Не здатная на дублёрства

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Любімыя ролі Веры Пола

/i/content/pi/mast/53/907/46.jpg

Паўліна Бохан. «Пяюць жаваранкі» Кандрата Крапівы.1950.

Неяк Вера Мікалаеўна Пола з гумарам распавядала, як у 1940 годзе ў Маскве падчас абмеркавання дэкаднага спектакля «Партызаны» Кандрата Крапівы купалаўцаў хвалілі за тое, што вось нарэшце маладую гераіню іграе маладая актрыса. Тады гэта было пэўным наватарствам, бо, пачынаючы з МХАТа, які стаў тэатральным заканадаўцам, і паводле ўстановак самога Станіслаўскага, ролі Гамлета, Чацкага і іншых не маглі выконваць равеснікі персанажаў — акцёры павінны былі валодаць высокім майстэрствам не па іх узросце. У «Партызанах» Вера Пола выступала ў ролі старасцянкі Кацярыны — здрадлівай і каварнай, але маладой дзяўчыны. А выканаўцы ў той час ішоў саракавы...

Фотаздымкі 20-х–30-х гадоў XX стагоддзя захавалі памяць пра Веру Пола. Статная, абаяльная, прыгожая. Такімі ж у 1920-я былі артысткі тэатра Лідзія Ржэцкая, Вольга Галіна, Ірына Ждановіч. Чым не канкурэнцыя? Але для саперніцтва падстаў не ўзнікала. Па складзе свайго дару Вера Пола — вострахарактарная камедыйная актрыса. У адрозненне ад многіх выканальніц, якія баяцца выглядаць са сцэны непрыгожымі, яна выкарыстоўвала самыя рэзкія фарбы. Актрыса з яе сакавітымі, раблезіянскімі фарбамі знаходзілася на «ўскрайку» псіхалагічна-побытавага накірунку, які панаваў у савецкім тэатральным мастацтве (і чым асабліва вылучаўся купалаўскі калектыў), а часам і пераходзіла межы. Узгадайма Агату Пустарэвіч са спектакля «Паўлінка»: з маністам абаранкаў на шыі, ва ўсім няўклюдная кабета — і ў хадзе, і ў маўленні. Не так, як «у жыцці». Усё кідка, узбуйнена, аж да гратэску.

У рамантычна-прыўзнятым спектаклі «Рамэа і Джульета», дзе на моцна напятай струне трымцела трапяткая мелодыя кахання маладых герояў, наогул малапрыкметная роля Карміцелькі — у выкананні Пола! — урэзвалася ў памяць кранальнай зямной вабнасцю. І яна не ўспрымалася дысанансавай супярэчнасцю асноўнай лініі спектакля. Наадварот — арганічна ўпісвалася, пашырала і ўзбагачала яго палітру.

Спектакль «Дзень цудоўных падманаў» (пад такой назвай ставілася п’еса Рычарда Шэрыдана) напаткаў дзіўнаваты лёс. Ён выйшаў на падмосткі «не да часу» — у разгар сталінска-жданаўскай барацьбы з фармалізмам і нізкапаклонствам перад Захадам — і акурат «падпадаў пад вызначэнне». Таму спектакль і яго рэжысёра Льва Літвінава востра крытыкавалі «з партыйных пазіцый». Пры гэтым «Дзень цудоўных падманаў» славіўся выдатным выкананнем цэнтральных роляў, карыстаўся вялікай папулярнасцю ў гледачоў. Яго гралі часта, нават эксплуатавалі, не зважаючы ні на што. Вобраз Дуэнні ўвасаблялі Стэфанія Станюта і Вера Пола. Асноўнай выканаўцай ролі была Станюта, і на яе звярталі найбольшую ўвагу. Актрыса ўражвала графічнай дакладнасцю, вастрынёй малюнка. Пола не паўтарала калегу — яна не была здатная на дублёрства. У Дуэнні яна вызначалася сваімі ўласнымі якасцямі — размашыстасцю, яркімі колерамі, і яе гераіня была не менш цікавай і годнай.

Адно з вяршынных дасягненняў артысткі прыпала на спектакль «Пяюць жаваранкі» Кандрата Крапівы. П’еса напісана ў перыяд росквіту бесканфліктнай драматургіі і асабліва выразна ўвабрала яе схемы і каноны.

...Вядзецца барацьба найлепшага з добрым. Носьбітам першага пачатку выступае старшыня калгаса Туміловіч, а другога — старшыня іншага калгаса Пытляваны. Сюжэтнай канвой паслужыла сватанне і вяселле маладых — агратэхніка Насці Вярбіцкай і брыгадзіра Міколы Вераса — адпаведна з тых жа калгасаў. Старшыні выступалі ў ролі сватоў.

Вобраз Туміловіча, чалавека ва ўсім правільнага, але схільнага да рыторыкі, увасабляў Барыс Платонаў, які сваім надзвычайным абаяннем мікшыраваў адналінейнасць і вонкавую пафаснасць персанажа. Але Туміловіч не мог пераўзысці Пытляванага (яго іграў Уладзімір Дзядзюшка) ці нават супрацьстаяць свайму праціўніку — больш каларытнаму і па-народнаму сакавітаму — у спрэчцы-барацьбе.

У спектаклі купалаўцаў, што задзейнічаў лепшыя сілы, свядома ці стыхійна адбылася пераакцэнтацыя, у выніку чаго парушылася — на карысць пастаноўкі! — драматургічная схема. Саракагадовая ўдавіца Паўліна Бохан — не з галоўных дзейных асоб твора. Вострая на язык кабета па драматургічным разліку ў паядынку двух бакоў прызначана служыць эмацыянальнай разрадцы. Але не болей. Вера Пола вывела ролю Паўліны Бохан на першыя рубяжы спектакля. Так, згодна драматургічнай пабудове, асноўнае дзеянне (як і ўвесь — больш уяўны, чым рэальны — канфлікт) звязана з прыездам сватоў і іх спрэчкай, чый калгас лепшы. Да гэтага разгортвалася экспазіцыя. Але апавядальнасць у пастаноўцы рэзка парушалася са з’яўленнем у хаце Вярбіцкіх неўгамоннай Паўліны. На падмостках усё ажыло, заіскрылася, і наступны эпізод сватання стаўся толькі працягам тэатральнай вірлівасці. А ва ўзніклай спрэчцы старшынь калгасаў Паўліна бярэ на сябе абавязкі асноўнага апанента Пытляванага, адчуваючы драматургічную хісткасць свайго старшыні Туміловіча, і выкарыстоўвае нешматлікія рэплікі па ролі гранічна поўна.

Тое ж і ў сцэне прыезду дэлегацыі Туміловіча ў калгас Пытляванага для высвятлення, чыя гаспадарка ўсё ж такі лепшая. Паўліна спачатку дзейнічае інкогніта — пад выглядам гараджанкі, а потым уступае ў бойку з праціўнікам у адкрытую.

Не ўдзельнічае Паўліна Бохан у сцэне пасяджэння ў сакратара абкама партыі, дзе канчаткова вырашаецца спрэчка паміж дыспутантамі: прайграе Пытляваны, які павышана клапоціцца пра матэрыяльны дабрабыт сяльчан, але не вельмі дбае пра іх культурны рост, пра будучыню; атрымлівае перамогу Туміловіч, які робіць наадварот. Але гэтая сцэна выйшла найбольш афіцыйнай і найменш багатай на мастацкія здабыткі.

У апошнім, чацвёртым акце спектакля, калі ўсё, як і трэба было, вырашана, ладзіцца вяселле. Франтальна на ўсю сцэну стаіць вялізны стол, за якім гуртуюцца дружыны Туміловіча і Пытляванага. Паўліна Бохан, натуральна, уваходзіць у першую з іх, і яе функцыя па драматургіі зноў жа пабочная. Але падчас тостаў, танцаў, агульнай весялосці, як і ў папярэдніх карцінах, Паўліна не губляецца ў масе. Яе зыркія пагляды, скіраваныя ў бок Пытляванага, гумарыстычна-сатырычныя рэплікі ў яго адрас асабліва западалі ў памяць. Дуэт-паядынак двух антыподаў маляўніча і ярка раскрываў прыродны талент Веры Пола.

П’еса «Пяюць жаваранкі» Крапівы, якая знаходзілася цалкам у рэчышчы эстэтыкі і патрабаванняў бесканфліктнай драматургіі, узвышаецца над плынню твораў-аднадзёнак сваёй народнай асновай. Яна шырока ішла ў тэатрах былога Саюза. Першае ж сцэнічнае жыццё атрымала ў купалаўцаў. Увасоблены ў канцы 1950 года спектакль займеў вялікі поспех. Ён чараваў сакавітасцю драматургіі Кандрата Крапівы і паэтычнай настраёвасцю, дасягнутай рэжысёрам Канстанцінам Саннікавым. Ну і, вядома ж, цэлай галерэяй бліскучых акцёрскіх прац. Спектакль быў адзначаны Дзяржаўнай (у той час Сталінскай) прэміяй, сярод яго стваральнікаў заканамерна ганаравана і Вера Пола.

У 1955 годзе «Пяюць жаваранкі» (як лепшую пастаноўку) паказалі ў Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры. І тут адбылося тое, на што неяк не звярталі ўвагі ў Мінску: камедыя Крапівы «сутыкнулася» з нядаўняй прэм’ерай тэатра — п’есай «Выбачайце, калі ласка!» Андрэя Макаёнка. У другім спектаклі сатырычна востра крытыкаваліся паказуха, лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, першы ж быў заснаваны на гэтых якасцях, прапагандаваў іх пашырэнне. У выніку «Пяюць жаваранкі» не атрымалі падтрымкі, падвергліся крытыцы. Неўзабаве пасля выступленняў у Маскве купалаўцы выехалі на гастролі ў Польшчу. Сярод паказаных там спектакляў ужо не значыўся «Выбачайце, калі ласка!», а былі «Пяюць жаваранкі» разам з «Рамэа і Джульетай». Крытыка не без сарказму адзначала, што акцёрам не па сілах узвышацца да шэкспіраўскіх паэтыкі і герояў, загразаючы ў спрэчках персанажаў наконт працадзён і іх аплаты.

Па сваім уласным горкім вопыце ведаю пра час падзей п’есы «Пяюць жаваранкі», пра гаротнае паднявольнае жыццё калгаснікаў і ўзаконеную форму прыгону праз працадні, а ўсё ж спектакль купалаўцаў працягвае салодка трывожыць душу...

Анатоль Сабалеўскі