Інстынкт творчасці

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Метафарычная вобразнасць Аляксандра Салаўёва

/i/content/pi/mast/54/916/33.jpg

Метамарфозы. Аргаліт, алей. 2010.

Творчы дух Аляксандра Салаўёва вольны і, здаецца, непадуладны яму самому...
Своеасаблівы інстынкт творчасці не дае адпачынку душы, напаўняе яго мозг разважаннямі пра вечныя і актуальныя праблемы быцця. Магчыма таму асоба Аляксандра Салаўёва, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, духоўнага настаўніка многіх яго калег, для Віцебска і ўсёй Беларусі — знакавая.

Вядомы найперш як мастак тэатра, Салаўёў шмат гадоў жыцця прысвяціў вольнай творчасці, якая не мела прыкладнога характару. Большасць з напісаных ім станковых кампазіцый складаюць палотны, у якіх дамінуючай мовай становіцца абстракцыя. Гэтыя жывапісныя і графічныя работы — асаблівая галіна, дзе ён ці не найбольш свабодны і шчыры. У савецкі час Аляксандр Салаўёў лічыўся «махровым авангардыстам». Як і працы шэрагу адкрытых дысідэнтаў, яго творы былі падобныя ў адным: акрамя ўласнага сэнсу кожная з іх несла ненаўмысны пратэст, накіраваны супраць нівеліроўкі асобы і сацрэалістычнай зададзенасці.

У 1989 годзе Салаўёў наведаў выставу вядомага рускага авангардыста Васіля Кандзінскага, што адкрылася ў Маскве на Крымскім вале. На думку блізкага сябра Аляксандра мастака Леаніда Анцімонава, менавіта жывапіс Кандзінскага моцна паўплываў на светапогляд Салаўёва і яго далейшую творчасць. Нягледзячы на тое, што Аляксандр нарадзіўся роўна на 60 гадоў пазней за вядомага родапачынальніка абстрактнага мастацтва, іх абодвух яднае проста фанатычная вера ў магутную ролю колеру. Але калі Кандзінскі ў сваіх эксперыментах свядома ішоў да чыстай абстракцыі, то рамантык па натуры Салаўёў абстрактныя і паўабстрактныя творы рабіў, абапіраючыся на канкрэтную рэальнасць. Абстракцыя для яго — не толькі неспасцігальная «містыка прыроды», як пра гэта пісаў Кандзінскі, але яшчэ і мастацкая форма са сваім падтэкстам.

Успрымальнасць Аляксандра Салаўёва да вобразнага свету абстракцыі была ўзгадавана паветрам Латвіі, дзе прайшла яго пасляваенная маладосць: «Праз Латвію адбылося маё знаёмства з сусветнай культурай, з новымі тэндэнцыямі ў мастацтве, якія я першапачаткова не шанаваў з-за сваёй неадукаванасці». І канешне ж, моцна паўплывала на фарміраванне светапогляду і каларыстычнага бачання дэкаратыўнае аддзяленне Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя Веры Мухінай, якое ён скончыў у 1965 годзе.

Прыезд Салаўёва ў Віцебск і пачатак працы ў Коласаўскім тэатры па збегу акалічнасцей быў таксама злучаны з латвійскай тэмай — працай над сцэнаграфіяй да спектакля па п’есе паэта Яна Райніса «Ветрык, вей».

Тэмперамент Аляксандра, яго ўнутраная энергія, скіраваная на творчасць, самавыражэнне і самаўдасканаленне, аказаліся сугучнымі мове і стылістыцы абстракцыі. Яе з’яўленню садзейнічала і тое, што падчас пошуку мастацкага рашэння спектакля творца ніколі не быў рабом «падрадковага» перакладу драматычнага тэксту ў візуальныя канструкцыі, заўжды імкнуўся да індывідуальнага арыгінальнага прачытання і філасофскага асэнсавання зместу драматургіі. Прыступаючы да працы над спектаклем, мастак ствараў вялікую колькасць эскізаў, малюнкаў, імкнуўся ўлавіць сам дух драматургічнага твора, знайсці вобразную і эмацыйную асацыяцыю, каб з яе дапамогай дакладна выявіць сутнасць п’есы. Менавіта ў час прамежкавага пошуку з’яўляліся кампазіцыі, якія хоць і былі выкліканы тымі ці іншымі развагамі над будучым сцэнаграфічным рашэннем спектакля, але не мелі да яго прамога дачынення.

Нягледзячы на тое, што падобныя кампазіцыі нярэдка першапачаткова задумваліся як рабочы матэрыял, іх вылучала самадастатковасць вобразнага рашэння, мастацкая цэльнасць і завершанасць. Эксперыментам у станковым фармаце садзейнічала і тое, што Салаўёў заўжды быў вольны ў выкарыстанні выяўленчых матэрыялаў, ніколі не засяроджваўся на чысціні мастацкіх тэхнік. Пазбягаючы дэталізацыі, канкрэтызацыі выяўленчых элементаў, мастак імкнецца занатаваць рух і экспрэсію думкі. Нават прысутнасць постацей у творах звычайна мае вобразна-сімвалічны, асацыятыўны ці ўвогуле знакавы характар. Па прызнанні Салаўёва, праца над гэтымі жывапіснымі і графічнымі кампазіцыямі дапамагала яму «пераадолець уласную інертнасць, штамп». Разам з тым творца неаднойчы сцвярджаў, што дзейнасць у тэатры і ў майстэрні ён падзяліць не можа: «Тэатр мяне выратаваў, дапамог застацца тым, кім я быў ад нараджэння. Мне не давялося займацца жывапісам дзеля хлеба надзённага... Не было б тэатра — не было б і жывапісу...»

Ужо ў ранніх яго працах колер і лінейна-пластычнае рашэнне ўтвараюць гарманічную цэласнасць, адзіную вобразную прастору. Абстрактны метад у творах Салаўёва злучае спантаннасць «жывапісу жэста», унутраную інфарматыўную насычанасць і скіраваны на пошукі ўласнай сімвалічнай мовы, дзе своеасабліва пераплятаюцца рысы лірычнай абстракцыі і выразнага вобразнага кантэксту. Пазбаўленыя фігуратыўнасці творы ўвасабляюць не столькі нейкія глыбіні падсвядомасці, што было ўласціва «псіхічнай імправізацыі» (тэрмін Паўля Клее) мастакоў-абстракцыяністаў пасляваеннай Амерыкі і Еўропы, колькі асабіста перажытае.

/i/content/pi/mast/54/916/34.jpg

ХХ стагоддзе. Рэквіем. Аргаліт, алей. 1999–2005.

Актыўны перыяд творчасці Аляксандра Салаўёва прыпадае на час актыўнага асэнсавання вопыту авангарда і пачатак постмадэрнісцкіх тэндэнцый. Прыцягальнасць лірычнай (ці экспрэсіяністычнай) абстракцыі для Салаўёва хутчэй за ўсё заключалася ў інтуітыўным характары творчасці. І разам з тым мастак меў патрэбу ў метафарычна-вобразнай напоўненасці работ. Жывапісныя і графічныя кампазіцыі нараджаліся ў рэчышчы сімвалічнай і лірычнай абстракцыі, нярэдка злучаючы абстрактныя і фігуратыўныя элементы, апелюючы як да ўнутранага сузірання і разважання, так і да вольнага спантаннага жэста.

Для Салаўёва мастацтва — заўжды споведзь, а паглыбленне ў яго прастору — драматычная падзея. «Я і ў тэатры люблю трагічныя пастаноўкі, — адзначае ён. — Мастацтва — не забава, яно заўжды недзе на мяжы, яно не можа быць без крыві, болю...»

Жывапіс Салаўёва — гэта вольная выяўленчая матэрыя, поўная паэтычных метафар, знакаў, багатая асацыяцыямі. У віхравым спалучэнні плямаў, ліній, постацей і нараджаюцца эмацыянальна выразныя вобразы. Спасціжэнню вобразнага ладу твораў у кожным выпадку дапамагаюць і назвы. Але выразная, амаль канцэптуальная назва карціны — зусім не імкненне кампенсаваць недахоп сюжэта, а ўсяго толькі ключ-метафара да шматузроўневай архітэктонікі вобраза.

У сваіх творах Салаўёў імкнецца наблізіцца да «выразу невымоўнага». Не прыхільнік чыстых філасофстваванняў, ён перакананы, што калі ў творчасці дамінуе логіка і аналітычны падыход, ніякага мастацтва не атрымаецца: «Часам толькі інтуітыўна адчуваеш, што не дайшоў да сваёй мэты, і перапісваеш адну пляму па 10—15 разоў». «У творы гледача цікавіць не тое, колькі “розуму” туды ўкладзена, а незразумелыя рэчы на ўзроўні падсвядомасці. Калі ўсё можна растлумачыць, тады няма мастацтва. Жывапіс для мяне — музыка колеру. Я знішчаю любую думку, пакуль не даб’юся гэтай гармоніі». Сапраўды, у многіх творах Салаўёва яўна прасочваюцца музычныя інтанацыі. Невыпадковыя і тэмы твораў розных гадоў — «Накцюрн» (1986 і 2011), «Экспромт» (1995)... Некаторыя кампазіцыі можна аналізаваць як нейкую музычную тканіну, якая мае ўласную эмацыянальную аснову.

Яшчэ адна асаблівасць твораў Салаўёва — гульнявы пачатак, а ён ужо ў 1970-я гады быў уласцівы постмадэрнізму. Балансаванне на мяжы паміж аналізам формы і гульнёй з ёй адчуваецца, здаецца, у кожным творы. «Чаму раблю тую ці іншую серыю малюнкаў або карціну, не магу патлумачыць. Часам гэта проста гульня з лініяй, штрыхом, плямай...»

У сваіх кампазіцыях Салаўёў у поўнай меры выкарыстоўвае такія характэрныя рысы абстракцыі, як інтуітыўнасць, асацыятыўнасць, імкненне перадаваць інфармацыю на мове знакаў. Некалі яшчэ Шапэнгаўэр нястомна падкрэсліваў, што мастак у сваёй творчасці звычайна несвядома і нават інстынктыўна кіруецца адным пачуццём. Гэтую ж думку падтрымліваў і Юнг, калі пісаў: «Мастацкая творчасць — гэта інстынкт». У дачыненні да Аляксандра Салаўёва, для якога напружаная творчая дзейнасць і адданасць мастацтву сталі звыклымі спадарожнікамі лёсу, гэта філасофская выснова здаецца цалкам слушнай.

Як і ўсяму абстрактнаму мастацтву, творам Салаўёва ўласціва своеасаблівая трактоўка такіх паняццяў, як прастора, час, рытм. Прастора абстрактных карцін мастака не мае глыбіні, яна найперш становіцца сферай успрымання і вызначаецца фантазіямі і ўяўленнямі гледача. Мастак прызнае яе ролю як сутворцы. У сваю чаргу рэальнасць прасторы нярэдка разбураецца ўжываннем у творах калажу.

Абстрактныя палотны Салаўёва — гэта рознага роду «ўражанні» і «імправізацыі», у большасці з якіх прастора літаральна вібрыруе. Вольныя структуры кампазіцыі плямаў, мадуляцыі колераў ствараюць рытмічна арганізаваны візуальны паток. Творам мастака, што нібы пульсуюць адмысловай энергетыкай, надаюць прыцягальнасць падкрэсленая тактыльнасць, пастознасць і нават рэльефнасць жывапіснай паверхні.

Аляксандр Салаўёў то традыцыйна піша пэндзлем, то распырсквае фарбу ці лак на палатно, пакідаючы на ім заблытанае, густое, бліскучае павуцінне з ліній і дробных плямаў. Але сказаць, што мастак, працуючы над той ці іншай кампазіцыяй, хоць на момант адмаўляўся ад папярэдняй задумы, культываваў спантанную манеру жывапісу, было б няправільна. Вольныя экспрэсіяністычныя імправізацыі на палатне становяцца ўсяго толькі яго выражэннем канкрэтных сутнасцей і разважанняў.

Вонкава шматпластовы, жывапіс Салаўёва часам нагадвае старажытныя манускрыпты, дзе нібы пластычна захаваны час, які ў гэтых абстрактных кампазіцыях заменены яго трансцэндэнтальным разуменнем — як працэсу тварэння і ўспрыняцця. Салаўёў не імкнецца ўвасабляць час у выглядзе нейкіх таямнічых знакаў, а спрабуе зразумець саму сутнасць гэтай катэгорыі.

Але асноўнымі дамінантамі абстрактнага жывапісу Салаўёва з’яўляюцца колер і рытм, што надае яго работам асаблівую эмацыянальнасць. Мастак заўжды чулліва ставіўся да колеру і выдатна ўсведамляў яго псіхалагічную ролю ў карціне. Характэрна, што і стваральнік беспрадметнага жывапісу Васіль Кандзінскі не хаваў сваіх уяўленняў пра ролю мастака як шамана, «культурнага лекара».

Часам здаецца: жывапісная прастора і экспрэсіўныя кампазіцыйныя рытмы карцін Салаўёва з’яўляюцца візуальнай праекцыяй унутранага стану творцы.

Ва ўсіх творах Аляксандра Салаўёва відавочна скіраванасць на эксперымент. «Працую для тых, хто жадае ўбачыць штосьці нечаканае, — заўважае мастак. — Зразумела, невядомае можа спарадзіць і непаразуменне — гэта нармальная з’ява, у кожнага сваё светаўспрыманне. Горш, калі чалавек лічыць, што ўсё спазнаў, — ёсць рызыка спыніцца ў развіцці». А таму «шлях мастака заўжды мае адну першааснову — гэта адкрыццё, адкрыццё свету не праз іншых, а праз сябе, давяраючы свайму пачуццю, інтуіцыі».

Творы Салаўёва пазбаўлены апавядальнасці, яго жывапіс цяжка паддаецца моўным інтэрпрэтацыям, пра што добра ведаюць тыя, хто спрабаваў пра яго пісаць. Кампазіцыі мастака наскрозь метафарычныя, дзе метафара ператвараецца ў канцэпцыю і нясе ў сабе інфармацыю. Невыпадкова многія яго працы прысвечаны філасофскім катэгорыям, разам з тым яны ўвасабляюць стан душы творцы («Катарсіс» (1974), «Вечнасць» (1976), «Спакой» (1980), «Імкненне» (1980), «Нараджэнне» (1981), «Адкрыццё» (1981), «Святло» (1998), «Настальгія» (1997, 2001), «У пошуках ісціны» (1993—2008), «Восеньскі сон» (2005), «Сум» (2009), «Метамарфозы» (2010), «Перад вечнасцю» (2011), «Мара» (2011) і іншыя).

Вобразы ў кампазіцыях Аляксандра Салаўёва заўжды лаканічныя і разам з тым — грунтоўныя і глыбокія, успрымаюцца імгненна і не маюць патрэбы ў тлумачэннях, пракладаючы самы кароткі шлях да падсвядомасці. Яны складаныя, шматпластовыя і разам з тым адкрытыя, уяўляюцца своеасаблівым згусткам ідэй, думак і інтуіцый, нейкім ссоўваннем сэнсаў. Славуты паэт Гарсіа Лорка адзначаў, што для яго «ўяўленне — сінонім здольнасці да адкрыццяў», а «сапраўдная дачка ўяўлення — метафара, народжаная імгненным выбліскам інтуіцыі, азораная доўгай трывогай прадчування».

У творчасці Салаўёва можна выдзеліць некалькі прынцыпова важных для яго тэм і праблем, да якіх ён звяртаўся ў розныя гады. Адна з іх — ваенная. Вызначальныя ў ёй зусім не пафас вялікай перамогі і гераізм савецкіх салдат. Для мастака, які сямнаццацігадовым падлеткам сустрэў вайну і прайшоў праз яе спачатку ў партызанскім атрадзе, а потым і ў дзеючай арміі, вайна — гэта, у першую чаргу, вялікая трагедыя. Магчыма таму адна з самых першых і вялікіх серый — «Памяці загінуўшых». А інтанацыя, асабліва папулярная ў яго жывапісных і графічных творах, — рэквіем (кампазіцыі пад аднайменнымі назвамі ствараліся ў 1973, 1974, 1984, 2011 гадах).

Другая важная тэма ў творчасці мастака — палёт, асэнсаванне лёсу і вобраза Ікара: «Палёт» (1974), «Да сонца» (1974), «Раненая птушка» (1975), «Дзве птушкі» (1980), «Ікар» (1981 і 1982). Па сутнасці, гэта метафара самаахвярнасці і імкнення творцы да нязведанага. У гэтым вобраз Ікара і тэма космасу блізкія («Космас» (1978), «Галактыка» (2010)).

Тэма Старажытнай Русі — найперш творы з цыкла «Русь» і самастойныя кампазіцыі, сярод якіх «Прарок» (1974, 1976, 1990), «Старажытная Русь» (1975, 1985), «Георгій Пераможца» (1976), «Спас» (1982), «Вока Госпада» (1996), «Няхай будзе святло» (2011), «Лік» (2011) і інш. Зачараваны прыгажосцю старога жывапісу, мастак напіша і шэраг яго варыяцый: «Усходняя фрэска» (1974), «Старая фрэска» (1981, 2009, 2001—2011), «Старажытная фрэска» (2000), а ў сваім дзённіку, пасля чарговага наведвання Траццякоўскай галерэі, занатуе: «Абразы — цуд неверагодны».

Нямала ў Салаўёва вобразаў казачных — «Папялушка» (1976), «Зімовая казка» (1976), «Змей Гарыныч» (1981), «Снягурка» (1985), «Царэўна-лебедзь» (1982) і легендарна-міфалагічных — «Дэман» (1974), «Легенда» (1982, 1985, 1995), «Карыятыды» (1981), «Сірэна» (1981), «Сфінкс» (2009).

Павага да таленту падахвочвае мастака не да абыгрывання тэм і вобразаў класікаў — ён спрабуе перадаць сам дух і настрой іх творчасці: «Памяці Лермантава» (1981), «Прысвячэнне Чурлёнісу» (1984), «Прысвячэнне Урубелю» (1985).

І, канешне ж, Салаўёў не можа застацца абыякавым да рэалій навакольнага свету. У сваім дзённіку ён піша: «Мяне распірае ад радасці, гэты цудоўны свет зіхаціць перада мной усімі фарбамі. Як яго ўхапіць?», «Я адчуваю, як гэты свет б’ецца ў кожнай маёй жылцы, у кожнай маёй клетачцы, цячэ ў маёй крыві. Праносяцца ўспаміны дзяцінства, і тысячы асацыяцый месцяцца ў маёй галаве... Усе мы дзеці адной прыроды. Я як ніколі адчуў сваю роднасць з кожнай кветкай, травінкай, дрэўцам, з гэтай цёплай, вільготнай, пахучай зямлёй, з гэтым дрыготкім паветрам, паветрам майго дзяцінства». У метафарычным ключы напісаны многія кампазіцыі з цыкла «Фарбы зямлі», творы «Юнацтва» (1975), «Сонца гуляе» (1976), «На арэлях» (1977), «Блікі сонца» (1981), «У лесе» (1981), «Фарбы восені» (1981), «Вясна» (1982), «Гарадскі пейзаж» (1986), «Раніца ў лесе» (2011).

Сярод апошніх работ мастака нямала нефігуратыўных, эмацыйна выразных і асацыятыўна ёмістых кампазіцый. Рамантык па натуры, ён інтуітыўна адчувае час, заўжды застаецца адкрытым і шчырым. «Шчырасць — гэта самае галоўнае, паколькі ў мастацтве сэрца павінна кроватачыць, — перакананы Салаў’ёў. — Іншага мастацтва не было, няма і не будзе».

Творчасць Аляксандра Салаўёва аказала моцны ўплыў на адраджэнне ў Віцебску традыцый эксперыментальнага мастацтва, умацаванне мовы абстракцыі і метафарычнай вобразнасці. Без наяўнасці такога аўтарытэтнага, глыбокага і адданага высокім прынцыпам творцы, магчыма, і віцебская мастацкая школа ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя развівалася б інакш.

Міхась Цыбульскі