Смак свабоды

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Жывапіс Леаніда Хобатава

/i/content/pi/mast/53/891/2.jpg

Форум. Акрыл. 2011.

У вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва размясцілася экспазіцыя жывапісу Леаніда Хобатава, у якой было прадстаўлена сорак сем прац.

Мастак нарадзіўся ў адным з найпрыгажэйшых палескіх гарадоў — у Рэчыцы, на беразе Дняпра, які ў гэтым рэгіёне набірае моц, робіць далягляды далёкімі, неба — высокім і абуджае юную фантазію.

Лёсавызначальнымі для таленавітага хлопца сталі дзве сустрэчы: адна з Сяргеем Катковым, дзякуючы якому ён паступіў у пяты клас школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка, другая — з прафесарам Гаўрыілам Вашчанкам, які стаў ягоным выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Менавіта Вашчанка даў Хобатаву магчымасць упершыню адчуць смак свабоды: «Калі ты пачынаеш задумвацца над пытаннем: “Хто я такі?”, суадносіць сябе з грамадою — становішся іншым чалавекам, маеш больш энтузіязму, стараннасці і... больш пільна ўглядаешся ў сусветную мастацкую прастору. Тады на палатне атрымліваецца тое, што нясе адказ на пытанне: “Мастак я ці не?” Галоўнае, што прывіў Гаўрыла Харытонавіч нам, сваім вучням, — адказнасць за кожны мазок, за кожную ўкладзеную ў палатно эмоцыю. Калі табе кажуць, што ты цалкам свабодны і над табою нішто не вісіць і ніхто не стаіць — гэта няпраўда. Мастак мусіць моцна працаваць над сабой, каб нарадзіць і выхаваць сваю “свабоду” як уласнае дзіця. У кожнага тое адбываецца па-свойму, але на гэтым “полі бітвы” творца не заўсёды выходзіць пераможцам. Часцей здараецца так, што ён застаецца пад ціскам ідэалогіі, літаратурнага стэрэатыпу, чужога меркавання — усяго таго, што не мае ніякага дачынення да нараджэння сапраўднага вобраза. Так было і ёсць заўсёды, немагчыма змагацца з гэтым і ўплываць на такія з’явы. Хоць я і сталы чалавек, усё роўна мару, каб яна, гэтая “воля”, мяне наведала, каб я адчуў, што прыйшоў мой час і крылы мае выраслі».

У 1986 годзе Леанід Хобатаў стаў сябрам групоўкі «Няміга-17». Яна аб’яднала выдатных беларускіх творцаў, што актыўна займаліся фармальнымі, каларыстычнымі і кампазіцыйнымі пошукамі, — Альгерда Малішэўскага, Алега Маціевіча, Анатоля Кузняцова, Зою Літвінаву, Тамару Сакалову, Міколу Бушчыка, Галіну Гаравую, Алеся Цыркунова, Сяргея Кірушчанку, Аляксандра Мятліцкага. Леанід Хобатаў стаў яе кіраўніком. Суполка была яркай з’явай не толькі для Беларусі, але і ў маштабе ўсяго Савецкага Саюза, а дзякуючы шматлікім выставам «Нямігу-17» пабачылі ў свеце. За гэтыя гады Леанід Хобатаў выстаўляўся ў Расіі, Польшчы, Францыі, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі, Канадзе, Германіі, Галандыі і Літве.

Выстаўка Хобатава ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва засведчыла: яго творчы пошук актыўна працягваецца і ён можа дазволіць сабе быць вольным у мастацтве, у вобразным пераасэнсаванні нашага часу.

/i/content/pi/mast/53/891/3.jpg

Памеры ночы ІІ. Алей. 2008.

Здаецца, творца і сам прыходзіць у захапленне ад уласных адкрыццяў. Знакавая праца апошніх гадоў — «Узровень вады ў акіяне»: «Гэта падаўжэнне прынцыпу бачання самой прыроды — менавіта маё бачанне. Тэма: акіян як стыхія і адпраўная кропка. Вада — з яе пачынаецца ўсё: і зямля, і род чалавечы. На акіян рэагуе і чалавек, і прырода: калі з ім нешта робіцца, узровень яго павышаецца альбо паніжаецца. Нават рэвалюцыі пачынаюцца ад таго, як сябе пачувае водная стыхія: адбываюцца нейкія катаклізмы — і ў грамадстве часта можна назіраць рэвалюцыйныя з’явы. Верагодна, гэта пэўны пункт адліку, да яго трэба прыгледзецца і знайсці вялікую тэму... Незвычайная радасць для мяне — разглядаць гэтую тэму пад іншым вуглом, бачыць прыроду і заўважаць яе патэнцыял».

На выставе быў прадстаўлены шэраг прац пад назвай «Памеры ночы». Іх рознае колеравае асэнсаванне — вынік грунтоўнага пошуку мастака ў філасофскім раскрыцці тэмы: «“Памеры ночы” — не краявід, іх я ўжо не ўвасабляю, пасля Чарнобыля мае пейзажныя пэндзлі высахлі. Я пісаў ноч, вырашаючы прынцыпова новую праблему прасторы: з’яўляецца магчымасць яе замерыць, і калі ноч можна расцягнуць альбо ўціснуць — гэта ўжо цікава, рамантычна, паэтычна і па-філасофску глыбока».

Разважаючы пра кампазіцыю, мастак прызнаецца: «Магу правесці любую лінію з заплюшчанымі вачыма. Але, паглядзеўшы на выяву, мушу гэтую лінію апраўдаць. Таму кампазіцыя можа будавацца па такім прынцыпе: любы рух, пазначаны на аркушы, патрабуе майго творчага ўдзелу і дапрацоўкі. Прамая — аснова, якая прапаноўвае канструктыўную сістэму вакол гэтай лініі».

У трыпціху «У палоне дзеў» мастак распрацоўвае пытанні мінімалізму, які можна бясконца развіваць. Лагічным працягам гэтага пошуку з’явілася праца «Форум». На выставе яны размешчаны побач, чым толькі ўзбагачаюць свае колеравыя палітры і кампазіцыйныя вырашэнні.

Творы Леаніда Хобатава нясуць не толькі эмацыянальную асалоду — яны маюць і інтэлектуальны падтэкст. Глядач спачатку прачытвае інтэлектуальны складнік і толькі потым асэнсоўвае стылёвыя асаблівасці працы. У сучасны жывапіс часта ўваходзіць і гульня, якая патрабуе вялікага адбору сродкаў.

Леанід Хобатаў мае невычэрпныя рэсурсы ў пошуках пластыкі, формы, напаўнення твораў ідэямі, рэаліямі сённяшняга дня — ён жа наш з вамі сучаснік. «Я магу працаваць бясконца», — гаворыць ён, а гэта і ёсць тая свабода, да якой варта імкнуцца: «Стан, калі накопленая энергія, вопыт, усё лепшае, што збіралася на працягу жыцця, нарэшце знаходзіць лёгкі выхад на прастору палатна і паперы. Усе моманты стылю, кампазіцыі, колеравай гамы, выпрацаваныя гадамі, паўстаюць гарманічнымі і абавязковымі ў канкрэтнай задуме».

Свабода для творцы заключаецца толькі ў тым, каб быць самім сабой. Той, хто дакрануўся да гэтай «неймавернай лёгкасці быцця», не забудзе яе ніколі.

Каміла ЯНУШКЕВІЧ