Але найперш -- па-беларуску

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Опера як жанр нарадзілася ў асяроддзі інтэлектуалаў. На пачатку і ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Еўропе адбыўся сапраўдны оперны бум. Было вельмі прэстыжна мець уласную оперную трупу. У XVIII стагоддзі толькі ў Мілане працавала 90 (!) оперных тэатраў. Вядома, не ўсе ўзроўню «Ла Скала», існавалі і невялікія трупы, але лічба -- уражвае…

З XVIII стагоддзя опера ў Еўропе зрабілася фактам і сродкам рэпрэзентацыі двара: каралеўскага, імператарскага ці велікакняскага.
Што ёсць галоўнай прэзентацыяй народа, дзяржавы? Не толькі межы, мытня, войска, улада, грошы, але і найвышэйшыя формы мастацтваў: акадэмічныя тэатры, Нацыянальны мастацкі музей…

 /i/content/pi/mast/4/89/Ale-najpersh-pa-belarusku1.jpg

«Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана.
Сцэна са спектакля.

Калі мы разважаем пра стан опернага жанру ў Беларусі, дык даводзіцца канстатаваць наяўнасць шматлікіх праблем. Па-першае, што для 10-мільённай краіны адзін оперны тэатр і адзін музычны? Вельмі мала. І тыя не ў найлепшых варунках -- у сэнсе запатрабаванасці.
У многіх краінах рэпертуар тэатраў оперы будуецца так: палова -- творы нацыянальных аўтараў, палова -- усё астатняе. Акрамя французаў, ніхто ў свеце не зацікаўлены ў развіцці французскай музыкі і прэзентацыі французскай культуры. Слава італьянскай оперы -- клопат саміх італьянцаў. Адсюль -- і адпаведныя працэнты. І гэта нармальна! Кожны народ абавязаны клапаціцца пра развіццё ўласнай культуры ў сваёй краіне.
Якія ж беларускія оперы могуць сёння зацікавіць тэатр, публіку і стацца падзеямі? Час ад часу ў музыказнаўчым асяроддзі чуюцца прапановы: «Давайце адновім “Міхася Падгорнага” ці “Алесю” Я.Цікоцкага!» Ці будзе сучаснаму гледачу цікавая опера пра партызан? Думаю, не. Гэта пытанне не жанру, а эстэтыкі пэўнага часу. («Міхася Падгорнага» варта паказваць не цалкам, а ў фрагментах). І Я.Цікоцкі, і аўтары падобных твораў -- людзі таленавітыя. Не віна іх, а бяда, што яны трапілі пад прэс «сацыяльнага заказу». Ідэалогія і мастацтва -- антыподы. У мастацтве канфлікт павінен быць у душы самога героя, у ягоным розуме і сэрцы.
З чаго магла б складацца беларуская афіша? У
XVIII ст. жыў оперны кампазітар Ян Давід Голанд, трывала звязаны з беларускай зямлёй. І ягоную оперу «Агатка, або Прыезд пана» мы паказвалі на фестывалях «Беларускай капэлы» ў канцэртным варыянце, галоўныя партыі спявалі А.Бундзелева, Л.Лют, Р.Палішчук. «Агатка» існуе і як кампакт-дыск.
Ёсць у Голанда і опера «Чужое багацце нікому не служыць». Яе пакуль ніхто не чуў. Ноты гэтага твора мы амаль аднавілі разам з У.Байдавым. З інструментоўкі захаваліся толькі партыі скрыпкі і кантрабаса. І ўсё! Вакальныя радкі ёсць. Задача -- аднавіць партытуру, каб яна была прыдатная для сімфанічнага аркестра. У межах «Беларускай капэлы» «рэстаўруем» твор, а паказваць, на маю думку, павінен оперны тэатр. Інакш дзеля чаго тое робім?.. Але нават калі оперны твор мінулых стагоддзяў адноўлены, тэатры ў чаргу за партытурай, на жаль, не становяцца. Таму што тэатраў наогул мала? Таму што сумняваюцца ў магчымасці зарабіць?
У ХІХ ст. у Мінску на плошчы Свабоды было ажно чатыры (!) тэатры. У будынку на месцы цяперашняй гасцініцы «Еўропа» ўпершыню паставілі «Сялянку» С.Манюшкі. Упершыню ў гісторыі оперныя героі заспявалі па-беларуску! Але чамусьці ў Мінску дагэтуль няма помніка кампазітару… Далей. На плошчы Свабоды, 23, у былой мужчынскай гімназіі, існаваў школьны тэатр. На рагу цяперашняй Інтэрнацыянальнай -- будынак Дваранскіх сходаў, дзе была тэатральная зала. Мелася яна і ў Ратушы. Дзе гэтыя тэатры?..
Што яшчэ можа быць на афішы? Калі згадаем «Пані Ядвігу» У.Солтана, дык яе пастаноўка -- рэальная. Даводзілася чуць папрок: па сюжэце опера падобная да «Фаўста». Аргумент -- несур’ёзны! «Вестсайдская гісторыя» -- рымэйк «Рамэо і Джульеты», і гэта нікога не бянтэжыць.
Дарэчы, у нас ёсць і свая «Аіда» -- опера К.Горскага «Маргер». Сюжэты паўтараюцца, але тут няма праблемы. Яна ў іншым -- у жаданні (ці нежаданні) бачыць сваё на сваёй сцэне. Так, у «Пані Ядвізе» ёсць хібы: твор няскончаны. Тады патрэбна новая рэдакцыя! Існуюць пяць рэдакцый «Дона Карласа», зробленыя Д.Вердзі. Хіба нельга сабраць адукаваных, прафесійных асоб -- дырыжора, рэжысёра, кампазітара, музыказнаўцаў, якія хочуць убачыць оперу на сцэне, і даць заданне -- завяршыць твор?!
Што яшчэ вартае акадэмічнай сцэны? Найперш -- абсалютна ўсе оперы С.Манюшкі, які нарадзіўся недалёка ад Мінска і вырас у ім. Калі ў нас ішла «Галька»? У 70-я гады. Калі ішоў «Страшны двор»? У 50-я. А оперы «Парыя», «Графіня»?.. А чаму не паставіць «Тараса на Парнасе» М.Аладава? Кажуць -- класіка… Давайце пабачым, пераканаемся…
Існуе і такая праблема, як мова арыгінала. Так, яна цесна знітавана з музыкай. На якой мове ў нас ідзе «Кармэн»? Па-французску? Так, але з «ніжагародскім» акцэнтам. Калі прыязджаў дырыжор са Швейцарыі, дык на спеўках смяяўся так, быццам трапіў на камедыю. Другі прыклад. На наш спектакль «Севільскі цырульнік» прыйшлі італьянцы. Пытаюцца ў перакладчыка: «А на якой мове спяваюць?» Яны «сваю» мову не пазналі…
У Нью-Йорку толькі «Метраполітэн-опера» працуе на мове арыгінала, бо там збіраюцца міжнародныя каманды пастаноўшчыкаў і артыстаў. А астатнія пяць оперных тэатраў горада працуюць на англійскай. У Берліне чатыры оперныя тэатры, і адзін з іх дае спектаклі на мове арыгінала, астатнія -- на нямецкай.
Няхай мне патлумачаць, чаму «Вільгельм Тэль» Расіні і «Дон Карлас» Вердзі ў Італіі ідуць па-італьянску, а не на мове арыгінала, па-французску? Чаму оперы Бартнянскага ў Пецярбургу ідуць не на французскай ці італьянскай мове, як былі напісаны, а па-руску? Оперы Моцарта на італьянскія лібрэта ў Германіі чамусьці ставяць па-нямецку. І правільна!
Павага да сваёй культуры існуе ва ўсіх краінах -- Францыі, Італіі, Германіі, Бельгіі, дзе заўгодна! Мы можам спяваць на розных мовах. Але перш за ўсё -- па-беларуску…

                                                                                                                                     Запісала Н.К.