Якія яны, прыярытэты музычнай палітыкі?

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

...Аднойчы вярталіся з фестывалю ў Расіі. Ехалі ў цягніку разам з вядомым артыстам Коласаўскага тэатра. І ён кажа: -- Я прыходжу на оперны спектакль, каб паслухаць музыку. Але заплюшчваю вочы, каб не бачыць, што робіцца на сцэне... -- Паслухай, ты ходзіш не па адрасе! Каб слухаць музыку, трэба ў філармонію! Тады і вочы заплюшчваць не давядзецца... -- Але на вас глядзець немагчыма! Вы на сцэне -- непаваротлівыя мяхі...

Крыўдна, але ж -- праўда! Падчас спектакля адзін саліст не зводзіць вачэй з дырыжора -- пільнуе, калі пачынаць арыю. Другі павярнуў галаву ў бок куліс -- і яго не чуваць. З такімі момантамі трэба змагацца, бо яны працуюць не на прэстыж прафесіі, а супраць.

 /i/content/pi/mast/4/87/Pryjarytety-muz-palityki1.jpg
 «Аіда» Д.Вердзі. А.Мельнікаў (Рамфіс).

Наконт нацыянальнай вакальнай школы. Няхай са мной не згодзяцца, але думаю, такой школы няма. Лічу, што і паняцця «руская вакальная школа» няма. Ёсць адзіная, правільная школа спеваў. І ёсць кепска навучаныя спевакі, якім педагог сапсаваў жыццё і спеўную кар’еру. Ёсць школа bel cantо -- прыгожых спеваў. І ўсё!
Я нарадзіўся ў Мінску, сам -- беларус, і таксама -- патрыёт. Але трэба глядзець праўдзе ў вочы! Калі мы ўспомнім вядомых беларускіх спевакоў, хоць бы Александроўскую, дык яна вучылася ў Расіі. Педагогі, якія прыехалі падымаць наша мастацтва пасля вайны, усе вучыліся ў Маскве. Саўчанка, Чарнабаеў, Галеева, Бастрыкаў, Гайда... Калі педагог усё жыццё працуе ў Беларусі, зусім не значыць, што ён прыдумаў беларускую школу вакалу.
Выдатных спевакоў шмат. У тым ліку і ў нас: У.Пятроў, С.Франкоўкі (хто, акрамя яго, спявае рэпертуар драматычных тэнараў?), Н.Руднева, Н.Шарубіна… А спевакі мінулых дзесяцігоддзяў?! Нябожчык А.Саўчанка, выдатны майстар. Ю.Бастрыкаў, Э.Пелагейчанка, М.Дружына... Гэта ж асобы!
А колькі з’ехала выдатных спевакоў... С.Драбышэўскі, цяперашні саліст Марыінкі (вялікая страта для тэатра!), спявае па ўсім свеце... Марыя Гулегіна... Вядома, зорка. Дзе ж было такую зорку ўтрымаць? Але, напэўна, таго напалу страсцей вакол яе не трэба было дапускаць… Тады запрашаць яе на асобныя спектаклі аказвалася б прасцей і лягчэй. А як яе цкавалі!..
Некалі Горкі сказаў пра Шаляпіна: маўляў, калі Фёдар Іванавіч захоча, дык сам Бог спусціцца на зямлю. І па жаданні Фёдара Іванавіча альбо ўсё ператворыць у зялёны сад, альбо ўсё знішчыць... Я прачытаў пра Шаляпіна ўсё, што толькі можна. Ён пісаў дачцы лісты: «Цяпер я дасягнуў такога адчування ў прафесіі, калі на сцэне магу ўзяць залу ў кулак. Захачу -- яны будуць смяяцца. Захачу -- будуць плакаць...» Але такая свабода прыходзіць разам з майстэрствам вельмі высокага ўзроўню. Калі ведаеш, што ты «ўзяў» залу і яе трымаеш, -- адчуванне фантастычнае!
Сёння ў тэатры амаль 60 салістаў. Трупа перапоўнена. А спяваюць літаральна 15-20 чалавек, якія трымаюць рэпертуар. Што робяць астатнія? Павышаюць сваё майстэрства? Не, ходзяць па калідорах і крытыкуюць тых, хто спявае. «А вось калі б мне далі вядучую партыю!..» Даюць! І што?.. Спявак адразу бярэ бальнічны. Альбо таму, што баіцца, альбо таму, што падсвядома ведае -- не справіцца. Дык, можа, не трэба мець такую трупу салістаў? Няхай будзе 35-40 чалавек, лепшых! А грошы падзяліце на тых, хто сапраўды «цягне рэпертуар». І ніхто нікуды не з’ездзе!
Але праблема -- яшчэ глыбей. Яна -- у прыярытэтах музычнай палітыкі. Мяркуйце самі. Вось я -- заслужаны артыст, выканаў увесь басовы рэпертуар. Лаўрэат дзесяці міжнародных конкурсаў, лаўрэат Прэзідэнцкай прэміі. Мяне запрашаюць у журы на прэстыжныя конкурсы і фестывалі. Напэўна, маю аўтарытэт... Член прэзідыума Міжнароднага саюза музычных дзеячаў Расіі. Сярод іншых членаў прэзідыума -- Ю.Башмет, І.Архіпава, У.П’яўко, М.Біешу, М.Пальма -- артысты міжнароднага ўзроўню. Прычым, там я -- самы малады...
Але адчуваю сябе жабраком. І не толькі я, а і многія артысты. Бо не магу сабе дазволіць таго харчавання, што вымагае прафесія. Дагэтуль не маю кватэры. Там, дзе жыву, няма гарачай вады, а калі трэба памыць галаву, дык маці палівае з чайніка... Туалет -- на вуліцы. Вось вам і прэстыж! А ў гэты час бачу па тэлевізары безгалосую эстрадную спявачку, якая заяўляе, што ў яе -- уласны балет і студыя гуказапісу. Дык хто яна, і хто -- я?!
Чаму Масква прапаноўвае: давайце запішам дыск з вакальнымі творамі! Давайце зробім кнігу! А Мінск не прапаноўвае… Дзе я больш патрэбны? Ні ў адным абласным горадзе Беларусі не праспяваў сольнага канцэрта. І ў той жа час больш за 15 гадоў працую ў Беларусі. Пытанне: а гэта каму-небудзь трэба? Ці нікому?
Цікавых задумак шмат. Шматгадовая мара -- стварыць камерны оперны тэатр. Умовы для яго існавання ёсць. Патрэбна прынцыповае рашэнне -- наконт існавання структуры.
Другая ідэя. Яшчэ ў савецкі час менавіта ў Мінску прайшоў І Усесаюзны фестываль тэатраў опер і балета. Які быў ажыятаж! Якая цікавасць! Але не абавязкова рабіць фестываль тэатраў. Можна для пачатку прывезці ў Мінск фестываль «Ірына Архіпава прадстаўляе…». Але трэба мець і ўласны оперны фестываль. Паглядзіце, якая колькасць драматычных форумаў адбываецца ў рэспубліцы! Грошы можна знайсці, галоўнае -- усведамленне неабходнасці існавання мастацкай з’явы. Оперны фестываль рэспубліцы патрэбен! Ажыццяўленню гэтай маштабнай ідэі я згодны спрыяць усімі сіламі...

                                                                                  Запісала Таццяна МУШЫНСКАЯ