Святлана Анікей

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Актрыса, якая марыць сыграць Абломава

/i/content/pi/mast/54/914/22.jpg

"Эрык ХІV" Аўгуста Стрындберга. Карын.

Маладыя акцёры доўга застаюцца ў цені сваіх больш сталых калег. Прадстаўнічыя функцыі зрэдчас выконваць могуць, але сур’ёзных пытанняў, як правіла, не вырашаюць. Як ні дзіўна, гэтая вельмі савецкая завядзёнка цалкам не зжытая сёння, у век сацыяльных сетак і актыўных стасункаў у інтэрнэце. Ва ўсякім разе шырокай аўдыторыі пачуць маладога артыста па-за сцэнай бывае даволі праблематычна. Тым не менш першую Нацыянальную прэмію ў намінацыі «Лепшая жаночая роля» атрымала артыстка Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Анікей. Акцэнт быў пастаўлены шматлікімі «тэатральнымі акадэмікамі». Відавочна прагаласавалі за маладосць.

У паслужным спісе Святланы Анікей роляў больш чым дастаткова. І якіх! Годл з «Памінальнай малітвы» Рыгора Горына, Ганна ў «Сымоне-музыку» Якуба Коласа, Алена ў «Дзецях Ванюшына» Сяргея Найдзёнава, Сара ў «Translations» Браяна Фрыла.

Вы дванаццаць гадоў працуеце ў Купалаўскім тэатры, выконваеце лепшыя ролі ў рэпертуары, вас немагчыма не заўважыць, вашымі гераінямі захапляюцца... Між тым, прымаючы Нацыянальную прэмію, сціпла заўважылі, што яна для вас сталася нечаканай. Чаму?

— Дагэтуль ніякіх прэмій не атрымлівала. І потым, на «Лепшую жаночую ролю» намінавалася шмат таленавітых актрыс. Я ж ее сапраўды не чакала.

Некалі курс Лідзіі Манаковай, на якім вы таксама вучыліся, са сваім дыпломным спектаклем «Туці-фруці» літаральна ўварваўся ў тэатральнае мастацтва. Усе працавалі на адным дыханні, захопленыя, палётныя, прыгожыя. Падалося, што адбываецца пэўны культурны зрух. З гэтым вы ўвайшлі ў прафесію. Было адчуванне здзейсненага надзвычайнага?

— Не было, канешне. Ніякі тэатральны ўздым з гэтым спектаклем не асацыюецца. Магчыма, можна казаць пра новую хвалю. У нас сапраўды вучыліся вельмі таленавітыя акцёры. Падавалі надзеі. Мабыць асаблівы стан маладосці так уражальна прагучаў у «Туці-фруці».

Вы зрабілі гэта ўсе разам — выдатна, кайфова — і пры тым ніяк не суадносілі спектакль з існуючай тэатральнай сітуацыяй?

— Ніколі не думаю пра тое, як мая работа суадносіцца з тэатральнай сітуацыяй. Для мяне існуе толькі праца над роллю. І наогул я не заклапочана тым, які след пасля сябе пакіну. Разважаць пра гэта — прэрагатыва крытыкаў.

Але чаму была абрана акцёрская прафесія? Напэўна, прыгожай дзяўчынцы падабалася...

— Ды не. Хутчэй былі глабальныя мэты, мара дзяцінства. І зараз для мяне самае важнае — стаць мастаком. Ну вось існавалі, скажам, Таркоўскі, Параджанаў... Нядаўна па ТБ дачка Мікіты Міхалкова Ганна, актрыса і прадзюсар, сказала, што цяпер многія могуць здымаць, як Таркоўскі, ды самае цяжкае — быць першым. Я з гэтым абсалютна не згодная. Таркоўскі ніколі не імкнуўся быць першым, не меў такой мэты. Ён не вынаходзіў машыну часу, а проста спрабаваў прыадкрыць свой унутраны свет і спраектаваць яго на кінастужку. Сваё бачанне...

Магчыма, вы заняліся не той справай. Так, сам-насам з мальбертам, можа працаваць, напрыклад, мастак. Хоць і ён мусіць увайсці ў агульнакультурны кантэкст. Прафесія акцёра надзвычай залежная. І проста самавыяўляцца праз сваю невялікую або
вялікую ролю відавочна недастаткова. Найперш таму, што не ўсё роўна, у якім спектаклі вы гэта робіце.

— Згодна і не згодна адначасова. Існуе вельмі тонкая мяжа паміж маёй залежнасцю — так, я мушу выконваць задачы рэжысёра — і тым, наколькі эксклюзіўна гэта можна зрабіць. Так вызначаецца прысутнасць мастацтва ў акцёрскай прафесіі.

Вам важна самараскрыцца, выказацца?

— Не абавязкова. Вакол столькі цікавых людзей, сусветаў, якіх мы не заўважаем. Вось гэта мне хацелася б нейкім чынам вывесці на святло. Справа ў тым, што апошнім часам з існуючым тэатрам я не пагаджаюся. Нібыта ён не мой... І яшчэ, ёсць шмат добрых традыцый, у купалаўцаў у прыватнасці. Але мы чамусьці вельмі далёка адышлі ад іх. Маю на ўвазе пасляваенныя спектаклі, якія бачыла ў запісах. Я нікога не збіраюся пераконваць, ды мне здаецца, што каштоўнае, самае дарагое — там.

Значыць, ін’екцыю купалаўскіх традыцый вы ўсё ж такі атрымалі?

— Так.

Акцёры старэйшага і сярэдняга пакаленняў дакладна ведаюць, што такое «купалаўцы», яны вельмі ўцямна пра гэта распавядаюць. Ды мне зусім незразумела, якім чынам да колішняй атмасферы далучаецца моладзь, як і на якім душэўным узроўні распаўсюджваецца інфармацыя. Чаму, напрыклад, вырашылі вы, што гэта вельмі важна — адпавядаць?

— Я не вырашыла, што абавязкова мушу адпавядаць. Але ў гэтай справе шмат складнікаў: і запісы ранейшых спектакляў, і расповеды старэйшых калег, і тое, як асцярожна, радасна, трапятліва яны нас прымалі. Тым не менш, тэатр змяняецца, ён ужо не такі, як некалі. Духі, што яшчэ нядаўна луналі па-над намі зусім блізка, узнімаюцца ўсё вышэй і вышэй. Здаецца, усё нармальна, але надышоў час, калі ў словы «тэатр і праца» ты верыш больш, чым у словы «родная сцэна». Трансфармуецца ўсё, каштоўнасці таксама. А мінулае не вяртаецца ніколі. Магчыма, зараз мы знаходзімся напярэдадні нейкага адкрыцця, але пакуль не вызначыліся з прыярытэтамі. У свеце мастацтва адбываюцца вельмі цікавыя рэчы, толькі, мабыць, не зусім сумленныя.

А што ёсць сумленнасць у свеце мастацтва?

— Эксклюзіўнасць, асобаснасць. Тое, як чалавек жыве і якім бачыць гэты свет. Важна нічога не баяцца, не азірацца навокал. Толькі асабістыя прызма і градус.

Хто вашы ўлюбёныя аўтары і каго марыце сыграць?

— З класікі вельмі люблю Ляскова, Ганчарова. Вядома, Пушкіна. Марыла сыграць Таццяну з «Яўгенія Анегіна». На мой погляд, гэта найлепшы твор усіх часоў і народаў.

Калі працуеце над вобразам, што захапляе найбольш?

— Сам працэс, які змяшчае ў сабе практычна ўсё. На сцэне многае залежыць ад партнёра. Ягоны пасыл можа быць вельмі нечаканым, але ж і я магу нечакана адрэагаваць. Так, што сама здзіўлюся. Такім чынам з’яўляюцца цікавыя знаходкі. Вельмі рэдкія і каштоўныя імгненні — успрыманне, якое не залежыць ад мяне. Яго на фізічным узроўні я адчуваю недзе ззаду, на спіне.

Можна гэта назваць банальным словам «натхненне»?

— Не. Гэта ўключэнне. Шчыра кажучы, у слова «натхненне» я не веру яшчэ з часоў мастацкай школы. Калі мне здавалася, што ў мяне натхненне, што я творца, магла цэлую ноч пісаць карціну алеем. Потым ляцела, як на крылах, да педагога, а ён казаў: «Схавай і нікому не паказвай». Таму натхненне... не ведаю, што гэта такое.

З чым усё ж суадносіцца ваш незвычайны стан? Як спрацоўвае псіхафізіка? Многія кажуць: не ведаем, адкуль прыходзіць. У кагосьці плыні, у некага ствалы... У вас што?

— Наш педагог Лідзія Аляксееўна Манакова казала, што ў прафесіі мы падобныя на спартсменаў. Неабходны канцэнтрацыя, жаданне зрабіць штосьці і ўсведамленне мэты. Вось і ўсё. Але ж гэта вельмі важна.

На чым вы павінны сканцэнтравацца?

— На дзеянні. На ўзаемадзеянні. На тым, чаго мушу дамагчыся ад партнёра. Галоўнае — правільна засяродзіцца, правільна зразумець прапанаваныя абставіны, ведаць, каго іграеш, хто ты на самай справе, якія ў цябе звычкі... і шмат-шмат іншага. І тады адбываюцца вельмі нечаканыя рэчы. Рэакцыі, успрыманне, узаемадзеянне могуць быць зусім іншымі. Узнікаюць нечаканыя фарбы. Дарэчы, самыя лепшыя эпізоды атрымліваюцца, калі я не ўсведамляю, што раблю. Не памятаю, што са мной адбываецца. Проста бачу чалавека насупраць і дзейнічаю. Але гэта бывае надзвычай рэдка. Лічаныя секунды за дванаццаць гадоў працы.

Для вас вельмі важны партнёр на сцэне?

— Бергман казаў: без мяне няма цябе, без цябе няма мяне.

Чаму кінулі заняткі жывапісам і аддалі перавагу тэатру?

— Маленькая была. На самай справе з дзяцінства ведала, што буду актрысай. А яшчэ дагэтуль шкадую, што не валодаю ніводным музычным інструментам.

Здаецца, перада мной проста чыстае мастацкае рэчыва...
У вашай асобе, вядома.

— Я пастаянна думаю: што найбольш уздзейнічае на гледача, што найбольш на яго ўплывае? І усведамляю: канешне, музыка. Цудоўна было б стаць музыкантам! На жаль, не паспею.

Творчы чалавек звычайна сутыкаецца з тым, што не ўсё, пра што марыў, да чаго імкнуўся, здзяйсняецца ў рэальнасці. Расчараванні бываюць балючымі. З вамі штосьці падобнае адбываецца?

— Канешне. Але на расчараваннях важна не зацыклівацца. Трэба браць іх на ўзбраенне, класці ў багаж і рухацца далей. Падобныя перажыванні ўласцівыя ўсім людзям. У выніку ты або зламаешся, так і будзеш сядзець расчараваным, або выйдзеш на нейкі іншы ўзровень.

Значыць, дэпрэсіўны стан — гэта не пра вас?

— Ведаеце, калі рэпеціруем, мне кажуць, што я проста неўтаймоўны аптыміст. На самай справе здараюцца і дэпрэсіі, асабліва зімой. Напэўна, усё гэта залежыць ад прыроды.

Памятаю, на адным з першых Оn-line, якія Купалаўскі тэатр ладзіў падчас «Панарамы», вы выходзілі амаль у кожным эпізодзе. Гэта быў нейкі неверагодны феерверк. Проста пырскі шчасця на публіку ляцелі. Здавалася, вы можаце ўсё, і чым больш, тым лепей. Вам насамрэч заўсёды мала работы?

— Дагэтуль замала. Я, мабыць, больш, чым хто-небудзь іншы, выпрошваю сабе працу. І калі яе зашмат, калі не стае моцы, я стагну, але адчуваю сябе самай шчаслівай на свеце.

Таму ўзніклі «Спектакль №7», «Піць, спяваць, плакаць» з Яўгенам Карнягам і Кацярынай Агароднікавай? Работы ў Купалаўскім тэатры не хапае?

— А мне і гэтага не хапае. Здаецца, у акцёра наогул не павінна быць вольнага часу. Не думаю, што рытм, які б мяне задаволіў, у Беларусі ўвогуле магчымы. Таму не лічу сябе надта запатрабаванай.

Як склаліся адносіны з кіно?

— Пакуль што на «вы». А галоўнае, хочацца, каб і ў кіно і ў тэатры рэжысёры заняліся пошукамі. Знайшлі на гэта час. Думаю, урэшце ўсе б толькі выйгралі і мелі грандыёзны поспех. Можна ставіць адзін спектакль на год, але такі, каб насамрэч у тэатр немагчыма было трапіць.

У вас ёсць любімыя ролі?

— Шчыра кажучы, не ведаю. З многімі сваімі работамі зараз нязгодная, разумею, што так іграць было нельга ні ў якім разе. Затое ёсць любімыя спектаклі: «Піць, спяваць, плакаць», «Спектакль №7», «Тranslations», «Не мой».

Малавата ў сухім астатку атрымліваецца.

— Так. Але гэта пытанні да мяне самой. Дарэчы, вельмі хачу, каб у нас паставілі Пушкіна. Мяне прыцягвае роля Бланш у «Трамваі "Жаданне"». Хацелася б сыграць Абломава, але, на жаль, ён мужчына.

Дазваляеце сабе існаваць пад уяўным купалам, напоўненым паэзіяй, музыкай, мастацтвам?

— Я такі купал будую — дарэчы, гэтую задачу паставіла перад сабой даўно. Абараняюся, іншымі словамі.

Ёсць свет, і ёсць свет мастацтва?

— Я іх не раздзяляю. Іду па вуліцы, еду ў аўтобусе, назіраю за людзьмі, за тым, што яны робяць, і разумею: гэта ж мастацтва! Сябры распавядаюць, што з імі адбываецца ў жыцці або на працы, а я думаю: гэта ж кніга. Кіно можна здымаць. Усё насамрэч узаемазвязана. Мастацтва і ёсць погляд праз індывідуальную прызму на свет, на рэчаіснасць, на тое, як мы існуем, з якім настроем усё прымаем. Дар — гэта калі ты можаш усё, што навокал, нейкім чынам узнавіць, рэпрадуктаваць. Тады і сілы, і жаданне — усё знаходзіцца. Такіх людзей у Беларусі вельмі шмат.

Што прычыняе вам боль?

— Думаю, пакуль такога болю, пра які варта казаць, у мяне не было. Дробныя крыўды, нават здраду — усё гэта можна вытрымаць. Але што робіць чалавека няшчасным? Вядома, хваробы блізкіх...

А што прыносіць радасць?

— Проста ўсялякая драбяза. Вось дом у вёсцы купіла, радасці хапіла на паўгода.

Якім вам хацелася б бачыць Купалаўскі тэатр пасля рамонту?

— З утульным, правільна зробленым — са сцэнай — рэпетыцыйным пакоем. З танцавальнымі і спартыўнымі заламі. Калі мы ставім спектаклі з вакалам і харэаграфіяй, важна займацца гэтым пастаянна. Вялікае значэнне мае магчымасць творчага росту. Гэта калі ты судакранаешся з рознымі тэатральнымі сістэмамі, а не проста працуеш з адным рэжысёрам, калі ў рэпертуары — самыя нечаканыя пастаноўкі, розных жанраў і накірункаў, з розным спосабам акцёрскага існавання. Так хочацца ўзняць той мастацкі пласт, калі ў тэатры яшчэ працавалі Барыс Платонаў і Лідзія Ржэцкая. Мне здаецца, што старыя традыцыі па-наватарску можна ўвесці ў дзень сённяшні. Карыстацца імі. Бо спектаклі тыя — не вінтаж, а сапраўдныя шэдэўры.

Чым канкрэтна так захапляюць карыфеі-купалаўцы?

— Яны надзвычай свабодныя. Выразныя, яркія і вельмі сучасныя. Усё робяць з надзвычайнай лёгкасцю. Узрушаюць дэталі, падрабязнасці акцёрскага існавання і ашаламляльныя характары. У сучасным тэатры адсутнічае школа пераўвасаблення. Вельмі даўно, яшчэ ў Акадэміі, чулі, што такое бывае.

Хто з цяперашніх купалаўцаў блізкі да таго, на што былі здатныя яны?

— Людзі, якія трапляюць сюды, гэтым апанаваныя. У нас вельмі добрыя акцёры, таму блізкія літаральна ўсе.

Сёння ніхто не ведае, якім Купалаўскі тэатр акажацца пасля рамонту. Але тое, што ён будзе іншым, зразумела ўсім. Мы з вамі ўзялі на сябе смеласць і пафантазіравалі. Нібыта «купалавец» — медаль назаўжды.

— Так, бо цалкам іншым гэты тэатр ніколі не стане. Я спадзяюся.

Людміла ГРАМЫКА