Эцюды пра каханне

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Любімыя ролі Бэлы Масумян

/i/content/pi/mast/54/917/38.jpg

«Пане Каханку» Андрэя Курэйчыка. Тэафілія.

Узляцець у паветра можна хутка. І нават выпадкова. Утрымацца на вышыні вельмі цяжка. Асабліва ў драматычным тэатры, дзе ўсё залежыць не асабіста ад цябе,
а ад збегу абставін. Тэатр не эстрада, дзе ўклалі грошы, дамовіліся і — чакай поспеху. У тэатры чакаць часам даводзіцца гадамі, і ніякія дамоўленасці не дзейнічаюць.

Цяпер, калі ў Бэлы Масумян амаль штодня спектакль, вялікія ролі на сцэне Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага, не хочацца згадваць пра крыўдны, незразумелы час вымушанага прастою. Далоў таксама ўсё біяграфічнае. Мне цікава было перагледзець яе работы апошніх сезонаў і пакорпацца ў творчай лабараторыі. Зразумець яе можна: усе інтарэсы ў тэатры і вакол тэатра. Адчуць доўга не атрымлівалася: яна збягае ад зямнога розуму ў нейкую толькі ёй зразумелую метафізічную прастору. Там усё не так, як ва ўсіх. Ну, напрыклад, яна можа сыграць

Спектакль для сяброў

Няма нічога агульнага паміж уладарнай прыгажуняй Бэлай і басавітай, рудой правінцыялкай, шалёнай Фаінай Ранеўскай. Апрача аднаго — вар’яцкага служэння тэатру. Менавіта вар’яцкага. Усё асабістае выказана ў сцэнічных ролях. У жыцці ў абедзвюх некаторая бесталковасць і забыўчывасць, нават слязлівасць. Слёзы могуць з’явіцца лёгка ад радасці і ад гора. Яны нібы ахоўная абалонка таму, што робіцца ўнутры. Ніяк не рэакцыя — праява. Так атрымліваецца.

Паралель узнікла невыпадкова. Масумян, як і Ранеўская, рэдка ходзіць у чужыя тэатры. Яна аддае перавагу музыцы.

Звесткі пра чужыя поспехі даходзяць. З’яўляюцца нечаканыя і нешматлікія сябры, з якімі хочацца размаўляць на мове тэатра. Расказваюць, што Ранеўскай вельмі спадабалася Марына Няёлава, але хадзіць на яе спектаклі неяк не атрымлівалася. Тады Марына прыйшла да Фаіны Георгіеўны дадому і на кухні сыграла асабіста для яе свой улюбёны спектакль.

Мы сябруем з Бэлай Масумян даўно. Яна іншы раз распавядае мне, як хацела б сыграць тое, што пакуль нельга або ўжо нельга паглядзець у тэатры. Пэўны час яна была захоплена «Рулеткай». Але спектакль цяжка прабіваўся да гледача.

«Рулетка» зроблена рэжысёрам Аляксандрам Карпавым па п’есе Эдварда Радзінскага «Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага». Кампазіцыя пераплятае сучаснага аўтара і класіка, вызначана як «драма раскаяння з аблегчаным фіналам...» Тут і муж пад ложкам, і каханая Дастаеўскага, і старая актрыса з яе комплексамі, і картачная гульня. Адносіны Фёдара Міхайлавіча з яго рэальнымі жанчынамі і тымі, каго ён апісваў у сваіх раманах, былі, шчыра кажучы, моцна заблытанымі. У спектаклі яны заблыталіся яшчэ болей.

Бэла рэпеціравала дома, чакаючы свайго часу, які ўсё не надыходзіў. Так хацелася праверыць сябе на гледачах. І выпадак надарыўся. У дачным селішчы пад Мінскам музыкант і педагог Аляксандр Мільто пры канцы лета штогод ладзіў хатні канцэрт для запрошаных сяброў. Гучала фартэпіянная, скрыпічная, альтавая музыка, класічныя спевы, і ніколі не было вершаў або ўрыўкаў са спектакляў. Бэла прыняла запрашэнне суседа па дачы, прыйшла са сваім каралеўскім пудзелем Нікачкай і сыграла ў садзе на прыступках дома эпізод з «Рулеткі». А пазней асабіста для мяне Бэла сыграла «Рулетку» на сваёй кухні.

Можна лічыць, што «Аскара і Ружовую даму» па п’есе Эрыка-Эмануэля Шміта яна таксама іграла для сяброў. Спектакль быў пастаўлены ў Сучасным мастацкім тэатры. Фактычна маналагічнае выказванне. Такі матэрыял часта іграюць як монаспектакль (варта згадаць геніяльную работу Алісы Фрэйндліх), хоць па вялікім рахунку гэта дуэт. Немаладая паненка і паміраючы хлопчык. Бывае, што п’еса становіцца паўнацэнным шматнаселеным спектаклем. Апошнім часам незвычайны матэрыял прывабіў многія тэатры.

Масумян вельмі захацела гэта сыграць. Яе падтрымала тады яшчэ нікому не вядомы малады рэжысёр Кацярына Аверкава, якая адразу зразумела, што тут незвычайна важныя асобасныя ўласцівасці актрысы. Яны здатныя трымаць глядацкую ўвагу без асаблівай падтрымкі такімі тэатральнымі сродкамі, як святло, фанаграма, дэкарацыя. СХТ — бедны тэатр. Ён «раскашэліўся» толькі на выставу малюнкаў дзяцей, якія лячыліся ў цэнтры дзіцячай анкалогіі. Гэтыя малюнкі і сталі сцэнаграфіяй спектакля. Усё было пабудавана на пранізлівым дыялогу актрысы з паміраючым ад рака Аскарам і на дыялогу з Богам. Найбольш ярка ў гэтай рабоце выявілася такая ўласцівасць таленту Масумян, як уменне перадаваць жаночую ахвярнасць.

Ахвярнасць

Цяпер адна з яе ўлюбёных роляў — у спектаклі «Сыходзіў муж ад жонкі» па п’есе Сямёна Злотнікава.

Спектакль ідзе на малой сцэне вельмі рэдка. Паставіў яго Барыс Луцэнка. П’еса была вельмі папулярная ў тэатральных колах. Яе любілі іграць зорныя акцёрскія дуэты, абавязкова выціскаючы слязу ў глядачак бальзакаўскага ўзросту. Дуэт Масумян з Алегам Корчыкавым мне, шчыра кажучы, не спадабаўся. Штосьці там было парушана ў матывіроўках з-за акцёрскіх індывідуальнасцей, не супадаючых з драматургічным матэрыялам. Ён — вядомы навуковец, кніжнік. Яна — хатняя гаспадыня, адданая жонка. Жыццё мінае, і становіцца зразумела, што ўсё не так. Лёгкая аддаленая аналогія з Львом Талстым, сыходзячым з Яснай Паляны. Як і жонка Льва Мікалаевіча Соф’я Андрэеўна, гераіня Масумян шчыра не разумее, чаму марнуецца яе жыццё.

У спектаклі яна занадта інтэлігентная, спагадлівая, добрая і пакорлівая. Муж у выкананні Корчыкава жорсткі, праставаты, грубы і не таленавіты. Штосьці не складвалася, не супадала з драматургічнай задумай.

Бэла трымалася за гэтую ролю з нейкай неўласцівай ёй упартасцю. Калі Корчыкаў пайшоў з тэатра, яна ўгаварыла ўвесціся ў спектакль Валерыя Шушкевіча. Яны цудоўна падышлі адно аднаму. Усё стала на свае месцы. Разумны, капрызлівы, несправядлівы ў сваіх прэтэнзіях муж і яна, Вера Максімаўна, звыклая свяціць адлюстраваным святлом, пражываючы ці то сон, ці то жыццё. Абое разумеюць, што трэба развітацца, але сысці немагчыма.

Бэла амаль не іграла ў п’есах Чэхава, але многія свае ролі прачытвала праз яго. У сэнсе напаўнення іх псіхалагічнай глыбінёй. Актрыса абавязкова прасвятляла для сябе і іншых матывы ўчынкаў сваіх гераінь, падкрэслівала асаблівую чэхаўскую тугу па дасканаласці, тонкі душэўны надлом і яшчэ штосьці. У прагале паміж роллю і яе выкананнем заўсёды існуе сэнсавы дадатак, які ідзе ад канкрэтнага акцёра. Часта гэты дадатак ініцыюе партнёр па спектаклі. Бэле Масумян шанцавала на партнёраў. Шмат гадоў яна іграе разам з Расціславам Янкоўскім. «Двое на арэлях», «Варшаўская мелодыя», «Сам-насам з усімі», «Букееў і кампанія», «На Залатым возеры», «Сунічная паляна». Каханне ўзаемнае і каханне ахвярнае.

У спектаклі «Букееў і кампанія» па п’есе Горкага ў Масумян работа нязвыклая. Яна іграе нібыта не сваю ролю. Вобраз недарэчнай удавы Ніны Аркадзьеўны драматург пазначыў пункцірам. Здавалася б, убачыць у ёй асобу немагчыма. Масумян убачыла і распавяла са сцэны гісторыю палкага і нераздзеленага кахання да багатага землеўладальніка Букеева (Расціслаў Янкоўскі). Горкі часта знаходзіў у смешным трагічнае, у драме — камедыю. Мне ўспомніліся ягоныя «Варвары». Там між Надзеяй Манахавай і Цыгановым адбываецца штосьці падобнае. Разумныя, не пазбаўленыя чуласці інтэлігентныя людзі здатныя прадэманстраваць духоўнае варварства. З кахання Надзеі ўсе падсмейваюцца, і яна перапыняе стрэлам сваё невыноснае жыццё.

Ніна Аркадзьеўна, бадай што, на такое не адважыцца. Яе пакуты ў чымсьці смешныя, але не напаказ, яны загнаныя ўнутр. Дзіўна, здавалася б — перад намі цудоўная пара, Букееў і Ніна. Яны выдатна падыходзяць адно аднаму. А шчасця няма і не прадбачыцца. Яркае хараство Ніны, яе абвостраная ўвага, пастаяннае імкненне дагадзіць пакідаюць Букеева абыякавым.

Чэхаўскае і горкаўскае пераплятаюцца. Вельмі добрае ўзаемаразуменне на сцэне ў Масумян і Янкоўскага.

«Сунічная паляна» — па сутнасці бенефісны спектакль Расціслава Янкоўскага. Акцёр ні на секунду не пакідае падмосткі, і караля ў поўнай меры іграе світа. У сваіх успамінах герой Янкоўскага Ісак Борг быццам задае лінію паводзін і характары ўсіх персанажаў. Ім не прабіцца скрозь выбудаваныя рамкі ўспамінаў. У шэрагу шматлікіх спадарожнікаў жыцця Ісака лёгка згубіцца. Яны з’яўляюцца на некалькі хвілін і сыходзяць. Яны жывуць у памяці Ісака і рухаюць сюжэт, а дакладней — вызначаюць шлях ад дома да горада, дзе прафесару ўручаюць прэстыжную прэмію.

У спектаклях-успамінах, дзе расповед амаль пазбаўлены дзеяння, вельмі складана сказаць сваё слова. Здаецца, што можна толькі падыграць галоўнаму герою.

У Бэлы Масумян роля аканомкі Ісака. Сталаму джэнтльмену пасля смерці жонкі быў патрэбны найпросты бытавы догляд. Ведаючы ягоны замкнёны і нецярпімы да пярэчанняў характар, жанчына, якая пастаянна знаходзіцца побач і не мае ніякіх правоў на асабістае жыццё гаспадара, павінна быць гранічна стрыманай, маўклівай, руплівай.

Фру напісана невялікай колькасцю фарбаў. Рысы гераіні зададзены першапачаткова. І ўсё ж Бэла прарываецца за строга акрэсленыя рамкі.

Толькі тры эпізоды. Першы раз фру з’яўляецца, хапатліва завязваючы халат. Яна адпачывала. Ісак прыходзіць раптоўна і патрабуе ранні сняданак, бо збіраецца ехаць на сваёй машыне. Фру спрабуе яго адгаварыць: для немаладога прафесара суткі за рулём — занадта небяспечнае выпрабаванне. Беспаспяхова. Ён прыняў рашэнне, і будзе так, як ён сказаў. Схаваўшы крыўду і неспакой, фру без эмоцый падае сняданак, паліто. Яны развітваюцца, але застаецца шлейф не вырашанай да канца сітуацыі.

Другі эпізод. Канцавая кропка падарожжа. Чаканне цырымоніі. З непрыхаванай радасцю Ісак убачыў фру. Прыгожа апранутая, гатовая шчыра радавацца за свайго гаспадара, як і ўсялякая стрыманая скандынаўская жанчына, фру нешматслоўная.

Маленькі секундны спектакль. Трое маладых людзей, якія падарожнічаюць аўтастопам, апынуліся ў машыне Ісака. Спачатку яны без усялякай цікавасці паставіліся да сталага джэнтльмена. Дарога зблізіла іх, нават змусіла захапляцца ягоным тактам, уменнем рэагаваць на пазаштатныя сітуацыі. Юная Сара прэзентуе прафесару маленькі букецік кветак. Ісак ад нечаканасці разгубліваецца. Мабыць, у ягоным жыцці былі і святочныя шыкоўныя букеты, і юбілейныя кошыкі. Але гэтыя сабраныя ў полі кветкі, відаць, асабліва дарагія як трымценне маладой душы. Ісак круціць букецік у руках. Бясхітрасны просценькі падарунак. З’явіцца з ім на людзях смешна. Выкінуць — значыць здрадзіць. Узрадаваўшыся, што аканомка прыехала, чакае яго і суперажывае, Ісак дорыць кветкі ёй.

Трэці эпізод

Мабыць, у яе жыцці гэта першыя кветкі ад Ісака. І ўжо штосьці зусім новае ў іх адносінах. Як прызнанне віны. Як усведамленне, што аканомка — родная душа, такая неабходная яму. Магчыма, і як намёк на больш блізкія, цёплыя адносіны.

Але ніхто з іх не спяшаецца адкрыць свае пачуцці. Строгая скандынаўская ментальнасць гэтага не дапусціць. Не вымаўлена ніводнага слова. Сцэна сыграна акцёрамі з дапамогай мімікі і разлічана на дадумванне. Мінае ўсяго некалькі секунд, але адносіны — выбудаваныя, зразумелыя. Высокі клас майстэрства ў абаіх. Напэўна, поспех сцэны, якая заўсёды суправаджаецца апладысментамі, — у даўнім, гадамі замацаваным партнёрстве Масумян і Янкоўскага. Яны не толькі вельмі паважаюць, але і ўмеюць трапятліва ўслухоўвацца ў думкі адно аднаго. Аднак бывалі ў сцэнічных дуэтах гэтых цудоўных акцёраў і іншыя фарбы.

Любоў як катастрофа

Акрэслілася надзвычай выразна ў спектаклі «Перад захадам сонца». Праўда, тут яны не муж і жонка. Масумян іграе старэйшую дачку Маціяса Клаўзена — Беціну, ахопленую страсцю «рабіць усё дзеля дабрабыту сям’і, дзеля таты». Сваёй любоўю яна гатовая забіць апошняе моцнае пачуццё Клаўзена да Інакен. І дамагаецца трагічнага фіналу.

Гэтаксама паводзіць сябе жанчына-ваяўніца, жанчына-рыцар Тэафілія Радзівіл. Яна здатная знішчыць свайго брата Пане Каханку дзеля дабрабыту сям’і. І гэта ёй, у рэшце рэшт, удаецца. Масумян прыдумала сабе жалезную пальчатку — як даспех, як, магчыма, пратэз. Жудасная любоў — бы навала, калі яе адваротны бок — нянавісць.

Акцёр у жыцці не заўсёды падобны на сваіх персанажаў. У жыцці голас ціхі, манеры сціплыя. Сцэнічнае буянне ролі да пары застаецца ў грымёрцы.

Але, як кажуць, пароду не схаваеш. Бэле Масумян ад нараджэння «прапісаны» асобы велічныя, арыстакратычныя. Пры яе нячастых з’яўленнях у кампаніях усе неяк падцягваюцца і не дазваляюць сабе вольнасцей. Яна заўсёды добразычлівая, але стрыманая і не балбатлівая — прымушае думаць аб прыхаваных таямніцах. Яе складана ўявіць з цяжкімі сумкамі на рынку. Між тым такое магчыма. Побыт Бэла ведае цудоўна. Мыць, чысціць, гатаваць, капаць зямлю, стрыгчы газоны, саджаць суніцы — усё ўмее і робіць якасна. Умее хадзіць за хворымі, лячыць, рабіць перавязкі.

Спалучэнне жаноцкасці з мужчынскай сілай і нежаночай дёрзкасцю прымусілі яе аднойчы паспрабаваць сыграць Гамлета, прынца Дацкага. Магчыма, яна абрала мужчынскі касцюм і пажадала пранікнуць у мужчынскую сутнасць, каб кінуць выклік лёсу або абараніць свой гонар.

Бэла Масумян умее перадаваць годнасць сапраўднай арыстакраткі, якой неабходна захаваць свае правы і не схіліць галаву. «Леў зімой» — гісторыя кахання даўжынёю ў жыццё, дзе адбываецца сапраўды звярыная схватка. Схапіліся звяры каралеўскай крыві. Значыць, ільвы. Тут змаганне і за кавалак зямлі — Аквітанію, і за падначаленне сабе трох не надта ўдалых сыноў. Галоўнае ж — адвечная сутычка мужчыны і жанчыны, звязаных шлюбам і не жадаючых саступаць.

Хоць амерыканскі драматург Джэймс Голдман і атрымаў кінематаграфічны «Оскар», ён далёка не Шэкспір. А на сцэне віруюць шэкспіраўскія страсці, калі барацьба за ўладу пераплятаецца з плоцкімі жарсцямі.

У дуэце Бэлы Масумян (Элінор Аквітанская) і Івана Мацкевіча (кароль Генры ХІ) угадваецца колішні луцэнкаўскі «Макбет», дзе рукі караля і каралевы немагчыма было адмыць ад крыві. Яны кахалі адно аднаго на пласе, дзе адсякаюць галовы. У Шэкспіра ўсё празмернае. Вось і тут, у спектаклі Валянціны Ераньковай, усё афарбавана традыцыйным разуменнем шэкспіраўскага генія. Думаю, гэта нармальна.

Гераіня Масумян адзінаццаць гадоў была зняволенай у турме, і яе выпускалі толькі пабачыцца з блізкімі перад Калядамі. Элінор Аквітанская велічная, цудоўная і злая. Нездарма ў гістарычных хроніках сказана, што яна дажыла да васьмідзесяці гадоў і памерла ад шаленства. Пацалункі караля і каралевы падобныя да ўкусаў. Іх дыялогі — нібыта бойкі на мячах.

Свежая жанчына

Гэта сказана пра купецкую ўдаву Маўру Тарасаўну. На гэты раз Астроўскі. Спектакль «Праўда добра, а шчасце лепш». Быццам бы чужы матэрыял для актрысы. Астроўскі заўсёды імкнуўся ўвесці ў п’есу звесткі пра біяграфію персанажаў, іх жыццёвы вопыт і сацыяльнае становішча. Так, вядома, што купчыха Барабошава была ў горадзе першай прыгажуняй, пакахала палка, мела мянушку «шалёная». Выйшла замуж не па каханні — з-за грошай. Мужа пабойвалася. Не столькі мела моцны розум, колькі валодала жыццёвай праніклівасцю.

З усяго гэтага трэба было вылепіць постаць уладарную, дэспатычную. Індывідуальнасць Масумян пратэставала супраць расплывістай самадуркі-купчыхі. Не атрымалася ў яе камічная старая. Не атрымалася мяшчанская абмежаванасць. Традыцыйную для купецкага асяродка аксамітавую сукенку яна памяняла на беласнежнае пышнае адзенне. Яно актрысе да твару. Малодзіць. Магчыма, таму нараджаецца фраза: «Я яшчэ свежая жанчына». Нічога не зробіш. Прыроду не схаваеш. Яна застаецца каралевай.

Сцэнічны касцюм вельмі важны для Масумян. Яна і ў жыцці апранаецца не як усе. Па-свайму. Прыцягвае ўвагу не столькі мода і крой, колькі ўменне насіць любы касцюм. Кожная рэч быццам дапасоўваецца да яе падцягнутай фігуры, якая ніколі не ведала лішніх кілаграмаў. На сцэне ў класічных творах гэта заўсёды складанае шматслойнае адзенне — нязменная дэманстрацыя добрага густу. Мне часта здаецца, што прыроджанае пачуццё густу ў актрысы здатнае засланіць прадпісанні аўтара п’есы і нават праўду жыцця. Яна такая, якая ёсць. І нічога ў сабе змяняць не трэба.

Таццяна Арлова