свае традыцыі.

У экспазіцыях «Калегіума» сёння практычна няма ні мастацкага экстрыму, ні нават «праграмнага актуалізму». Паэтыка-вобразны лад большасці твораў палягае ў прасторы шырокага спектра пошукаў і эксперыментаў класічнага авангарда і глыбіннага вопыту развіцця сусветнага мастацтва. Апошняя пазіцыя тлумачыцца геакультурным маштабам праекта (яго правінцыйнасцю ў лепшым сэнсе гэтага слова!), гатоўнасцю прызнаваць і прымаць самыя розныя творчыя пазіцыі і погляды. Гэта талерантнасць мае два асноўныя вектары: з аднаго боку, яна праяўляецца ў вялікай павазе да вольнага эксперыментальнага поля, з другога — у свядомым прызнанні каштоўнасці лепшых дасягненняў рэалістычнага мастацтва. Напэўна, невыпадкова ў праекта сёння два куратары: Анатоль Жураўлёў і Мікалай Таранда, па сутнасці, і прадстаўляюць два гэтыя накірункі ва ўласнай творчасці.

Сёлета зноў пашырылася кола ўдзельнікаў праекта, значная большасць з якіх аказаліся прадстаўнікамі фігуратыўнага накірунку. Сапраўды якаснай абстракцыі было няшмат. Затое акрамя паўабстрактных жывапісных аб’ектаў Жураўлёва, кампазіцыі Кацярыны Сумаравай і камерных абстракцый Эды Дахрот упершыню ў экспазіцыі «Калегіума» былі прадстаўлены шэдэўры гэтага кірунку — абстрактныя творы Аляксандра Салаўёва. Упрыгожаннем экспазіцыі сталі канцэптуальныя аб’ект і інсталяцыя Васіля Васільева, а таксама «архаічная» серыя Святланы Баранкоўскай, выкананая ў тэхніцы ручнога ткацтва.

Папулярным ва ўдзельнікаў «Калегіума» застаўся і жанр пейзажа. Вытанчанасцю і каларыстычнай гармоніяй уражвалі алейныя творы Марыны Гогевай з Балгарыі. Эфектныя прасторавыя кампазіцыі прадставіла Таццяна Маханькова з Вязьмы, настрой прыроды паспрабавалі ўвасобіць Таццяна Яленева і Уладзімір Корабаў (Смаленск). Гуашы з эцюднымі пейзажнымі матывамі прадставілі Кацярына Ляўкова і аўтар гэтых радкоў.

Высокі клас акварэльнага жывапісу праявіўся ў работах Аляксандра Карпана і Фёдара Кісялёва. Разнастайныя гульні з акварэльнымі тэхналогіямі сталі вызначальнымі ў акварэлях Яўгена Жураўлевіча і Веры Козікавай.

Кветкавая тэма дамінавала ў палотнах Марыны Несцярук, тэма маскі — у каляровай графіцы Алены Гурынай, а фантазіі на тэму класічнай і аўтарскай міфалогіі — у жывапісе Анатоля Ізаіткі і дэкаратыўнай пластыцы Анастасіі Казловай са Смаленска.

Сярод нешматлікіх партрэтных кампазіцый вылучаліся творы Мікалая Апіёка, Алега Кастагрыза, Уладзіміра Батуры. Варта адзначыць таксама настраёвыя тэматычныя кампазіцыі Вольгі Юрковай і жывапісную інтэр’ерную сцэну творцы з Балгарыі Марыэлы Івайлавай.

Графічны раздзел уключаў малюнкі соўсам смаленца Валерыя Ляшэнкі, арыгінальную рамантычную па стылістыцы графіку Андрэя Духоўнікава, выкананую на паперы ручной работы, і ілюстрацыі да дзіцячых вершаў Алены Таранды-Навумавай.

Ідэя культурнай інтэграцыі, спробы знайсці кропкі судакранання розных мастацкіх традыцый надаюць праекту «Калегіум» статус узважанага і класічна вызначанага. Магчыма, спрабуючы адчуць глабалізацыйны характар нашага часу, арганізатары праекта свядома дыстанцыраваліся ад арыентацыі толькі на ідэалогію і дасягненні мадэрнізму, уласцівыя папярэдняму стагоддзю. Сваю ролю верагодна адыгралі і тэндэнцыі эпохі постмадэрнізму.

У самой назве «Калегіум» — дух еўрапейскасці. Як карабель назавеш, так ён і паплыве! Калегіум (у перакладзе з лаціны — «садружнасць, супольнасць») нясе ідэю прафесійнага і духоўнага яднання. Ад старажытнага Рыма да XVI–XVII стагоддзяў, калі калегіумамі сталі называць месцы збораў і навучальныя ўстановы каталіцкіх манаскіх ордэнаў, гэтае слова мела самы высакародны сэнс.

Калі ў той ці іншай еўрапейскай краіне з’яўленне чарговага мастацкага праекта можа стацца ўсяго толькі гульнёй, забавай, формай інтэлектуальнага адпачынку, то ў нас усё надзвычай сур’ёзна. Тым больш у беларускай правінцыі, дзе да мастацтва ставяцца вельмі паважліва і разумеюць яго як высокую духоўнасць, прафесіяналізм — незалежна ад творчых поглядаў мастака і пластычнай зробленасці твораў.

У праекта ўласны дыскурс, які мае відавочную перспектыву развіцця на глабальным арт-полі. Прыемна, што куратары імкнуцца прытрымлівацца лепшых еўрапейскіх стандартаў. Нягледзячы на маладосць, нішто не перашкаджае аршанскаму «Калегіуму» ў бліжэйшы час стаць сусветна вядомым і сапраўды папулярным еўрапейскім праектам. Магчыма, у далейшым ён мог бы ўзяць на сябе шэраг культурна-асветніцкіх функцый, арганізоўваць сустрэчы, майстар-класы, канферэнцыі і публічныя лекцыі. Асабліва важна, каб Орша сцвердзіла сябе як месца правядзення інтэлектуальнага і культурніцкага дыялогу творцаў з розных краін свету.

 Міхась Цыбульскі