Кіно як вечны рухавік

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Кароткі метр на «Cinema Perpetuum Mobile»

/i/content/pi/mast/54/913/19.jpg
 «Хто застанецца даўжэй». Рэжысёр Грэгорыа Мура (Іспанія).
Ідэя вечнага рухавіка хвалявала людзей з часоў Сярэднявечча. На жаль, зрабіць механізм, які б рухаўся бясконца, перашкаджаюць першы і другі законы тэрмадынамікі. Але недасягальная ідэя натхняе вынаходнікаў больш, чым тая, якую можна проста рэалізаваць. Для членаў нефармальнага аб’яднання kinaklub.org падобным арыенцірам, які знаходзіцца па-за даляглядам сярэднестатыстычнага спажыўца кінапрадукцыі, з’яўляецца любоў да кінематографа. Самі ўдзельнікі суполкі называюць сябе хворымі на кінаманію.

У сусветнай традыцыі кінаклубнага руху ёсць прыклады, калі на агульных праглядах і абмеркаваннях фільмаў вырастала новае пакаленне кінематаграфістаў. Такую ж звышзадачу паставілі перад сабой беларускія энтузіясты — іх дзейнасць не абмяжоўваецца лекцыямі перад чарговым паказам. Аляксандр Мартынюк, адзін з заснавальнікаў суполкі, стаў ініцыятарам стварэння кінакааператыва — аб’яднання на прынцыпах узаемадапамогі і самаарганізацыі для здымак аматарскіх фільмаў. Наступным крокам у засваенні прасторы кінамастацтва зрабілася правядзенне міжнароднага кінафестывалю «Cinema Perpetuum Mobile», які прайшоў у Мінску ў сярэдзіне студзеня.

Фармат кароткаметражнага кіно быў абраны арганізатарамі невыпадкова — менавіта ён дазволіў сумясціць незалежны дух маладых кінааматараў, міжнароднае супрацоўніцтва і асветніцкую накіраванасць клуба.

Размах фестывалю ўражваў: аргкамітэт атрымаў 197 прац з 35 краін свету, у конкурс увайшло 37 стужак, а ў рамках пазаконкурснай праграмы можна было пабачыць яшчэ 43 кароткаметражкі. Геаграфія паказаў таксама аказалася шырокай — на працягу шасці дзён былі задзейнічаны сем пляцовак.

Кароткі метр часта робіцца першай прыступкай кінематаграфічнай кар’еры — на фестываль прыйшло шмат выпускных студэнцкіх прац, пераважна з Расіі. Але малая форма не абавязкова значыць, што аўтар толькі скончыў ВНУ — тэндэнцыяй фільмаў, дасланых з еўрапейскіх краін, стала іх заглыбленасць у вострасацыяльныя праблемы. Невялікая працягласць стужак дае магчымасць рэжысёру эксперыментаваць з выявай, пераходзіць межы, набліжаючыся да відэаарта, што нельга ажыццявіць у фільме, даўжэйшым па хронаметражы.

Назва фестывалю была адмыслова звязана з вечнасцю — арганізатары імкнуліся звярнуць увагу гледачоў на тое, што ў кіно, як і ў іншых відах мастацтва, «вечнае» перастала быць актуальным, а папулярнасцю карыстаецца «аднаразовае» і «перапрацаванае». Але ўдзельнікі абверглі гэтую тэзу, прадставіўшы на «Cinema Perpetuum Mobile» інтэлектуальнае і цікавае кіно.

Пазаконкурсныя паказы пачаліся з дакументальных стужак, якіх, нечакана для арганізатараў, было шмат даслана для ўдзелу ў фестывалі. Аўтарскае дакументальнае кіно больш філасофскае, чым ігравое, бо жыццё заўсёды больш разнастайнае, чым фантазія адной асобы. Сярод гісторый, якія дэманстраваліся ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, — расповеды пра чалавека, якога выпусцілі з турмы на тры дні («Тры дні свабоды» Лукаша Бароўскага, Польшча), і пра жыццё кіргізскіх старых («Дарога да Меккі» Асель Жураевай, Кыргызстан), а таксама зборнік стракатых эцюдаў пра сталіцу («Мінск ад захаду да світанку») ад беларускіх рэжысёраў-пачаткоўцаў.

Мінскі гарадскі палац дзяцей і моладзі быў абраны для маладзёжнай секцыі. Большасць рэжысёраў вырашылі паказаць уласную штодзённасць, але былі і працы, дзе разгортваўся драматычны сюжэт. Фільм «Шчаслівы дожджык» Мінскай кінашколы — летняя замалёўка пра хлопчыка, дзяўчынку і дзьмухаўцы — быў зроблены на «дарослым» узроўні. Паказ стужак зусім юных удзельнікаў арганізавалі разам з праграмай анімацыйных стужак. Сярод іх былі і філасофскія прытчы, і эксперыментальныя працы (стылізацыя малюнкаў пад палотны малых галандцаў — «Жыла-была мама» Ганны Арцем’евай, Расія), і разлічаныя на дзіцячую аўдыторыю сацыяльныя ролікі (стужка «Хто застанецца даўжэй» Грэгорыа Мура, Іспанія).

У межах фестывалю прайшоў паказ-лекцыя пра беларускі андэграўнд 1980-х гадоў. У гледачоў, якія наведаліся ў Музей кіно, з’явілася магчымасць дакрануцца да культурнага пласта, які яшчэ зусім нядаўна быў бурлівай штодзённасцю беларускага мастацтва. Менавіта ў Мінску 80-х зарадзілася такая з’ява, як «изустное» кіно — сёння яно ўжо трапіла на старонкі кінематаграфічных слоўнікаў. Удзельнікі фестываляў, якія праходзілі ў 1990-я ў Мінску, распавялі пра творчую атмасферу таго часу. Дапамагчы аўдыторыі прасякнуцца духам неспакойнай эпохі дапамагла дакументальная стужка Юрыя Ігрушы «Падземка», якая адлюстравала частку са зробленага творцамі ў відэаарце, паэзіі і ў «изустном» кіно.

Яшчэ адна з пляцовак спатрэбілася для паказаў карцін з фестываляў, якія сталі партнёрамі «Cinema Perpetuum Mobile»: у кінатэатры «Rubin Plaza» можна было пазнаёміцца з відэаартам ад аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх фэстаў «CologneOFF» (Германія) і незалежнымі аўтарскімі кароткаметражнымі стужкамі «Quest Europe» (Польшча).

Конкурсная праграма дэманстравалася ў Палацы мастацтва і Нацыянальным мастацкім музеі. Паміж фільмамі ішла напружаная барацьба: кароткі фармат прадугледжвае моцную сканцэнтраванасць ідэй у невялікім прамежку часу. Адзначаючы высокі ўзровень прац, члены журы прызнаваліся, што выбраць «самыя-самыя» было складана.

Заяўленыя намінацыі дазволілі вызначыць лепшыя інтэрпрэтацыі вечных тэм. Perpetua historia (вечная гісторыя) распавяла пра вандроўку адной сям’і ў 1937 годзе не проста за 101-ы кіламетр, але ў прастору недазволенага — з мэтай ахрысціць сваё дзіця. У «забароненай» прасторы ўсё скрыўлена, і людзі ўжо не «таварышы», а «сведкі». Хоць «1937» Светазара Галаўлёва (Расія) — не пра вымушанае вечнае паўтарэнне гісторыі, а пра канкрэтныя абставіны, адпаведнасць намінацыі заключаецца ў тым, што ў нашых паводзінах мы заўжды падпарадкаваны гістарычным рэаліям.

Вечнымі сапернікамі — Perpetui adversi — сталі падлеткі з фільма «Пляцоўка для гульняў» ізраільскага рэжысёра Элада Прыма. Часам псіхолагі кажуць, што ў дзяцей жорсткасць можа быць нават большай, чым у дарослых. Хлопчык у фільме забівае чалавека. Рэжысёр ставіць пытанне не пра тое, чаму хлопчыкі маюць доступ да зброі, а — чаму людзі не думаюць пра шкоду, якую яны могуць нанесці іншым? З якой прычыны інфантыльнасць становіцца апраўданнем для дзеянняў, апраўдаць якія нельга нічым?

Назва іспанскага фільма «(En)terrados» (рэжысёр Алекс Лора) перакладаецца як «тыя, што жывуць на дахах». Няшмат людзей могуць дазволіць сабе свабоду існавання пад адкрытым небам — таму нядзіўна, што стужка перамагла ў намінацыі Perpetua libertas (вечная свабода). Пошук жылля — праблема інтэрнацыянальная, як і разбурэнне жылых будынкаў дзеля будаўніцтва чарговага бізнес-комплексу. Калі для чалавека не застаецца месца ў горадзе, парадаксальным чынам ён стварае ўласную прастору па-над той, якую захапілі карпарацыі, — на дахах.

У намінацыі Perpetuus amor (вечнае каханне) адзначаны фільм брытанскага рэжысёра Бена Сопера «Начная школа». Нягледзячы на тое, што на экране прысутнічалі шэкспіраўскія жарсці, скончылася ўсё хэпі-эндам.

У намінацыі Perpetuum mobile перамог анімацыйны фільм з такой жа назвай — гэта здаецца нават заканамерным і сугучным алхімічным ідэям пра сімвалічныя падабенствы. Польскі рэжысёр Агнешка Буршчэўска распавяла гледачам прытчу пра вынаходніка вечнага рухавіка: ніякая справа не будзе расці і развівацца, калі не ўкласці ў яе душу.

Perpetua ars (вечнае мастацтва) было прадэманстравана ў карціне «Сцэна» французскага рэжысёра Стэфана Русліна. Назва адсылае нас да тэатра, але дзеянне і структура фільма разгарнулі перад гледачом прыроду кінематографа. Рэжысёр выкарыстаў закальцаванасць сюжэта і выявы і ў той жа час стварыў адчуванне асколачнасці. Падарваўшы лінейнасць, ён прывёў нас да калапсу дзеяння. Гэты фільм мог прэтэндаваць на перамогу і ў намінацыі Perpetuus amor: трагедыя адносін — невычэрпная крыніца натхнення творцаў.

Павесці за сабой натоўп можа толькі Perpetua idea — такой яна аказалася ў стужцы «Зграя» Асьера Альтуна. Што ж патрэбна ўдзельнікам гэтага натоўпу? Напэўна, рухацца наперад — з шэрага горада ў зялёныя джунглі. Вырвацца на свабоду з урбаністычнага запаведніка бывае складана і часам немагчыма, але знаходзяцца людзі, якія не развучыліся клікаць нас з сабой туды.

Пераможцай у намінацыі Perpetua vita стала дакументальная стужка «Па вобразе і падабенстве...» (рэжысёр Мікіта Ціханаў-Рау) — відавочна, рэалізм дакументальнага кіно бліжэй да жыцця. Галоўны герой Ісус (сам ён просіць ставіць націск на першы склад) працуе ў ліфце, дзе праводзіць большую частку свайго жыцця. Паміж іншым ён кажа пра ўласную мару — вандраваць, але ўсе грошы ідуць на выплаты па іпатэцы. Гэта новае ўвасабленне старога гогалеўскага вобраза маленькага чалавека. Агортвае шчымлівае пачуццё, калі гледачы разумеюць: ліфт — метафара нашага існавання, а летуценні абмежаваны жорсткай рэчаіснасцю.

Гран-пры атрымалі «Вялікія скачкі» іспанскага рэжысёра Котэ Камача. Незвычайнай, шакуючай стала ідэя фільма: чалавек прагне нажывы, нягледзячы на трагедыі, якія адбываюцца побач. На пачатку скачак аказваецца, што ўсе жакеі павешаны на старце, але коні бягуць без наезнікаў — і вось ужо людзі назіраюць за забегам, быццам нічога не здарылася. За сюжэтам, які проста перадаць словамі, стаіць складанае кінематаграфічнае ўвасабленне — камбінаванне архіўных здымак, камп’ютарнай анімацыі і звычайных кадраў. Журы аддала перавагу фільму за складанасць і формы, і зместу.

Арганізатары дасягнулі ўсіх мэт, якія былі пастаўлены перад форумам, — звярнуць увагу на некамерцыйнае кіно, паказаць лепшую сусветную кінапрадукцыю і папулярызаваць беларускія стужкі. Айчынныя карціны можна было ўбачыць як на пазаконкурсных праглядах, так і ў конкурснай праграме, куды ўвайшлі чатыры кароткаметражныя кінатворы. У спецыяльнай намінацыі «Лепшы беларускі фільм» было адзначана «Змярканне» Арцёма Лобача (сур’ёзную канкурэнцыю яму стварала «Belarusization» Аляксея дэ Бронхэ). Карціны-пераможцы будуць дэманстравацца на міжнародных фестывалях, якія згадзіліся аказаць падтрымку «Cinema Perpetuum Mobile». Гледачы ж далучыліся да якаснага і рознабаковага сусветнага кіно ў яго кароткім фармаце. Вечны рухавік кароткаметражнага кіно запушчаны — і мы спадзяемся на яго трывалае вяртанне на беларускія экраны.

Ліна Мядзведзева