Для вечнага захоўвання...

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Выстава новых паступленняў. 1991–2011

/i/content/pi/mast/53/894/9.jpg

Мікалай Селяшчук (1947–1996). Люблю цябе сустракаць. Алей. 1994.

Выстаўка, арганізаваная ў Нацыянальным мастацкім музеі да 20-годдзя
незалежнасці Рэспублікі Беларусь, па-свойму ўнікальная: за ўсе гады існавання музея падобная экспазіцыя адбываецца другі раз (першая была ў 1987-м). Паказы новых паступленняў перыядычна арганізуюцца музеямі як своеасаблівыя справаздачы перад наведвальнікамі, што атрымліваюць магчымасць убачыць творы не толькі класікаў, але і сучаснікаў, прызнаныя і адабраныя спецыялістамі для вечнага захоўвання.

За апошнія дваццаць гадоў збор музея папоўніўся амаль пяццю тысячамі твораў, якія паступілі за кошт закупак Міністэрства культуры на бюджэтныя сродкі, гранты Фонду Прэзідэнта па падтрымцы выяўленчага мастацтва і культуры, у якасці дарункаў прыватных асоб, мастакоў, арганізацый, шляхам перадач з іншых музеяў і культавых арганізацый...

За гэты перыяд склаліся трыццаць калекцый самых розных кірункаў, якія адлюстроўваюць увесь спектр збіральніцкай дзейнасці музея. Паступленні — хоць і нераўнамерна — адбываліся ва ўсе калекцыі. Менш за ўсё — у фонд заходнееўрапейскага жывапісу; найлепшым чынам папаўняўся збор сучаснага беларускага мастацтва. Пачнём менавіта з яго.

За гады суверэнітэту музей атрымаў 650 твораў жывапісу (прыкладна пятая частка ўсяго сабранага раней фонду беларускага жывапісу ХХ стагоддзя) ад 194 сучасных беларускіх мастакоў. Амаль трэць з іх — 230 — падарункі 72 мастакоў. Больш за палову сяброў Беларускага саюза мастакоў могуць з гонарам сказаць, што іх карціны захоўваюцца ў Нацыянальным музеі. «Зрэз» асноўных тэндэнцый на прыкладзе прынамсі двух апошніх пакаленняў зроблены, а наколькі ўдала — вызначыць час. Вядома, што многія значныя карціны таленавітых жывапісцаў былі прададзены самімі аўтарамі ў прыватныя калекцыі краін Еўропы, Кітая, Японіі, Расіі. Жыццё ёсць жыццё. Паспець ахапіць усё пры фінансавай абмежаванасці сродкаў Міністэрства культуры не атрымліваецца. І ўсё ж музей узбагацілі «новыя імёны» — карціны 76 жывапісцаў, якія раней не былі прадстаўлены ў дзяржаўным зборы ніводным творам. Музей імкнецца падтрымліваць тэндэнцыю апошніх гадоў — перадачу ў дарунак сваіх твораў маладымі (да 35–40 гадоў) мастакамі, праўда, іх адбор адбываецца вельмі строга. У часы легендарнага дырэктара Алены Аладавай у музей прымаліся нават дыпломныя працы выпускнікоў тэатральна-мастацкага інстытута, што дазволіла праз 50 гадоў пашырыць наша ўяўленне пра выкладчыцкія прынцыпы беларускай мастацкай ВНУ. Падарункі маладых аўтараў, думаецца, дазволяць нашым нашчадкам убачыць разнапланавую карціну мастацкага жыцця Беларусі канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. На жаль, недастаткова прадстаўлена ў музеі творчасць рэгіянальных мастакоў, якія адносна рэдка ладзяць выстаўкі ў Мінску і маюць меншы шанец патрапіць у галоўныя зборы.

За дваццаць гадоў фонд беларускай скульптуры ўзбагаціўся на 130 твораў 50 аўтараў, з іх 15 — народных мастакоў Беларусі: Анатоля Анікейчыка (7 работ), Заіра Азгура (2), Івана Міско (5), Льва Гумілеўскага (1). Столькі ж твораў было закуплена і ў маладых скульптараў, якія нарадзіліся ў канцы 1960-х—пачатку 1970-х гадоў. Гэтыя лічбы абвяргаюць пануючае ўяўленне пра тое, што ў фонды музея купляюць толькі «аксакалаў» — народных і заслужаных мастакоў. У музей стараюцца набываць знакавыя творы скульптуры. Нездарма некалькі гадоў назад адзін з лепшых рэжысёраў ХХ стагоддзя Аляксандр Сакураў, наведаўшы нашу экспазіцыю сучаснага мастацтва Беларусі, адзначыў вельмі высокі ўзровень менавіта скульптурнай калекцыі. Скульптары сярэдняга пакалення падарылі музею 8 сваіх твораў, з сем’яў майстроў, якіх ужо няма, паступіла ў дарунак 25 скульптур. За гэтыя творы мы асабліва ўдзячны, бо перавод скульптуры ў трывалы матэрыял патрабуе значных фінансавых сродкаў і моцна падымае кошт.

Найболей дынамічна фарміравалася калекцыя беларускай графікі, якая папоўнілася 997 творамі 96 аўтараў. З іх 147 твораў народных мастакоў Беларусі. І ў гэтай калекцыі мноства падарункаў ад саміх аўтараў — 253 аркушы падарылі мастакі сярэдняга пакалення, 10 — маладыя графікі. Самы значны ўнёсак зрабіў сёлета легендарны друкар Саюза мастакоў Дзмітрый Малаткоў, які аддаў музею сваю асабістую калекцыю — 887 аркушаў сучасных беларускіх, расійскіх і еўрапейскіх графікаў.

Моцна ўзрасла цікавасць даследчыкаў да мастакоў — выхадцаў з Беларусі. Відавочна імкненне музейшчыкаў узбагаціць калекцыю мастацтва Беларусі перыяду XIX — першай паловы ХX стагоддзя. Атрыманы ў дар ад Міністэрства замежных спраў Беларусі і закуплены творы класікаў беларускага мастацтва ХІХ–ХХ стагоддзяў — Напалеона Орды (набыта 16 літаграфій), Пётры Сергіевіча, Мендэля Горшмана, Анатоля Каплана, Мікалая Дучыца. Пачаў фарміравацца збор так званых «беларусаў далёкага замежжа» ХХ стагоддзя — Яна Кузьміцкага, Лявона Тарасевіча, Мікалая Пашкевіча і Галіны Дакальскай, Барыса Заборава, Галіны Русак, Вячкі Целеша.

Важная і своечасовая прынятая ў мінулым годзе праграма «Культура 2011–2015 гадоў», якая дазваляе набываць у музей беларускую класіку XVIII — першай паловы ХХ стагоддзя. Гэта дало магчымасць увесці ў фонды рэдкія творы, напрыклад, узор старажытнабеларускай скульптуры — саламяную «Царскую браму» Ларысы Лось, копію брамы брэсцкай царквы першай паловы XIX стагоддзя.

Калекцыя еўрапейскага выяўленчага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь папоўнілася нешматлікімі экспанатамі, галоўным чынам сучасных замежных аўтараў. Асноўнай формай паступленняў з’яўляецца дарунак мастакоў з мэтай папулярызацыі ўласнай творчасці і надання ёй пэўнага статусу. Так, за апошнія гады ў збор музея паступілі жывапісныя працы Хераніма Прыета, Хасепа Херона, Аяла Націвідада, Гектара Нахера (Іспанія), італьянскіх мастакоў Джані Ансельмі, Уга Неспала, польскага мастака Мікалая Давідзюка-Івацыка, малдаўскага жывапісца Тудара Збырні. Спецыяльна для Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе калектывам славацкіх мастакоў Кавачыцкай школы — Паўлам Гайкам, Янам Глозікам, Марцы Маркавым і Паўлам Цыцкам — была напісана карціна «Славакі-ніжняземцы». Шэраг твораў быў перададзены ў дар музею пасля сумесных міжнародных пленэраў, напрыклад, пасля Першага міжнароднага Шагалаўскага пленэру (Віцебск, 1994) мастак Нікас Кіпрыас (Грэцыя) і італьянскі жывапісец Джузепэ Пакаміча падарылі нашаму музею свае карціны.

Значна вырас фонд заходнееўрапейскай графікі. Асабліва вялікае паступленне па колькасці твораў (76) адбылося ў 1992 годзе з Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У калекцыю еўрапейскай графікі ўвайшлі афорты італьянскіх і французскіх майстроў XVIII стагоддзя. У 1996 годзе Швейцарскім саюзам мастацтваў «Pro Helvetia» і аб’яднаннем арыгінальнай графікі ў Цюрыху пры пасрэдніцтве вядомай швейцарскай мастачкі Сюзаны Баўман былі перададзены працы сучасных графікаў Швейцарыі. Сама Сюзана падарыла музею ўласныя графічныя працы (47 аркушаў). У 1999 годзе адбыўся міжнародны праект «Эстамп-99», у якім прынялі ўдзел мастакі з Германіі, Францыі і Беларусі. 18 графічных лістоў, створаных падчас праекта на базе друкаванай літаграфскай майстэрні Дзмітрыя Малаткова, былі перададзены музею, як і 18 літаграфій літоўскай мастачкі Ады Склютаўскайтэ, што доўгі час працавала ў майстэрні мінскага друкара. У 2002 годзе музею былі падараваны 12 аркушаў — адбіткаў гравюр мастакоў, чыя творчасць звязана з дзейнасцю Мастацкага Інстытута «KALA» (ЗША).

Музей — люстэрка грамадства, яго духоўных і ідэалагічных складнікаў. У сувязі з набыццём Беларуссю незалежнасці ў музейнай палітыцы і стратэгіі вызначыліся новыя тэндэнцыі, уласцівыя суверэннай дзяржаве.

У 1990-я гады практычна спынілася папаўненне калекцый агітацыйнага плаката, тэматычных карцін «ленініяны», значна паменшылася паступленне карцін на ваенную тэматыку, бытавога жанру. Затое надзвычай актывізавалася супрацоўніцтва з Міністэрствам унутраных спраў і мытнымі органамі — крыніцамі папаўнення калекцый старажытнабеларускага мастацтва і рускай іконы. На працягу апошніх гадоў праз перадачы з Мытнага камітэта фактычна сфарміравалася калекцыя рускага іканапісу (250 адзінак захавання), вылучыўся ў калекцыю незвычайна каштоўны збор стараверскага меднага ліцця (396 адзінак). Гэта яшчэ раз пацвярджае, што фарміраванне музейных калекцый не заўсёды патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва музея бязвыплатна паступіла ў музей і калекцыя (262 адзінкі) беларускага шкла шклозавода «Нёман» (Бярозаўка Гродзенскай вобласці), выдатны збор беларускай парцаляны быў перададзены ў музей у 2009 годзе. Мы атрымалі тады 1632 прадметы з былога музея Мінскага фарфоравага завода. Усяго за 20 гадоў, акрамя гэтых буйных і вельмі значных набыткаў, паступілі 372 творы 107 сучасных мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з якіх 104 — падарункі мастакоў-прыкладнікоў.

Яшчэ адна прыкметная тэндэнцыя фарміравання калекцый музея незалежнай Беларусі — істотнае зніжэнне паступленняў рускага класічнага жывапісу ХІХ стагоддзя. Дзяржаўны мастацкі музей БССР, які называлі раней «малой Траццякоўкай», стаўшы Нацыянальным мастацкім музеем, практычна спыніў закуп твораў рускіх мастакоў з прыватных збораў. Паступленні ў гэты фонд нешматлікія: за 20 гадоў — 12 карцін расійскай савецкай жывапіснай школы, 8 скульптурных твораў, сярод якіх вельмі значныя: карціны народнага мастака Расіі Валянціна Сідарава, скульптура «Георгій Пераможца» Зураба Цэрэтэлі. Такі невялікі адносна 1950–1960-х гадоў прырост (які тлумачыцца і коштам на рускі класічны жывапіс, што моцна ўзрос у параўнанні з 1960-мі) з лішкам акупілі паступленні графікі — 444 графічныя аркушы, у тым ліку — два малюнкі Філіпа Малявіна, акварэль Аляксандра Галавіна, лінагравюры маскоўскага графіка Юрыя Магілеўскага. Больш за 300 твораў (афорты, пастэлі і літаграфіі) выхадца з Рагачова ленінградскага мастака Анатоля Каплана падораны калекцыянерамі з Германіі Анналізай Маер-Менчэль і Рудольфам Маерам. Але творы народжаных у Беларусі народных мастакоў СССР Георгія Ніскага і Яўсея Маісеенкі, якія былі, відавочна, даступныя для закупкі пры іх жыцці ва ўмовах адзінай дзяржавы і цэнавой прасторы, па невядомых прычынах не былі ў той час набыты. Гэты прабел ужо не ўдасца запоўніць паўнавартаснымі карцінамі — яны разышліся па расійскіх музеях.

Працягвае актыўна фарміравацца і «ўсходняя» калекцыя музея, аснову якой склалі перадачы 1950-х гадоў з фондаў Музея краін Усходу ў Маскве. За два дзесяцігоддзі ў фонд «Мастацтва краін Усходу» паступіла 369 твораў жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: у прыватных асоб было закуплена 146 твораў, 55 паступіла ад мытных органаў, 5 падорана музею калекцыянерамі. Але асноўная маса паступленняў (таксама прыкмета новага часу) — дарункі ад пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь: Кітайскай Народнай Рэспублікі (88 адзінак захавання), Рэспублікі Карэя (38), Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам (28), Рэспублікі Індыя (7), Туркменістана і Ірана.

Вялікі ўклад у папаўненне калекцыі ўносіць шматгадовы Генеральны партнёр музея кампанія «Брытыш Амерыкан Табака», якая набыла для музея некалькі значных твораў — плакаты Уладзіміра Цэслера, англійскія гадзіннікі XVIII стагоддзя, дарагія скульптурныя творы — бюст першага дырэктара музея Мікалая Міхалапа і кампазіцыі «Марк Шагал» Святланы Гарбуновай, «Раніца мастака» Уладзіміра Слабодчыкава (усталявана ў музеі «Дом Ваньковічаў»).

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь — скарбніца мастацкай культуры. За гады незалежнасці ў яго паступіла столькі твораў, што на гэтай аснове можна стварыць яшчэ адзін музей. Выстаўка, на якой прадстаўлена каля 100 экспанатаў з розных калекцый (дапоўненая яшчэ сотняй, што дэманструецца віртуальна ў інфакіёску), зразумела, не ў стане ахапіць увесь спектр новых паступленняў, але дае цэласнае ўяўленне пра выкананне пастаўленых стратэгічных задач: папаўненне фондаў увасабляе духоўныя працэсы, што адбываюцца ў грамадстве.

Надзея Усава