Топасы анімалістыкі

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Віцебскі ZOOparking

/i/content/pi/mast/52/880/16.jpg

Алег Кастагрыз. Сям’я. Алей. 2006.

У Віцебскім мастацкім музеі адбылася прэзентацыя маштабнага арт-праекта «ZOOparking “Ноеў каўчэг”», на якім былі прадстаўлены творы мастакоў з Брэста, Віцебска, Мінска, Пінска і нават Санкт-Пецярбурга. Сярод нешматлікіх беларускіх выстаў апошняга дзесяцігоддзя, прысвечаных анімалістычнаму жанру, гэтая выглядала найбольш прадстаўніча. Да таго ж, у перспектыве яна была прапанавана арганізатарамі як трыенале з адпаведным статусам.

З анімалістычных наскальных малюнкаў эпохі палеаліту пачалася гісторыя мастацтва. Дзякуючы вялікай ролі фаўны ў міфалогіі на ранніх стадыях развіцця чалавецтва анімалістыка заставалася адным з папулярных накірункаў. У тыя далёкія часы ў шматлікіх культурных традыцыях жывёла абагаўлялася і, як боская істота, змяшчалася на вяршыні іерархічнай лесвіцы. Але ж у жыцці сучаснага чалавека, які перакананы, што ён сапраўдны гаспадар планеты, месца звяроў і птушак зусім іншае.

У беларускім мастацтве анімалістычны жанр наўрад ці можна лічыць адным з прыярытэтных. Тым не менш, арт-праект «ZOOparking “Ноеў каўчэг”», аўтарам ідэі і куратарам якога стаў віцебскі мастак Алег Кастагрыз, прадэманстраваў, што цікавасць да гэтай праблематыкі існуе, а дыяпазон яе вобразна-тэматычнага асэнсавання шырокі.

«На Беларусі ў галіне анімалістыкі ствараецца нямала работ вельмі высокага класа, — адзначае Алег Кастагрыз. — Пра многія з іх я ведаў і, пачынаючы год таму працу над праектам, звярнуўся да шэрагу мастакоў з прапановамі прадставіць на выставу канкрэтныя пазначаныя мною творы.

Галоўнай ідэяй праекта было жаданне абазначыць месца жывёлы ў нашай цывілізацыі, прадставіць гледачу як мага больш поўны спектр твораў, звязаных з адлюстраваннем свету “братоў нашых меншых” і ўзаемаадносін з ім чалавека, паказаць пэўны дыяпазон магчымасцей розных жанраў і відаў мастацтва ў выяўленні гэтай тэмы. Жывапісцаў і графікаў, якія працуюць толькі ў анімалістычным жанры, сёння можна пералічыць па пальцах. Але рэдка сустрэнеш мастака, які хоць аднойчы не натхніўся б на стварэнне звязанай з гэтымі вобразамі карціны. Менавіта таму сярод удзельнікаў нашага праекта нямала мастакоў, якія ніколі не пазіцыянавалі сябе як анімалісты».

Сапраўды, назваць праект «ZOOparking “Ноеў каўчэг”» скіраваным выключна на класічны анімалістычны жанр было б наўрад ці правільна. Далёка не ўсе творы ўяўляюць сабой «партрэтныя выявы» жывёлы ці нейкія выяўленчыя «animal stories». І гэта натуральна: пашырэнне вобразна-тэматычнага дыяпазону ўласціва сёння не толькі анімалістычнаму жанру. Малюнкі звяроў і птушак нярэдка сустракаюцца ў далёкіх ад традыцыйнай анімалістыкі творах. Але нават пры той адметнай ролі, якую ў некаторых кампазіцыях адыгрывае чалавек, іх усё ж такі варта лічыць анімалістычнымі, бо сюжэтныя лініі тут пракрэслены перш за ўсё праз лёс і паводзіны прадстаўнікоў жывёльнага свету, і менавіта апошнія вызначаюць агульную эмацыянальную дамінанту.

За складанай назвай праекта схавана тыпова постмадэрнісцкая гульня са словамі і сэнсамі, якая хоць і адсылае нас да агульнавядомай біблейскай гісторыі пра Ноеў каўчэг, але, відавочна, не абмяжоўваецца ёй. Дарэчы, зваротаў мастакоў да міфалагічных ці біблейскіх матываў — калыскі для анімалістыкі — у сённяшнім праекце было няшмат. Міфалагічны кантэкст, што мае глыбокія гістарычныя карані, па нейкіх прычынах аказаўся не надта запатрабаваным, але тым не менш паўстаў — у графіцы Юрыя Шэўчыка («Выкраданне Еўропы і Цялец», абедзве з нізкі «Бычыяна»), жывапісным палатне Алега Кастагрыза («Зеўс»), скульптурных кампазіцыях Марыны Капілавай («Залатое руно») і Сяргея Сотнікава («Свяшчэнная карова»). Шкада, што па-за межамі праекта засталіся зааморфныя істоты і прастора бестыярыя — яны яскрава характарызуюць пэўныя бакі сучаснай цывілізацыі.

Прадстаўніча выглядала група твораў, якія можна было б пазначыць як сапраўдныя «партрэты жывёлы». Крыніцай паслужылі не толькі жывёлы, што існуюць побач з чалавекам і займаюць важнае месца ў яго жыцці, але і іх сабраты з дзікай прыроды, звяры з заапаркаў і нават археалагічныя раскопкі і заалагічныя рэканструкцыі (напрыклад, «Мамант» Сяргея Сотнікава). У шэрагу падобных «партрэтаў» прасочваецца логіка і механізм трансміграцыі, калі мастак нібы імкнецца перасяліць душу чалавека ў цела жывёлы, «ачалавечыць» яе вобраз. Гэту душу літаральна адчуваеш, углядаючыся ў вочы жывых істот у творах Аляксандра Карпана («Панда»), Алега Кастагрыза («Воўк» і «Сям’я»), Аляксандра Салаўёва («Мой сябра Джай»), Марыны Капілавай («Такса»).

Цікавасць да ўвасаблення функцыянальнай гармоніі, механікі і экспрэсіі руху жывёлы, дынамічнай магутнасці і спрытнасці знайшлі ўвасабленне ў жывапісе Леаніда Анцімонава («Полымя. Скачок» з нізкі «Катастрофа»), графіцы Генадзя Ісакава («Пецька») і Анастасіі Чаркасавай («Рух»), у дэкаратыўнай пластыцы Аляксандра Герасімава («Паходкай арыстакрата», «Добры настрой»), скульптуры Сяргея Бандарэнкі («Слон», «Насарог», «Жарабец Талант», «Жарабец Кароль Артур»). У апошніх з прыгаданых твораў Бандарэнкі выявы коней дакладна ахарактарызаваны як канкрэтныя тыпы.

Дарэчы, конь заўсёды быў аб’ектам асаблівай увагі ў мастацтве. Агульнавядома, што яго выява адыгрывала важную ролю ў побытавай і батальнай карціне канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Пра гэта сведчаць прадстаўленыя ў праекце творы мастакоў таго часу са збору Віцебскага мастацкага музея, сярод якіх малюнак Ільі Рэпіна «Здраўнёва», жывапіс Юрыя Пэна («Галава каня», 1885), Пятра Сакалова («Навальніца прайшла», 1872), Мікалая Свярчкова («Ваўкі наганяюць», 1864), скульптура Арцемія Обера «Казак на заданні» (XIX–XX).

У шэрагу жывапісных і графічных кампазіцый, прадстаўленых на выставе, выявы звяроў і птушак арганічна ўключаны ў гістарычныя, побытавыя сюжэты, пейзажныя матывы, перадаюць шматграннасць рэальных жыццёвых калізій. Сярод падобных кампазіцый творы Мікалая Дундзіна («Бойка»), Валянціны Татарнікавай-Панок («Вясна»), Віктара Чміля («Мужчынская размова»), Ганны-Марыі Жалезкі («Птушкі»), Аляксандра Карпана («Вячэрні праменад»), Вольгі Мельнік-Малахавай («Аранжавы мяч») і іншыя. Даволі папулярнай у творах мастакоў стала тэма палявання («Паляўнічы», «Паляванне ў ваколіцах Мірскага замка», «Апошні паляўнічы» Уладзіміра Вішнеўскага, «Па следзе» Аляксандра Герасімава, «Паляўнічы» Аляксандра Карпана).

Шырокі спектр узаемадачыненняў чалавека і жывёлы паўстае ў паэтычных алейных кампазіцыях Алены Шлегель («Партрэт», «Сон»), іранічным акрылавым жывапісе Андрэя Савіча («Звычайны кантакт», «Вандроўка ўначы») і такіх жа па настроі афортах Валерыя Славука («Вадапой», «Сабачкі»), у вытанчанай графіцы Андрэя Духоўнікава («Белая малпа», «Стары Віцебск»), скульптурнай кампазіцыі Марыны Капілавай («Аўтапартрэт з братам»). Спроба зірнуць на свет жывёл з глыбінь нашай тэхнакратычнай і прагматычнай цывілізацыі акрэслівае вобразнасць дыптыха Алега Кастагрыза з выявамі ягуараў, названага рэкламным слоганам аўтамабільнай кампаніі: «Jaguar — поспех прыцягвае». Подых часу, як і метафізіка сённяшняга мыслення, знайшлі ўвасабленне ў нешматслоўных тэхнакратычна-зааморфных канструкцыях і вобразах Андрэя Савіча («Энергія рыб», «Ровар для рыбака»).

Былі ў экспазіцыі і выдатныя ўзоры кніжнай графікі — ілюстрацыі да казак, апавяданняў. У іх творцы адышлі ад выкарыстання просталінейных алегорый і сімволікі жывёл, а звярнуліся да метафар. Падобнае метафарычнае выкарыстанне анімалістычнай лексікі дазволіла стварыць цікавыя і арыгінальныя вобразы Уладзіміру Савічу і Паўлу Татарнікаву — адпаведна ў ілюстрацыях да дзіцячых літаратурных твораў і да кнігі Анатоля Бутэвіча «Перуновы дзеці».

Акрамя рэальна існуючых прадстаўнікоў фаўны, на выставе сустракаюцца і фантастычныя істоты. Часам гэтыя персанажы, вонкавае аблічча якіх дапоўнена нейкімі незвычайнымі рысамі, нясуць у сабе «сакральнае значэнне» (скульптурная кампазіцыя Марыны Капілавай «Прынцэса і адзінарог», афорты «Гульня ў шары» Валерыя Славука і «Дзень Удзячнасці» Льва Алімава, «Помнік Му-Му» Уладзіміра Цэслера і Мікалая Байрачнага).

Прыкмета сучаснай анімалістыкі — наяўнасць філасафічных і канцэптуальных вобразаў, звернутых да пэўных актуальных праблем і культурных канатацый, знайшла адлюстраванне ў творах Уладзіміра Лукашыка (аўталітаграфіі «Вузел I» і «Вузел II»), аб’ектах Алега Кастагрыза («Гняздо») і Сяргея Сотнікава («Пачатак», «Жыццё-смерць»). У некаторых творах мастакі дэманстравалі сваю замілаванасць прыгажосцю той ці іншай жывёліны, яны былі зарыентаваны на стварэнне пазбаўленых сюжэтных калізій і глыбокай вобразнасці эфектных дэкаратыўных кампазіцый. Сярод іх нацюрмортныя па сваёй сутнасці, з налётам экзатычнасці і гламурнай вытанчанасці «Рубінавае калье», «Каралі», «Магічнае тату», «Саламандра» Уладзіміра Ганчарука.

Гісторыя цывілізацыі сведчыць, што чалавек не толькі па-свойму ператвараў прыроду, нярэдка знішчаючы яе, але і станавіўся да яе бліжэй, задумваўся пра лёсы дзікіх і свойскіх жывёл, ствараў таварыствы па іх абароне. У сваю чаргу праект «ZOOparking “Ноеў каўчэг”» не толькі прынёс эстэтычную асалоду многім наведвальнікам, але і паказаў, што ў нашым тэхнакратычным свеце мы — людзі — зусім не адзінокія. А яшчэ нагадаў пра неабходнасць захавання крохкай гарманічнай сувязі паміж чалавекам і прыродай — як неад’емнай умовы нашага далейшага існавання.

Міхась Цыбульскі