2011: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (345) 01.12.2011 - 31.12.2011 г

Музыка і харэаграфія

/i/content/pi/mast/51/861/7.jpg

Адкрыццё Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ў Белдзяржцырку.

Між акадэмізмам і цыркам

Апошні год быў надзвычай багатым на музычныя ўражанні. Прэм’еры ў акадэмічных музычных тэатрах і Белдзяржфілармоніі, міжнародныя фестывалі, адметныя праекты кампазітараў, харэографаў, спевакоў і танцораў. Стракаты і размаіты калейдаскоп падзей, вобразаў, уражанняў... Якія тэндэнцыі сталі вызначальнымі для гэтага адрэзку часу? Чым сёлетні год прынцыпова адрозніваўся ад папярэдніх?

На маю думку, прыкметных і відавочных тэндэнцый было некалькі. Па-першае, тэатры, аркестры, салісты настойліва шукаюць новыя, нечаканыя сцэнічныя пляцоўкі. Такі пошук вельмі характэрны, напрыклад, для заходняга опернага мастацтва (тут спецыяльна будуюць памосты на беразе Швейцарскага возера, іграюць спектаклі ў замках, выкарыстоўваюць для паказаў старыя заводскія памяшканні і прыстасоўваюць ужо выпрацаваныя прамысловыя кар’еры).

А што ў нас? Акадэмічны музычны тэатр зладзіў уласны праект (з удзелам зорак сваіх і Марыінскага тэатра) у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Тэатр оперы і балета асвойвае ў якасці ўласнага філіяла пляцоўку магілёўскага абласнога Палаца культуры (тут зала-«тысячнік»). Але самым «радыкальным» аказаўся сёлета знакаміты Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які распачаўся ў Мінску... на арэне Белдзяржцырка. Папулярныя і любімыя публікай класічныя творы (урыўкі з балетаў Чайкоўскага і г.д.), былі прадстаўлены Акадэмічным сімфанічным аркестрам філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава і ў суправаджэнні знакамітых цыркавых артыстаў.

Па-другое, на акадэмічнай музычнай сцэне ўсё часцей праяўляюцца элементы шоу і (страшна прамовіць!) усюдыіснай «папсы». Што да апошняй, дык самы красамоўны прыклад — «Блакітная камея» ў Музычным. Ці не першыя «папсовыя» прыкметы — узровень тэкстаў і спевы пад інструментальны «мінус» (іх можна пачуць і ў адной з прэм’ер тэатра, «Чароўнай лямпе Аладдзіна»). Адсутнасць жывога гуку ў зале, а значыць — аркестра ў яміне робіць працэс эксплуатацыі спектакля больш танным, вось толькі ў якой ступені гэта адсутнасць прыдатная для акадэмічнай сцэны — вялікае пытанне.

Думаю, цікавасць рэжысёраў, калектываў тэатра да выкарыстання элементаў эстрады, шоу, цырка ў нечым заканамерная. Жанры і віды мастацтва моцна ўплываюць адзін на аднаго. Калі сучасны глядач і слухач, які прызвычаіўся да інтэнсіўнага і зменлівага відэашэрагу, спажывае тэлепрадукт (неістотна, высокі ці нізкі, — тут важны прынцып!), здараецца, ён відавочна сумуе на чыста аркестравых або харавых праектах (заўважу, размова не ідзе аб прафесіяналах).

Чаму сумуе? Таму што выключна слыхавое ўспрыманне патрабуе ад кожнага багатага слыхавога вопыту і выдатнай памяці, здольнасці параўноўваць выканальніцкія інтэрпрэтацыі і г.д. Так, сёння можна прывабіць якасцю і ўзроўнем музыкі — імем кампазітара, саліста ці дырыжора, арыгінальнасцю трактоўкі, але гэта павінны быць зоркі амаль сусветнага маштабу. А паколькі такіх зорак на кожны дзень не набярэшся, рэжысёры імкнуцца ўсімі сродкамі разнастаіць візуальна-зрокавы шэраг, прапанаваны публіцы. Свежы прыклад — адна з апошніх оперных прэм’ер, «Севільскі цырульнік» Расіні, дзе зададзены фармат інтэрпрэтацыі — камедыя дэль артэ — прадугледжваў прыём «тэатра ў тэатры», наяўнасць пляцоўкі (ці то драматычнай, ці то цыркавой) і шматлікія нумары-скетчы, эстрадна-цыркавыя па сутнасці.

Трэцяя тэндэнцыя — актыўнае выкарыстанне магчымасцей сумежных, а часам і далёкіх мастацтваў. Найбольш яскравыя прыклады — відэапраекцыі, што шырока выкарыстоўваліся летась на сцэне Опернага ў спектаклях «Набука» і «Тоска». У оперы відэа стала менш, затое Музычны тэатр ідэю калег развіў і давёў да лагічнага канца. У балеце «12 крэслаў», пастаўленым рэжысёрам Анастасіяй Грыненка і балетмайстрам Дзмітрыем Якубовічам, фрагменты «нямога» кіно і дакументальных кінастужак 1920-х гадоў, якія праектуюцца на экран, аказаліся неабходнымі для перадачы патрэбнай атмасферы часу.

Наступны трэнд. Міжнародныя музычныя фестывалі за межамі сталіцы набываюць усё большы маштаб. Гаворка не толькі пра традыцыйныя «Славянскі базар» у Віцебску і «Залаты шлягер» у Магілёве, але і пра «Студзеньскія музычныя вечары» ў Брэсце, якія сёлета сабралі мега-зорак (сярод іх Саўлюс Сандэцкіс, Захар Брон, Барыс Блох), і пра «Вечары Вялікага ў замку Радзівілаў», што займелі шырокую праграму.

І апошняе. Усё часцей у Беларусі гастралююць салісты і калектывы, пра якія некалькі сезонаў таму мы наўрад ці марылі. Але заўважце, сярод іх пераважаюць прадстаўнікі менавіта санкт-пецярбургскай школы: Валерый Гергіеў прыехаў у маі разам з аркестрам Марыінскага тэатра; восенню на сцэне Тэатра оперы і балета мы пабачылі двух знакамітых салістаў, чыё жыццё таксама звязана з Марыінкай, — танцоўшчыка Фаруха Рузіматава (у межах праекта Андрыса Ліепы) і спявачку Ірыну Гардзей (былую нашу салістку ў Мінску не заўважалі, а цяпер яна трыумфальна выступае па ўсім свеце).

Каляндарны год заканчваецца, сезон, тэатральны і канцэртны, доўжыцца. У тэатрах ужо звярстаныя планы на 2012-ы. Якімі падзеямі ён будзе пазначаны — пакажа час...

 Таццяна Мушынская

 

І ўсё — pro танец

Сярод вартага ўвагі ў галіне харэаграфіі — выхад зборніка доктара мастацтвазнаўства прафесара Юліі Міхайлаўны Чурко пад назвай «Pro танец», які ўключае каля 50 артыкулаў, прысвечаных найбольш важным падзеям ва ўсіх відах харэаграфічнага мастацтва Беларусі. Напісаныя аўтарам на працягу паўстагоддзя, гэтыя артыкулы з’яўляюцца жывой хронікай насычанай гісторыі айчыннага танца.

У 2011 годзе на поўны голас заявіла пра сябе сучасная харэаграфія Беларусі. Яна даволі хутка прайшла шлях ад паблажлівай зацікаўленасці з боку замежных спецыялістаў да безагаворачнага прызнання на самым высокім міжнародным узроўні. Яркім прыкладам таму з’яўляецца перамога балетмайстра Дзмітрыя Залескага
(другое месца і сярэбраны
медаль) у конкурсе харэографаў (23 удзельнікі з 16 краін)
на VII Міжнародным конкурсе імя Сержа Ліфара ў Данецку.
Журы ўзначальваў славуты Юрый Грыгаровіч, а ў склад яго ўваходзілі прадстаўнікі Францыі, Нарвегіі, Германіі, Венгрыі, Японіі, Канады і Карэі. Пастаяннымі сталі выступленні калектываў, чыя творчасць суадносіцца з паняццем «сучасная харэаграфія».

Цікавы аспект — актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва, а дакладней, ажыццяўленне сумесных творчых праектаў айчынных і замежных адэптаў сучаснага танца. Так, напрыканцы лістапада на вечары сучаснай харэаграфіі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі сталічныя гледачы ўбачылі работы айчыннага харэаграфічнага калектыву «D.O.Z.SK.I» і спектакль польскага тэатра танца «Zavirowania».
У канцэртнай зале «Мінск»
адбыўся Першы харэаграфічны форум, які аб’яднаў выступленні тэатра танца «KARAKULI»
з Беларусі, расійскай «Lyubashin brothers group» з Санкт-Пецярбурга і малдаўскай «Voices
Dance Company» з Кішынёва.

На жаль, Беларускае тэлебачанне ўдзяляе мала свайго эфірнага часу прапагандзе харэаграфічнага мастацтва. Хацелася б мець спецыяльныя перадачы пра танец, глядзець канцэртныя выступленні калектываў і разгорнутыя рэпартажы аб значных падзеях. Бо харэаграфія — мастацтва візуальнае і яго трэба бачыць, а не толькі чуць ці чытаць пра яго.

Святлана Гуткоўская

 

Цым-бель-опера

Не ведаю, як для іншых, а для мяне 2011-ы прайшоў пад знакам оперы і... цымбалаў. У Нацыянальным тэатры оперы і балета з’явілася «Снягурка» Рымскага-Корсакава, не падобная на нашы ранейшыя пастаноўкі. У ёй спляліся фэнтэзі і думка, відовішча і тэатральная ўмоўнасць, псіхалагізм і міфалогія. Рэжысёр Сусанна Цырук зрабіла спектакль, які адпавядае найноўшым еўрапейскім тэндэнцыям і пры гэтым пазначаны яркімі індывідуальнымі рысамі.

Адбыліся зрухі і на камернай опернай сцэне — пры ўсёй яе адсутнасці. Ну, няма ў нас пакуль эксперыментальнай тэатральнай сцэны для эксперыментальных музычных пастановак. А пастаноўкі — ёсць. У снежні 2010-га (той месяц выпаў з леташняга агляду падзей года) у Беларускай акадэміі музыкі малады рэжысёр Ганна Маторная з фантазіяй і гумарам паставіла аднаактовую «Фантазію» Уладзіміра Кур’яна (праўда, мне больш падабаецца 1-я рэдакцыя твора — менш «прыгладжаная» пад правілы і «стандарты», напісаная яшчэ ў час вучобы, у 1980-я). І хоць опера была пастаўлена на студэнцкай сцэне і прайшла ўсяго двойчы, факт адметнага ўвасаблення партытуры, бліскучай па кампазітарскай працы, не можа не стаць падзеяй «нумар раз». Як і далейшае сцэнічнае жыццё яшчэ адной камічнай аднаактоўкі — оперы «Мядзведзь» Сяргея Картэса, якая з лістапада замацавалася ў Малой зале імя Александроўскай. Яна не надта прыстасавана для тэатральных паказаў, кампазітару давялося перарабляць аркестроўку для камернага ансамбля замест вялікага сімфанічнага аркестра, але пры ўсіх «нягледзячы» сутнасць не змяняецца і застаецца чымсьці экстраардынарным: беларуская (!) опера (!) з усімі яе пошукамі новага бельканта, паказаная на публіку, а не прайграная на піяніна кампазітарам для сяброў ці нават для мастацкага савета.

На такім фоне лепш разумееш, як шмат значыць падзвіжніцкая дзейнасць маладой цымбалісткі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Веранікі Прадзед. Калі яна ладзіла першы сольнік, цалкам складзены з беларускіх прэм’ер, гэта ўспрымалася як «актыўнасць магістранткі». Калі ж кампазітары пачалі пачкамі насіць ёй новыя творы, бо яна іх не проста іграе-агучвае, а ўдыхае жывое жыццё і адчуванне прыгажосці (інакш, з «бел.» робіць «бель»), тут сталася зразумелым: дзяўчына — з’ява ў нашым мастацтве, і далёка не аднаго года.

Ну, а з’явай, што не можа не насцярожваць, аказаліся апошнія балетныя прэм’еры. Ад філасофскіх балетаў-прытчаў Валянціна Елізар’ева, якія і цяпер засталіся актуальнымі, але рэзка страчваюць узровень выканання, быў узяты курс на прыгожыя балетныя карцінкі-забаўлянкі. Але ж сучаснае харэаграфічнае мастацтва рухаецца ў іншы бок: яно эксперыментуе, пераасэнсоўвае, не пераказвае, а аспрэчвае, нанова шукаючы адказы на вечныя пытанні. Нашы лепшыя салісты пад кіраўніцтвам удумлівых педагогаў-рэпецітараў імкнуцца знайсці ў героях псіхалогію, а ў іх учынках — сэнс, але... дзе тыя харэографы, якія ўкладуць усё гэта ў новыя творы, а не толькі ў іх выкананне? Трэба, відаць, пачакаць...

Надзея Бунцэвіч

 

Ведаць, куды накіроўвацца

Пазбегнуць культурных расчараванняў мне дапамагае знакамітая фраза Марка Твэна: «Хто не ведае, куды накіроўваецца, вельмі здзівіцца, патрапіўшы не туды». Таму разам з імкненнем адкрыць для сябе штосьці новае, застаюся вернай падзеям, што ўжо сталі знакавымі. Сярод іх — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які сёлета асабліва парадаваў пашырэннем жанравых межаў — спалучэннем музыкі, паэзіі, тэатра; новай канцэртнай пляцоўкай — амфітэатрам; а таксама і мастацкім узроўнем галоўных праграм. Варта адзначыць канцэрт — адкрыццё свята, дзе прагучалі беларускія народныя песні, якія апрацаваў у свой час для ансамбля «Песняры» Уладзімір Мулявін. Адчувалася, што Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр і яго мастацкі кіраўнік Міхаіл Фінберг рыхтавалі праграму з вялікай любоўю і павагай да спадчыны славутага музыканта. Такія ж моцныя ўражанні пакінуў фестывальны канцэрт-прысвячэнне «Чатыры нацыянальныя постаці Беларусі», які паказаў найярчэйшыя грані айчыннага акадэмічнага мастацтва. На сёлетнім свяце знайшлося месца і для рок-музыкі, джаза, аўтарскай песні, дзіцячай творчасці.
У гэтым — не толькі адметнасць, але і годнасць фестывалю.

Праект «Маладыя таленты Беларусі», які другі год запар ладзіць Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, сёлета вырас у Рэспубліканскі конкурс. Калі летась конкурс прайшоў па трох намінацыях, то ў 2011 годзе ахапіў чатыры: эстрадны вакал, акадэмічны вакал, інструментальная музыка — салісты і ансамблі. Прафесійны ўзровень удзельнікаў, іх колькасць сведчаць пра магутны творчы патэнцыял краіны. Заяўкі падалі выканаўцы з розных куткоў Беларусі і нават тыя, хто працягвае навучанне за мяжой. Самай папулярнай стала эстрадная намінацыя, якая выявіла пэўныя недахопы музычнага выхавання, праблемы з рэпертуарам, мастацкім густам кіраўнікоў некаторых эстрадных студый. Хочацца спадзявацца, што конкурс і магчымасць гучаць у рэспубліканскім радыёэфіры стануць добрым стымулам у іх вырашэнні.

Таццяна ЯКУШАВА