Празрыстае трыенале

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Міжнародны фестываль шкла

/i/content/pi/mast/54/918/41.jpg

Павел Вайніцкі (Беларусь). Дзіцячыя забаўкі. Ціхадзьмутае шкло. 2010.

V Расiйскае трыенале мастацкага шкла, якое праходзіла ва Усерасійскім музеі дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва ў Маскве, улучыла ў сябе больш за сто мастакоў з Расіі, Украіны, краін Балтыі, Аўстрыі, Чэхіі, Нідэрландаў, Англіі і Амерыкі. Сярод удзельнікаў былі і беларускiя творцы — Павел Вайніцкі і аўтар гэтых радкоў.

Пятнаццаць гадоў таму быў пакладзены пачатак доўгатэрмiновай праграме расiйскiх трыенале, цалкам прысвечаных мастацтву шкла. Выстава амаль вычарпальна ўвасобіла вектары развіцця шкларобства на постсавецкай прасторы ў кантэксце яго найноўшага перыяду. У залах экспазіцыі сустрэліся розныя школы, пакаленні, тэндэнцыі, канцэпцыі і тэхналогіі. Акрамя таго, у структуру выставы быў уключаны раздзел «Наша школа», куды ўвайшлі лепшыя дыпломныя працы выпускнікоў кафедраў шкла вядучых расійскіх навучальных устаноў: Маскоўскага дзяржаўнага мастацка-прамысловага ўніверсітэта iмя Строганава і Санкт-Пецярбургскай мастацка-прамысловай акадэміі імя Шцігліца. У межах трыенале прайшоў шэраг іншых мерапрыемстваў, такіх як святочны «Дзень шклароба», глядацкае абмеркаванне выставы і навуковая канферэнцыя.

У рознакаляровай і бліскучай экспазіцыі трыенале найбольш шырока была прадстаўлена самая, бадай, папулярная тэхніка працы з гарачым расплаўленым шклом з печы — так званае гутнае выдзіманне (ад нямецкага Hutte — гута, шкловыдзімальная майстэрня). Гэта адзін з найстарэйшых прыёмаў, пры якім выраб фармуецца, пакуль шкло яшчэ гарачае і паслухмянае ўмелым рукам. Наведвальнік выставы мог убачыць самыя разнастайныя гутныя кампазіцыі — ад «класікі» заводскіх традыцый да студыйных і сімпозіумных імправізацый.

Мастакі, чыё станаўленне пачалося ў 1960–1970-я гады, выдатна валодаюць класічнымі і эксперыментальнымі прыёмамі работы з матэрыялам. Ад Фідаіля Ібрагімава, Барыса Фёдарава, Наталлі Волікавай і многіх іншых неардынарных мастакоў-шкляроў і не чакаеш пасрэдных і абыякавых прац. Нібы гуляючы, творцы здзіўляюць прастатой сродкаў і адметнасцю вобразаў. Так, «Дон Кіхот» Ібрагімава — упарты летуценнік і фантазёр, сваім шкляным целам ён нібы ўздымаецца над чалавецтвам (твор нехарактэрна вялікі для гэтага матэрыялу). Унікальная скульптурная лепка атрымана шляхам выдзімання ў драцяны каркас.

У кампазіцыі Волікавай «Лісты Плінія Малодшага» антычнае празрыста-зялёнае шкло пранізана матывам вінаграднай лазы, яно выглядае ўвасабленнем крыху прымятых стагоддзямі келіхаў і амфар у старым рымскім люстэрку.

/i/content/pi/mast/54/918/42.jpg

Ініта Эманэ (Латвія). Тыдзень — 7 дзён. Шкло, ліццё ў пясчаную форму, шліфоўка, паліроўка. 2012.

Як заўсёды харызматычныя, эмацыянальна афарбаваныя творы паказаў Барыс Фёдараў. Ягоныя «Ландшафты» ўспрымаюцца адначасова і ў маштабе глабальным — паверхняў зямлі, моцы стыхій, гармоніі сусвету, і ў камерным — балючае і вострае адчуванне свету аголеным нервам. Пластыка Фёдарава выраблена на мяжы магчымасцей матэрыялу: майстар меў толькі кароткае імгненне на размову на роўных з плыткай гарачай масай.

У кампазіцыі «Ноеў каўчэг» Галіны Крывалапавай «ад кожнае плоці па пары» таўкуцца на драўлянай жардзіне — ці то ў чаканні і смутку, ці то ўжо ў радасці. Удумлівы, тонкі падыход да матэрыялу характарызуе творцу як сталага майстра.

Ушанаваў увагай V Расійскае трыенале і вядомы шкляр з Прагі — акадэмік жывапісу (Чэхія), ганаровы член Акадэміі мастацтваў Украіны і Расійскай акадэміі мастацтваў Іржы Шугаек. Чарговы раз можна было пераканацца ў незвычайнай арганічнасці яго прыёмаў працы з гутным шклом. Пластычная форма ў прамым сэнсе слова вырастае на шкловыдзімальнай трубцы з кожным новым наборам і прадзьмухваннем расплаўленай масы. Працэс працы Іржы ў гуце каля шклаварнай печы заварожвае: вывераныя і ўпэўненыя рухі майстра асацыююцца з медытатыўнай мантрай.

Неафіцыйным цэнтрам экспазіцыі сталі аб’екты Юліі Мярзлікінай «Звонку». Канструкцыя ўяўляла сабой шкляныя кубы больш чым метровай вышыні ў спалучэнні з хвалістым гнутым шклом і металам. Крохкая прыгажосць гэтага архітэктурнага падыходу ўражвала! Грандыёзным аб’ектам была і праца «Зямля. Палёт нармальны» Сяргея Маісеева з Санкт-Пецярбурга, якая мела выгляд падсвечанага маліраванага кола з ліставога шкла, аздобленага солямі металаў, дыяметрам каля 120 сантыметраў. Застаецца толькі павіншаваць мастакоў з выкананнем такіх дасканалых рэчаў.

Прыкладам тэндэнцыі, што набірае моц і ўплывовасць, можна назваць камбінаванне розных тэхнік вытворчасці мастацкага шкла з тэхнікамі не-шклянымі.

Прыемна адзначыць з’яўленне на выставе іранічных інсталяцый з адважным спалучэннем матэрыялаў, колераў і форм: напрыклад, праца Ігара Фралова «Хто наступны?» складалася з аб’ектаў са шкла і парцаляны, што мелі выгляд вялізных карыёзных зубоў — відовішча не для слабанервовых.

/i/content/pi/mast/54/918/43.jpg

Рэмігіус Крукас (Літва). Бурштынавы ветразь. Аптычнае шкло, ліццё ў пясчаную форму, шліфоўка, паліроўка. 2011.

Незвычайна і смела выглядала праца Вольгі Махначовай з кодавай назвай «ПУБЕБАД». Што атрымаецца, калі за імправізаваным сталом аднойчы апынуцца Пушкін, Бетховен, Баніфацый і сама дзяўчына-аўтарка? Cтвараючы калаж з постацей вялікага рускага паэта, вялікага кампазітара, з выявы куміра дзіцячых вандраванняў і самой сябе, Вольга нібы канцэнтруе празрысты і адчувальны на дотык свет добрага, таленавітага, вечнага і насамрэч такога зразумела-знаёмага! Праца выканана з дапамогай водаабразіўнай рэзкі і пескаструменнай апрацоўкі шкла.

Апошнім часам мастакі ўсё часцей звяртаюцца да такой цікавай тэхнікі, як маліраванне (ад лац. мollire — рабіць мяккім, плавіць). Яно дазваляе раскрыць новыя ўласцівасці матэрыялу. У разагрэтым і расплаўленым стане шкло здольнае прыняць зададзеную форму, набываючы пры гэтым выгляд глыбінных напаўпразрыстых каштоўных камянёў, што нібы нясуць адбітак часу. Для атрымання вырабаў у гэтай тэхніцы патрабуюцца досыць складаныя ўмовы. І ў нас была магчымасць убачыць выдатныя па выкананні і сіле ўздзеяння рэльефы і скульптуры са шкла Андрэя Крывалапава («Падарожжа Афанасія Нікіціна», «Абуджэнне»), Ігара Томскага («Унутры»), Інгуны Аўдэрэ («Нацюрморт з Венерай»), Мэцью Дзюрана («У хаце майго бацькі»).

Разнавіднасцю гэтай тэхнікі з’яўляецца гарачае маліраванне, пры якім у форму заліваецца расплаўленае шкло непасрэдна з печы. Такія вырабы маюць непаўторны «жывы» выгляд. Вельмі рухомымі і жвавымі падаваліся празрыстыя рыбкі з кампазіцыі «Касяк» Канстанціна Літвіна.

Маліраванне дазваляе атрымаць і пэўную структуру, пераходы колеру ўнутры формы. Сёння гэта вельмі актуальная тэхніка працы ў Еўропе, магчымая, вядома ж, пры наяўнасці цэлага спектра розных відаў шкла і пры захаванні дакладных рэжымаў абпалу і адпалу вырабаў у печы. Прыкладам яе выкарыстання з’явілася работа Дзмітрыя Дарохіна з кампазіцыі «Пояс Эджварта».

Была прадстаўлена на выставе і такая тэхніка, як гравіроўка. У Расіі яна гістарычна з’яўляецца адным з любімых відаў халоднай апрацоўкі шкляных вырабаў. Сёння прасочваецца новы віток разгортвання гравёрнай справы. Неацэнны ўклад у яе развіццё і папулярызацыю ўнеслі Аляксандр Фокін, Віктар Шаўчэнка, Аляксандр і Ірына Івановы, Уладзімір Макавецкі, Алена Лаўрышчава. Гравіраванае «Дрэва» Ірыны Івановай мела выгляд сістэмы брускоў з празрыстага і чорнага аптычнага шкла, паверхня якіх глыбока ссечана выявамі дрэў, што нібы сышлі з усходніх гравюр. Гравіроўка стварае эфект дэталізаванай дакладнасці, нават дакументальнасці, якую Віктар Шаўчэнка выкарыстоўвае ў аб’екце «Адзінаццатае верасня». Дынамічная кампазіцыя з блокаў шкла, што імкліва падаюць уніз, гравіраванай выявы перавернутай статуі Свабоды і клубоў дыму робіць моцнае эмацыйнае ўздзеянне.

Новае пакаленне шкляроў таксама асвойвае мастацтва гравіроўкі. У раздзеле «Наша школа» можна было ўбачыць надзвычай цікавую дыпломную працу Анастасіі Дудзінай «Каўчэг». Пабудаваная на прынцыпе стэрэаэфекту, кампазіцыя выканана на двух вялікіх лістах гнутага шкла, дзе з выключным прафесіяналізмам адгравіраваны дзясяткі выяў прадстаўнікоў жывёльнага свету.

Дарэчы, беларускае шкло таксама мае свае «залатыя» традыцыі гравіравання перыяду ўрэцка-налібоцкіх мануфактур Радзівілаў. Але сёння гэта тэхніка, на вялікі жаль, амаль не выкарыстоўваецца...

Адна з папулярных шкларобных тэхнік, у якой з вялікім задавальненнем працуюць мастакі на постсавецкай прасторы, — гэта ф’юзінг (ад англ. fusing — награванне, плаўленне, спяканне). Мяркуючы па трыенальных прыкладах, яна дазваляе ствараць дзівоснае па сіле ўздзеяння «шкло-радасць» з яго багатай колеравай палітрай, бясконцымі варыяцыямі ў форме вырабаў. Ва ўмелых руках шкло здольнае вырашаць складаныя прасторавыя, пластычныя і эстэтычныя задачы.

Жартоўная кампазіцыя Любові Савельевай «Кансіліум» мае выгляд пасяджэння «людзей-бутэлек». У рознакаляровых постацях неспасціжным чынам перададзены ганарлівасць і напышлівасць. Аб’ект Аляксандра Іванова «Турнір» складаецца з модульнай сістэмы шкляных элементаў, якія літаральна звязваюцца паміж сабой у кальчугу, што стаіць без гаспадара, таямніча пабліскваючы ірызавана-чорным шклом. Кожны сантыметр гэтай работы насычаны такімі дзівоснымі пераходамі колеру, якія могуць быць уласцівымі толькі ф’юзінгу шкла. Імпрэсіўным жывапісам з дынамічнай, амаль пастознай фактурай выглядала шкло Наталлі Урадавай «Гефсіманія-12». Кампазіцыя «Прарыў» Максіма Дзідыка са Львова была пабудавана на паспяховым і смелым тэхналагічным эксперыменце са спяканнем шкла. Яго запатэнтаваны прыём многім шклярам не дае спаць спакойна.

Трыенале дало ўсе падставы казаць пра існаванне нацыянальных школ мастацкага шкла. Высокі ўзровень выканання прадэманстравалі мастакі з Літвы, Латвіі, Эстоніі і Нідэрландаў. Захаванне лепшых традыцый уласнай школы, эстэцкае стаўленне да матэрыялу і дасканаласць тэхнічнай базы дазваляе ствараць бездакорныя па прафесійным узроўні аб’екты са шкла, нібы знітаваныя з пэўнымі геаграфічнымі тэрыторыямі. Так, напрыклад, аб’екту Рэмігіуса Крукаса «Бурштынавы ветразь» (Літва) уласцівы чыстая форма, сапраўдны рэдкі бурштынавы колер і ідэальная шліфоўка, паліроўка паверхні, вылучэнне аптычных якасцей шкла як асноўных якасцей матэрыялу. Праца Індрэ Стулгайтэ-Крукіенэ «Дух хаты» (Літва) пабудавана на спалучэнні чыстых паліраваных паверхняў, пад якімі адкрываецца таксама чысты актыўны колер, і шурпатых таямнічых, пад якімі нібы захоўваецца гарачае сэрца.

Прадстаўнікі каўнаскай школы рассоўваюць межы ўспрыняцця матэрыялу і эксперыментуюць з традыцыйнымі ўяўленнямі. Юлія Пацьютэ («Страха») і Валда Верыкайтэ («Х/О/Х-гульня») адкрываюць новыя ўласцівасці матэрыялу ў адлюстраванні мовы форм і кампазіцыйных рашэнняў.

Вядомы эстонскі мастак Іво Ліль працуе з аптычнымі якасцямі шкла. На выставе ён прадэманстраваў аб’ект «Карункі». Графічна дэкараваная арнаментам плоскасць амаль нечакана для гледача матэрыялізуецца ў празрыстасці бездакорна адшліфаваных і адпаліраваных шкляных валуноў.

Шкляная пластыка «Тыдзень — 7 дзён» Ініты Эманэ з Рыгі складаецца з вертыкальных і гарызантальных форм, якія, узбіраючыся адна на адну, вянчаюцца выявай аргана. Дзень новы напаўзае на дзень стары, будуючы тыдзень за тыднем сусвет. Увесь аб’ект кампазіцыйна ўсталяваны пад ледзь прыкметным нахілам: ён нібы хістаецца, балансуе, але стромка цягнецца ўверх.

Ван Эйк з Нідэрландаў сваёй працай з кампазіцыі «Сыны спадара В» увасабляе сучасны погляд на спалучэнне матэрыялаў. Пранізаўшы металічны ліст адносна невялікім модулем-конусам з чырвонага шкла, мастак атрымлівае аб’ёмную форму з актыўна структураванай паверхняй.

Работы беларускіх аўтараў арганічна ўвайшлі ў экспазіцыю і нават засяродзілі на сабе ўвагу ў віраванні трыенальнай медыя-прасторы. Мой аб’ект «Адлегласць» уяўляе сабой гарызантальную форму, якая нібы мост уздымаецца паміж правым і левым берагамі. Яе візуальная гнуткасць атрымліваецца шляхам спалучэння гутняга прыёму фармавання шкла і халоднай апрацоўкі ліставога шкла. «Дзіцячыя забаўкі» Паўла Вайніцкага прасякнуты матывам гульні дарослых. Павел актыўна карыстаецца сваім майстэрствам мастака-скульптара. У кампазіцыі ён звярнуўся да прыёму ціхадзьмутай гуты ў гіпсавую форму з далейшым ужываннем усялякіх шкляных прылепак: казіныя рожкі, дзюбка кураняці, драконаўскі іракез. Хто ведае, што хаваецца за сур’ёзнасцю аблічча дарослага чалавека...

Трэба адзначыць, што трыенальныя творы беларусаў выкананы на бярозаўскім шклозаводзе «Нёман», калысцы айчыннага шкларобства, і гэта заканамерна, бо прадпрыемства знакамітае сваімі гутнымі традыцыямі, майстравымі дынастыямі і вядомымі мастакамі, якія працавалі ў яго цэхах.

Сёння мы можам смела казаць пра ўнікальную адметнасць беларускай школы мастацкага шкла. У ліку першых мастакоў на прадпрыемствах шкляной прамысловасці БССР пачалі працаваць выпускнікі Маскоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва і Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя Веры Мухінай.

І толькі з 1970–1980-х гадоў на прадпрыемствах шкляной вытворчасці Беларусі з’яўляюцца выпускнікі кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Пётр і Таццяна Арцёмавы, Раіса Клімковіч, Вольга Сазыкіна, Галіна Сідарэвіч, Аркадзь Анішчык, Васіль Самахвалаў,Таццяна Малышава; у 1990-я на «Нёман» прыйшлі маладыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў Алена Ткачова і Сяргей Шэцік. Сёння ўсе гэтыя імёны ўжо з’яўляюцца энцыклапедычнымі.

Беларускае шкло, як і савецкае, мела свой уласны шлях. Яно стаяла перад праблемай сінтэзу дэкаратыўных мастацтваў і архітэктуры, як быццам нанова адкрываліся пластычныя і візуальныя ўласцівасці шкла. Але многія працэсы, што адбываліся ў сусветным арт-шкле, з вялікай цяжкасцю даходзілі да нашых краёў. Так, у Еўропе і Амерыцы, пачынаючы з 50-х гадоў ХХ стагоддзя, атрымаў распаўсюджанне студыйны рух (glass studio movement), які дазволіў мастакам сысці са шкляных прадпрыемстваў ва ўласныя студыі і адчуць свабоду вольнай фарматворчасці. Адначасова з гутнaй пластыкай з’явілася шмат эксперыментаў з маліраваннем, спяканнем шкла, patte de verde і многімі іншымі тэхнікамі. У беларускім шкларобстве гэтая моцная сусветная тэндэнцыя практычна не ўвасобілася. На жаль, у нас так і не з’явіліся мастакі-шкляры, здольныя мець асабістую студыю для выканання творчых прац. Бо прафесійная майстэрня шкляра акрамя чатырох сцен павінна мець адпаведную печ і мноства спецыялізаваных матэрыялаў.

Вяртаючыся да трыенале, адзначу, што пры выключнай разнастайнасці і індывідуальнасці асобных твораў існуе пэўная пазанацыянальная экспазіцыйная гамагеннасць. Бо падобныя тэндэнцыі, як змястоўныя, так і формаўтваральныя, назіраюцца ў кампазіцыях мастакоў не толькі Расіі і краін постсавецкай прасторы, але і далёкага замежжа. Мяркуючы па выстаўцы, беларускае шкло знаходзіцца ў рэчышчы сусветнага мастацкага працэсу. Адно толькі хацелася б, каб на наступным трыенале ды іншых міжнародных выстаўках яно было прадстаўлена нашмат больш шырока.

Алена Атрашкевіч