Невычэрпная энергія жанру

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Опера валодае невычэрпнай энергіяй, магіяй, яна вабіць, прыцягвае, у ёй адлюстроўваюцца актуальныя запыты часу і творчасці, духоўныя запатрабаванні грамадства. Ва ўсе гістарычныя перыяды опернае мастацтва выклікала гарачыя спрэчкі. Не выключэнне і сённяшні час, калі нацыянальная опера перажывае даволі складаны перыяд.

Тэатр павінен мець свайго гледача, быць запоўненым падчас усіх спектакляў, не толькі прэм'ерных і найбольш папулярных. Калі я працаваў у тэатры, мы шукалі розныя магчымасці прывабіць слухачоў: праз рэкламу, кантакты з рознымі слаямі насельніцтва, запрашэнне цікавых пастаноўшчыкаў... На пачатку 90-х гадоў мы мелі толькі 25% запаўняльнасці залы. «Пералом» наступіў пасля пастаноўкі «Травіяты» рэжысёрам С.Цырук, якая здолела арыгінальна інтэрпрэтаваць класічную партытуру. Ужо да 2000 г. мы паступова заваявалі глядацкі «электарат», і гадавая запаўняльнасць залы часам дасягала 90 %.

 /i/content/pi/mast/4/90/Nevycharp-energija-zhanru1.jpg
 "Джардана Бруна". Сцэна са спектакля.

Эстрада, якая сёння запаланяе эфір, адбірае ў нас гледача. Прапаганду опернага мастацтва варта весці на ўсіх узроўнях. Неабходна ствараць тэле- і радыёканалы класічнай музыкі. У многіх еўрапейскіх краінах існуюць спецыяльныя праграмы опернай, сімфанічнай, джазавай музыкі. Успомніце мудрасць -- кропля камень точыць. Кожны чалавек павінен успрымаць оперны тэатр як храм, а оперу як найвышэйшы від мастацтва.
Апроч таго, тэатру важна заўсёды трымаць гледача ў чаканні і прадчуванні чагосьці новага. Разнастайны оперны рэпертуар абумоўлівае і пастаяннае з'яўленне прэм'ер. На жаль, у бюджэце няма сродкаў, якія далі б магчымасць штогод увасобіць на сцэне 5-6 новых опер. Таму цалкам прымальная форма -- канцэртная пастаноўка оперы. Гэта шмат у чым асветніцкая праца, якая дазваляе мабільна пазнаёміць слухача з опернымі навінкамі без істотных фінансавых укладанняў.
У 90-я гады мы прапанавалі гледачу канцэртныя варыянты опер «Набука», «Турандот», «Лючыя ды Ламермур», «Паяцы», «Атэла», «Дон Жуан». У складанай эканамічнай сітуацыі гэта аказалася выдатнай магчымасцю хутка абнаўляць афішу.
Пастаноўкі былі розныя па напаўненні, але абраны «фармат» не супярэчыў мастацкаму густу. Такая практыка існуе ў многіх тэатрах Расіі і Еўропы. Так, В.Гергіеў прадставіў «Кальцо Нібелунгаў» спачатку ў канцэртным варыянце, а затым увасобіў яго на сцэне. У адным еўрапейскім тэатры «Травіяту» Д.Вердзі паказвалі і ў канцэртным выкананні, і -- наступным днём -- як спектакль.
У жыцці тэатра важную ролю адыгрывае гастрольная палітыка.
Асабліва хацелася б успомніць гастролі ў Салатурне (Швейцарыя), дзе на працягу пяці гадоў (1997 -- 2002) тэатр прымаў удзел у адным з найпрэстыжных фестываляў Еўропы «Open Air». Яго заснавальнік Дзіна Арычы, заўзяты аматар оперы, клапаціўся пра тое, каб у трупы былі ўсё ўмовы -- і тэхнічныя, і фінансавыя. На кожны фестываль мы прывозілі па 10 пастановак, штогод абнаўляючы рэпертуар. Для нас гэта была сапраўдная школа еўрапейскага майстэрства.

 /i/content/pi/mast/4/90/Nevycharp-energija-zhanru2.jpg

«Візіт дамы» С.Картэса. Н.Галеева (Клара).

сучасным грамадстве оперны тэатр з'яўляецца паказчыкам узроўню культуры. У кожнага рэжысёра ёсць свой погляд на працэс рэалізацыі музычнай партытуры. Напрыклад, таленавіты рэжысёр С.Штэйн заўсёды настойваў на дакладным прачытанні аўтарскага тэксту, музычнага і сюжэтнага. Разам з тым, сёння існуе мноства пастановак у так званым «сучасным фармаце». Думаю, калі б Д.Вердзі ўбачыў пастаноўку «Рыгалета» ў лонданскай оперы, яму было бы цікава. Дзеянне спектакля перанесена ў Нью-Йорк 1920-х гадоў, дзе адну з мафіёзных банд узначальвае Герцаг («Дзюк»), а яго слугой з'яўляецца бедны італьянец Рыгалета. У оперы не зменена ніводнай ноты, але драматызм сітуацыі, інтэрпрэтаванай нашым часам, яшчэ больш узмацняецца.
Мне здаецца, што цікавай была б і пастаноўка оперы У.Солтана
«Пані Ядвіга». Працу над гэтым спектаклем пачыналі рэжысёр В.Раеўскі і мастак Б.Герлаван.
Перакананы,
што сёння еўрапейская опера перажывае рэнесанс. Кампазітары і іх сааўтары шукаюць новыя формы ўвасаблення сваіх задум. Адна з іх -- мюзікл (як адгалінаванне оперы), прызначаны для шырокага кола гледачоў. Існуюць вельмі яскравыя прыклады, такія як «Notre Dame» або «The Phantom of the Оpera», якія маюць каласальны эфект -- і па музычным матэрыяле, і ў пастановачнай версіі.
Любячы оперу і ведаючы тэатр знутры, вельмі хацеў бы бачыць крэатыўныя змены ў беларускім оперным тэатры.
Складаная побытавая сітуацыя (рамонт асноўнага будынка), безумоўна, ім не спрыяе, але ж гэта -- часовая з’ява. Таму разважаць і вызначаць канструктыўныя шляхі пераадолення праблем неабходна сёння і на ўсіх узроўнях.

 


Сяргей КАРТЭС кампазітар, народны артыст Беларусі.
З 1991 па 2002 гг. дырэктар --
мастацкі кіраўнік
Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі.