І «ЦІЛЬ», І «ШЧАЎКУНОК», І «ЧЫПАЛІНА» …

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

У Нацыянальным акадэмічным тэатры балета адбылося столькі цікавых падзей, што не сказаць пра іх было б грэшна.

Калектыў паказаў юбілейны, 100-ы спектакль «Легенда пра Ціля». Адметная падзея! Далёка не кожны балет вытрымлівае такое выпрабаванне часам! І нездарма ж: музыку гэтага балета напісаў сам Яўген Глебаў. У велізарнай спадчыне кампазітара, якога справядліва лічаць класікам айчыннай музыкі ХХ стагоддзя, «Ціль» быў адным з найбольш любімых

 /i/content/pi/mast/4/85/Balet1.jpg

«Легенда пра Ціля». Сцэна са спектакля.
Нацыянальны тэатр балета.

твораў. Сучасная і яркая партытура Я.Глебава неаднойчы набывала сваё сцэнічнае ўвасабленне. У Львове, Чалябінску, Хельсінкі, Ленінградзе. І ў Мінску спектакль ставіўся двойчы: харэографам А.Дадзішкіліяні і сцэнографам В.Левенталем -- у 1974 годзе; харэографам В.Елізар’евым і сцэнографам Я.Лысікам -- у 1977-м.
Апошні мінскі спектакль аказаўся ці не самым маштабным па сваёй пастановачнай канцэпцыі. Літаральна кожная партыя мела не аднаго, а некалькіх бліскучых выканаўцаў. Памятаю, як тагачасная крытыка горача спрачалася, хто бліжэй да сутнасці вобраза галоўнага героя Шарля дэ Кастэра -- Ю.Траян, У.Камкоў або У.Іваноў; хто больш шматгранны ў партыі Нэле -- Л.Бржазоўская ці Т.Яршова; хто больш выразны і пластычны ў характарнай, экспрэсіўнай партыі Караля Філіпа -- В.Саркісьян або С.Пясцехін. Для цэлага пакалення балерын і танцоўшчыкаў партыі ў «Цілі…» аказаліся знакавымі ў іх творчай біяграфіі.
Пэўны час -- амаль 10 гадоў -- спектакль не ішоў на мінскай сцэне. Летам 2004 года тэатр паказаў новую рэдакцыю балета, ажыццёўленую В.Елізар’евым. Балет набыў новую назву -- «Легенда пра Ціля». Ён быў паказаны фактычна для новага пакалення гледачоў, а ўвасоблены -- новым пакаленнем артыстаў. Прэм’ера «Легенды» літаральна адкрыла гледачам надзвычай яркага і сапраўды харызматычнага танцоўшчыка Дзяніса Клімука. (Шкада, што не так часта, як хацелася б, ён выходзіць да гледача ў вядучых партыях у іншых пастаноўках тэатра.)
Склад выканаўцаў юбілейнага -- 100-га -- спектакля шмат у чым супадаў са складам прэм’еры абноўленай «Легенды...». Акрамя згаданага Д.Клімука, гэта В.Гайко (Нэле), І.Артамонаў (Вялікі Інквізітар), Ю.Кавалёў (Кароль Філіп), В.Пятроўскі (Рыбнік), якія з вялікай пластычнай экспрэсіяй увасобілі вобразы дэ Кастэра, Глебава і Елізар’ева.

 /i/content/pi/mast/4/85/Balet2.jpg
«Шчаўкунок». Сцэна са спектакля.
Нацыянальны тэатр балета.

І яшчэ адзін харэаграфічны спектакль адзначыў свой паважны юбілей: 450-ы раз тэатр паказаў спектакль «Шчаўкунок». Адначасова адзначалася 25-годдзе пастаноўкі: балет-феерыя на музыку П.Чайкоўскага быў увасоблены В.Елізар’евым і Я.Лысікам у 1982 годзе.
Зайздросны лёс «Шчаўкунка»! Ён паказваецца як вячэрні спектакль -- для дарослых і на «ранішніках» -- для дзяцей. На роднай сцэне і цягам гастроляў трупы ў многіх краінах Еўропы. Асабліва любяць замежныя імпрэсарыё «замаўляць» беларускаму балету менавіта гэтую назву, калі гастролі адбываюцца ў снежні і студзені, падчас святкавання Калядаў і Новага года. Сапраўды шыкоўны падарунак балетаманам!
І сёлетняй вясной, калі беларускі балет выправіўся на кароткатэрміновыя гастролі ў Егіпет, там, у Александрыі і Каіры, паказвалі зноў-такі спектакль «Шчаўкунок». Для тамтэйшых гледачоў танец сняжынак, танцы каля навагодняй ёлкі -- хіба не жывая экзотыка?!
Маляўнічы, фантастычна прыгожы «Шчаўкунок» застаецца жывым і прывабным на працягу ажно чвэрці стагоддзя -- дзякуючы ўсё новым пакаленням артыстаў, якія з радасцю надзяляюць герояў уласнай тэхнічнай віртуознасцю і аддаюць ім свае лепшыя эмоцыі і памкненні. Партыі галоўных герояў танцавалі ў юбілейным спектаклі І.Яромкіна (Маша), А.Яромкін (Прынц), К.Кузняцоў (Драсельмеер).

 /i/content/pi/mast/4/85/Balet3.jpg

«Чыпаліна». Сцэна са спектакля.
Нацыянальны тэатр балета.

Вярнуўся на беларускую сцэну і спектакль «Чыпаліна» на музыку К.Хачатурана. Ён быў пастаўлены ў Мінску амаль два дзесяцігоддзі таму вядомым расійскім балетмайстрам Генрыхам Маёравым. Жыццярадасны, камедыйны балет, створаны паводле казкі Дж.Радары, аднавіў вядомы наш танцоўшчык Ю.Траян, колішні выканаўца адной з вядучых партый балета -- Графа Вішні. Працэсу аднаўлення спрыяла і тое, што ў якасці рэпетытараў у тэатры працуюць многія артысты, некалі занятыя ў маёраўскім спектаклі -- Л.Бржазоўская, Т.Яршова, А.Мартынаў.
Юныя аматары балета, а таксама іх бацькі атрымалі сапраўдны падарунак. Тым больш, што балетны рэпертуар, адрасаваны тынэйджэрам, ніколі не быў надта багатым. Вельмі часта ў якасці «ранішнікаў» выкарыстоўваюцца балетныя казкі -- кшталту «Лебядзінага возера» і «Спячай красуні». Пры ўсёй павазе да класікі, трэба прызнаць, што музычныя і харэаграфічныя інтанацыі «Чыпаліна», дзе прысутнічаюць і джаз, і свабодная пластыка, непараўнальна больш блізкія сённяшнім дзецям і падлеткам. Хоць бы па часе... Ды па стылі і гучанні -- таксама.

 

                                                                                                  Таццяна МУШЫНСКАЯ