ЯК НАВУЧЫЦЦА ЛЮБІЦЬ СВАЁ?

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Прэстыж нацыянальнай опернай школы. Оперны спявак -- тэатр -- глядач… У гэтай неабсяжнай прасторы я вылучыла б некалькі аспектаў. Найперш -- беларускі кампазітар і тэатр.

-- Няма чаго туды хадзіць! Гэты тэатр наогул не мае ніякага дачынення да беларускай культуры! Добра, калі хоць адна опера на беларускай мове там ідзе, а бывае, што і ніводнай… Ні мовы, ні кампазітараў беларускіх.., -- такое давялося аднойчы пачуць ад аднаго нашага пісьменніка.

 /i/content/pi/mast/4/86/Opera1.jpg

«Аіда» Д.Вердзі. А.Якушэвіч (Амнерыс).

Ягонай катэгарычнасці я не падзяляю. Бо не можа лічыцца беларускім толькі артыст у лапцях. Але доля здаровага сэнсу ў такім меркаванні ёсць. Тым больш, што гэта думка не аднаго чалавека, а пэўнай катэгорыі грамадства. Іншая справа, што музыкі беларускіх кампазітараў у оперным тэатры відавочна бракуе. Узаемаадносіны тэатра і кампазітараў, кампазітараў і публікі ніколі не былі ідэальнымі.
…Больш за 20 гадоў таму, пасля генеральнай рэпетыцыі беларускай оперы, я брала інтэрв’ю ў вядомай спявачкі, выканаўцы галоўнай партыі.
-- А вы думаеце, што гэтую музыку можна спяваць? -- запальчыва і нават раздражнёна прамовіла яна.
Яшчэ адзін успамін, больш свежы. Мінулы сезон. Час падрыхтоўкі опер «Нататкі вар’ята» і «Сіняя Барада і ягоныя жонкі».
-- Такой музыкай -- толькі голас сапсаваць! Прычым надоўга, калі не назаўсёды... Якое шчасце, што ў прэм’еры не заняты! -- казаў у кулуарах вядомы выканаўца.
Спевакі хочуць выконваць музыку меладычную, прыгожую, якая будзе падабацца і ім, і слухачам. Тую, якая дазваляе паказаць прыгажосць голаса і кантылену. І гэта законнае права спевака. Але многіх кампазітараў вучаць так, што меладызм для іх -- самая вялікая загана, а прыгажосць -- якасць, з якой трэба змагацца.
На маю думку, спевакі большасці нашых кампазітараў проста не ведаюць -- апроч двух-трох, чыю музыку спяваюць. Кампазітары, у сваю чаргу, не ведаюць спевакоў, для якіх варта было б пісаць. А калі ўсё ж і ведаюць, і пішуць, і спяваюць, дык гэта часцей справа асабістага энтузіязму, чым паслядоўнай палітыкі. Бо калі ўдзел спевака ў канцэрце беларускай музыкі каштуе 20 (дваццаць) тысяч -- гэта разавая канцэртная стаўка, дык усур’ёз пра палітыку падтрымкі нацыянальных прыярытэтаў казаць нельга. «Лепш я оперны шлягер вывучу і буду спяваць яго ў многіх канцэртах, чым твор беларускага кампазітара, які, магчыма, прагучыць адзін раз…», -- да такой логікі падштурхоўвае спевака музычная рэчаіснасць.
Варта заўважыць: сітуацыя з творамі беларускіх аўтараў на працягу апошніх сезонаў лепшая, чым калі-небудзь. Тэатр аднавіў «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, якога доўга не было на афішы. Адбыліся прэм’еры опер «Нататкі вар’ята» В.Кузняцова і «Сіняя Барада і ягоныя жонкі» В.Капыцько. У філармоніі тэатр паказаў праграму «Па старонках беларускіх опер», якая прадстаўляла панараму ад оперных твораў даваеннага часу да ўрыўкаў з неўвасобленай «Пані Ядвігі» У.Солтана.
Нават калі б тэатр моцна захацеў, скласці палову рэпертуару з твораў айчынных аўтараў наўрад ці атрымалася б. Чаму? Кожны оперны спектакль патрабуе значных фінансавых укладанняў, а адміністратары калектываў добра ўсведамляюць тое, пра што афіцыйна не прынята гаварыць. Дастаткова скласці афішу канцэрта з твораў толькі беларускіх аўтараў, як можна гарантаваць, што поўнага збору, а тым больш аншлагу, не будзе (гаворка не пра эстраду і не пра харэаграфію). А філармонія ці тэатр -- як відовішчныя ўстановы -- маюць план па гледачах і па выручцы.
Чаму? Ды таму, што публіка ў нас такая. Не любіць яна свайго... Бо не ведае. Нігілізм у стаўленні да свайго -- адметная рыса кожнага другога беларуса. Публіка наша любіць чужое, а яшчэ лепш -- «раскручанае» на тэлеэкране. А там «раскручваюць» эстраду, расійскую.
У рэкламным аддзеле тэатра оперы мне паведамілі красамоўны факт. Тэатр дае рэкламу спектакляў на
FМ-станцыі і каналы Беларускага радыё. Так прайшла інфармацыя, што на бліжэйшай «Мадам Батэрфляй» за пультам будзе стаяць іспанскі дырыжор Мар’яна Рывас. За два дні раскупілі амаль 200 білетаў...
Публіку можна зразумець. Яна хоча ісці на прэстыжнае. На тое, пра што ўсе гавораць, што абмяркоўваецца. Глядач прагне новага і свежага. І ён апрыёры перакананы, што чужое заўжды лепшае, чым сваё.
Сёлета ў чэрвені ў Маскве праходзіў Міжнародны конкурс імя Чайкоўскага. Адзін з самых прэстыжных у свеце, дзе сабраліся самыя таленавітыя выканаўцы з многіх краін. З Мінска на яго выправіліся трое салістаў оперы -- Т.Гаўрылава, Э.Мартынюк, І.Сільчукоў. Яны прайшлі надзвычай складаны адборачны тур, калі з 430 прэтэндэнтаў засталося 37. З гэтых 37 -- трое нашых! Хіба не гонар нацыянальнай школы? Але ці ведае грамадскасць іх у твар? Пераканана, што не.
Ці ёсць на шматлікіх беларускіх тэлеканалах хоць адна перадача, прысвечаная менавіта оперы і акадэмічным спевам? Пытанне рытарычнае. Была некалі перадача «“Залатая дзесятка” беларускай оперы», якую рыхтавала СТВ. Цяпер яе няма.

 /i/content/pi/mast/4/86/Opera2.jpg

«Князь Ігар» А.Барадзіна. Сцэна са спектакля.

Вярнуся да тэмы «тэатр і беларускія кампазітары». Ведаю, што Уладзімір Кандрусевіч працуе над операй, галоўнымі героямі якой будуць князь Ягайла і Соф’я Гальшанская. Ягоным творам зацікавіліся ў Расіі. Дзмітрый Даўгалёў напісаў оперу «Агонь Праметэя» на антычны сюжэт. Творам зацікавіліся ў Санкт-Пецярбургу. Сваю новую оперу «Цень» (паводле Я.Шварца) Алег Хадоска зноў-такі прапаноўвае аднаму з расійскіх тэатраў. Сяргей Картэс закончыў аднаактовую оперу «Мядзведзь» (паводле А.Чэхава), але, мяркую, зноў-такі будзе шукаць калектыў не ў Беларусі. Чаму яны глядзяць у той бок? Магчыма, каб не чакаць два дзесяцігоддзі, як Кузняцоў і Капыцько.
Оперная сцэна ў сталіцы адна. Туды многія хочуць трапіць са сваімі творамі і, натуральна, не ўсе могуць. І не ўсе павінны... Але сцэна, паўтаруся, павінна быць не адна! Гэта бясспрэчна! Можа, у сувязі з капітальным рамонтам тэатра варта падумаць пра тое, каб абсталяваць у немалым будынку яшчэ адну, камерную сцэну?
На маю думку, кампазітары, сам тэатр, Міністэрства культуры ў пошуках нацыянальнага рэпертуару часта існуюць адасоблена. І элементарна не ведаюць, у каго што ёсць -- ужо гатовае альбо на падыходзе. Шкада, калі нашы лепшыя кампазітары будуць і надалей «шукаць шчасця» за мяжой, калі іх творы па-ранейшаму будуць рабіцца набыткам опернага мастацтва суседніх краін. А наш тэатр тым часам будзе шукаць новыя партытуры…

Таццяна МУШЫНСКАЯ