Старонкі асабістага дзённіка...

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Падсумаванне зробленага

/i/content/pi/mast/51/869/21.jpg

Зімні гарадок. Слабодка. Акварэль. 1996.

Імёны Наталлі і Георгія Паплаўскіх у выяўленчым мастацтве Беларусі даўно стаяць побач. Іх сустрэча адбылася ў час вучобы ў Мінскай мастацкай вучэльні, і вось ужо шэсцьдзясят гадоў яны неразлучныя.

Наталля, з юнацтва валодаючы моцным і надзвычай энергічным характарам, стала для Георгія сябрам і натхняльніцай ва ўсіх задумах, спадарожніцай у вандраваннях, шчырым і строгім крытыкам яго прац.

Іх майстэрня на працягу многіх гадоў была светлым і прыцягальным месцам сустрэч для блізкіх сяброў і для самых вядомых людзей рэспублікі — навукоўцаў, пісьменнікаў, музыкантаў, артыстаў. У гэтым асяроддзі калегіяльнага братэрства выгадавалі дачку Кацярыну. З часам яна сфарміравалася ў самастойную творчую асобу, мастака са сваім асаблівым бачаннем і светапоглядам.

Працуючы побач з Георгіем, таленавітым майстрам, у ранняй творчасці якога пераважаў «суровы стыль», Наталля заўсёды шукала і знаходзіла свой шлях у мастацтве, свае тэмы і ўласцівыя толькі ёй выяўленчыя прыёмы. Паэзія і прыгажосць свету дзяцінства, сувязь чалавека з прыродай увайшлі ў яе творчасць неад’емнай часткай. Гэтай тэме прысвечана і адна з яе першых графічных серый «Прырода і дзеці», створаная неўзабаве пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1964). Лінагравюры цыкла вылучаюцца дэкаратыўнай лёгкасцю ліній, арнаментальным багаццем і да сённяшняга дня не страцілі сваёй свежасці і прыцягальнасці.

Для творчасці маладых мастакоў 1960-х гадоў важнымі былі пошукі вытокаў нацыянальнай культуры, разуменне яе багацця і своеасаблівасці. Наталля і Георгій неаднаразова бывалі ў вёсках Палесся, вывучалі побытавы ўклад вяскоўцаў, іх звычаі, абрады і святы. Народнае мастацтва становіцца для Наталлі глыбіннай асновай далейшай творчасці. Станковыя літаграфіі «Палессе шасцідзясятых» (1969) з’яўляюцца яркім таму сведчаннем.

Да ліку лепшых твораў гэтага перыяду належаць ілюстрацыі і станковыя аркушы, створаныя да беларускай народнай казкі «Музыка-чарадзей» (1968). Літаграфіі выкананы нібы на адным дыханні, а ў вобразе галоўнага героя, непарыўна злучанага з навакольнай прыродай, гучаць уласцівыя фальклору пявучасць і меладычнасць.

Праца над ілюстрацыямі да дзіцячых кніг на многія гады становіцца галоўным зместам творчага жыцця Наталлі Паплаўскай. Яна актыўна супрацоўнічае з выдавецтвамі «Беларусь», «Народная асвета», «Юнацтва» ў Мінску, «Малыш» і «Советский художник» у Маскве. У 1969 годзе завяршыла працу над серыяй кніжак-малышак «Беларускія народныя казкі» (дзесяць у адным блоку). Стотысячны тыраж кніг, выпушчаных выдавецтвам «Малыш», разышоўся вельмі хутка, як і іх перавыданне на чэшскай, іспанскай і англійскай мовах. Натхнёная поспехам, Наталля стварае дзесяць станковых аркушаў «Героі беларускіх казак» (1970–1971). У літаграфіях, афортах і акварэлях серыі яна арганічна сумясціла рэальныя назіранні з фальклорнымі вобразамі і ўвасобіла свой тыпаж казачных герояў: па іх мы пазнаём мастака ў кнігах і на выставах.

У 1970–1980-я гады тэматыка кніг, над якімі працуе мастачка, пашыраецца. Яна з поспехам афармляе казкі народаў замежных краін, прозу і паэзію сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Высокая культура і веды вылучаюць працу над творамі сусветнай дзіцячай класікі. У яе багажы ілюстрацыі да кніг Рэдзьярда Кіплінга (1974, 1980), Шарля Перо (1979), Астрыд Ліндгрэн, Вільгельма Гаўфа (1978, 1987), Ханса Крысціяна Андэрсена.

Тонка адчуваючы літаратурны матэрыял, Наталля Паплаўская знаходзіла стылістыку вобразаў, якая адпавядала духу твора, характару краіны і эпохі. Гэтыя ілюстрацыі адрасныя: мастачка імкнецца размаўляць з маленькім чытачом на даступнай яму мове. У яе ілюстрацыях заўсёды прысутнічаюць вытанчанасць і выразнасць малюнка, мяккая сардэчнасць і цеплыня настрою, глыбокае веданне этнаграфічнага матэрыялу, касцюмаў і архітэктуры.

Кнігі, аформленыя Паплаўскай, ўзнагароджваліся дыпломамі на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах кніжнага мастацтва, былі адзначаны дыпломамі і медалямі Францыска Скарыны за лепшыя ілюстрацыі.

У 1960–80-х гадах Наталля Паплаўская рэгулярна ўдзельнічала ў міжнародных біенале дзіцячай ілюстрацыі ў Балонні, Браціславе, Барселоне, Лейпцыгу. У 1971 годзе на Браціслаўскім біенале «Мастакі — дзецям» літаграфія «Залатая яблынька» з серыі «Героі беларускіх казак» стала асновай для галоўнага плаката савецкай часткі выставы. Яе творы экспанаваліся на выставах у Швецыі, Даніі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Латвіі, Эстоніі і іншых краінах.

Наталля Паплаўская вядомая не толькі як таленавіты ілюстратар, але і як аўтар бліскуча выкананых графічных цыклаў. Найбольш важныя з іх — вышэйзгаданыя «Прырода і дзеці» (1968), «Палессе шасцідзясятых» (1969), а таксама «Помнікі гісторыі і архітэктуры Беларусі» (1977–1989), «Музей прыроды» (1972–1991), «Браслаўскія матывы» (1980–1996), «Яны належаць усім» (1983–1990).

Праца з дзіцячай кнігай сфармавала ў мастачкі адмысловае ўспрыманне свету і ў станковых кампазіцыях. Гэта прасочваецца ў стылявым адзінстве прац, характары малюнка. Гэтыя рысы знайшлі сваё выражэнне ў цыкле «Помнікі гісторыі і архітэктуры Беларусі». У лепшых аркушах серыі «Мірскі замак» (1975), «Абарончы храм у Сынковічах» (1977), «Каложа ўзімку» (1999) перададзены дух часу і прыгажосць старажытнага мастацтва дойлідаў і майстравых многіх пакаленняў.

Цыкл акварэляў «Яны належаць усім» прысвечаны помнікам садова-паркавага мастацтва. Працы Паплаўскай, створаныя ў розныя гады падчас паездак у Прыбалтыку, Крым і Германію — «Зімовы парк. Паланга» (1971), «Кіпарысы. Парк імя Пушкіна» (1983), «Гурзуф. Анюта і львы» (1986), «Сан-Сусі» (1989), захапляюць прыгажосцю абраных сюжэтаў. Мастачка заўсёды знаходзіць усё новыя і новыя кампазіцыі. Прысутнасць чалавека прыўносіць у настрой акварэляў камернасць і паэзію.

Блізкія гэтай тэме серыі акварэляў «З Чырвонай кнігі» (2002) і «Музей прыроды» (1972–1991).

У 2005 годзе выйшла кніга «Браслаўшчына. Дзённік мастакоў». Наталля Паплаўская — аўтар і мастак гэтага выдання — паўстала перад намі як творца і пісьменнік з багатым унутраным светам, удумлівы і тонкі лірык. Гэта збор літаратурных замалёвак і разважанняў пра прыгажосць прыроды Браслаўшчыны, пра эстэтыку сялянскай працы, пра народных майстроў і рамёствы, і самае галоўнае — пра творчую працу Георгія і Наталлі Паплаўскіх у гэтым краі. У кнізе больш за семдзесят рэпрадукцый твораў мастакоў, трыццаць з якіх — Наталлі Паплаўскай.

Невычэрпнай тэмай яе кампазіцый сталі старыя сялянскія сялібы, касцёлы і цэрквы ў асяроддзі магутных дрэў, маляўнічыя вулачкі Браслава і Слабодкі, парослыя ядлоўцам узгоркі, азёры ў зарасніках травы і чароту.

Акварэльныя і літаграфічныя творы з цыкла «Браслаўскія малітвы» ўспрымаюцца як ілюстрацыі да светлых казак пра чароўны запаведны край і, несумненна, належаць свету паэзіі, для ўвасаблення якога яна здолела знайсці адпаведную форму.

Лепшыя творы Наталлі Паплаўскай захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў, у Музеі беларускага сучаснага выяўленчага мастацтва, у выставачным аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака», у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, у мастацкай галерэі Аполе ў Польшчы і ў іншых замежных галерэях і прыватных калекцыях. У 2001 годзе яна была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны за выдатныя заслугі ў галіне выяўленчага мастацтва Беларусі.

Ужо некалькі гадоў Наталля Паплаўская займаецца мастацтвазнаўчым аналізам, каталагізацыяй і сістэматызацыяй творчасці свайго мужа — народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. Ёю з адданасцю і любоўю былі падрыхтаваны і выдадзены альбомы і каталогі, прысвечаныя яго творчасці. Вялікая даследчая праца дапамагла Наталлі стварыць выдатную кнігу-манаграфію «Рамантык суровага часу», у якой упершыню праведзены шырокі агляд і аналіз мастацтва гэтага майстра еўрапейскага маштабу, глыбокага, самабытнага і арыгінальнага творцы.

Праца над дзённікамі і матэрыяламі сямейнай хронікі падказала аўтару неабходнасць прывесці да адной роўніцы ўласную частку творчага жыцця, прысвечаную афармленню кнігі.

Рыхтуецца вернісаж мастачкі з паказам яе прац, выкананых у перыяд ад 60-х гадоў ХХ стагоддзя да нашых дзён.

Ніна Марчанка