Трупа еўрапейскага ўзроўню

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Маё глыбокае перакананне: опера -- гэта найперш тэатр. А не канцэрт у касцюмах. У эпоху бурнага развіцця візуальных мастацтваў нельга адмаўляцца ад тых сродкаў і магчымасцей, якія вельмі моцна ўздзейнічаюць на гледача. Таму як рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра я імкнуся, каб удзельнікі опернага спектакля валодалі якасцямі драматычных акцёраў.

Сёння Нацыянальны тэатр оперы знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Капітальны рамонт будынка -- справа неабходная, але мы пастаўлены ва ўмовы не развіцця, а выжывання. Для таго, каб спектакль мог натуральна скласціся, неабходна пэўная колькасць сцэнічных рэпетыцый. Калі ў будынку на вуліцы Матусевіча рэпеціруе аркестр -- значыць салісты і хор ужо не могуць працаваць на сцэне.

 /i/content/pi/mast/4/91/Trupa1.jpg
 "Баль-маскарад" Д.Вердзі. Г.Гур'ева (Аскар), С.Франкоўскі (Рычырд).

Прыстасоўваючы спектаклі да магчымасцей Дома афіцэраў, даводзіцца змяняць мізансцэны, будаваць іх з улікам меншай пляцоўкі. Пры гэтым рэжысёру шмат пра што трэба думаць. Напрыклад, пра агульную кампазіцыю сцэны. Пра суадносіны гукавой і сцэнічнай прасторы. Сцэнаграфія спектакля -- пры мінімальных выдатках -- павінна быць і годнай, і адначасова мастацкай.
Касцюмаў, якія шыюцца для прэм’еры, звычайна мінімальная колькасць. Выкарыстоўваецца той касцюмны запас, які мае тэатр. Каб «апрануць» пэўную оперу, мы збіраем касцюмы з трох-чатырох спектакляў блізкага стылю ці часу.
Увогуле выдаткі на пастаноўку класічнай «поўнаметражнай» оперы не могуць быць маленькімі. Вазьміце касцюмы. Трэба апрануць хор, які складаецца з 60-70 чалавек. Калі тры дзеі, хор пераапранаецца тройчы. Гэта ўжо каля двухсот касцюмаў. А калі яны гістарычныя?.. А яшчэ трэба апрануць тры склады салістаў. Артысты часам абураюцца, што мы вымушаны шыць адну камізэльку альбо адну спадніцу на траіх.
Кажуць, скупы плаціць двойчы, і гэта сапраўды так… Бо калі некалі тэатр знайшоў магчымасць пашыць шыкоўныя касцюмы, дык яны паспяхова выкарыстоўваюцца дзесяцігоддзямі. Як, напрыклад, касцюмы да «Царскай нявесты», пастаўленай амаль 50 гадоў таму. Оперны касцюм патрабуе ведаў гістарычнага адзення. Гэта унікальныя веды і навыкі! Але тэатр не можа карыстацца паслугамі лепшых мастакоў па касцюмах.
Не так даўно ў Рызе давялося паглядзець шэраг спектакляў Латвійскай оперы. Пастаноўка адной з апошніх прэм’ер -- «Травіяты» -- каштавала 100 тыс. еўра. Такія сумы дазволіць сабе не можам. Але, як прызналася кіраўніцтва тэатра, гэта не самы дарагі іх спектакль. У Латвіі існуе шмат фондаў, якія дапамагаюць тэатрам. Усім выгадна! Грошы, укладзеныя спонсарам, не абкладаюцца падаткам. Але і тэатр не плаціць падаткі з гэтай сумы. І дзяржаве не трэба шукаць грошы…
Ёсць намер падтрымліваць з Латвійскай операй больш цесныя кантакты. У Еўропе існуе практыка: два тэатры дамаўляюцца па чарзе карыстацца сцэнаграфіяй і касцюмамі аднаго спектакля. Для кожнага тэатра так аказваецца танней. Спектаклі, якія давялося паглядзець, сведчаць пра высокую музычную культуру. Рыжская опера развіваецца ў суперсучасным напрамку. Гэта датычыць найперш рэжысуры і сцэнаграфіі.
Умовы беднасці, а калі дакладней, дык жабрацтва, у якіх існуе наш тэатр, не прадугледжваюць з’яўлення геніяльных пастановак і найвысокіх мастацкіх здзяйсненняў. Таму, усведамляючы сітуацыю, пачалі выпускаць шмат спектакляў.

 /i/content/pi/mast/4/91/Trupa2.jpg
 «Чарадзейная флейта» В.А.Моцарта.
Сцэна са спектакля.

Каб вакалісты мелі неабходны трэнінг, каб яны набывалі новыя акцёрскія навыкі, якія спатрэбяцца тады, калі мы атрымаем сучасную, абсталяваную па апошнім слове сцэну і адпаведныя грошы на пастаноўкі. Каб былі гатовыя да спектакляў іншага ўзроўню і іншай якасці. Вельмі сур’ёзная задача -- рыхтаваць тэатр да «ўваходзінаў» у новы будынак!
Адно з глабальных пытанняў тэатра оперы -- рэпертуар. Якім чынам ён фарміруецца? Вядома, ёсць назвы, якія марыць мець на афішы кожны тэатр. Але мы залежым ад таго, колькі грошай выдаткоўваецца на новыя пастаноўкі, і ад таго, ці маем склад выканаўцаў, які можа ўвасобіць пэўную оперу. Часам чую галасы: «Давайце паставім “Кальцо Нібелунгаў” Р.Вагнера! Які будзе праект!» Думаю, што зарана... І для тэатра, і для публікі. Да таго ж чыста фінансава пакуль не «пацягнем» такую махіну.
І ўсё-такі галоўныя назвы на афішы -- не тыя, якія патрэбны для выжывання, а пастаноўкі глабальныя, этапныя. Такія, як «Барыс Гадуноў», «Хаваншчына», «Кармэн», «Карміна Бурана», «Пікавая дама», «Дон-Жуан»... З опер ХХ стагоддзя -- «Кацярына Ізмайлава». Але шмат чаго не можам сабе дазволіць! Нават з сучаснай класікі няма на афішы ніводнай оперы С.Пракоф’ева.

 /i/content/pi/mast/4/91/Trupa3.jpg
"Нататкі вар'ята".  В.Кузняцова.

Беларуская оперная класіка таксама мусіць прысутнічаць на сцэне. Бо класічны твор не страчвае сваёй каштоўнасці з цягам часу... (Цікава, што ўсе оперы, напісаныя балгарскімі кампазітары, былі пастаўлены на сцэне. Найперш яны ставіліся ў Сафіі, у Нацыянальнай оперы. Але не толькі там… Адзін кампазітар напісаў дзесяць оперных партытур -- і ўсе яны пастаўлены. Але ж у Балгарыі восем оперных тэатраў! І яшчэ музычна-драматычны…)
Планы будучых пастановак даводзіцца карэкціраваць. Напрыклад, імпрэсарыё прапаноўвае вывезці на гастролі «Лючыю дзі Ламермур» Даніцэці і «Так робяць усе» Моцарта. Але ў рэпертуары гэтых опер няма. Значыць, адкласці свае планы і ставіць гэтыя спектаклі? З другога боку, тэатру трэба выязджаць за мяжу. Каб і аркестр, і хор, і салісты ўдасканальвалі майстэрства. Каб бачыць, дзе мы знаходзімся ў еўрапейскім ці сусветным «табелі аб рангах». У дадатак -- тэатр зарабляе падчас гастроляў. Мы яшчэ не можам зраўняцца ў сумах з нашым балетам, але паступова ідзе павышэнне рэйтынгу, а значыць -- і сум, якімі ацэньваюцца нашы пастаноўкі.
Плённае супрацоўніцтва з імпрэсарыё залежыць шмат ад чаго. Напрыклад, у Татарстане вялікае значэнне надаецца і оперы, і балету. Велізарныя грошы ўкладаюцца ў новыя пастаноўкі. Больш за тое! Калектыў выпраўляецца на замежныя гастролі… на самалёце прэзідэнта краіны. У суме гастрольных выдаткаў аплата дарогі -- вельмі сур’ёзны пункт. Бо оперны калектыў -- не менш за 120-130 чалавек. Вось чаму татарскі тэатр вельмі запатрабаваны імпрэсарыё.
Вядома, падчас гастроляў мы хацелі б мець іншыя ўмовы працы, мець іншых імпрэсарыё. Але яны прад’яўляюць іншыя патрабаванні і да тэатра. Напрыклад, каб ехалі аркестр і хор, але салісты -- не нашы... На такія ўмовы не заўсёды варта згаджацца, бо спевакі развіваюцца ў працэсе актыўных гастроляў.
Уражанні шматлікіх гастроляў пераконваюць, што сёння Нацыянальная опера Беларусі -- трупа еўрапейскага ўзроўню. На агульнаеўрапейскім фоне мы выглядаем не горш, а нават і лепш за многія тэатры. Па сваім творчым патэнцыяле.  А найперш -- па сваіх галасах...

                                                                                                                                      Запісала А.В.