Па што пайшлі, тое і знайшлі...

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Коласаўцы зноў звярнуліся да Астроўскага

/i/content/pi/mast/53/892/4.jpg

Вячаслаў Грушоў(Бальшоў).

Любіў Астроўскі красамоўныя прозвішчы. Сэнсавай пэўнасцю пазначаныя і назвы ягоных п’ес. Напрыклад, «На ўсялякага мудраца хапае прастаты», «Навальніца», «Па што пойдзеш, тое і знойдзеш»... Так і хочацца пашукаць асаблівыя сувязі паміж назвамі твораў вялікага драматурга і тэатрамі, што звяртаюцца да ягоных п’ес. Цікава, ці высвечваюцца патаемныя сэнсы праз словы, якія аніякага прыкладнога значэння ў дадзеным выпадку не маюць? Вось паставіў Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа камедыю Аляксандра Астроўскага «Банкрут» (другая назва п’есы «Свае людзі — памяркуемся»).
А я і задумалася: хто банкрут? Чаму банкрут? І ўвогуле, што чакае тэатр
у будучыні, калі з такой лёгкасцю ўзнікае падобная асацыяцыя?

Тое, што коласаўцы перажываюць не самыя лепшыя часы ў сваёй гісторыі, нікога не здзіўляе. Тое, што самі зрабіліся «кавалямі свайго шчасця», — таксама. Сітуацыя даволі шараговая, называецца «змаганнем за рэжысёра». Цягам некалькіх гадоў бязмерна ўлюбёная ў Юрыя Пахомава частка трупы прасіла, патрабавала, пісала лісты ў высокія інстанцыі, з’ядала бліжніх, самааддана змагалася, каб прывесці гэтага рэжысёра ў тэатр мастацкім кіраўніком. Хоць, зразумела, расійскі грамадзянін уяўленне пра асаблівасці нацыянальнай культуры мае толькі адноснае, беларускай мовай валодае ўмоўна. Але ж д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях. Пра тое, што трупа амаль страціла мастацкія і творчыя арыенціры, загаварылі падчас апошніх гастроляў у Мінску. Дый зараз распавесці што-небудзь пра мастацкую стратэгію другога беларускага тэатра даволі праблематычна. Прынамсі, са спектакляў анічога не вынікае. Банкрутамі ў пэўным сэнсе зрабіліся ўсе, і публіка і творцы, асабліва калі ўлічыць, што Коласаўскі тэатр статусны, Нацыянальны.

Дарэчы, мне зусім не хочацца паглыбляцца ў заблытаную, напоўненую неадэкватнымі страсцямі гісторыю. Проста назва ў спектакля — красамоўная. А тэатральны кантэкст, у якім вольна або нявольна існуе Коласаўскі тэатр, абмінуць немагчыма. Ён бадай што такі: раней ад кожнага спектакля коласаўцаў чакалі мастацкіх неспадзевак ды акцёрскіх адкрыццяў. Цяпер — радуемся, калі проста не правал.

«Банкрут» — якраз з гэтага шэрагу. Не стаў вялікім расчараваннем, хоць і асаблівых узрушэнняў не прынёс. Упэўненая, сэнсава абгрунтаваная работа прафесійнага рэжысёра. Рэжысёраў такіх у Расіі шмат. Калі сёння гэта камплімент, варта зняць перад Юрыем Пахомавым капялюш. Зрэшты, існуе яшчэ адна акалічнасць: калі акцёры так адчайна змагаюцца за нешта, яны нечым моцна незадаволеныя. Дый не толькі. Ім, безумоўна, ёсць што прапанаваць. Як ні дзіўна, але менавіта адметнай мастацкай прапановы дагэтуль не існуе.

Таму, шчыра кажучы, не вельмі зразумела, чаму ў тэатры ўвогуле такі эмацыйны і непрыгожы сыр-бор загарэўся. Хіба што лепшае, насамрэч, вораг добрага? Юрый Пахомаў, вядома ж, здатны ўзначаліць Коласаўскі тэатр. Сёння ў гэтым аніякай згубы не будзе.

Гісторыя падзення купца Самсона Сілыча Бальшова выпісана Астроўскім са шчымлівай упэўненасцю. Ні многа ні мала, яшчэ адна драма даверу. Сёння падобныя сітуацыі не толькі актуальныя, яны падлягаюць самым розным маральным ацэнкам. Менавіта чалавечую неадназначнасць гісторыі ацаніў Юрый Пахомаў. І паспрабаваў рэзка акрэсліць праблему. Прызнацца, даўно хацелася ўбачыць спектакль, у якім тэкст Астроўскага быў бы наўпрост спалучаны з надзённымі жыццёвымі рэаліямі. Што атрымалася?

Адзіная драматычная фігура на сцэне — Бальшоў у выкананні Вячаслава Грушова. Ягоная невынішчальная сумленнасць — самая кранальная і драматычная акалічнасць спектакля. Нашы сучаснікі насамрэч часта лічаць, што драма даверу — ёсць глупства. У спектаклі коласаўцаў нельга не заўважыць, што гэта яшчэ і вялікая душэўная пакута. Бальшоў яе трывае з годнасцю. Жорсткае знішчэнне «ад веку дадзенага маральнага закона» перажывае як асабістую трагедыю.

Бадай у гэтым, эмацыйна па-новаму раскрытым сэнсе галоўная заслуга рэжысёра Юрыя Пахомава. Аказалася, вонкавы «прыкід» камедыі, узмоцнены элементамі сучаснай атрыбутыкі, не мае асаблівага значэння. Бо змест спектакля коласаўцаў важнейшы за ягоную форму, якая падаецца надакучлівай і прэтэнцыёзнай. Пахомаў упэўнена выкарыстоўвае на сцэне модныя пастановачныя фішкі. Ды толькі ў тым, як гэта робіцца, зашмат прыблізнага, нават неахайнага. Прынамсі ў дэкарацыі, бо падобны сцэнаграфічны павільён нічога не варты. Казаць можна хутчэй пра выпадковае спалучэнне прадметаў і дэталяў, чым пра нейкі мастацкі стыль. Асабліва «натхняюць» выкарыстаныя як хатняя мэбля ярка расфарбаваныя яблыкі, грушы і кавуны. У якасці садова-паркавых скульптур гэткіх фруктова-ягадных асацыяцый даволі панастаўлена ва ўсіх нашых абласных цэнтрах. Якім чынам яны трапілі на коласаўскія падмосткі — сказаць цяжка. Магчыма, проста былі падгледжаны сцэнографам Андрэем Проніным падчас падарожжаў з Іванава ў Віцебск.

У самой рэжысуры — цалкам беларускія «трэнды»: удосталь паскакалі, ад душы пашумелі — усё дзеля завязкі дзеяння. Далей: сцэна паміж маці, Аграфенай Кандрацьеўнай (Святлана Жукоўская), і дачкой, Ліпачкай (Ульяна Ацясава), падалася неабгрунтавана зацягнутай. Паспяхова разбурыўшы бытавыя інтанацыі напачатку, рэжысёр тут жа беспадстаўна іх аднавіў. Зрэдчас узнікаюць і неапраўданыя перабоі з рытмамі. Персанажы не надта абцяжараныя матывамі ўласных паводзін. Здаецца, не ўсе акцёры бачаць і чуюць адзін аднаго, многія іграюць рэплікі, не думаючы аб тым, што папярэднічае канкрэтнаму эпізоду і што будзе пасля яго. У нібыта агульным акцёрскім суладдзі адчувальны акцёрскі разнабой. Кожны стараецца самааддана, ды толькі для сябе. Не стае элементарных навыкаў — па школе. Напрыклад, цяжка зразумець, якая насамрэч Ліпачка: з якога асяродка? як выхавана? колькі ёй гадкоў? чаму бесперапынна лямантуе? і ўвогуле чаму яна, такая маладая і прыгожая, настолькі сексуальна заклапочаная? Шмат увагі вымагае Сысой Рыспаложанскі ў выкананні Георгія Лойкі. Ягонае першае з’яўленне падалося эфектным, нават нечаканым. Здавалася б, паглыбляецца ў вобраз безаглядна. Іграе на ўсю моц. Перад намі дзіўная, адразу бачна, склізкая істота, здатная пралезці ў любую шчыліну, каб толькі быць, прысутнічаць, удзельнічаць. Яго падводзіць адзіная згубная страсць — «гарэлачка». Напачатку ягонае нясмелае: «Чарачку вып’ю» выклікае бурную рэакцыю ў глядзельнай зале. Потым, шматкроць паўторанае, прымушае падумаць аб трактоўцы. Вось яна, рэальна ўвасобленая рэжысёрская думка, трапны акцэнт, невылечная бяда — п’янства ды алкагалізм, ад якіх праблемы незлічоныя ды мары няздзейсненыя. Але паступова прыём, заяўлены як фарсавы, ператвараецца ў звычайнае акцёрскае камікаванне. Хоць публіцы ўсё яшчэ смешна, кідкі сцэнічны трук абясцэнены. Таму што, як казаў адзін знакаміты алкаголік, «Федзя меру ведае». А калі не ведае, зусім кепска бывае.

Апрача Вячаслава Грушова, які паслядоўна ўвасабляе галоўную рэжысёрскую задуму, вылучаецца Павел Давыдоўскі ў ролі Лазара Падхалюзіна. Выразны, здольны на глыбокія драматычныя ўвасабленні, экспрэсіўны, часам нават агрэсіўны акцёр, за якім цікава сачыць. Напачатку Лазара наўрад ці можна западозрыць у нячыстых намерах. Здаецца, ён суцэльны плебей. Але вось у сцэне з Цішкам дае волю патаемным пачуццям, адпускае вонкі прагнасць і хцівасць. З Ліпачкай праяўляе мэтанакіраванасць і ўчэпістасць, здатнасць дамагацца свайго любой цаной. У фінале нечакана, бадай што адзіны сярод усіх, у адносінах да Бальшова дэманструе неразвітую, але чалавечнасць. Праўда, цяжка да канца зразумець, шчырасць гэта ці крывадушша. У любым разе, спробу ўвасобіць супярэчлівы і неадназначны характар варта залічыць. Шкада толькі, што, па вялікім рахунку, вобразу бракуе цэласнасці. Уласна кажучы, перад намі тры, нават чатыры розныя Лазары, а не персанаж у размаітых праявах складанай чалавечай прыроды. Вядома, што Астроўскі ў гэтым вобразе імкнуўся стварыць тып рускага Тарцюфа. Намёкі на падобную трактоўку ў пэўных — не спалучаных — эпізодах прысутнічаюць у рабоце Давыдоўскага.

Другая дзея спектакля цалкам перанесена ў наш час. Касцюмы, сцэнаграфія, персанажы — усё сённяшняе. Багаты асабняк; свет, якім кіруюць грошы; людзі, так бы мовіць, з далярамі ў вачах. Бязлітасныя і бессардэчныя, паспяховыя і сквапныя. Ніхто не пашкадуе нікога. Не працягне руку дапамогі. Рэжысёрскі прыём адкрыты і зразумелы. Мараль на паверхні. Тут уладараць няшчырасць і несумленнасць. Што яшчэ? Іскрынка спачування ў вачах у Лазара. Хіба сапраўдная?

Камедыю «Банкрут» Аляксандр Астроўскі напісаў, калі яму споўнілася дваццаць шэсць. Ён служыў чыноўнікам Маскоўскага камерцыйнага суда і, відаць, прадметам драматургічнага даследавання валодаў дасканала. І ўсё ж у цэнтры п’есы ніколі не была напаўкрымінальная гісторыя. У шматлікіх трактоўках вымяралася вага чалавечай сумленнасці. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа суаднёс п’есу з сённяшнім днём. Паставіў спектакль пра сучаснага чалавека, які знаходзіцца на памежжы сацыяльных эпох. Калі паняцці дабра і зла, шчырасці і подласці праходзяць новае выпрабаванне і часам падвяргаюцца рэвізіі. Лёгкасць, з якой могуць быць растаптаны ўсталяваныя маральныя каштоўнасці, сталася прадметам рэжысёрскай канстатацыі. Але ж своеасаблівым момантам ісціны зрабілася стаўленне гледачоў да Самсона Сілыча Бальшова. Пашкадавалі мы яго і гэтым разам. Магчыма, менавіта такім чынам мэта пастаноўкі спраўджаная.

Людміла Грамыка