Агіткі і кветкі

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

8 Сакавіка на паштоўках

/i/content/pi/mast/54/919/45.jpg

Г.Шэгаль. 1931.

Летась святу 8-га Сакавіка споўнілася 100 гадоў! Святочным гэты дзень стаў не адразу. У 1910 годзе на другой міжнароднай канферэнцыі сацыялістак у Капенгагене, дзе прысутнічала больш за 100 асобаў з 17 краін свету, па прапанове Клары Цэткін была прынята наступная рэзалюцыя: «У поўнай згодзе з класава свядомымі палітычнымі і прафсаюзнымі арганізацыямі пралетарыяту ў кожнай краіне сацыялісткі ўсіх краін штогод праводзяць жаночы дзень, які ў першую чаргу служыць агітацыі за прадстаўленне жанчынам выбарчага права... Жаночаму дню варта паўсюдна надаваць міжнародны характар, і ён павінен быць усюды старанна падрыхтаваны». Такі зварот зразумелы: выбарчым правам, якое стала сімвалам удзелу ў грамадска-палітычным жыцці ў супрацьвагу традыцыйным сямейным абавязкам, жанчыны валодалі толькі ў трох краінах — Новай Зеландыі (з 1893 года), Аўстраліі (з 1902-га) і Фінляндыі (з 1906-га).

Канкрэтная дата правядзення Міжнароднага жаночага дня спачатку не была вызначана. 19 сакавіка 1911 года ў чатырох еўрапейскіх краінах — Аўстрыі, Даніі, Германіі і Швейцарыі — каля аднаго мільёна жанчын упершыню адзначылі «свой дзень» мітынгамі і дэманстрацыямі пад лозунгам «Выбарчыя правы работніцам для аб’яднання сіл у барацьбе за сацыялізм!».

У наступныя два гады колькасць краін, дзе праводзіўся Міжнародны жаночы дзень, павялічылася. Да іх далучыліся Галандыя, Швецыя, Венгрыя, Расія. Прычым даты правядзення мерапрыемстваў былі розныя — ад апошніх дзён лютага да сярэдзіны сакавіка. Лозунгі, пад якімі адзначаўся жаночы дзень, у залежнасці ад краіны мелі сваю спецыфіку, аднак агульным патрабаваннем заставалася выбарчае права для жанчын.

У Расійскай імперыі, куды ўваходзілі беларускія губерні, Міжнародны жаночы дзень быў упершыню адзначаны 2 сакавіка 1913 года. У будынку Калашнікаўскай хлебнай біржы ў Пецярбургу быў арганізаваны мітынг пад выглядам «навуковай раніцы па жаночым пытанні» з платай за ўваход па 5 капеек.

І толькі пачынаючы з 1914 года з’яўляецца адзіная дата — 8 сакавіка. Але традыцыя прыпынілася з-за Першай сусветнай вайны. У гады вайны і адразу пасля яе ў многіх заходніх краінах жанчыны атрымалі выбарчае права, пасля чаго на Захадзе пачаўся спад жаночага руху і зніжэнне цікавасці да свята.

Іначай развіваліся падзеі ў Расійскай імперыі. У 1917 годзе тут прайшоў самы «знакавы» жаночы дзень. 23 лютага (8 сакавіка па грыгарыянскім календары) у Петраградзе адбылася забастоўка жанчын з патрабаваннямі «хлеба» і «міру». Гэты дзень стаў пралогам Лютаўскай рэвалюцыі, у выніку якой імператар Мікалай ІІ адмовіўся ад улады, а жанчынам краіны было прадстаўлена выбарчае права.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў дэкрэтах савецкай улады была замацавана поўная палітычная і сацыяльная роўнасць грамадзян. Галоўная роля пры гэтым адводзілася рабочым/работніцам і сялянам/сялянкам. Паколькі палітычныя патрабаванні, закладзеныя ў першапачатковай ідэі Міжнароднага жаночага дня, былі вырашаны, у 1920-я гады 8 Сакавіка ператварылася ў Міжнародны дзень работніц.

У супрацьвагу традыцыйнаму разуменню жанчыны як ахоўніцы дамашняга ачага ствараўся новы вобраз — працаўніцы, якая аддае ўсе сілы будаўніцтву савецкай дзяржавы. Хатняя яе праца павінна быць аблегчана дзякуючы станаўленню «новага быту» — сталовых, пральняў, ясляў і дзіцячых садкоў.

Пачалі з’яўляцца агітацыйныя плакаты, якія адлюстроўвалі ўзнікненне новай, «разняволенай» жанчыны. Звычайна на іх быў прадстаўлены аднабаковы мастацкі вобраз, як, напрыклад, на плакаце 1926 года, дзе ўвасоблена шэрая маса аднолькавых работніц, што ідуць да сваёй мэты пад сцягам Усерасійскай камуністычнай партыі, ці як у творы Б.Дзейкіна «8 Сакавіка — дзень паўстання жанчын супраць кухоннага рабства» (1932).

На рубяжы 1920-х—1930-х гадоў, калі ў Савецкім Саюзе пачалі праводзіцца індустрыялізацыя і калектывізацыя, палітычная актыўнасць жанчыны па будаўніцтве сацыялістычнага ладу жыцця была адсунута на другі план. Першачарговае значэнне надавалася працоўнай дзейнасці, авалоданню складанымі спецыяльнасцямі, поспехам на вытворчасці, у сацыялістычным спаборніцтве. Новыя тэндэнцыі знайшлі адлюстраванне і ў святкаванні 8 Сакавіка. На плакатах паказвалі новыя ўмовы працы — тыя, якія толькі мусілі быць створанымі. Так, на плакаце «Міжнародны дзень работніц» (1930) мастак В.Кулагіна паказала сваю гераіню ў вялізным светлым цэху, якіх тады яшчэ не было. А мастак Мытнікаў-Кабылін падзяліў свой плакат 1932 года на дзве часткі, у якіх размясціў адпаведна работніцу за станком на заводзе і калгасніцу на камбайне.

Арыентацыя жанчын выключна на грамадскую дзейнасць у першыя два дзесяцігоддзі савецкай улады прывяла да амаль поўнага ігнаравання іх прыродных функцый — маці, выхавальніцы дзяцей і ахоўніцы дамашняга ачага. Аднак трагічная паўсядзённасць Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў вярнула лірыку ў вобраз савецкай жанчыны. У франтавых газетах загаварылі аб «мілых сяброўках», «верных жонках», «любячых маці». У «ракавыя саракавыя» ў афіцыйную савецкую ідэалогію быў уведзены вобраз Радзімы-Маці, першапачаткова ўвасоблены на плакаце І.Таідзэ «Радзіма-Маці кліча!» (1941).

Пачынаючы з другой паловы 1940-х гадоў вобраз савецкай жанчыны становіцца больш складаным і шматгранным у параўнанні з даваенным дваццацігоддзем. Яна выступае адначасова ў ролі актыўнай удзельніцы аднаўлення разбуранай краіны і маці-гераіні, якая заклікана нараджаць новых грамадзян. Гэта знайшло адлюстраванне і на першых пасляваенных плакатах, такіх як «Слава маці-гераіні!», дзе жанчына выяўлена ў акружэнні дзесяці дзяцей, і «Гераічнай савецкай жанчыне слава!», дзе жанчына паказана як медыцынская сястра, жняя, працаўніца завода і галоўнае — як маці (абодва творы выкананы Н.Ватолінай у 1946 годзе).

У 1944 годзе быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, у адпаведнасці з якім усталёўваліся ўзнагароды для шматдзетных маці: медаль Мацярынства, ордэн «Мацярынская слава» і вышэйшая ступень адрознення — званне «Маці-гераіня» і ордэн «Маці-гераіня». Гэтыя ўзнагароды не раз выяўляліся на святочных паштоўках да 8 Сакавіка.

У сярэдзіне 1950-х гадоў адбываецца далейшае ўскладненне вобраза савецкай жанчыны. Пасля смерці Сталіна ў 1953-м і асуджэння ў 1956-м культу асобы ў савецкім грамадстве пачалася «адліга». Афіцыйная ідэалогія стала паступова сыходзіць з прыватнага жыцця. Да традыцыйных зваротаў з нагоды свята 8 Сакавіка («Дарагія таварышы жанчыны!», «Слаўныя дочкі савецкага народа!») дадаліся больш нязмушаныя — «маці», «сяброўкі», «сёстры».

У сувязі з гэтым пачало змяняцца і адлюстраванне свята на савецкіх паштоўках. Гэтаму садзейнічала і само павелічэнне іх колькасці. Нягледзячы на тое, што першая паштоўка была выпушчана ў Савецкім Саюзе яшчэ ў 1923 годзе, на працягу першых дзесяцігоддзяў савецкай улады пераважаў агітацыйны плакат. А вось больш позняя паштоўка становіцца індывідуальным падарункам, знакам увагі, які паказвае асабістыя адносіны дарыльшчыка да свята. З гэтага часу шматпланавы вобраз савецкай жанчыны ўвасабляецца рознымі спосабамі.

Па-першае, захоўвае пазіцыі традыцыйны савецкі вобраз жанчыны-работніцы альбо жанчыны-сялянкі. Калі яна прымае віншаванні, то робіць гэта на працоўным месцы — у калгасе, на будоўлі, на заводзе. Свята для яе — яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць ударную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў.

Па-другое, грамадскі складнік жаночага вобраза дапаўняе вобраз жанчыны-маці, які з’явіўся ў мінулым, ваенным дзесяцігоддзі. Пры гэтым ідэя мацярынства як доўгу перад Радзімай дапаўняецца ідэяй мацярынства як неад’емнай часткі жаночага шчасця. Цяпер перад намі не абавязкова маці-гераіня, часам — проста маці, якая прымае віншаванні ад сваіх дзяцей. Па-трэцяе, на паштоўках з’яўляецца вобраз мужчыны, які рыхтуе сюрпрыз з нагоды свята. Праўда, апошняе для паштовак гэтага часу з’яўляецца выключэннем, а не правілам.

У сярэдзіне 1960-х 8 Сакавіка стала ў Савецкім Саюзе паўнацэнным святам. Падзея гэтая была прымеркавана да 20-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 8 мая 1965 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ, згодна з якім Міжнародны жаночы дзень быў аб’яўлены непрацоўным — «у азнаменаванне выдатных заслуг савецкіх жанчын у камуністычным будаўніцтве, у абароне Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, іх гераізму і самаадданасці на фронце і ў тыле, а таксама адзначаючы вялікі ўклад жанчын ва ўмацаванне сяброўства паміж народамі і барацьбу за мір».

У 1960-я—1980-я гады жаночы вобраз становіцца яшчэ больш разнапланавым у параўнанні з папярэднімі дзесяцігоддзямі, а віншавальныя паштоўкі адлюстроўваюць самыя разнастайныя тэмы. Разгледзім асноўныя сюжэтныя лініі гэтага часу.

Дружба народаў і барацьба за мір

Менавіта «сяброўства паміж народамі» і «барацьба за мір» сталі дамінуючай ідэяй святкавання Міжнароднага жаночага дня ў гады «халоднай вайны» паміж Савецкім Саюзам і краінамі сацыялістычнага лагера з аднаго боку і капіталістычнымі краінамі Захаду — з другога. У 1960-я—1970-я гады савецкая жанчына выяўляецца на віншавальных паштоўках як актыўная абаронца міру і шчаслівага дзяцінства на ўсёй зямлі.

Сімвалам дружбы народаў і інтэрнацыяналізму становіцца глобус ці схематычная мадэль зямнога шара, а таксама твары жанчын розных нацыянальнасцей і рас.

Асобны кірунак складала адлюстраванне адзінства савецкіх рэспублік, якія ў тыя часы называлі пятнаццаццю сёстрамі. Прыналежнасць «сястры» да адзінай савецкай краіны і ў той жа час яе адметнасць магла выяўляцца праз сцяг рэспублікі (нават у выглядзе шматка агульнай вялікай касынкі) альбо праз народны касцюм.

Акрамя міжнароднага і саюзнага маштабу свята 8 Сакавіка існаваў нацыянальны аспект, які таксама знаходзіў сваё ўвасабленне на паштоўках, хоць і ў значна меншай ступені, чым ідэя сяброўства народаў. Элементамі, якія вызначалі нацыянальную тэматыку, былі адпаведныя арнамент і касцюм.

Сімвалам імкнення жанчын розных краін да міру з’яўляўся белы голуб. У 1949 годзе ў Парыжы і Празе праходзіў І Сусветны кангрэс прыхільнікаў міру, эмблему да якога стварыў Пабла Пікасо. Выява белага голуба, які нясе ў дзюбе аліўкавую галінку, у Савецкім Саюзе набыла асаблівую папулярнасць пасля фестывалю моладзі і студэнтаў 1957 года, падчас якога ў паветра былі выпушчаны тысячы «пасланцоў міру».

Вобраз жанчыны-працаўніцы

На працягу 1960-х–1980-х гадоў сацыяльны складнік жаночага вобраза становіцца больш рознабаковым, чым у папярэднія дзесяцігоддзі. З аднаго боку, на некаторых паштоўках яшчэ прысутнічаюць серп і молат — так званы малы герб СССР, інтэрнацыянальныя сімвалы працы, пераважна фізічнай. Серп сімвалізаваў сялянскую працу, молат — працу рабочых. У той жа час прафесіянальная прыналежнасць жанчыны імкліва страчвала тое важнае значэнне, якое мела ў даваенны час. Цяпер савецкая жанчына не ўвасаблялася выключна работніцай альбо сялянкай. На святочных паштоўках 8 Сакавіка выяўлены настаўніцы, урачы, повары, спартсменкі, музыканты, спявачкі, балерыны — адным словам, прадстаўніцы самых розных прафесій.

З’явіліся і новыя прафесіі. Першай у свеце жанчынай-касманаўтам стала Валянціна Церашкова: у 1963 годзе яна здзейсніла палёт на касмічным караблі «Усход-6», які доўжыўся амаль трое сутак. Пасля гэтага палёту сярод узнагарод, якімі маглі быць адзначаны жанчыны (ордэн «Маці-гераіня», залаты медаль «Серп і молат» — вышэйшая ўзнагарода за працоўныя дасягненні), з’явілася ганаровае званне «Лётчык-касманаўт СССР» з адпаведным нагрудным знакам.

Увогуле космас стаў абсалютна новай тэмай святочных паштовак таго часу. Дасягненні Савецкага Саюза захапілі касмічнай тэматыкай многіх і многіх савецкіх грамадзян. Асваенне космасу быццам выводзіла свята 8 Сакавіка на новыя вяршыні, новы ўзровень — не проста міжнародны, а нават міжпланетны.

Жанчына-маці і яе дзеці

У 1960-я—1980-я гады вобраз маці становіцца разнапланавым і як бы ўключае ў сябе два складнікі: гераічны і прыватны. Гераічны прадстаўлены на паштоўках з выявамі ордэнаў «Маці-гераіня» і «Мацярынская слава» трох ступеней, прыватны — на паштоўках з пяшчотным адлюстраваннем мацярынскага шчасця.

У гэтыя гады на святочных паштоўках усё часцей сталі з’яўляцца дзеці. Яны віншуюць сваіх матуль і бабуль са святам, дораць падарункі — самаробкі, кветкі, добрыя адзнакі за вучобу.

/i/content/pi/mast/54/919/46.jpg

Л.Хромаў. 1962.

Жаноцкасць і асабістае жыццё жанчыны 

Мінімальная ўвага да жанчыны як да асобы на першых савецкіх плакатах і паштоўках змянілася ў 1960-я—1980-я гады адлюстраваннем прыгажосці і жаноцкасці, якія па заслугах цэняцца мужчынамі. Гэты акцэнт асабліва ўзмацніўся ў 1980-я гады, калі Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў у працэсе перабудовы заклікаў «вярнуць» жанчыну дадому, вызваліць яе ад работы для лепшага выканання хатніх абавязкаў і сапраўднага жаночага прызвання.

У той жа час мужчынскіх вобразаў на святочных паштоўках было па-ранейшаму няшмат. Часцей за ўсё гэта быў сын, які віншуе матулю, альбо бацька і сын, якія разам рыхтуюць для яе сюрпрыз.

8 Сакавіка — свята бабуль і дзяўчынак

З цягам часу Міжнародны жаночы дзень стаў святам усіх жанчын незалежна ад узросту і статусу. Цяпер паштоўкі адлюстроўвалі не толькі віншаванні з боку мужчын, адрасаваныя жанчынам, але і віншаванні з боку хлопчыкаў, адрасаваныя дзяўчынкам у дзіцячым садку альбо аднакласніцам. Як толькі 8 Сакавіка пашырыла ўзроставыя межы і ўключыла дзяўчынак, на святочных паштоўках абсалютна натуральна з’явілася новая тэматыка — цацкі, жывёлы, героі казак і мультфільмаў.

8 Сакавіка — свята вясны, прыроды і кветак

Эвалюцыя жаночага дня ад свята працаўніц да свята жаноцкасці прыўнесла яшчэ адзін вобраз — навакольнага свету. 8 Сакавіка разглядаецца як свята чароўнага сонца, кветак, вясны і прыроды, якая абуджаецца пасля зімы, пералётных птушак.

З кожным годам узрастала колькасць паштовак з кветкамі. Паштоўка з кветкамі — хутчэй нейтральнае дапаўненне да вялікага падарунка, а не самастойны значымы знак увагі, як у выпадку з сюжэтнымі паштоўкамі.

Сімвалам Міжнароднага жаночага дня стала мімоза. Менавіта яе лягчэй за ўсё было купіць ранняй вясной. Гэта, аднак, не азначае, што выяў іншых кветак не было. Былі, прычым самыя разнастайныя. І калі першыя кветкі аскетычныя, з рэзкімі абрысамі, то наступныя букеты станавіліся ўсё больш прыгожымі і прывабнымі. Яны маглі нагадваць упрыгажэнні з каштоўных камянёў (як на паштоўцы В.Панамарова 1975 года).

Пасля распаду Савецкага Саюза ў некаторых краінах былога сацыялістычнага лагера святкаванне 8 сакавіка было адменена. У большасці дзяржаў постсавецкай прасторы Міжнародны жаночы дзень застаўся ў пераліку дзяржаўных святаў, і яго святкаванне ў 1990-я—2000-я гады стала падпарадкоўвацца законам «грамадства спажывання».

Разнастайнасць вобразаў і сюжэтаў, характэрная для 1960-х–1980-х гадоў, знікла са святочных паштовак, пакінуўшы месца выключна традыцыйным сімвалам жаноцкасці — кветкам. 8 Сакавіка стала святам вясны і ўсіх жанчын, днём, калі неабходна праявіць да іх дадатковую ўвагу і павіншаваць іх кветкамі і падарункамі. На змену палітычным і сацыяльным заклікам савецкага часу прыйшлі гумар і заклікі купляць сувеніры, касметыку, адзенне, упрыгажэнні, посуд, бытавую тэхніку. Прычым падарункі да свята з сімвалічных ператвараюцца ва ўсё больш значныя.

Такім чынам, Міжнародны жаночы дзень, які першапачаткова меў палітычную афарбоўку і быў звязаны з барацьбой жанчын за свае правы, з цягам часу стаў святам усіх жанчын незалежна ад іх узросту, сямейнага стану і сацыяльнага статусу, прафесійнай дзейнасці. Гэтая эвалюцыя вельмі добра прасочваецца па візуальных крыніцах, у прыватнасці, па агітацыйных плакатах і віншавальных паштоўках савецкай эпохі. На змену жанчыне-работніцы і жанчыне-сялянцы прыйшла жанчына-працаўніца самых розных прафесій, жанчына-актывістка, жанчына-маці і нарэшце — проста жанчына. Менавіта гэтая эвалюцыя ад радыкальнага да традыцыйнага і абумовіла жыццяздольнасць свята 8 Сакавіка — яно перажыло эпоху рэвалюцыйнага ўздыму 1910-х—1920-х гадоў, станаўленне савецкага ладу, хрушчоўскую «адлігу» і брэжнеўскі «застой», гарбачоўскую «перабудову» і крызісныя 1990-я. У ХХІ стагоддзі 8 Сакавіка — адно з традыцыйных святаў, якое мае доўгую, цікавую і прыгожую гісторыю.

Надзея КУШНЕР

/i/content/pi/mast/54/919/47.jpg
 
P.S. Павіншуем жанчын па-сучаснаму

Якой павінна быць віншавальная паштоўка сёння з пункту гледжання свядомай і сацыяльна-адказнай жанчыны? Гендарна збалансаванай — лічыць культуролаг Ірына Саламаціна і прыводзіць наступныя аргументы...

На працягу ХХ стагоддзя ўрады большасці краін прызналі існаванне розных форм дыскрымінацыі жанчын і абавязаліся прымаць спецыяльныя меры для іх прадухілення. У 1977 годзе Генеральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю № 32/142, паводле якой кожнай з краін-удзельніц прапаноўвалася адзначаць 8 Сакавіка — Міжнародны Дзень Правоў Жанчын. Беларусь ратыфікавала шэраг міжнародных дакументаў, прыняла некалькі заканадаўчых актаў.

Нягледзячы на гэта, жанчыны часам стрымліваюцца ў прафесійнай кар’еры, маюць менш вольнага часу з-за нераўнамернага падзелу бытавых і бацькоўскіх абавязкаў.

■ ■ ■

Штогод свядомыя жанчыны свету адзначаюць Міжнародны жаночы дзень. Паспрабуем зрабіць практычныя крокі па распрацоўцы стратэгіі трансфармацыі гендарных стэрэатыпаў у Беларусі і падумаем над новым сучасным спосабам віншавання жанчын з 8-ым Сакавіка!

Пачнём з таго, што ў прывітальных адозвах у гонар Міжнароднага дня салідарнасці жанчын у барацьбе за роўныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы не павінны прысутнічаць стэрэатыпныя ўяўленні пра місію жанчыны ў беларускім грамадстве.

Заклікаем адмовіцца ад наступных распаўсюджаных у гэты дзень зваротаў і эпітэтаў: каханыя, мілыя, выдатныя, клапатлівыя, прыгожыя, ласкавыя, далікатныя — як ад недарэчных у кантэксце дыскусіі пра правы жанчын.

Па гэтай жа прычыне не трэба акцэнтаваць залішняй увагі на сямейных ролях жанчын: маці, бабулі, сёстры, дочкі, на іх знешнасці (прыгажосці), іх цялеснасці (усмешцы, вачах, целаскладзе) і пачуццях. Вітаючы жанчын у гэты дзень, спрабуйце звяртацца да іх у адпаведнасці з пасадай і сферай дзейнасці: «Паважаныя/дарагія... грамадзянкі Беларусі, жыхаркі Мінскай вобласці, жанчыны Віцебшчыны і да т.п.; працаўніцы ўстаноў; члены партыі; прадстаўніцы прафесіі — настаўніцы, выкладчыцы, жанчыны-афіцэры міліцыі...» Важна адзначыць, якая колькасць жанчын у гэтых сферах/установах, якім з’яўляецца іх унёсак у развіццё дадзенай галіны.

Форма гендарна карэктнага прывітання можа выглядаць наступным чынам:

«Паважаныя працаўніцы банка!

Шчыра вітаем Вас і віншуем з Міжнародным Днём Правоў Жанчын! Кіраўніцтва і ўсе работнікі банка высока шануюць Вашу прафесіянальнасць, кампетэнтнасць і адданасць працы. Жанчыны складаюць 74% працаўнікоў банка, выконваюць складаныя, важныя і адказныя абавязкі. Высілкамі працаўніц банка сёлета было прыцягнута шмат новых кліентаў, вырас прыбытак, створаны новыя філіялы і да т.п. Паважаныя жанчыны! Працаўнікі і кіраўнікі банка ўсведамляюць важнасць таго ўнёску, які Вы робіце ў развіццё нашага бізнесу. Мы гатовыя і ў далейшым усяляк падтрымліваць і заахвочваць жанчын да прафесійнай і плённай працы і будзем спрыяць захаванню партнёрскага, раўнапраўнага і справядлівага стаўлення да працаўнікоў банка незалежна ад полу».

Калі пачаць практыкаваць менавіта такі тып звароту/віншавання, то падобная практыка будзе, з аднаго боку, садзейнічаць фармаванню гендарнай свядомасці праз сталае прызнанне і заахвочванне грамадскіх і працоўных дасягненняў жанчын, а з іншага — дапаможа выкрыццю і прадухіленню фактаў гендарнай дыскрымінацыі на ўсіх узроўнях.

Ірына САЛАМАЦІНА