З гісторыі рэчаў

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Нацюрморты Віктара Бялова

/i/content/pi/mast/51/865/14.jpg

Nostalgia. Алей, калаж, аргаліт. 2011.

У мінскай галерэі Беларускага саюза мастакоў «Беларт» працавала юбілейная выстава барысаўскага жывапісца Віктара Бялова. Праз месяц пашыраны варыянт экспазіцыі быў паказаны і землякам творцы.

Яго палотны напоўнены маладой сілай і энергіяй — гэта шматлікія нацюрморты, улюбёныя «коткі-коні-рыбы», работы ў стылі «ню». Значны творчы досвед адчуваецца ў падборцы прадметаў любімага жанру («Нацюрморт з бульёткай», 2002; «Чырвоны прас», 2009), у багатай колеравай нюансіроўцы фону («Нацюрморт з грэцкімі арэхамі», 2007), у кампазіцыйнай цэльнасці і прапісанасці твораў.

Неад’емная якасць прадметнага свету Віктара Бялова — надзяленне рэчаў індывідуальным жыццём і адценнямі чалавечых эмоцый. Дыптых «Ахвярапрынашэнне» (1997) — гэта гісторыя добрых прадчуванняў і горкіх расчараванняў, расказаная з дапамогай класічных нацюрмортных кампанентаў — бутэлек і рыбы... Бялоўскія грушы — цяжкаважка эратычныя, лімоны — з’едлівыя і саркастычныя; бутлі напоўнены паважнасцю. Тут і стомленая пацёртая джэзва, какетлівая газавая лямпа, тупаватыя аптэчныя пузыркі і... да бясконцасці. Віктар любіць старыя рэчы. Рэчы любяць яго.

Гэтым і тлумачыцца з’яўленне такога жанру, як «нацюрморт-рэтраспекцыя» з фірмовым прыёмам «наклейкі». Рэтраспектыўныя працы Бялова — гэта не толькі самабытныя прадметныя «фізіяноміі», але і далёка не абыякавы аповед пра перажытае, у якім творца выходзіць за рамкі індывідуальнага свету, абуджаючы спагадлівасць нават у далёкага ад мастацтва гледача. Такая яго «Nostalgia» 2011 года, ад якой, здаецца, зыходзяць гукі і пахі тыповай савецкай раніцы: старэнькі радыёпрымач (чутныя першыя такты гімна), медны чайнік, пах яечні на патэльні, сляды ўчорашняга застолля, рэзкаватым дысанансам — камсамольскі білет і памятыя «траячкі» і «рублёўкі». Старэнькая фатаграфія на сцяне — пара ў нацыянальных строях. Усё сышлося: Савецкі Саюз, раніца, панядзелак...

Наш знакаміты зямляк Валерый Шкаруба, які выступаў на адкрыцці выставы, адзначыў, што да гэтых карцін можна вяртацца зноў і зноў, раскрываючы іх глыбінныя сэнсы.

Віктар пераадолеў рамкі традыцыйнага пастановачнага бытавога нацюрморта, здолеўшы дасягнуць у многіх працах рэдкай і асабліва каштоўнай для гэтага жанру якасці — гістарызму. «Я адчуваю безвыходнасць і агіду ад чалавечых стасункаў»,— наракаў Віктар яшчэ на пачатку свайго творчага шляху, пошук прывёў яго да так званага «сімвалічнага нацюрморта» (тэрмін Бялова), жанру, які стаў для яго вызначальным. Рэчы — маўклівыя і непадкупныя сведкі часу. Пазбегнуўшы выдаткаў сацыяльна-дэпрэсіўнай тэматыкі, Бялоў прыйшоў да двух напрамкаў нацюрморта — як эстэтычна самадастатковага аб’екта і рэтраспектыўнага з элементам гістарызму.

Ёсць няхітрая формула індывідуальнасці мастака: прафесійныя веды, досвед, прыродны тэмперамент. Спалучэнне гэтых складнікаў і спараджае тое, што мы называем самабытнасцю. Працы Віктара, як і шэрагу прадстаўнікоў «барысаўскай школы» (Сяргея Лагачова, Мікалая Рыжага — у жывапісе, Людмілы Бабіч — у батыку), немагчыма зблытаць з нечымі яшчэ. Што ж да адной з «цаглінак» — прыроднага тэмпераменту, то тут Віктару Бялову няма роўных як сярод мясцовых майстроў, так і сярод мастакоў — выхадцаў з Барысава. Магутнае, радаснае пачуццё жыцця прысутнічае ва ўсіх яго палотнах. Багацце святла і колеру, асаблівая выразнасць прадметных форм — уласна, тое, што мы называем «захаванай прыгажосцю».

Віктар Бялоў — мастак з важкім выставачным «багажом» — экспануецца з 1984 года. Адным з яго творчых дасягненняў з’яўляецца ўдзел у пленэры, які праходзіў у расійскім горадзе Малаяраслаўцы і быў прысвечаны 200-годдзю Аляксандра Пушкіна і 200-годдзю Калужскай епархіі. Творы мастака адзначылі за яркасць, жывапіснасць, моцную энергетыку і разняволенасць. Асаблівае ўздзеянне на гледачоў зрабіла аўтарская тэхніка (мастыхін, пэндзаль, акрылавая паста, фактурны жывапіс). У творах Бялова — усё сонечна, цёпла і прывабна, ён заўсёды павернуты да светлага боку жыцця.

Дарэчы, пасля паездкі ў Малаяраславец была агучана інфармацыя, якая моцна ўразіла барысаўскіх мастакоў: аказваецца, у гэтым невялікім гарадку з насельніцтвам у 40 тысяч чалавек паспяхова працуюць ажно дзве мастацкія галерэі. А ўсе спробы арганізаваць галерэю ў нашым багатым на гістарычнае мінулае і таленты горадзе ўжо які год «разбіваюцца» аб абыякавасць чыноўнікаў. У сваіх выступах Віктар неаднаразова закранаў тэму неабходнасці стварэння ў Барысаве паўнавартаснай мастацкай галерэі. Горад з насельніцтвам у 150 тысяч чалавек, дзе больш за 30 гадоў існуе мастацкая школа, ёсць школа з мастацкім ухілам, дзе працуе столькі адораных майстроў, востра мае патрэбу ў карціннай галерэі з пастаяннай экспазіцыяй і залай для зменных выстаў, каб мэтанакіравана займацца зборам і закупкай лепшых прац мастакоў Барысаўшчыны. А пакуль... велізарная колькасць твораў прададзена прыватным калекцыянерам і музейным зборам іншых краін і гарадоў. Што маем — не захоўваем...

Таццяна Брацянкова