Высокі кшталт прафесіі

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Дырэктар, даследчык, мастак

/i/content/pi/mast/53/906/45.jpg

Зімовая раніца. Папера, акварэль, каляровы аловак. 1957.

Юрый Аляксандравіч Карачун... Былы дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, якому аддаў 20 гадоў жыцця, мастак-графік, мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі — і наогул ва ўсіх адносінах цудоўны чалавек.

Ён не дажыў да свайго 80-гадовага юбілею. 27 снежня 2011-га круглую дату давялося адсвяткаваць яго шматлікім сябрам і калегам-аднадумцам: музейшчыкам, мастакам, мастацтвазнаўцам, культуролагам, грамадскім дзеячам, яго родным і блізкім. І, канешне, галоўнай падзеяй стала выстаўка твораў Юрыя Аляксандравіча, якая размясцілася ў «пераходнай» галерэі музея. Больш за 50 акварэлей, малюнкаў, накідаў, жывапісных экзэрсісаў з фондаў музея і калекцыі яго сям’і — удавы Валянціны Міхайлаўны і сына Аляксандра Карачуна — было прадстаўлена ў цудоўнай і прафесійна зробленай экспазіцыі: пачынаючы ад самых ранніх, 1940-х гадоў, — і да 1997-га, да апошніх месяцаў жыцця.

Я памятаю яго першую выстаўку 1982 года: у залах тагачаснага будынка Саюза мастакоў БССР, дзе цяпер знаходзіцца станцыя метро «Кастрычніцкая». Пасля вернісажу ён паскардзіўся на «катастрафічную нястачу часу»: «Ведаеш, Бора, вельмі хочацца сур’ёзна заняцца жывапісам ці мастацтвазнаўствам, рэалізаваць нейкія праекты ў графіцы, але што рабіць? Праца ў музеі вымагае шмат часу і сіл, хоць, па вялікім рахунку, я — як бы на сваім месцы і адчуваю, што на гэтым полі дзейнасці магу прынесці рэальную карысць нашай культуры...» Сапраўды, за 20 гадоў кіраўніцтва галоўнай духоўнай скарбніцай краіны ён зрабіў вельмі шмат. Але не забываў пра мастацтва: не маляваць Юрый не мог, хоць ніколі не прэтэндаваў на званне «вядучага майстра» ці «вядомага мастака». Ён проста ўвасабляў тое, што хвалявала ў прыродзе і ў людзях, што падабалася, што бачыў вакол сябе. І калі яму ўдавалася вырвацца на «волю» — у летні адпачынак ці на дачу ў Сухоўшчыцах, адчуваў сябе раскаваным, свабодным, а ягоная палітра налівалася чыстымі жывымі сокамі паэзіі, гармоніі, радасці, праніклівых роздумаў «пра час і пра сябе». Вось гляджу на яго акварэль «Адзінота» і ніяк не магу «ўвайсці» ў той настальгічна-журботны настрой, які тады, у час працы на натуры, авалодаў ім. Наколькі я ведаю, Юра ніколі не адчуваў сябе самотным: побач заўсёды былі сябры, жонка, мастакі, якія яго любілі, музейшчыкі, якія яго шанавалі, блізкія і далёкія калегі-музеязнаўцы з розных краін, якія яго паважалі як выдатнага арганізатара і адданага мастацтву чалавека.

Іншыя творы, што экспанаваліся на выстаўцы, былі напоўнены асаблівым сонечным святлом. Чыстыя, празрыстыя, зразумелыя любому гледачу, які шчыра любіць жыццё і прыроду. Матывы яго малюнкаў алоўкам ці фламастарам, акварэллю ці пастэллю, на першы погляд, вельмі простыя, без розных «філасофскіх», «канцэптуальных» загагулін. Але ўнутраная душэўная цеплыня твораў прымушае доўга разглядваць іх, раздумваючы пра «вялікае ў малым»... Згадваю словы Аляксандра Даўжэнкі: «Адзін бачыць лужыну, другі — адлюстраваную ў ёй зорку».

Для мяне ён заўсёды быў проста Юра. Нават калі амаль год працавалі ў адным кабінеце такой афіцыйнай установы, як Міністэрства культуры БССР, на 4-м паверсе Дома ўрада. На пасаду рэдактара мастацка-экспертнай калегіі ў 1969 годзе ён прыйшоў з выдавецтва «Ураджай», дзе быў галоўным мастаком, і мы вельмі хутка знайшлі агульную мову. Да гэтага я не быў з ім знаёмы, хоць завочна ведаў, што ёсць у Мінску такі мастак, ілюстратар і афарміцель кніг, які ў свой час заканчваў мастацкае вучылішча разам з Міхаілам Савіцкім, Леанідам Шчамялёвым, Віктарам Грамыкам і Маем Данцыгам.

Неўзабаве пасля майго адыходу на штатную працу ў апарат Саюза мастакоў, у пачатку 1970-х, Юра быў прызначаны галоўным рэдактарам — начальнікам аддзела выяўленчых мастацтваў Міністэрства культуры. Але сяброўскіх сувязей мы не перапынялі. Наадварот, нашы адносіны, не звязаныя службовымі чыноўніцкімі пастулатамі, сталі больш раскаванымі і свабоднымі. Разам часта наведвалі творчыя майстэрні. Тады, у сярэдзіне 1980-х, калі мы былі ў майстэрні Яўгена Зайцава, я намякнуў Юрыю, каб ён падрыхтаваў альбом пра жыццё і творчасць гэтага народнага мастака, члена-карэспандэнта Акадэміі мастацтваў СССР. Спачатку Юра вагаўся: ці атрымаецца? Бо мастацтвазнаўчага досведу здавалася недастаткова, хоць за плячыма былі ўжо тры альбомы па выяўленчым мастацтве. Але каб пісаць пра Зайцава, сучасніка, класіка беларускага жывапісу, патрэбны быў, як яму ўяўлялася, зусім іншы, «не рэтраспектыўны» падыход, больш жывы, «пачуццёвы», эмацыянальны. «Дык у гэтым жа і ёсць сэнс альбома, — сказаў я Юру. — Пішы пра свае ўласныя пачуцці і адчуванні ад зайцаўскага мастацтва ў адзінстве з яго няўрымслівай чалавечай натурай!»

Словам, угаварыў, і пры падтрымцы нашага агульнага таварыша, тагачаснага загадчыка рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» Генадзя Галубовіча, работа закіпела. Наколькі ведаю, сур’ёзных праблем не ўзнікала. Юра часта сустракаўся з Зайцавым і пісаў, пісаў, корпаўся ў бібліяграфіі, паралельна фатографы Георгій Ліхтаровіч і Віталь Бараноўскі здымалі ў музеях і майстэрні карціны, партрэты, пейзажы, эцюды, малюнкі мастака. І дзесьці ў канцы 1986 года ўсе матэрыялы для здачы ў набор альбома былі гатовыя. Ён паказаў іх — мне спадабалася, і я папрасіў мастацтвазнаўцу Пятра Карнача напісаць адпаведную рэцэнзію. А вясной 1988 года добра ілюстраванае манаграфічнае даследаванне Юрыя Карачуна «Яўген Зайцаў» (на пяці мовах) выйшла ў свет.

Адразу пасля выхаду альбома Юра папрасіў мяне даць яму рэкамендацыю для ўступлення ў члены Саюза мастакоў па секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства, што я з задавальненнем і чыстым сумленнем зрабіў. Хачу прывесці некаторыя фрагменты з той рэкамендацыі (яна захоўваецца ў асабістай папцы для спраў у БСМ): «Высокая ўнутраная культура, талент прапагандыста нацыянальнага мастацтва, цудоўныя веды і разуменне мастацкай практыкі здабылі Ю.А.Карачуну ўдзячнасць і аўтарытэт сярод калег — мастакоў і крытыкаў. Усяго трошкі больш шасці гадоў Юрый Аляксандравіч займаецца прафесійным мастацтвазнаўствам, але і за гэты час ён увайшоў у лік сур’ёзных даследчыкаў такіх майстроў пэндзля, як В.Бялыніцкі-Біруля і Я.Зайцаў; правёў велізарную працу па вывучэнні выяўленчай Купаліяны і Каласіяны, напісаў шэраг фундаментальных артыкулаў пра Дзяржаўны мастацкі музей БССР для бюлетэня ЮНЕСКА і каталога «Вайна грукае ў сэрца кожнага» (Заходні Берлін), пра беларускі габелен (ФРГ) і іншыя. Акрамя таго, ведаю Карачуна Ю.А. як таленавітага арганізатара музейнай справы, які вядзе мэтанакіраваную навукова-даследчую работу, як актыўнага грамадскага дзеяча, як спагадлівага і добрага чалавека...»

І гэта былі не проста абстрактныя словы, тыповыя для такога кшталту характарыстык. Ведаю, якіх турбот, сіл і здароўя каштавала Юрыю арганізацыя філіялаў музея ў Магілёве, Раўбічах і Мазыры. Пры ім рыхтаваліся да адкрыцця Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура і Дом-музей Ваньковічаў у Мінску. А яшчэ ішла работа па захаванні і рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў у Міры, Гальшанах, Лошыцы, не кажучы пра штодзённую музейную «цякучку» па каталагізацыі фондавай калекцыі, па рэдагаванні розных навуковых музейных прац і, наогул, па папулярызацыі музейных каштоўнасцей у нашай краіне і за яе межамі. І ў гэтым Карачун, які аддаў музею трэць жыцця, быў годным пераемнікам знакамітай Алены Васільеўны Аладавай — яна, дарэчы, рэкамендавала на пасаду дырэктара музея пасля сябе менавіта Юрыя Аляксандравіча, бо ведала, што ў гэтым чалавеку не памыліцца.

Яшчэ было супрацоўніцтва з тэлебачаннем, з Беларускай Энцыклапедыяй, дзе ён стаў кансультантам па выяўленчым мастацтве, з БДУ, дзе прачытаў курс спецыяльных лекцый. Помню, як Юрый радаваўся, калі быў абраны членам Беларускага нацыянальнага камітэта Міжнароднага савета музеяў (ІСОМ): ён лічыў гэты акт прызнаннем заслуг нашага музея з боку сусветнай музейнай эліты. Апошнія пяць гадоў жыцця быў яго старшынёй.

З 1977 года, калі Юра ўзначаліў музей, нашы сяброўскія і творчыя дыялогі перамясціліся большай часткай у яго — музейную — прастору, хоць сустракаліся і на вернісажах у іншых месцах, і на розных прыёмах, была і сумесная праца ў складзе экспертных саветаў і выстаўкамаў, і, канешне, на пленумах БСМ і сходах секцыі крытыкі. Аднак заўсёдная ўтульнасць яго музейнага кабінета, як і пры Аладавай, найбольш схіляла да сардэчных гутарак «пра жыццё і мастацтва». Іншым разам здзяйснялі і «паходы» па майстэрнях, праўда, больш рэдка, чым у былыя часы. Апошні такі «паход» адбыўся за некалькі месяцаў да смерці Юры: у сваёй майстэрні Паплаўскі частаваў нас цудоўным віскі з ільдом...

Аднойчы вясной 1994 года дапазна засядзеліся за бутэлькай кабернэ ў майстэрні Уладзіміра Летуна (ужо на вуліцы Сурганава, 42). Слова за слова — гаворка зайшла пра бацькоў. І Юра расказаў нам трагічную гісторыю сваёй сям’і. Аказваецца, яго бацька, журналіст, у пачатку 1930-х узначальваў аддзел газеты «Звязда». Але яшчэ задоўга да «вялікага тэрору» быў рэпрэсаваны і высланы ў Краснаярскі край. І тады маці, міжволі паўтарыўшы подзвіг жонак дзекабрыстаў, з малалетнім сынам на руках адправілася да мужа на пасяленне ў Мінусінск. Там яны і жылі да 1937-га, пакуль не грымнуў другі арышт Аляксандра Карачуна. А далей усё было проста: 58-ы артыкул, ГУЛАГ — і расстрэл. Толькі пасля ХХ партыйнага з’езда адбылася пасмяротная рэабілітацыя. Аднак да 1941 года маці Юры як жонцы «ворага народа» забаранялася пражыванне ў Мінску. Нягледзячы на гэта, яна ўсё ж пераправіла хлопчыка ў сталіцу Беларусі да сваякоў, каб ён мог хадзіць у школу на радзіме.

А тут — вайна! З апошнім эшалонам дзесяцігадовага Юрыя паспелі вывезці з палаючага Мінска ў казахскі Паўладар, дзе ён прабыў да заканчэння вайны. А праз два гады пасля Перамогі паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, якое толькі адкрылася. Першымі настаўнікамі Карачуна сталі Віталь Цвірка і Леў Лейтман, а таварышамі па вучобе — Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка, Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Генадзь Мурамцаў, Георгій і Наталля Паплаўскія. Канешне, такая «кампанія» і ў прафесійным, і ў духоўным, і проста ў чалавечым сэнсе шмат чаго дала Карачуну. Не дзіўна, што адразу пасля службы ў арміі ён паступіў у Маскоўскі паліграфічны інстытут. Пасля яго заканчэння рашыў прысвяціць сябе графіцы. Выпусціў некалькі кніг у сваім афармленні па лініі выдавецтва «Ураджай», адну з іх — «Па лабірынтах жывой прыроды» — яшчэ ў пачатку 1970-х падарыў мне. За мастацкае афармленне кніг не раз атрымліваў розныя дыпломы, а таксама бронзавы медаль ВДНГ СССР.

...Праз два з паловай месяцы пасля смерці Юрыя Карачуна, 1 верасня 1997 года, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Барыс Ельцын падпісаў Указ аб узнагароджанні Юрыя Аляксандравіча ордэнам Дружбы «за вялікі ўклад у развіццё міжнароднай музейнай справы». У пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Мінску ордэн атрымлівала яго жонка. Павінен сказаць, што для ўвекавечання памяці Юрыя Карачуна шмат чаго зрабіў яго пераемнік на пасадзе дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Іванавіч Пракапцоў...

 Барыс Крэпак