Госць з высокага неба...

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Да юбілею Багдановіча

/i/content/pi/mast/54/920/26.jpg
Андрэй Савіч. "Толькі ў сэрцы трывожным пачую..."
«Госць з высокага неба...» — так сказаў пра Максіма Багдановіча Усевалад Ігнатоўскі.

«...зорка першай велічыні. Не таму, што самая яскравая, а таму, што зыходная, крынічная, самая шчодрая» — гэта радкі Янкі Купалы, аднаго з першых, хто распазнаў талент маладога паэта.

«Зорка, яна дасюль іскрыцца промнямі, а мы, каму які промень прыдаўся, збіраем іх...» — піша ў нарысе да 120-годдзя Багдановіча наш сучаснік, паэт Алесь Касько.

Збіраюць гэтыя промні — разам і паасобку, ды не адзін дзясятак год — і айчынныя мастакі, што прысвячаюць асобе Максіма Багдановіча і яго паэзіі творы выяўленчага мастацтва...

У краіне прайшло шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею паэта, сярод іх — мастацкая выстава «Я не самотны...» у мінскім Палацы мастацтва. Першае ўражанне ад яе — разгубленасць на мяжы з расчараваннем: сціплая экспазіцыя, невялікая выставачная прастора, а галоўнае — мала твораў, вартых гэтай вялікай падзеі. Частка кампазіцый ужо выстаўлялася на папярэдніх юбілеях паэта, рэпрадукцыі многіх работ публікаваліся ў прэсе.

Усё гэта здзіўляла тым больш, што не так даўно Беларускі саюз мастакоў дэманстраваў станоўчыя прыклады феерычна маштабных і высока прэзентатыўных экспазіцый, такіх як «Міленіум Літвы» (2009), 1-е і 2-е Беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры (2008, 2010), «Грунвальд» (2010), «Дах-10» (2010)...

У жаданні захаваць аб’ектыўнасць, пераадолеўшы першае ўражанне, уважліва ўгледзелася ў «каардынаты» вобразаў і стылістыку выстаўкі, паспрабавала распазнаць задачы і прыярытэты яе стваральнікаў.

Распачынала экспазіцыю жывапіснае палатно Гаўрылы Вашчанкі «Крэва» (2000). Невялікая па памерах карціна літаральна патанула ў галаўным выставачным стэндзе. Адчуванне экспазіцыйнага праліку пацвердзілі агромністыя праходы па баках стэнда. А творы іншых мастакоў, якія б маглі эмацыйна-вобразным ладам падтрымаць жывапіс Вашчанкі, стварыць яму колерава-пластычны кантэкст і гэтым узмацніць уражанне, знаходзіліся на значнай адлегласці.

Ідэя прэзентацыі ў нацыянальна і гістарычна значнай экспазіцыі твора выбітнага мастака, чые здабыткі і жыццёвы шлях заслугоўваюць глыбокай павагі, не арыгінальная, і такое рашэнне часта аказваецца слушным. «Крэва» на першы погляд нібыта і не датычылася тэмы выставы, але гэтае палатно мае ўнутраную повязь з напалам грамадзянскага гучання ў творчасці паэта: Крэва для беларусаў — наймагутнейшая вяха гісторыі на шляху да самаідэнтыфікацыі. І гэта звязана з сэнсавай спружынай паэзіі Багдановіча, прасякнутай разуменнем гістарычнага лёсу народа, пастаўленага на мяжу этнічнага захавання, і глыбокай спагадай да яго. Усёй сваёй творчасцю паэт даводзіць, што народ, які не ўсведамляе ролі гісторыі, ролі духоўнага ў сваім жыцці, пазбаўлены будучыні.

Касцяком выставы былі творы, што непасрэдна распавядалі пра мясціны, звязаныя са старонкамі біяграфіі паэта. Пры сузіранні гэтых кампазіцый не пакідала пачуццё, што яны — нібыта з «іншай оперы» і больш дарэчы выглядалі б у іншай экспазіцыі... Да прыкладу — у мемарыяльным музеі, дзе паперадзе выяўленчай эмоцыі патрэбная гістарычная дакладнасць. На мастацкай выставе хацелася болей бачыць твораў-ідэаграм, твораў-знакаў — выяўленчых эквівалентаў сутнасці паэзіі класіка.

Экспазіцыя «Я не самотны...» чакалася як выстава-рэквіем, выстава-напамін пра надзвычайную асобу, чый творчы і жыццёвы шлях хвалюе і цікавіць людзей праз стагоддзе, пра эпоху, у якую жыў паэт, і пра тых, хто быў з ім побач. У першую чаргу гэта сямейнікі Максіма.

Выявы Багдановіча з маці і бацькам з’явіліся яшчэ на першых юбілейных выстаўках. Адзін з такіх твораў — з пасылам да манументалізацыі вобразаў і моцным імпульсам рамантызацыі герояў палатна — групавы жывапісны партрэт «Марыя Апанасаўна Багдановіч з сынам Максімам» (1980), створаны Віктарам Маркаўцом. Лірычнасцю вылучалася жывапісная кампазіцыя Алеся Ксяндзова «Увечары. Сямейны партрэт» (1981). Спробу надаць вобразам маці і сына антычную велічнасць здзейсніў Рыгор Таболіч у творы «Маці паэта» (1981). Пачуццём усхваляванага стаўлення да герояў карціны пазначаны «Сямейны партрэт» (1981) Уладзіміра Кожуха, які экспанаваўся і ў 2011 годзе на праведзенай паралельна выстаўцы «Вянок Максіму» (галерэйна-выставачны комплекс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Названыя палотны ўтваралі своеасаблівы выхад у атмасферу, гістарычную сітуацыю, у якой узрастаў будучы класік прыгожага пісьменства. Творчы патэнцыял аўтараў карцін, іх адказнасць у справе ўвасаблення тэмы і проста захапленне яскравай постаццю і значнай старонкай гісторыі беларускай літаратуры не дапускалі магчымасці схібіць, быць недакладнымі ў фактах. Не вылучэнне мастакоўскай самакаштоўнасці, а далікатнае падначаленне яе гістарычнай тэме — вось адзнака сапраўднага таленту. На жаль, у экспазіцыі «Я не самотны...» творы гэтай тэмы прадстаўлены не былі, таксама як не былі ўвасоблены, за невялікім выключэннем, вобразы сяброў, паплечнікаў, духоўных настаўнікаў Максіма, хоць іх ролю і месца ў жыцці і станаўленні паэта цяжка пераацаніць.

Ні Змітрок Бядуля, ні Зоська Верас, ні Янка Купала, ні многія іншыя з духоўнага асяродка сяброў і калег па творчасці не патрапілі ў шэраг герояў мастацкіх выставак 2011 года, толькі сіратлівы вобраз Сяргея Палуяна — літаграфія-рэканструкцыя Міхася Будавея «Не злічыць на небе ясных зорак, не злічыць у сэрцы ясных дум» (1981) — знайшоў месца на адным са стэндаў экспазіцыі. Постаць гэтага адраджэнца была вызначальнай на пачатку творчай дзейнасці Багдановіча: дасланую ў «Нашу ніву» нізку вершаў Максіма з цыкла «У зачараваным царстве» ледзь не спісалі ў архіў, і толькі ўдзел у яе лёсе Палуяна, а потым і падтрымка Янкі Купалы забяспечылі шчаслівы шлях у друк.

Што ж вынікае з агляду апошняй юбілейнай выставы, калі ўспрыняць яе, так бы мовіць, у агульнанацыянальным аспекце? Калі падсумаваць яе здабыткі і прабелы?

Фрагментарна выяўлены постаці блізкіх Максіму людзей, найперш бацькоў паэта — Марыі Апанасаўны і Адама Ягоравіча. Значную ролю ў развіцці асобы будучага паэта ўскосна адыграла прабабуля Максіма Багдановіча Рузаля, якая распавядала свайму ўнуку Адаму казкі і народныя паданні — той пасля выклаў іх у сваёй кніжцы «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов». Усё гэта знайшло выхад, праявілася адметным кантэкстам ледзьве не ва ўсёй паэзіі Багдановіча. Цікавым чалавекам была і хросная маці Максіма Вольга Сёмава. Ёй ён даверліва паказваў свае першыя вершаваныя спробы на беларускай мове, яна (загадчыца жаночай гімназіі ў Мінску, потым у Пінску) выпісала для Максіма газету «Наша доля», потым «Нашу ніву». На жаль, вобразаў гэтых жанчын мы не пабачылі ў экспазіцыі выставы «Я не самотны...» Геаграфію жыцця паэта ілюструе даволі значная колькасць твораў на тэму наведвання Ракуцёўшчыны і знаходжання ў Ялце. Побыт у Мінску і Вільні асветлены вельмі эпізадычна, пераважна работамі ўскоснай тэматыкі.

Можа, постаць, характар, натура паэта ўжо дастаткова выразна акрэсліліся ў агромністай колькасці твораў мастацтва, што прысвячаліся паэту на працягу болей чым трох дзясяткаў год? Гэта тэма заслугоўвае асобнага аналізу.

Пачнём з таго, што ў розных відах выяўленчага мастацтва колькасць партрэтных выяў складзе добрую трэць усёй мастацкай спадчыны на тэму жыцця і творчасці Багдановіча. Да прыкладу, на юбілейнай выстаўцы да 90-годдзя паэта было прадстаўлена каля ста партрэтаў, не ўлічваючы тэматычных кампазіцый, дзе вобраз і постаць Максіма былі дамінуючымі. Прыгадаем усё толькі самае адметнае.

Адзін з першых партрэтаў Багдановіча стварыў яшчэ ў 1958 годзе Васіль Васільеў. Да нашага часу захаваўся толькі эскіз карціны, які паказвае вельмі прыблізныя ўяўленні мастака пра выгляд паэта, не кажучы ўжо пра тое, што жывапісец прылічыў свайго героя да ўзроставай групы 50-гадовых... Самыя запамінальныя і яскравыя вобразы былі створаны ў 1980-х у плакаце Уладзіміра Крукоўскага «Максім Багдановіч. 1881–1981» (1981) і ў каляровай літаграфіі Антаніны Лапіцкай «Максім Багдановіч» (1982), яны ўвасобілі «верхнюю планку» рамантычнай «чыстае красы» паэзіі Багдановіча, паклаўшы ў падмурак вобраза паэта ягоныя творы. Углядаючыся ў партрэты гэтых аўтараў, штораз узгадваю словы Янкі Купалы, які пісаў: «Чытаць вершы Багдановіча павінны толькі тыя, хто разумее музыку слова, чыя душа бачыць хараство ў чыстай паэзіі».

Гэтыя словы можна перафразаваць і ў дачыненні да майстраў выяўленчага мастацтва: дакранацца да жыцця і творчасці паэта чыстай красы і шчырай паэзіі могуць мастакі, якія здатныя скінуць з сябе путы і цяжар рэчаіснасці і адважна ўвайсці ў хвалі чыстае паэзіі, пранікнуцца імі да глыбіні душы, каб пакінуць у колерах і лініях, аб’ёмах і формах сваю часцінку, адэкватную высокай ноце пачуццёвага ладу і ўзроўню прафесіяналізму Максіма Багдановіча. У іншых выпадках нараджаюцца партрэты кшталту паказаных на апошняй выставе — жывапісныя вобразы Максіма Багдановіча пэндзля Віктара Крука і Эдуарда Рымаровіча. Безумоўна, яны выкананы прафесіянальна, з пэўнай доляй інтэрпрэтацыі, і ўсё ж — дастаткова інфантыльна ў плане пошуку творцамі жывога акцэнту ў прачытанні вобраза. За многія гады назапашана нямала якасных партрэтаў паэта, на «добрую чацвёрку». Да прыкладу, атрымаўшыя шырокі розгалас у прэсе партрэты Багдановіча, напісаныя Віктарам Альшэўскім (1981) і Уладзімірам Сулкоўскім (1985). Абодва ўвасабляюць Максіма на фоне расчыненага акна з ускалыхнутай парывам ветру бялюткай фіранкай. Розніца ў тым, што ў адной карціне фіранка гайдаецца вертыкальна, у другой — гарызантальна, але ў абодвух выпадках яна нясе ў сабе сімволіку ветразя, абуджанай для паэтычных узлётаў душы паэта. Строгі, але незашпілены сурдут паэта — зноў сімволіка (на гэты раз рэвалюцыйнага вальнадумства), узмоцненая кантрастам цёмнага, змрочнага колеру касцюма з бялюткай кашуляй, якая выглядае асляпляльнай «дыяграмай» і дамінуе ў карціне праз вертыкаль няроўных, недзе абрывістых судачыненняў з ёй бартоў верхняга адзення Багдановіча. Трэці, вызначальны чыннік у структурах мастацкай вобразнасці абаіх палотнаў — вялізнае поле выяўленчых магчымасцей.

Цікавыя пошукі вобраза паэта эпохі ўвасобіліся і ў беларускай скульптуры. Варта назваць работы Сяргея Гумілеўскага «А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю» (1993) і «Зорка Венера» (1985), а таксама створаныя ў розныя часы аб’ёмныя кампазіцыі Аляксандра Грубэ, Сяргея Вакара, Уладзіміра Слабодчыкава, Алеся Шатэрніка і многіх іншых. Шмат выканана і цудоўных графічных аркушаў, дзе па-мастацку ўзнаўляецца вобраз паэта, тут варта адзначыць серыю ілюстрацый да казкі «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» Яўгена Куліка (1975), а таксама ілюстрацыі да паэзіі Багдановіча Міхася Басалыгі, Уладзіміра Васюка і Юрыя Хілько... Адметны, манументальны вобраз Максіма-кніжніка, які аздабляе залу акадэмічнай бібліятэкі імя Якуба Коласа, увасобіла яшчэ ў 1981 годзе ў тэхніцы традыцыйнага гладкага ткацтва Валянціна Маркавец-Бартлава.

Што да выставы «Я не самотны...», то цікавых знаходак і творчых дасягненняў, якія б вартасна дапоўнілі галерэю партрэтаў паэта, мы на ёй не ўбачылі. На сучасным этапе, як тое паказала экспазіцыя, на першы план у асэнсаванні тэмы выходзяць творы асацыятыўнага характару, якія апелююць да знакавай сістэмы паэзіі Багдановіча. Падобна, гэта новая тэндэнцыя ў асэнсаванні і ўвасабленні складанай і шматаблічнай паэтычнай спадчыны паэта, поўнай філасофскіх і фальклорных тэм і матываў, якія не паддаюцца літаральнаму прачытанню. Прыкладамі гэтага кірунку сталі прадстаўленыя на выставе жывапісныя творы Сяргея Цімохава «Максіму Багдановічу прысвячаецца» (2011), Уладзіміра Сулкоўскага «Памяць» (2009), Фёдара Ястраба «Ундзіна» (2007), Уладзіміра Савіча «Пластуе век зацята дні» (2009), Станіслава Сугінтаса «Успаміны дзяцінства» (2011), Аляксандра Квяткоўскага «Планета Людзей» (2009), Віктара Нямцова «Блішчыць у небе зор пасеў» (2011), Раісы Сіплевіч «Тайна сіняй валошкі» (2011), Віктара Мікіты «Легенда возера» (1996). Асаблівую спружыну ў майстэрстве спасціжэння глыбіняў мастацкай вобразнасці паэта-сімваліста, выдатнага прадстаўніка беларускай версіі эпохі мадэрн, «закручвалі» ў экспазіцыі мастакі-графікі Эдуард Агуновіч — «Вяртанне Максіма» (1992) і Аляксандр Ясінскі — «Самотны» (2010), Уладзімір Васюк — «І анёл пратрубіў» (2011), «Страцім-лебедзь» (2011) і Яўген Шатохін — «Не кувай ты, шэрая зязюля» (2011), Антон Баранаў — «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць» (2011) і Вячаслаў Паўлавец — акварэльныя аркушы з серыі «Згукі Бацькаўшчыны» (2005). Як ніколі сціплай выглядала зала дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і яна падаравала некалькі адкрыццяў, сярод якіх — керамічныя пласты дыптыха «Санет» (2011) Тамары Васюк. Надзвычайная энергія гэтай мастачкі і, здаецца, бесперапынны творчы ўздым год за годам радуюць гледача новымі формамі і эксперыментамі.

Асобнае слова пра маладых. Як паказала выстаўка, менавіта іх мастацкія творы пункцірна абазначылі напрамак руху пошукаў у справе спасціжэння беларускай этнакультуры. Сярод іх жывапісная кампазіцыя Аляксандра Хацкевіча «Зімовы вобраз» (2011) і эмацыйны малюнак алоўкам Усевалада Швайбы «Ахоўніцы» (2011) — абедзве кампазіцыі, здавалася б, такія розныя, прыўнеслі ў выставу дакладны гук, матыў, мелодыю вытанчанай лініі вобраза дрэва: колькі вершаў Багдановіча з ім звязана... «Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк...» Слухаць дрэвы, каб пачуць зямлю, яе поклічы і яе стогны. Мелодыю ціхай размовы падтрымаў графічны твор Тамары Дзяменцьевай «Мірнае свята» (2009), дзе ў хор галасоў маладых аўтараў уступае мяккі, напоўнены дасціпным хараством аповед пра нашы дамы, пра наша жытло — жаданы для кожнага прытулак, дзе пануюць спакой і ціхія радасці быцця... І раптам у наладжаны рытм няспешнай медытацыі ўрываецца зычная, узнёслая мелодыя рамантычных у сваім памкненні да неба, стромкіх прасторавых пластоў «Адвячорка» (2011) Наталлі Яўглеўскай. Кропкі над «і» расстаўляе змешчаны ў гэтай жа зале трыпціх Андрэя Савіча з назовамі-поклічамі, у якіх увасоблены самыя галоўныя сюжэты паэзіі Максіма Багдановіча: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую...», «Зорка Венера», «І тчэ, забыўшыся, рука...» (2011). Створаныя ў змешанай тэхніцы калажу, яны, здаецца, наступаюць на гледача, парушаюць ход размеранага агляду выстаўкі ў суладдзі з заклікам паэта: «...біце ў сэрца іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць...»

У 1978 годзе я была сведкай абароны дыпломнай работы Людмілы Русавай. Дыплом яе пад дэвізам-назвай «Песня» быў на той час неардынарным. Ён уяўляў сабой мадэль фрэскі-роспісу плафона музычнага тэатра па матывах творчасці Максіма Багдановіча. Тое, што Людміла Русава ўвасобіла ў сваім праекце, прынцыпова адрознівалася ад таго, што стваралі яе равеснікі-калегі па факультэце. Скажам, аднакурснік Уладзімір Казакоў даў сваёй дыпломнай працы назву «Брэсцкая крэпасць», на наступны год манументаліст Віктар Альшэўскі абараняўся тэмай «Беларусь рэвалюцыйная» — вось так у 1970-я выглядаў кантэкст моладзевых пошукаў у выяўленчым мастацтве ў сценах alma mater, і гэту «ціш ды гладзь» вымеранай на многа год наперад прасторы «ўзарвала» таленавітая маладая дзяўчына, чый учынак не быў ацэнены адэкватна і ў выніку «пакараны» адзнакай «здавальняюча». Юная мастачка стала празорцай зрухаў і змен — як у асэнсаванні авангарднасці твораў легендарнага паэта, так і датычна форм і тэндэнцый развіцця сучаснага мастацтва Беларусі. Прыгадайма: чымсьці падобныя праблемы і перашкоды меў і Багдановіч, чые раннія вершы першапачаткова былі адхілены ад друку як «дэкадэнцкія», таму што яны апярэджвалі час. А што на выклік Люды Русавай, які дайшоў да нас з 33-гадовай далечы, адкажуць цяперашнія творцы, сённяшнія лідары ў мастацтве, маладое пакаленне?.. Цяжка прадбачыць.

Таццяна Гаранская