Без фальшу

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Людзі і гарады Кацярыны Гуртавой і Андрэя Калеснікава

/i/content/pi/mast/51/876/48.jpg
Кацярына Гуртавая. натуральныя віды
Фатаграфічны праект Кацярыны Гуртавой і Андрэя Калеснікава «Натуральныя віды» ў поўным аб’ёме дэманстраваўся ўсяго толькі раз — у мінскай галерэі візуальных мастацтваў «Nova» ў красавіку — чэрвені 2007 года. Тады ў экспазіцыю ўвайшлі каля 30 партрэтаў і 40 ландшафтаў.

Выстава зрабіла сапраўдны фурор, хоць не была шумна сенсацыйнай. Маладым мінскім аўтарам удалося пакінуць публіку ў стане поўнага недаўмення.

Крыху пазней «Натуральныя віды» ў праекце галерэі «Nova» «Idée fixe. Канцэптуальныя пошукі беларускай фатаграфіі» паказалі ў Каўнасе. Затым уключылі ў праграму Дзён шведскай культуры ў Віцебску. А крыху пазней Кацярына прыняла ўдзел у конкурсе «Мінскія фатаграфіі» і нават заняла прызавое месца, што было адзначана ўзнагародай журы і публікацыяй у каталозе «Мінскія фатаграфіі. Гараджане».

Што ж было ў праекце такім нечаканым для масавай аўдыторыі, але каштоўным для прафесіяналаў, для аўтарытэтнай у асяроддзі фатографаў галерэі?

Па словах куратара праекта Уладзіміра Парфянка, гледачы не задумваючыся аднясуць «Натуральныя віды» «да разраду канцэптуальнага, гэта значыць не вельмі зразумелага мастацтва... І будуць не зусім мець рацыю, паколькі аўтары праекта не цешацца гульнямі розуму, а ўсяго толькі даюць нам добра прызабытыя ўрокі чыстага фатаграфічнага бачання (увасаблення бачнай рэальнасці)».

/i/content/pi/mast/51/876/48-.jpg
Андрэй Калеснікаў. Натуральныя віды.
Папярэдні персанальны праект Калеснікава «Знікаючы ландшафт» (2006) шмат у чым прадугадваў «Натуральныя віды». Агульным пачаткам тут было жаданне адысці ад прыемнага воку маляўнічага пейзажу, ад трывіяльнасці ў разуменні прыгажосці і гармоніі. Адбіткі такога роду Андрэй лічыў «малюначкамі... штучнымі, механістычнымі». І ў сумесным праекце Гуртавой і Калеснікава відавочна імкненне адмовіцца ад «стэрэатыпных малюнкаў геаграфічных, культурных, этнаграфічных і іншых прыгожых відаў, што сталі літаральна “агульным месцам”, нібы страцілі свае індывідуальныя рысы, скажоныя перашкодамі, унесенымі тысячамі аматараў фатаграфіі». Паводле аўтараў, гэтыя перашкоды толькі замінаюць непасрэднаму ўспрыманню людзей і гарадоў такімі, якія яны ёсць насамрэч.

Філасофія фатаграфічнага мыслення Калеснікава і Гуртавой, іх падыходы фармаваліся загадзя і па меры развіцця былі перанесены з ландшафту на вулічны імгненны партрэт — а іншы б у гэту канцэпцыю не ўпісаўся.

У той час гэта быў абсалютна нязвыклы погляд на гараджан і горад за іх спінамі. Выпадковыя мінакі, на хвіліну спыненыя фатографам у выпадковым месцы, раптам сталі героямі моцных здымкаў. Кадры, не пазбаўленыя нядбайных падрабязнасцей, без асвятлення, што здаецца неабходным, нечакана сталі цэласнай калекцыяй. У партрэтах угадваліся гарадскія тыпажы, але для фатографа тое было няважна.

Праз некалькі гадоў Кацярына Гуртавая скажа пра серыю так:

«Нам хацелася здымаць усіх, і ўсе здаваліся прыгожымі. Гэтыя людзі самі вырашалі, як і дзе ім стаяць, як выглядаць. Усё адбывалася вельмі хутка, без падрыхтоўкі, пры мінімальным кантакце, нават калі нечыя паводзіны перад камерай нам здаваліся дзіўнымі. Было няважна, хто гэтыя людзі і колькі ім гадоў. У іх не было нічога асаблівага, нічога, але ў нейкі момант узнікала адчуванне, што менавіта так і трэба здымаць».

Па сканчэнні некалькіх гадоў бачна, што «Натуральныя віды» сталі адпраўной кропкай для цэлага кірунку ў беларускай фатаграфіі. «Кірунак», вядома, паняцце ўмоўнае, але пра «хвалю», думаю, казаць можна. У вялікай ступені гэта быў пошук сучаснага гарадскога кантэксту, але не менш цікавая знойдзеная аўтарамі стылістыка, якую пазней назвалі «новай шчырасцю» (па аналогіі з драматургіяй, дакументальным кіно). Праекты «хвалі» мала падобныя адзін на другі, але, мабыць, нейкія ідэі луналі ў паветры. Напрыклад, серыя «Ідэнтыфікацыя» Вольгі Хахловай (здымка 2005–2007 гадоў была паказана ў красавіку 2008-га) ці паляроіды Аляксея Шынкарэнкі (паказаныя ў 2010-м). З Аляксеем Кацярына і Андрэй нават абмяркоўвалі ўжыванне тэрміна «натуральная фатаграфія».

Любоў Гаўрылюк