«Талаш»: ад кінапрадукту да кінатвора

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Тэлеверсія коласаўскай «Дрыгвы»

/i/content/pi/mast/54/911/15.jpg

«Талаш». Сцэна з фільма.

У лістападзе-снежні мінулага года ў медыях завіравала дыскусія наконт перспектыў айчыннага кіно. Дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч і міністр культуры Павел Латушка даводзілі да ведама грамадскасці новыя заканадаўчыя каардынаты, якімі з бягучага года будзе вызначацца творчая і вытворчая палітыка нашай кінаіндустрыі. Дэкларацыі змяніліся, так бы мовіць, рэальным кіно. У студзені на тэлеэкране адзін за адным адбыліся два прэм’ерныя паказы чатырохсерыйных фільмаў — «Усё, што нам патрэбна» (АНТ) ды «Талаш» (Беларусь-1). Кажучы прадзюсарскім слэнгам, абодва можна маркіраваць як прафесійны кінапрадукт, што не саступае шматлікім расійскім ці ўкраінскім аналагам. А «Талаш», зняты па матывах аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», наогул дае падставы для разважанняў пра нацыянальнае кіно і мастацкі код.

У свой час Якуб Колас адмовіўся ад прапановы кінематаграфістаў зрабіць сцэнарый паводле ўласнай аповесці «Дрыгва». Праз паўстагоддзя за экраннае ўвасабленне літаратурнага твора беларускага класіка ўзяўся Сяргей Шульга. І ён моцна рызыкаваў. Але справа тут не ў пісьменніцкім статусе Якуба Коласа. Сама аповесць магла стаць небяспечнай для стварэння экраннай версіі, бо, напісаная ў 1933 годзе, уяўляе наўмысна-спрошчаны погляд на час і на чалавека. Падзеі разгортваюцца ў перыяд грамадзянскай вайны, якая фактычна размежавала тэрыторыю Беларусі на «белую» (палякі) і «чырвоную» (бальшавікі). Якуб Колас вымушаны быў выкарыстоўваць шаблоны агітацыйнай літаратуры і па-плакатнаму просталінейна падзяліць чырвоных і белых, між якімі даводзілася шукаць уласную сцежку тутэйшым людзям. Аднак і ў гэтай сітуацыі пісьменнік здолеў выказаць і любоў да мілага «роднага кута», і гумар. А праз вобраз дзеда Талаша эцюдна акрэсліць партрэт палешука ў тым вымярэнні, якое сённяшнія навукоўцы тлумачаць як нацыянальную ідэнтычнасць: «Звычайна ён быў чалавек сталы, ураўнаважаны і разважлівы... Быстрыя цёмныя вочкі яго пазіралі ўдумліва...І занатаваў сабе: на людзях трэба быць такім жа асцярожным, як і на дрыгве: ступіш не так — і правалішся».

Відавочна, Сяргей Шульга не мог рабіць экранізацыю аповесці як прамы пераклад яе на аўдыявізуальную мову па прычыне тых самых архаічных шаблонаў. Менавіта таму гэта мусіла быць варыяцыяй на тэму «Дрыгвы», і пастаноўшчык выбраў адэкватны інтэрпрэтатыўны падыход (па матывах аповесці). Другім крокам павінна было стаць вызначэнне жанравай дамінанты фільма. Напрыклад, ён лёгка ўкладваўся ў каноны прыгодніцкай стужкі са жвавымі пагонямі, атракцыйнай стралянінай, спантаннасцю падзей, раптоўнымі ды цудадзейнымі перамогамі герояў. Аповесць насамрэч дае падставы для такога прачытання сюжэта. Аднак Шульга, спалучыўшы функцыю аўтара сцэнарыя і рэжысёра, абраў больш складаны шлях — гістарычную афарбоўку фабулы. Гэта вымагала сур’ёзнай даследчыцкай працы, кансультацый з гісторыкамі дзеля эквівалентнай рэканструкцыі прасторава-часавага кантынуума будучага экраннага твора. Мяркую, менавіта з гэтага боку крытыка будзе атакаваць стужку, тым больш што прамоўтары вызначылі яе жанр як гістарычную драму.

Коласаўскі тэкст з рэтраспектыўнымі адступленнямі рэжысёр перарабіў у лінейны аповед, дзе час рухаецца ад 1914 да 1919 года. Фільм распачынаецца ідылічнымі сцэнамі сялянскага жыцця: кляпае касу Талаш (Генадзь Гарбук), яго сыны радасна куляюцца ў адрыне; палюе на качак статны Мартын Лаза (Дзяніс Паршын), а з ім ва ўласным чоўне спаборнічае на рацэ прыгажуня Аўгіння (Анастасія Баброва). Коласаўскія пейзажныя замалёўкі замяніліся ў фільме выяўленчай пластыкай аператара Сяргея Бондарава: высокія травы, лёгкія туманы, цёмная, нібы ртуць, вада ў рацэ, таямнічае срэбра поўні. Казачны свет, дзе ўсё адладжана і прыстасавана адно да другога: чмялі і кветкі, птушкі і людзі. Тут існаванне набывае вышэйшы сэнс. Павольная экспазіцыйнасць фільма поліфункцыянальная. Яна з’яўляецца не толькі інтрадукцыяй, але і кантрастам усяму будучаму сюжэту, і камертонам адвечнага вобраза беларускага раскіданага гнязда.

«Талаш» — насамрэч не аповед пра дзеда-палешука, што стаў на чале лакальнага партызанскага руху. Фільм рэпрэзентуе гісторыю шматлікіх лёсаў, якая паступова набывае трагедыйнае гучанне і нават эпічны размах. Як сцэнарыст, Сяргей Шульга ўскладняе жыццёвыя скрыжаванні персанажаў, рашуча дапісвае сюжэтныя лініі, дыялогі і асобныя сцэны. Такі аўтарскі падыход да коласаўскага тэксту адэкватны, бо дазваляе адысці ад плакатнай стылістыкі і зірнуць на падзеі вачыма сённяшняга чалавека. Таму польскія афіцэры, бальшавікі, сяляне не выглядаюць тут казачнымі «драўлянымі жаўнерамі». Іх паводзіны і ўчынкі матываваныя жыццёвай этыкай, побытавай культурай. Міласэрнасць, літасцівасць уласцівыя і польскаму ахоўніку, які па-бацькоўску туліць арыштаванага Сымонку (малодшага сына Талаша), і галоўнаму герою, які ў любым канфліктным сутыкненні бачыць у сваім vis-à-vis перадусім чалавека — не ворага.

Навацыйна-трагедыйныя мадуляцыі сюжэта (смерці Сымонкі, цяжарнай жонкі Мартына Лазы, Саўкі Мільгуна, Сцяпана Бусыгі) дазваляюць узмацніць гуманістычны пафас фільма. І акцэнтаваць глыбінны жорсткі канфлікт перш за ўсё паміж сваімі-тутэйшымі, што кідаюцца па паратунак то ў адзін бок, то ў другі. У гэтым сэнсе цэнтраімклівым з’яўляецца вобраз Сцяпана Бусыгі (Павел Харланчук). Заможны селянін, па намёках — бастард (пазашлюбны сын мясцовага пана), ён ад самага нараджэння ўцягнуты ў гульню з уласным лёсам. У гэтым небяспечным спаборніцтве ганарысты, рашучы, жорсткі Бусыга імкнецца атрымаць перамогу, але ў рэшце рэшт страчвае стрыжнявы сэнс існавання — калісьці вынаходліва адваяваную каханую Аўгінню і дзяцей — і гіне амаль па-кафкіянску.

Вобраз Талаша ў фільме знакавы. Ён атаясамліваецца з ідэяй самаабароны дзеля ўсталявання міру і ладу на сваёй зямлі. Такі ж знакавы і выканаўца ролі Талаша — слынны беларускі акцёр Генадзь Гарбук, якога кіназнаўцы даўно ўспрымаюць як эталоннае ўвасабленне нацыянальнага характару. Сапраўды, яго твар на экране — самадастатковы маўклівы аповед.

Наогул фільм густа населены персанажамі. Пастаноўшчыкі далі гледачу рэдкую раскошу ўбачыць беларускіх акцёраў у поўным выканальніцкім спектры: ад пратаганістаў да статыстаў, ад сталых майстроў нашай тэатральнай сцэны (Генадзь Гарбук, Аўгуст Мілаванаў, Генадзь Аўсяннікаў, Аляксандр Ткачонак) да новай сучаснай генерацыі — Павел Харланчук, Віталь Краўчанка, Валерый Зяленскі. Трэба заўважыць, што галоўныя выканаўцы дакладна падабраныя па тыпажы. І калі ўвасабленне мужыкоў ды бальшавікоў — справа больш звыклая для нашых акцёраў, то стварэнне на экране нехадульнага польскага афіцэра вымагае прафесійнага напружання. Вобраз маладога капітана Збігнева Длугошыца (Віталь Краўчанка) якраз адпавядае сакраментальнаму «Веру!» па Станіслаўскаму. Акцёр не толькі вонкава (афіцэрская выпраўка, кіраванне канём), але і знутры (праз мову, светаадчуванне) выбудаваў аснову ўласнай ролі.

Калі сюжэтная распрацоўка «Талаша» пэўным чынам выпраўляе хібы літаратурнай першакрыніцы і задае новыя каардынаты асэнсавання мінуўшчыны, то рэжысура застаецца даволі фармальнай — асабліва ў апошніх дзвюх серыях. Рэжысёр Сяргей Шульга, так бы мовіць, саступае пазіцыі сабе як сцэнарысту. Аздобіўшы фільм закадравым каментаром — голасам ад аўтара (чамусьці па-руску), рэжысёр імкнецца надаць няспыннасць экраннаму аповеду і пераадолець аўтаномнасць сцэн-эпізодаў. Але яны, быццам дзіцячыя кубікі, у кожнай новай серыі ўсё менш шчыльна прылягаюць адзін да аднаго, што робіць наратыўную канструкцыю фільма раздробленай.

Акрамя таго, рэжысёр быццам перакладае ўвесь цяжар на плечы выканаўцаў, што небяспечна для масавых сцэн, якія ў такім выпадку выглядаюць тэатральна-самадзейнымі. Акцёры старанна працуюць у кадры, але агульная статыка большасці мізансцэн выклікае эфект дакучлівага астыната і выкрывае штучнасць павільённых здымак. З іншага боку, пленэр — зімовы лес, што з’яўляецца цэнтральным месцам падзей другой, трэцяй і чацвёртай серый, таксама прадстаўлены на экране ў сваёй аголена-скаванай пластыцы і... неспадзявана «гучыць» ва ўнісон. Такая сціснутасць прасторы, няспешнасць руху якраз і адпавядаюць тэмпераменту беларуса — натуры пераважна павольнай ды замкнёнай. Дарэчы, Якуб Колас у аповесці так і характаразуе Талаша: «Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна і планы свае выношвае доўга».

Вядома, па ходзе карціны ўзнікаюць дынамічныя ўсплёскі згодна з разгортваннем асобных сюжэтных ліній, аднак яны не ўплываюць на агульны замаруджаны тэмп стужкі. Для тэлевізійнага фільма павольнае разгортванне аповеду арганічнае, калі не сказаць кананічнае. Але тады патрабуецца значна большая колькасць серый. «Талаш» жа відавочна «ўсечаны» да чатырох. Адпаведна такому бюджэту мінімалізаваныя дэкарацыі, рэквізіт, строі. Гэта візуальная сціпласць часткова кампенсуецца моўным поліфанізмам карціны: палешукі гутараць па-беларуску, палякі размаўляюць па-польску, бальшавікі — па-руску. Такі аўдыяход настойліва распрацоўвае ў сваіх кінастужках Андрэй Кудзіненка. І гэты вельмі істотны сэнсава-мастацкі прыём, здольны раскрыць сюжэтную герметычнасць кінакарціны і расхінуць да маштабаў «нацыянальнага космасу», лагічна лёг у аснову вобразнай архітэктонікі стужкі «Талаш».

Пры відавочных праліках рэжысуры, недакладнасцях мастака-пастаноўшчыка (напрыклад, неадпаведнасць гістарычнаму часу экіпіроўкі польскіх афіцэраў), трывіяльнасці фанасферы, фільм «Талаш» — больш чым так званы якасны кінапрадукт. Аўтары рушылі ў бок нацыянальнага экраннага мастацтва, якое нарэшце павінна пачаць сістэматычна распавядаць пра нас, беларусаў, наш лёс і культуру на нашай мове. Маецца на ўвазе не толькі лінгвістычны аспект, але і больш важная задача — стварэнне выразнага экраннага партрэта беларуса і Беларусі. І рабіць гэта трэба так, каб фільмы набывалі адметныя пазнавальныя рысы, а звычайны глядач мог адрозніць менавіта айчынныя стужкі ў шэрагу аналагаў расійскага ці ўкраінскага паходжання.

У такім сэнсе «Талаш» — гэта, зразумела, далёка не «ўсё, што нам патрэбна». Але тое, на што мы пакуль здольныя на ніве нацыянальнага ігравога кіно.

 Наталля Агафонава