Кіно з атмасферай мегаполіса

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Тэлепрэм’ера ад Івана Паўлава

/i/content/pi/mast/53/898/15.jpg

Алеся Пухавая (Вера), Павел Харланчук (Дзяніс Чашчын).

Глядацкія прыхільнасці і перавагі не аднойчы азадачвалі кінасацыёлагаў і кінакрытыкаў. З вялікім здзіўленнем аўтар гэтых радкоў чытаў у савецкія часы вынікі сацыялагічнага апытання балгарскай кінааўдыторыі, якую можна было лічыць ідэнтычнай айчыннай. Хто з’яўляўся галоўным аматарам фільмаў пра каўбояў або герояў, блізкіх да жанру вестэрна? Адказ напрошваецца адразу — падлеткі з іх несфармаваным густам. Нічога падобнага. Асноўны масіў фанатаў «конскіх опер» склалі працаўнікі заводаў, фабрык, будоўляў, то бок людзі, якія займаліся цяжкой фізічнай працай. Ім патрабаваласярэлаксацыя пасля працы ля станка або ў шахце.

Нечаканы вынік атрымаўся з іншай катэгорыяй гледачоў, калі мне давялося ладзіць апытанне ў маладзёжных газетах «Знамя юности» і «Чырвоная змена» (высвятляліся ацэнкі беларускіх фільмаў за 1976–1977 гг.). Рабочая гіпотэза базіравалася на тым меркаванні, што першае месца гледачы-чытачы аддадуць тэлеказцы-мюзіклу «Прыгоды Бураціна». Грунтавалася гіпотэза на рэакцыі масавага тэлегледача: ніколі на «Беларусьфільм» (і на Цэнтральнае ТБ у Маскве) не прыходзіла столькі натхнёных віншаванняў і падзяк, колькі пасля паказу «Бураціна». Паштальёны стамляліся дастаўляць мяхі з лістамі і паштоўкамі ад гледачоў усіх узростаў.

Аднак — не, на першае месца юнацкі кантынгент паставіў трохсерыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» па творах Васіля Быкава. Аналіз матывіровак паказаў: калі трэба публічна выбіраць прыярытэты, то перавага аддаецца сур’ёзнаму твору. Грамадзянскае пачуццё пасунула эмацыянальную сферу нашых рэспандэнтаў, якія палічылі, што перамога павінна належаць патрыятычнаму фільму (вынік савецкай сістэмы выхавання). Але паралельна з чытачамі-гледачамі на анкеты адказвалі і дзве кантрольныя групы. У той, якую складалі прафесіяналы (крытыкі і кінематаграфісты), назіралася салідарнасць з асноўнымі рэспандэнтамі. А вось група гледачоў з навукова-даследчых інстытутаў негуманітарнага профілю аддала перавагу «Прыгодам Бураціна». На другое месца яны паставілі «Доўгія вёрсты вайны». Такі вось глядацкі зігзаг, які тлумачыўся задавальненнем ад сустрэчы з забаўляльным відовішчам пасля разумовых галаваломак. Тут, напэўна, прысутнічала непасрэднае эмацыянальнае ўражанне без усялякіх дадаткаў.

Нарэшце яшчэ факт. Расійскі кінасацыёлаг і кіназнаўца Данііл Дандурэй лічыў, што ў ліхаманкавыя 1990-я лацінаамерыканскае серыяльнае «мыла» з яго душашчыпальнымі гісторыямі пра Ізаўру і Марыяну ратавала савецкую публіку ад нервовага стрэсу і дэпрэсіі, даючы магчымасць хоць на нейкі час забыцца пра жахі рэчаіснасці.

І гэтыя з’явы, і шэраг іншых аналагічнага тыпу згадаліся пасля прагляду чатырохсерыйнага фільма «Усё, што нам патрэбна...» («Беларусьфільм», 2011, студзеньскі паказ на АНТ, 2012). Уласныя супярэчлівыя меркаванні паспрабую выявіць праз унутраныя галасы кінакрытыка.

Я — пратэстнае. Існуюць прыклады тэлесерыялаў добрага густу, напрыклад, прыгодніцка-меладраматычны «Мяжа. Таёжны раман» расіяніна Аляксандра Міты. У ім даволі лінейная драматургія, характары спрошчаны, адна з галоўных сюжэтных ліній звязана з адзюльтэрам. Але час ад часу рэжысёр дае зразумець: мы з вамі дамовіліся, што пакажам сітуацыі звычайная, ды толькі дзеля займальнасці іх утрыруем (вы ж менавіта гэтага чакаеце!). Так і ўспрымайце, не блытайце экраннае дзеянне з рэальным жыццём.

І калі ў эпізодзе сваркі мужа і жонкі на кухне сужэнец атрымліваў скрышальны ўдар патэльняй па патыліцы, у гэтым адчувалася лёгкая іронія пастаноўшчыка. Калі ж у фільме «Усё, што нам патрэбна...» правадніца цягніка Зоя патэльняй адпраўляе ў накаўт начальніка-бабніка, думаеш: тут разлік на чыста эмацыйную рэакцыю і нічога больш. Другі эпізод. Вяроўка з мылам, «падараваная» Дзіяне Ігараўне помслівай сакратаркай як навагодні прэзент і выкарыстаная ёю з мэтай суіцыду — з таго ж прымітыўнага мастацкага арсенала: вось возьмем ды націснем на слёзныя залозы, а ў наступную секунду — бац! — і пашлем рыцара-выратавальніка! З такіх спрошчаных калізій можна нават каталог скласці. Дзіўна, што калі чытала сцэнарый Ігара Тарацько «Усё, што нам патрэбна...», гэтыя і іншыя, так бы мовіць, эстэтычныя вульгарызмы не кідаліся ў вочы. Відаць, візуальнае ўвасабленне агаляе ўсё ўмоўна-адвольнае.

Я — абараняльнае. Тэлефільм рабіўся не для гурманаў, якія акрамя аўтарскага кіно нічога іншага не прызнаюць. Масавыя густы можна не прымаць, але трэба іх вывучаць, інакш кінакрытык робіцца прафесійным снобам. Не цураюцца ж тэлевізійнага фармату і вельмі паважаныя кінарэжысёры — Глеб Панфілаў («У крузе першым»), Мікалай Дасталь («Штрафбат», «Завяшчанне Леніна»), Сяргей Урсуляк («Ліквідацыя»). Так, яны працуюць у полі рэпутацыйнага тэлекіно. Але ж яго сусветны вопыт сведчыць пра большую арыентаванасць і на кіно адаптаванае, спрошчанае — так званае рэйтынгавае. Паспрабуем прыгадаць беларускі фільм апошніх дваццаці гадоў на матэрыяле сучаснасці, які не сорамна абмяркоўваць? Няма такога. А патрэба ў карцінах пра тое, як мы жывем, — гэта наталенне глядацкай смагі. Некалькі гадоў таму сама знайшла ў інтэрнэце сімптаматычны водгук на стужку «На спіне ў чорнага ката»: глядачка паставіла ёй дзесяць балаў, матываваўшы тым, што нарэшце ўбачыла беларускі фільм не пра вайну. Запыт пэўнай часткі аўдыторыі — убачыць на экране сучаснасць. Таму трэба прыгледзецца да стужкі больш уважліва, не адкідаючы правілы тэлевізійнага фармату для масавага гледача.

Прыгледзімся. ... Чатыры пераднавагоднія дні. Пара чакання нечага незвычайнага, надзея на радаснае, вера ў цуд. У прыўзнятай і адначасова будзённай атмасферы сучаснага мегаполіса перасякаюцца гісторыі персанажаў, якія належаць да розных сацыяльных груп і ўзростаў. Генерал-лейтэнант ВПС Сяргей Наберажнаў прылятае з Расіі, каб узгадніць з беларускімі вайскоўцамі план сумесных вучэнняў і адначасова пагасціць у сям’і брата. Модны белетрыст, заваёўнік дамскіх сэрцаў Вадзім Буржэ не ў ладах з самім сабой, бо не можа вызваліцца з «палону» кніжнага выдаўца Артура. Паводзіны студэнткі-кнігаманкі Дашы, якая з юнацкім максімалізмам рэжа яму ў вочы праўду-матку (маўляў, замест аўтографа напішыце: «Мая кніга — дзярмо»), даводзяць яго амаль да прастрацыі. Бізнес-вумэн Дзіяна Арцем’ева ў пераднавагоднія дні не ў гуморы з-за вывертаў палюбоўніка, таму імгненна і без сур’ёзнай падставы звальняе супрацоўніка, выклікаючы абурэнне падначаленых. Падлетак-школьнік Максім пакутуе ад нераздзеленых пачуццяў да аднакласніцы, бо яго выбранніца бавіць час з іншым хлопцам. Спартыўны кумір хакеіст Дзяніс Чашчын правядзе апошні матч у складзе расійскай каманды, а потым — на радзіму, у Беларусь. Далейшы шлях — у Манрэаль па запрашэнні НХЛ.

Калі сабраць разам экранныя гісторыі персанажаў тэлефільма, то ў фокусе апынуцца любоўныя пачуцці ў розных варыянтах. Яны з’яўляюцца як раптоўны ўзлёт душы і як сум, што каханне не адбылося. Як чаканне і надзея на сустрэчу з суджаным ці з суджанай. Як нясталасць, зменлівасць і нават купленасць эмоцый, бо нематэрыяльныя даброты жыцця сёння — таксама тавар. Усе праявы пачуццяў падаюцца ў карціне контурна, без асаблівага паглыблення ў псіхалагічны падтэкст, амаль без нюансаў. Аднак і без «трускалак з вяршкамі», што якраз і дэманструе прафесійнае ўмельства стваральнікаў тэлефільма. Трэба аддаць належнае сцэнарысту Ігару Тарацько, які прывёў на экран рэалістычных персанажаў, што жывуць побач з намі на лесвічнай пляцоўцы або сустракаюцца ў офісах і службовых кабінетах. Прыкметы часу — і ў тварах, якія глядзяць з супервокладак шматлікіх раманаў ды глянцавых часопісаў.

Гісторыі дзейных асоб так ці інакш перасякаюцца. Гледачы сочаць за імі і як за канкрэтнымі людзьмі, што маюць уласныя клопаты, і як за жыхарамі вялікага горада з яго дзелавой актыўнасцю і пераднавагоднімі турботамі, з яго зімовай урбаністычнай прыгожасцю. Пры некаторых адчувальных «замінках» у плыні стужкі ўсё ж адзначаеш упэўненую рэжысёрскую руку Івана Паўлава, які стварае атмасферу горада. У гэтым яму дапамагаюць аператар Максім Куроўскі, мастак Уладзімір Царыковіч і кампазітар Алег Несцераў. У кожнай з чатырох серый ёсць шпацырныя эпізоды па вуліцах Мінска, так званыя паўзы, у час якіх гучаць музычныя хіты Алега Несцерава. Яны добра акампануюць настрою і стану персанажаў.

Калі б у такім шматнаселеным творы не было дакладных акцёрскіх «пападанняў», тэлефільм «Усё, што нам патрэбна...» значна зменшыў бы свой глядацкі патэнцыял. Выканаўцам прапанавана іграць у жанры навагодняй казкі з сучаснымі рэаліямі, дзе характары спрошчаны, матывацыя ўчынкаў персанажаў адвольная, дзе зло абавязкова будзе пасаромлена, а дабро ўшанавана.

Большасць акцёраў са спагадай ставяцца да чалавечага тыпу або тыпажу, які ўвасабляюць. У расійскага артыста Ягора Бяроева (Вадзім) асноўная фарба — незадаволенасць сабой і комплексы рэфлектуючага інтэлігента. Святлана Зелянкоўская (Дзіяна Ігараўна) іграе душэўна халодную «новую беларуску», што прызвычаілася ўсе складаныя справы вырашаць выключна пры дапамозе «баксаў».

Адчуваеш бясспрэчную абаяльнасць Паўла Харланчука, які сыграў спартыўнага фаварыта Дзяніса Чашчына, што пацярпеў любоўнае фіяска і ў перыяд адчаю апынуўся на самым «нізе» сацыяльным лесвіцы. Запамінаюцца Алеся Пухавая і Святлана Нікіфарава у ролях правадніц цягніка Веры і Зоі, добрых фей-выратавальніц Дзяніса.

Выклікаюць сімпатыю Кацярына Шатрова і Анатоль Кацянёў — хатняя гаспадыня Святлана і нежанаты генерал-лейтэнант (гэта ім пашчасціла і не пашчасціла запозна сустрэцца на жыццёвым шляху). Абое выканаўцы вядуць сваю «партыю» стрымана, у танальнасці элегіі. Зладжаны ансамбль — гэта моцны бок стужкі.

Чаго няма ў фільме, дык гэта аўтарскай дыстанцыі ў адносінах да ўмоўных экранных перыпетый. Мне запярэчаць: прыём «ачужэння» не ўваходзіў у эстэтычную канцэпцыю стваральнікаў карціны. На жаль... Мне здаецца, што такая мастацкая тактыка надае тэлесерыялу больш фабульнай варыятыўнасці, інтанацыйных фарбаў, сэнсавай аб’ёмістасці, хавае псіхалагічную плоскаснасць і лабавыя хады. І яшчэ. На мой погляд, не даведзены да кандыцыі трагікамічныя эпізоды: запуск навагодняй петарды і фінальныя скокі рабацяг у вагончыку, які ўзняў будаўнічы кран. Відовішчныя атракцыёны, калі яны смачна зроблены, былі б нялішнія для гэтай меладраматычнай стужкі.

Аўтары фільма «Усё, што нам патрэбна...» даслалі гледачам у займальнай абалонцы мэсідж усіх вялікіх ці невялікіх, але папулярных суцяшальнікаў у мастацтве: верце ў сваю шчаслівую зорку і рабіце дабро! Што тычыцца беларускіх кінематаграфістаў, то ім мэсідж такі: чакаем карцін, узровень якіх будзе прынамсі не ніжэй за ўзровень рэцэнзуемай стужкі. А лепей — вышэй.

Ала Бабкова