Ад Renaіssance да Hi-Tech

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Выстава Аляксандра Даманава

/i/content/pi/mast/51/866/15.jpg
Renaіssance. Палатно, змешаная тэхніка. 2009
Што звычайна мяркуеш убачыць на персанальнай выставе маладога мастака? Нявызначанасць творчага напрамку, сляды ўплыву настаўнікаў ці творчых аўтарытэтаў, крыху наіўнае самавыяўленне? Аднак нічога гэтага не было на першай у Беларусі персанальнай выставе стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, сябра маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў Аляксандра Даманава. Праўда, варта ўдакладніць, што на самай справе гэта не першая «персаналка» Аляксандра. У яго творчай біяграфіі ўжо былі выстаўкі ў Германіі і Японіі. Аднак дэбют на радзіме заўсёды самы важны.

Работы, што былі прадстаўлены на выставе ў галерэі «Універсітэт культуры», вылучаюцца бездакорнай, майстэрскай выканаўчай тэхнікай. Сярод новай генерацыі маладых жывапісцаў сустракаюцца вельмі тэхнічныя выканаўцы, прафесіяналы сваёй справы, але іх работам часта бракуе сапраўднага пачуцця. Творчасць Аляксандра Даманава характарызуецца сэнсавай шматслойнасцю, шматзначнасцю і шчырай аўтарскай прыналежнасцю да ўвасобленага.

Мастак аддае даніну павагі акадэмічнай школе: яна аказала моцны ўплыў на яго фарміраванне. Але ў творах Аляксандра відавочна не толькі вернасць рэалістычнай традыцыі (якая выразна адчуваецца, напрыклад, у яго дыпломнай рабоце — тонкім па настроі і псіхалагічна дакладным партрэце Міхаіла Савіцкага) — аўтар адкрыты да новых уплываў. І гэта натуральна, бо малады мастак, што жыве ў ХХІ стагоддзі, не можа заставацца ва ўтульным коле адпрацаваных папярэднікамі тэм. У сваім пошуку Даманаў знаходзіць дакладны шлях да раскрыцця ўласнай сутнасці і пераканаўча даказвае сваю творчую слушнасць.

На жаль, у адной невялікай зале галерэі «Універсітэт культуры» не было магчымасці прадставіць усе тыя работы, якія хацеў паказаць Аляксандр. Не было там аўтарскай графікі, дарэчы, не менш цікавай, чым жывапіс. Тыя нешматлікія жывапісныя творы, што змаглі ўбачыць гледачы, рабілі моцнае ўражанне. Памер работ, даволі вялікі для сучаснага маладзёжнага жывапісу, — сведчанне адукацыі аўтара, якую ён атрымаў на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Усяго дзесяць твораў стварылі насычаную атмасферу вобразаў, поўных унутранай энергіі і сапраўднага глыбокага пачуцця. Яны прыцягвалі, прымушалі ўглядвацца ў сябе, уводзілі ў патаемныя глыбіні аўтарскага «я», схілялі да сур’ёзнай рэфлексіі.

Паводле слоў самога мастака, яго галоўнай задачай у гэтай экспазіцыі стала імкненне падзяліцца ўласным унутраным светам — у розных яго праявах, не выдзяляючы найбольш прыярытэтных тэм. Сапраўды, адчуваецца, што аўтар не вызначыў яшчэ «генеральную» лінію творчасці. Але тое не падаецца недахопам: усё, чым ён займаецца сёння, — цікавае і вартае глыбокай распрацоўкі.

Моцна і пераканаўча вырашана хрысціянская тэма, заяўленая ў творах «Зняцце з крыжа» і «Іаан». На першым палатне, дзе ўвасоблена традыцыйная для еўрапейскага жывапісу сцэна, няма постацей людзей, што здымаюць цела Хрыста з крыжа. На цёмным, падобным на саван фоне бачны толькі кісці іх рук. Пазбавіўшыся ўсялякай апісальнасці, лаканічная выява набыла сімвалічнае гучанне. Дзякуючы гэтаму прыёму аўтар гранічна абвастрае думку, канцэнтруе ўвагу гледача на галоўным. У «Renaіssance» на характэрным фоне з абавязковымі арачнымі вокнамі, праз якія відаць класічны пейзаж, — выява загадкавай маладой дзяўчыны, што прыкрывае рукой адно вока і ўважліва ўслухоўваецца ў нейкія таямнічыя гукі, нячутныя нам словы. Цікавыя аўтарскія пошукі сучаснай эстэтыкі ў работах «Чорны квадрат» і «Hi-Tech». Першы твор спасылаецца на свайго знакамітага папярэдніка — не толькі непасрэдна квадратам тканіны, якім дзяўчына закрывае свой твар, але і строгай структурай сцяны шуфлядак на заднім плане.

Упэўнены, што малады аўтар працягне плённа развіваць свае ідэі — пры ўмове, што ён пазбегне самазаспакоенасці і захавае дасягнуты ўзровень высокага майстэрства і псіхалагічнай глыбіні.

Дзяніс Барсукоў