Па прынцыпе сrescendo

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Прысвечана Багдановічу

Звычайна канцэрт — гэта не толькі публічнае выступленне артыстаў па вызначанай і загадзя складзенай праграме, гэта прадстаўленне, ад якога гледачы чакаюць адкрыццяў, а часта — маленькі спектакль, што моцна ўздзейнічае на чалавечую душу. Менавіта такі канцэрт адбыўся ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, калі ў праграме гучалі творы сучасных беларускіх кампазітараў на вершы Максіма Багдановіча. Вечарына была прымеркавана да святкавання 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры і зрабілася адной з найбольш важкіх падзей філарманічнага жыцця, прысвечаных гэтай знамянальнай даце.

Акрамя шырока вядомай кантаты Вячаслава Кузняцова «Ціхія песні» (1990) прагучалі сачыненні, якія выконваюцца не часта або наогул прэзентаваліся ўпершыню: канцэрт «У краіне светлай» (2003) для тэнара і змешанага хору протаіерэя Андрэя Бандарэнкі, кантата «Ціхі вечар» (1999) для салістаў, змешанага хору, струннага аркестра і ўдарных Віктара Кісценя, а таксама два творы Аліны Безенсон — паэма «Над морам» (2011) для барытона, змешанага хору, фартэпіяна, арфы і ўдарных і араторыя «Страцім-лебедзь» (2001, 2-я рэдакцыя — 2011) для салістаў, змешанага хору і сімфанічнага аркестра. Дзякуючы прафесіяналізму і майстэрству выканаўцаў — Дзяржаўнага акадэмічнага хору (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Павел Шэпелеў) і сімфанічнага аркестра (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Чэслаў Грабоўскі) Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, а таксама салістаў Вольгі Рузінай, Святланы Даражок, Януша Нялепы, Алега Кавалеўскага — ідэя канцэрта атрымала сваё амаль ідэальнае ўвасабленне.

У якасці аўтара праекта выступіла кампазітар Аліна Безенсон. Яна вядомая як ініцыятар мноства вечарын, прысвечаных сучаснай айчыннай музыцы. У прыватнасці, дзякуючы яе энтузіязму ў Белдзяржфілармоніі ў сезоне 2009—2011 здзейсніліся шмат харавых імпрэз і цыкл аншлагавых канцэртаў «Гукі роднага краю».

Драматургія вечарыны адпавядала музычным законам і была пабудавана па прынцыпе crescendo: у кожным наступным творы адбывалася ўзбуйненне маштабнасці, пашырэнне складу выканаўцаў, узмацненне эмацыянальнага напружання. І першае, і другое аддзяленні праграмы ўяўлялі сабой нарастаючую хвалю з кульмінацыяй: ад найціхай лірычнай кантаты Кузняцова праз лірыка-драматычны канцэрт Бандарэнкі да эпіка-драматычнай паэмы Безенсон — у 1-м аддзяленні; ад лірыкі кантаты Кісценя да драматычнага пафасу араторыі «Страцім-лебедзь» — у 2-м.

Асабліва трэба адзначыць адну з прэм’ер — кантату Віктара Кісценя «Ціхі вечар», што ўспрымалася своеасаблівым адкрыццём. Кампазітар, які ў свой час атрымаў адукацыю ў такіх майстроў, як Яўген Глебаў і Вячаслаў Кузняцоў, цяпер больш вядомы прыхільнікам акадэмічнай музыкі як аўтар праекта «Канцэртная зала» на канале «Культура» Нацыянальнага радыё. У той вечар публіка мела магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Кісценя-кампазітара. Кантата, створаная на вершы Багдановіча са зборніка «Вянок», чакала свайго выканання 11 гадоў. Музычная мова сачынення ўражвала яднаннем гукавой свежасці і цеплыні, непасрэднасці эмацыянальнага выказвання. Фінал кантаты — верш-прысвячэнне Багдановіча Сяргею Палуяну, беларускаму публіцысту, празаіку і літаратуразнаўцу, што скончыў жыццё самагубствам у сакавіку 1910-га, — успрымаўся як сімвалічны. Заключныя словы твора прагучалі нібыта велічная эпітафія самому паэту: «Глянь, як зорка ў небе ляціць, усіх чаруючы светам сваім... Але ўспомніць яшчэ зорку свет, бо ў сэрцах гарыць яе след».

Гэту ідэю прадоўжыў і ўзмацніў апошні твор канцэрта, таксама прэм’ерны, — араторыя «Страцім-лебедзь» Аліны Безенсон. Як вядома, аднайменная балада Багдановіча — прыклад паэтызацыі заснаванай на біблейскім сюжэце апакрыфічнай прыпавесці, паводле якой адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга і ўступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу. Ён трагічна загінуў, бо не здолеў утрымаць птахаў, што населі на яго, ратуючыся ад паводкі. І хоць гінуў, але захаваў жыццё іншым. Гэты паварот думкі ў нечым пярэчыць старажытнай крыніцы і з’яўляецца вынікам яе паэтычнага пераасэнсавання: легенда асуджала непакорнасць Страцім-лебедзя, а Багдановіч узвысіў вобраз, прадчуваючы блізкасць падзей, якім спатрэбяцца мужныя натуры, гатовыя на самаахвярны подзвіг. У гучанні араторыі поруч з птушкай-прарочыцай узнікала постаць самога Максіма Багдановіча. Страцім-лебедзь — моцны, горды птах — сімвал яго паэзіі...

Араторыя складаецца з 10 частак — гэта маштабныя і эфектныя музычныя карціны, якія асэнсоўваюць міфалагізаваны тэкст паэта. Дзякуючы эпічнаму тыпу драматургіі, абагульненасці выказвання, а таксама выкарыстанню прыёмаў музычнай рыторыкі ўзнікаюць асацыяцыі з антычным тэатрам. Пры гэтым адсутнасць акцёрскай ігры і сцэнічнага дзеяння кампенсуецца рэльефнасцю музычных вобразаў і амаль візуальным развіццём сюжэтнай лініі ў партыі аркестра. Форма кожнай часткі дынамізуецца за кошт нарастаючага руху, больш «густога» гучання (ад празрыстага да насычанага), узмацнення экспрэсіі. Цэласнасць формы ўсяго твора забяспечваецца інтанацыйнымі сувязямі паміж часткамі, своеасаблівымі тэматычнымі аркамі (паміж уступам і VII часткай), а таксама выкарыстаннем скразных матываў і тэм (лейтматыў Страцім-лебедзя, тэма патопу). Усе гэтыя музычныя сродкі разам ствараюць адчуванне прысутнасці: слухаючы араторыю, мы нібыта трапляем у велічны храм, сцены якога распісаны цудоўнымі фрэскамі. Яднаючы розныя гістарычныя падзеі, сімвалічныя карціны ўвасабляюць мудрасць старажытнага падання і далучаюць да Адвечнага.

Іна Карпук