Пабачыў. Здзівіўся. Вырашыў.

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Дзякуючы падтрымцы Польскага інстытута выставы вядомага фатографа Кшыштафа Гералтоўскага з поспехам прайшлі ў Гродне, Мінску і Віцебску. А праз асабісты клопат дырэктара інстытута Пятра Казакевіча Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы набыло для Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ажно тры творы -- фотапартрэты С.Мрожака, Л.Тарасевіча і Ч.Мілаша.

Польскі творца Кшыштаф Гералтоўскі -- яркі прыклад неўтаймоўнай жыццёвай пазіцыі: ён імкнецца туды, дзе больш складана. За ягонымі плячыма некалькі адукацый і… аніводнага дыплома. Упартым юнаком ён з лёгкасцю паступаў на самыя прэстыжныя аддзяленні польскіх ВНУ, выбіраючы іх па адной прыкмеце: там быў самы вялікі конкурс.

 /i/content/pi/mast/4/92/Geraltouski1.jpg

Аўтапартрэт.

Цікаўнасць да чарговага навучальнага працэсу ён страчваў на пераддыпломнай стадыі. Апошнім прыпынкам у гэтым «падарожжы» стала славутая лодзінская кінамайстроўня. Але і кінааператарскага дыплома ён чакаць не стаў -- імпэтнага паляка ўтаймавала не кіно, а фатаграфія. З тэмпераментам азартнага гульца ён займаўся рэпартажамі, рэкламай і модай, працаваў вольным фатографам у Польшчы і за яе межамі, здабыў сабе міжнароднае імя. Цягам усіх гэтых практык не мянялася яго стаўленне да фатаграфіі як да мастацтва высокага кшталту. Сёння ён здымае толькі партрэты. Між іншым, сваім творчым бацькам лічыць Арнольда Ньюмэна, з якім увесь час нібы палемізуе: ты зрабіў гэтак, а я паспрабую вось так, ну як яно?.. «Яно» атрымліваецца так, што Ньюмэн лічыць польскага майстра адным з найлепшых партрэтыстаў нашага часу.
Беларускага гледача К.Гералтоўскі пазнаёміў з тым, чым захапляецца цягам апошніх дваццаці гадоў -- знакамітымі «Польскімі партрэтамі». Гэта фатаграфіі інтэлектуальнай эліты Польшчы, своеасаблівы «партрэт нацыі для Гісторыі».
Прыгожы чалавек з мужным профілем і ружовым банцікам на галаве… Мужчына з фіялетавым тварам і з празрыстай шклянкай замест капелюша… Паказаныя зубкі жанчыны… Вялікі фармат, які заўжды стварае адчуванне халоднага позірку… Зморшчынкі, плямінкі і валаскі на скуры… Прыгадайма знакаміты выраз, што ў аснове партрэта як жанру закладзена павага да чалавека. Гэта не партрэты? Подпісы сцвярджаюць адваротнае. Гумар і іронія як складнікі таленту? Так бывала ў гісторыі мастацтва. Але гэты гумар, нават калі ён і выяўлены выразна і досыць жорстка, не выглядае самамэтай.
Верагодна, прыняўшы рашэнне стварыць «польскую калекцыю», К.Гералтоўскі прадбачыў колькасць здымкаў (цяпер -- больш як 90 тысяч негатываў). Прадбачыў і сённяшнія асаблівасці ўспрымання мастацтва -- мы вельмі хутка страчваем цікавасць, прызвычаіліся думаць і бачыць кароткімі блокамі. Недыпламаваны псіхолаг (адна з яго няскончаных адукацый), ён ведаў, што павінна быць нешта, здольнае прымусіць уважліва разглядваць выявы незнаёмцаў, нягледзячы на іх велізарную колькасць. Тым больш, што К.Гералтоўскі не дае гледачу «адпачынку» -- ён хоча цэльнасці ўражання, таму творы на выставах экспануюцца, за невялікімі выключэннямі, як кадры кінастужкі: аднолькавых памераў і ў адзіным афармленні. Верагодна, прычына «задзірлівага» вобразнага рашэння і ва унікальнасці таленту: прыклады гэткай эмацыянальнай пабудовы вобраза прывесці складана. Але думаецца, што галоўнае ўсё ж не ў гэтым. Галоўнае тут -- любоў, якая валодае звышпатрабавальным і праніклівым позіркам.
Леанарда некалі заўважыў, што ў мастацтва ёсць дзве задачы: паказаць, як чалавек выглядае (гэта лёгка), і -- што ён з сябе ўяўляе. Першая задача -- якраз і ёсць тое механічнае бессэнсоўнае «тут і цяпер» фатаграфіі, міфалагізаванае яе праціўнікамі. Гералтоўскі вырашае другую: паказвае, «што ёсць чалавек», а дакладней -- «што ёсць палякі», бо сучасніка ён падае праз самастойна вызначаны «польскі культурны код». Усё ж такі гэта не проста партрэт…

 /i/content/pi/mast/4/92/Geraltouski2.jpg
 Лявон Тарасевіч. Мастак.

Паслухаем самога творцу: «Я не ведаў, як гэты чалавек выглядае, быў знаёмы толькі з яго творчасцю, калі ж пабачыў… здзівіўся… вырашыў…» Гэта і ёсць формула стварэння. Рашэнне прымаецца толькі праз знаёмства з творчасцю мадэлі. У паэзіі ёсць паняцце «лірычнага героя» -- асобы аўтара, якую чытач уяўляе праз творчасць, вобраз якой можа не супадаць з рэальным чалавекам. «Здзіўленне» К.Гералтоўскага сведчыць, што ў яго было дакладнае бачанне «лірычнага героя» сваёй мадэлі. А вось далейшая рэакцыя гаворыць пра тое, што рэальная асоба пачынае ўплываць на творчы працэс (гэта партрэт!) і фатаграфія атрымліваецца як вынік пошукаў балансу паміж творчым (уяўным) і рэальным. У гэтым і ёсць адкрыццё К.Гералтоўскага -- у спробе паяднаць чалавечую і мастацкую ідэнтычнасць польскай нацыі. І меней за ўсё ў гэтым працэсе староннасці і абыякавасці…
Уласна кажучы, «партрэты» два: чорна-белы і каляровы. У чорна-белых творах адзін з галоўных чыннікаў -- святло. Яно змяняе і будуе форму, стварае кампазіцыю і характарыстыку героя. Яно стварыла і гэты выкшталцона прыгожы чорны колер, па якім можна было прадбачыць будучыя каларыстычныя адкрыцці майстра. Гэта бясспрэчныя шэдэўры, таму ніхто не чакаў, што ён пачне працаваць з колерам. Тым больш, што сёння ў творцаў адбываецца пік цікавасці да чорна-белай фатаграфіі, а працаваць з колерам стала надзвычай складана, бо засталася вельмі вузкая прастора, не занятая модай, кічам, рэкламай. Але на той час, калі свет адкрываў для сябе магчымасці каляровай фатаграфіі, у Польшчы (як і ў Савецкім Саюзе, канешне) гаворка пра гэта не ішла з-за тэхнічных прычын. Так-сяк колер атрымліваўся толькі ў кіно.
Праца з колерам -- гэта змена мыслення. Тонкі творца, К.Гералтоўскі адразу ступае на цяжкі шлях пераадолення натуралізму колеру (што для многіх фатографаў амаль немагчыма), але пры гэтым змяняе і іншыя вобразныя сродкі. Раней дзеля стварэння вобраза ён быў «змушаны» трансфармаваць форму, але самі вобразы заставаліся даволі дакладнымі. Працуючы з колерам, творца паказвае ягоную сілу, надае яму знакавасць. Самае ж галоўнае -- колер не належыць прадмету. Сэнс гэтых эксперыментаў -- у пошуку магчымасці разарваць адносіны паміж зместам і формай, зрабіць іх больш «мяккімі», рухомымі, што мусіць дапамагчы пазнавальнаму вобразу набыць высокую ступень абстрактнасці. Вытокі гэтых пошукаў можна знайсці і ў футурыстычным партрэце, і ў дасягненнях сюррэалізму. Менавіта тут непераадольнае памкненне колеру набыць самастойнасць і не быць жорстка звязаным з формай, а толькі нагадваць пра яе, напоўніла творы новым зместам. Але можна, ігнаруючы пошукі вытокаў, казаць і пра сапраўдную свабоду выказвання аўтара.

 /i/content/pi/mast/4/92/Geraltouski3.jpg

Станіслаў Лем. Пісьменнік.

Усе законы гэтага мастака ствараюцца ім, дзейнічаюць і парушаюцца амаль адначасова. Іншым разам ён робіць жэст, цалкам неадпаведны таму, што мы ведаем пра партрэтаваную асобу. Адбываецца фрагментаванне, аддзяленне ад касцей, парушэнне альбо змешванне. Часам ён пачынае працу з якога-небудзь паэтычнага вобраза, што дазваляе больш вольна будаваць структуру фотавыявы. Твор, які атрымліваецца ў выніку, можна аналізаваць з гледзішча двух і болей мастацкіх кірункаў. Іронія прасвечвае праз хітраваты аб’ектыў і нагадвае аб сваёй прысутнасці.
К.Гералтоўскі здымае вобраз, бліскуча выкарыстоўваючы святло, фактуру, дэталь, колер, а найперш -- інтэлект і гумар. Фактура стварае непадробную выразнасць самой партрэтнасці. Святло, нешматлікія дэталі, колер -- сэнсавыя коды, дыялектыка адносін паміж аб’ектам і фотавыявай, чалавекам і культурай. Гумар, нават сарказм тут існуюць як элементы жыццёвага досведу. Таму магчымыя рамкі партрэтнага жанру праходзяць перыядычную праверку на трываласць. Аўтар увесь час працуе на «мяжы фолу» -- партрэт без твару, партрэт праз рукі… Калі толькі магчыма ідэальная формула партрэтнай творчасці, К.Гералтоўскі яе хутка адшукае, верагодна, яна ўжо дзесьці побач. Здолеў жа Малевіч новае разуменне часу і сусвету звесці да лаканічнай геаметрычнай пластыкі і выявы чорнага квадрата. Мастацкасць К.Гералтоўскага гэткай якасці…
Натуральна, што здымацца ў Кшыштафа Гералтоўскага -- выпрабоўваць сваю асобу. Вы мусіце адпавядаць ягонай арыгінальнасці, а гэта патрабуе характару, ды і ў часе застацца хацелася б абаяльным. Але прыгадайце знакамітае «праз сто гадоў усім будзе без розніцы, як вы выглядалі насамрэч»... Хто здолеў гэта аспрэчыць? Палякам-сучаснікам выпадае толькі згадзіцца з гэтым. А нам, астатняму чалавецтву, па-добраму зайздросна, што гэта не мы застанемся ў Вечнасці гэткімі шматграннымі, творчымі, пластычна выразнымі, зрэдку -- недасягальна-прыгожымі. І з пачуццём гумару!

                                                                                                            Ларыса МІХНЕВІЧ