I Нацыянальная тэатральная прэмія

№ 11 (344) 01.11.2011 - 00.00.0000 г

Заснаванне Нацыянальнай тэатральнай прэміі, без перабольшання, сталася самай яркай тэатральнай падзеяй апошняга дваццацігоддзя.

Уласна, сама гэтая ідэя даўно лунала ў паветры. Нават рабіліся пэўныя захады для яе ажыццяўлення. Ініцыятыва тэатральнай грамадскасці была заўважана, распрацавана і ўвасоблена Міністэрствам культуры цягам аднаго каляндарнага года. Увосень у Мінску адбыўся прагляд спектакляў, прызнаных Экспертнай камісіяй лепшымі. Беларуская тэатральная акадэмія назвала імёны пераможцаў. Сама падзея выклікала павышаную цікавасць. У адносінах да Нацыянальнай прэміі, здаецца, увогуле не было абыякавых. Высветлілася, што важна не толькі атрымаць узнагароды, галоўнае — у якой якасці і ў якім фармаце ёй існаваць надалей. Усё гэта і стала нагодай для чарговай «Тэмы нумара» часопіса «Мастацтва».

 

/i/content/pi/mast/50/845/3.jpg

«Не  мой» паводле Алеся Адамовіча.Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. Пераможца ў намінацыях: «Лепшы спектакль»; «Лепшая сучасная беларуская пастаноўка»(Аляксандр Гарцуеў, Алена Калюнова); «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка»(Барыс Герлаван, Алена Ігруша); «Лепшае музычнае афармленне спектакля»(Алег Хадоска).

Сцэнічныя трансфармацыі між мінулым і будучыняй

Новы мастацкі імпульс

Тое, што адбылося ўвосень у беларускім тэатры, дэкларацыяй аб намерах ніяк не назавеш... Вось яна — Нацыянальная тэатральная прэмія, заснаваная і ўвасобленая, разгарнулася на падмостках... Усё тут як мае быць: і намінацыі, і прызы, і дзейныя асобы... Лепшыя сярод астатніх. Спачатку — адборачная камісія, пасля — Тэатральная акадэмія, падвядзенне вынікаў.

Фестывальнаму тыдню папярэднічалі доўгія спрэчкі ў кулуарах, катэгарычныя заявы — гэта мы ведаем, як трэба! — і наіўныя прароцтвы, маўляў, усе перасварацца, ды нічога не атрымаецца. Урэшце, стала зразумела: патрэба ў Нацыянальнай прэміі наспела, яна неабходна тэатральным дзеячам як стволавая клетка, дзякуючы якой замест пашкоджанага хваробай органа можа вырасці малады і здаровы. Усведамленне таго факта, што Нацыянальная прэмія мусіць існаваць не толькі і не столькі для ўпарадкаванага размеркавання тэатральных узнагарод, колькі для аздараўлення ўсяго тэатральнага арганізма, не магло быць даспадобы ўсім, але ж надавала сэнс самому мерапрыемству. Нашы акцёры і рэжысёры дагэтуль выхоўваюцца з верай у асаблівае прызначэнне сцэнічнага мастацтва. Сур’ёзныя расчараванні ў маладых пачынаюцца ўжо непасрэдна ў тэатрах. Да выяўленага антрэпрызнага акцэнту ў многіх спектаклях не ўсе яшчэ прывыклі. Дый навошта Нацыянальная прэмія, калі не мець на мэце якасныя мастацкія ўвасабленні? Мабыць таму пра адыходзячыя на другі план «Крышталёвыя Паўлінкі» мала хто згадваў. Дарэчы, не толькі таму, што яны даўно зрабіліся фармальна заарганізаванымі і ўвогуле перасталі хваляваць тэатральную грамадскасць. Усе нібыта замерлі ў прадчуванні новага мастацкага імпульсу. Так і сталася.

Цягам фестывальнага тыдня ў журы працавалі прадстаўнікі ўсіх беларускіх тэатраў. Ужо сам гэты факт цяжка пераацаніць. Разам наша творчая супольнасць (няхай у складзе толькі крэатыўных асоб) збіралася яшчэ за савецкім часам на абавязковых тады пленумах СТД. Дванаццаць спектакляў, вылучаных у сямі намінацыях, дазволілі скласці пэўнае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў беларускім тэатры. Прынамсі, была разгорнута ягоная панарама, і для многіх яна сталася сапраўдным адкрыццём. Я б назвала гэта галоўным набыткам першай Нацыянальнай прэміі. Узведзеныя абставінамі ўнутрывідавыя перагародкі абрынуліся ў адначассе. Спектаклі аднамомантна зафіксавалі: па-за межамі сталіцы тэатр «жывей за ўсіх жывых» і варты пільнай увагі. Пазбаўлены вонкавага бляску, рамесніцкай хваткі і ментарскай самаўпэўненасці, ён вабіць жывымі парасткамі і выяўленым пачуццём адказнасці. (Нягледзячы на тое, што рэгіянальныя прапановы сёлета былі абмежаванымі.) Моцную канкурэнцыю сталічным калегам складаюць акцёры. Тое, што абласныя тэатры аказаліся цалкам канкурэнтаздольнымі, было нечаканасцю для многіх. І менавіта гэты факт абнадзейвае. Большасць айчынных тэатраў існуе па-за межамі Мінска.

Кажучы пра мэты Нацыянальнай прэміі, трэба дакладна разумець, што прымаецца і надалей будзе прымацца на конкурс. Сёлета прапановы паступалі ад саміх тэатраў і ў большасці грунтаваліся на спецыяльных ведах і тонкім разуменні высокага прызначэння сцэнічнага мастацтва. Перакананасць у тым, што тэатр мусіць раскрываць душу чалавека або разважаць пра яе з дапамогай мастацкіх вобразаў, і ёсць тая творчая платформа, на якой сёння найбольш упэўнена стаяць айчынныя калектывы. Нават існуючыя за кошт папулярных бульварных твораў і шматстайных антрэпрызных варыяцый тэатры дэ-факта пагадзіліся з тым, што ў сур’ёзным конкурсе камерцыйная п’еса апынаецца па-за межамі мастацкіх інтарэсаў.

Казаць пра шматлікія накірункі, віды і жанры сцэнічных твораў увогуле не варта. Наш тэатр уражвае якраз стылістычнай аднастайнасцю. Таму, хто спрабуе выйсці за дакладна акрэсленыя рамкі, дастаецца ад сваіх жа калег. Можна проста канстатаваць: беларускі тэатр па-ранейшаму развіваецца ў рэалістычным рэчышчы. Узняцца па-над ім імкнуўся толькі Віталь Баркоўскі, які так і не здолеў пасадзіць свой талент на ланцуг. Дый дзе ён цяпер!? Праўда, апошнім часам бурна развіваецца тэатр танца, адзіная на сённяшні дзень выяўленая эксперыментальная плынь. Нельга ж сур’ёзна лічыць за сцэнічнае «ноу-хау» чарговыя «гоп са смыкам». Зрэшты, я толькі пра тое, што ўсе драматычныя спектаклі, прадстаўленыя на Нацыянальнай прэміі, падпарадкоўваліся адным і тым жа мастацкім законам. (За выключэннем, бадай што, «Драй швэстэрн» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.) Таму і планка, з якой трэба суадносіць зробленае, для ўсіх знаходзілася на пэўным узроўні.

На спектаклях НТП

Цяжка сістэматызаваць убачанае. І ў гэтым самы вялікі фестывальны парадокс. З аднаго боку, намалявана своеасаблівая карціна свету, з ягонымі слабымі і моцнымі бакамі, раскрытымі праз чалавечы лёс. З іншага, карціна намалявана сродкамі беларускага тэатра, з тутэйшай адмысловай пастановачнай палітрай. Гэта значыць, універсальным пэндзлем і мастакамі, якім часта бракуе ідэі, моцна спалучанай са зместам твора. Карцінка — калі ласка, руплівае акцёрскае выкананне — таксама, нават рэжысёрская матывацыя ў наяўнасці. Толькі ўсё гэта абавязкова адбываецца за сталом, каля ложка, паблізу партала, у зручных крэслах, на якія акцёры сядаюць то тут, то там. На краёчак або зручна ўладкаваўшыся ў глыбіні. І яшчэ ўмудраюцца ствараць вобраз, весці ўласную партыю, перажываць, нешта важнае гледачам распавядаць. Праблема ў тым, што «жывое тэатральнае рэчыва» жывое не заўсёды. Пры адсутнасці арыгінальнай рэжысёрскай ідэі ўсё насамрэч трымаецца на акцёрах. З аднаго боку, гэта гарантыя моцных тэатральных узрушэнняў. З іншага — надта хісткая і ненадзейная аснова. Там, дзе ёсць уласна ідэя, арыгінальнае рашэнне, як правіла, не стае прафесійнага класа. Па розных прычынах, але ў нас нямногія здольныя стварыць дасканалы мастацкі твор.

Такім чынам можна зірнуць на ўсе спектаклі, паказаныя падчас Нацыянальнай прэміі. Найбольш прыдатнымі для крытыкі сталіся «Квартэт» Рональда Харвуда ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа і «Сабака на сене» Лопэ дэ Вегі ў Драматычным тэатры Беларускай Арміі.

Апошні спектакль Рыда Таліпава «Квартэт», на думку тых, хто бачыў яго падчас прэм’еры, страціў зададзеную рэжысёрам энергетыку. Нягледзячы на тое, што ў ім занятыя вядомыя коласаўскія акцёры, якія выхаваны на рэалістычнай школе перажывання і добра разумеюць, што такое акцёрскі ансамбль, — агульнага выказвання не атрымалася. Выканаўцы шчыравалі паасобку. І таму можна казаць толькі пра больш-менш удалыя вобразы. Больш удалыя, бадай што, у Святланы Акружной (Сесіль) і Тамары Скварцовай (Джын). Хоць кожная і грала ўласны міні-спектакль у агульным пастановачным шэрагу. Абаяльная і непрадузятая Сесіль, імпульсіўная дзяўчына-бабулька. Святлана Акружная, якая штораз пацвярджае сваю прыроджаную акцёрскую вартасць, тут выкарыстоўвае тонкія, іранічныя, некранутыя раней фарбы. Не менш прываблівае і ўпэўненая ў сабе Джын, якая бясконцымі кругамі зноў і зноў пражывае ўсё, што даўно засталося ў мінулым... Ды чамусьці ў спектаклі доўга не вымалёўваўся агульны сюжэт, усё рассыпалася на асобныя кавалкі. Сачыць за падзеямі было праблематычна, бо акцёры ігралі рэплікі, не маючы на ўвазе наступныя сцэны і нават наступны эпізод. Вымаўлялі зашмат слоў, да кульмінацыі — спеву квартэтам — дабраліся ледзь-ледзь. Уласна рэжысёрская задума была прадэкларавана напрыканцы спектакля. Падчас выступлення квартэта колішніх зорак, а цяпер насельнікаў дома састарэлых, на задніку сцэны з’явіліся кадры з роляў, выкананых коласаўскімі акцёрамі. І было шкада, што менавіта свая тэма кожнага, пазнавальная ў рухах, намёках, падтэкстах, не была ўвасоблена ў спектаклі, які мусіў стаць бенефісам усіх разам і кожнага паасобку.

У «Сабаку на сене» рэжысёра Марыны Дударавай сабраны ўсе магчымыя і немагчымыя пастановачныя штампы. Як своеасаблівая мроя, трызненне пра тое, якім прыгожым і вясёлым спектакль мог бы стаць. Але шыкоўныя — напаказ — сцэнаграфія і касцюмы аказаліся не надта дарэчы. Па-першае, не было зразумела, навошта класічнай п’есе Лопэ дэ Вегі інсцэніроўка Аляксея Дударава (пра што нам ветліва паведамілі папярэдне). Па-другое, падалося, што вядомы харэограф Марына Дударава хутчэй ставіць танцы, чым мізансцэніруе, і толькі прыблізнае ўяўленне мае пра тое, як працаваць з тэкстам. Паняцце другога плана адсутнічала, акцёры з усіх сіл расквечвалі словы, а прыгожай выканаўцы ролі Дыяны Валерыі Гайдукевіч бракавала сцэнічнага тэмпераменту. Зрэшты, гэта толькі дзве лыжкі дзёгцю на ўсю фестывальную праграму.

Наступным быў спектакль «Драй швэстэрн». Нацыянальная прэмія выйшла на сваю выніковую арбіту. Неўзабаве на яе патрапілі: магілёўскі «Тарэлкін», «Сонечка» РТБД, «Эсфір» Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага, гомельская «Хросная маці», купалаўскі «Не мой». Канкурэнтнае поле было створана, і ў кожнага наступнага спектакля з’явіліся свае адданыя прыхільнікі. Фестывальныя намінацыі набылі мастацкую плоць і кроў. А спектаклі паспяхова адлюстроўвалі тэатральныя тэндэнцыі, адпавядаючыя мэтам і накірункам асобных сцэнічных калектываў. Галоўную ўвагу выклікалі акцёрскія работы і нашмат меншую — уласна рэжысура. Асабліва калі разумець яе як аўтарскае выказванне.

Спектакль «Драй швэстэрн» падзяліў глядзельную залу: адных ён моцна ўразіў, іншыя рэзка, да абурэння, яго адмаўлялі. На спакойнай тэатральнай плыні з’явіліся вялікія хвалі, здавалася, вось-вось пачнецца шторм. Уласна кажучы, што здарылася? Многім падалося, што лялечны тэатр захоплівае чужую тэрыторыю. Артадоксы кінуліся з усяе сілы абараняць класіка. Многія не ведалі, як да гэтага ўвогуле паставіцца. У астатніх перахапіла дыханне ад іхняй далучанасці да працэсу творчасці. І пытанне, якое мусіла даўно сысці ў нябыт пад напорам сучасных тэатральных трэндаў: Чэхаў гэта або не Чэхаў?! — замаячыла зноўку. Думаю, у нас наўрад ці знойдзецца іншы рэжысёр, які б так апантана і ўдумліва паглыбляўся ў змест і тэму. Вывучаў гісторыю пастановак, трактовак, эпоху і абставіны. З гэтага пункту гледжання логіка спектакля жалезная. Пільная ўвага да кожнага чэхаўскага слова відавочная. Асэнсаванне п’есы адбываецца на экзістэнцыянальным узроўні. Разбурэнне дома і лёс сям’і Прозаравых супастаўны з лёсам рускай інтэлігенцыі. Яе заўчасны сыход у нішто рэжысёр Аляксей Ляляўскі абвяргае ўсімі магчымымі спосабамі. Гэта тое, з чым ён у глыбіні душы ніяк не можа пагадзіцца. Такім чынам магічнае «працаваць» набывае ў спектаклі прыкладны сэнс. Так, трэба працаваць, запэўнівае рэжысёр. Думаю, астатнія пытанні (што далей?) застаюцца без адказу. Перадусім мара аб недасягальным у сапраўднасці шчасці. Спектакль проста пранізаны шчымлівай трывогай, няспраўджанымі надзеямі, горкімі прадчуваннямі. Прасякнуты зыбкай, зменлівай атмасферай. Гульня з прадметамі тут нібы гульня са змястоўнымі сімваламі, якія штораз адкрываюць новы, дагэтуль прыхаваны змест. У кожнага з акцёраў — сольная партыя. Выдатныя ўсе. Маша ў выкананні Святланы Цімохінай проста ўзрушвае. Ляляўскаму ўдаецца дамагчыся ад сваіх артыстаў галоўнага: свабоднага ўвасаблення ўласнай індывідуальнасці ў чэхаўскіх вобразах. Гэта рэдкая для сучаснага беларускага тэатра якасць. Калі ніхто не «строіць з сябе», а проста існуе ў вольнай плыні ўласцівых чалавеку думак, пачуццяў і праяў.

Спектакль Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра «Тарэлкін» па п’есе Аляксандра Сухаво-Кабыліна найлепшым чынам акрэсліў небеспадстаўныя творчыя амбіцыі сцэнічнага калектыву. Гатоўнасць штурмаваць тэатральныя вышыні была надзейна замацавана. Літоўскі рэжысёр Саўлюс Варнас паспяхова паяднаў яркае відовішча са змястоўна напружанай п’есай. (Думаю, для многіх яна проста няўздымная.) Напаўзабытае паняцце «мастацкая цэласнасць спектакля» было сцверджана з усёй сваёй непазбыўнасцю. Да гэтага трэба дадаць букет яркіх вобразаў, створаных Аленай Крыванос (Маўруша), Уладзімірам Пятровічам (Варавін), Васілём Гальцом (Расплюеў), Мікалаем Раманоўскім (Тарэлкін). Усе яны выбудаваны з руплівай стараннасцю, дакладным разуменнем «перспектывы ролі», пададзены ў развіцці і, галоўнае, эмацыйна напоўнены. У кожнага выканаўцы ёсць момант уласнага акцёрскага адкрыцця.

Спектаклі «Сонечка» паводле Фёдара Дастаеўскага і «Эсфір» Людмілы Уліцкай аб’ядноўвае сур’ёзнасць пастановачных намераў. І Валерый Анісенка ў першым з іх, і Валянціна Еранькова ў другім ў пэўнай меры ўзнімаюцца над уласным канструктыўным поглядам на тэатр — нібыта стрымліваючы рэжысёрскі размах дзеля больш дакладнага выказвання. І абое робяць у гэтым накірунку ўпэўненыя крокі.

У Валерыя Анісенкі на першым плане абавязкова акцёр. Цягам прафесійнага жыцця ён упарта ўгрызаецца ў ягоную нераскрытую сутнасць, спрабуючы выявіць яе праз псіхалагічнае напаўненне вобразаў. Дастаеўскі адкрывае рэжысёру новыя магчымасці: канцэнтраванасць думкі мае на ўвазе канцэнтраванасць пачуццяў. Акрэсленыя страсці напоўнены пакутніцтвам. Валерый Анісенка, як заўжды, бязмежна давярае акцёрам і не баіцца даваць ім надзвычай складаныя заданні. Атрымліваецца не ва ўсіх. У спектаклі «Сонечка» рэзка вырываецца Людміла Сідаркевіч (Кацярына Іванаўна), уражвае яе безнадзейна-апантаны акцёрскі палёт па-над чорнай стыхіяй чалавечай душы. Прыцягвае ўвагу Надзея Цвяткова, яе Соня — кранальная і прыцягальная ва ўпэўненай чысціні, з натуральным драматычным патэнцыялам. Здаецца, Анісенка ўсё-такі ўмее выхоўваць уласных акцёраў. У наш час гэта дарагога варта, улічваючы, што падобныя задачы перад сабой ужо амаль ніхто не ставіць.

Валянціна Еранькова ў спектаклі «Эсфір» таксама пацвярджае сваю здатнасць засяродзіцца на акцёрах. Спектакль па п’есе Людмілы Уліцкай на гэты раз выведзены за межы кідкай відовішчасці. У ягонай пастановачнай стрыманасці імкненне да сур’ёзнай размовы, да выказвання праз артыстаў. Сціплая дакладнасць Вольгі Клебановіч (Эсфір) утрымлівае змястоўную глыбіню. У вобразе прысутнічае трывалы маральны падмурак, імкненне распавесці пра важныя для звычайнага чалавека рэчы. Такая сардэчная адкрытасць насамрэч кранае. Аканіцы даверу паміж тэатрам і публікай відавочна прачыняюцца. Рэжысёр такім чынам пашырае глядацкую аўдыторыю Рускага тэатра.

Натуральна, што ў аглядзе фестывальных спектакляў хочацца звяртаць увагу на лепшае. Дзеля гэтага, уласна кажучы, і патрэбна Нацыянальная прэмія. Вядома, у межах аднаго артыкула немагчыма распавесці пра ўсё. Але быў у агульнай праграме спектакль, які прыкметна змяніў стаўленне да асобнага сцэнічнага калектыву. Гэта «Хросная маці» па п’есе М.Горкага «Васа Жалязнова» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Апошняя работа Валерыя Раеўскага ўражвае аскетычнасцю стылю, даведзенага да дасканаласці. Пры бачнай рэжысёрскай выразнасці дакладна выкладзены сэнс твора: адсечана неабавязковае, вылучана галоўнае. Змест раскрываецца праз учынкі персанажаў і ўвасоблены ў імкліва закручанае дзеянне. Яно рухаецца усё хутчэй і хутчэй да галоўнай сцэнічнай метафары ў фінале. Рука ў скрываўленай пальчатцы б’е па свядомасці, як удар току. Знішчальны віхор абставін накрывае кожнага з непазбежнасцю цунамі, прыводзіць да чалавечай трагедыі і смерці. Справа, на якую Васа патраціла жыццё, абясцэньваецца на нашых вачах. Васа ў выкананні Людмілы Корхавай, здаецца, узвышаецца над абставінамі з трываласцю манумента, узнесенага ўгору. Над жыццём, над людзьмі, над лёсам. Намаганні разбіваюцца аб марнасць існавання. Аб чалавечую разбэшчанасць, бездапаможнасць нашчадкаў. «Справа дрэнь, наследнікаў шмат, наследнікі благія», — гучыць у яе вуснах, як прысуд. Ды толькі самы бязлітасны суддзя — яна сама і ёсць. Выдатная акцёрская работа з выяўленай сілай думкі і перажывання. Уласна, лепшае, што ўвогуле давялося бачыць у выкананні гэтай актрысы. Хоць у спектаклі не было ніводнага акцёрскага збою. Ён валодае ўсімі якасцямі поўнамаштабнага сцэнічнага твора. Такой уцямнай, асэнсаванай, увасобленай з хірургічнай дакладнасцю рэжысуры ў Валерыя Раеўскага я не бачыла даўно. Здаецца, усё назапашанае, надуманае, напрацаванае майстрам выкрышталізавалася ў гомельскім спектаклі.

За што галасавалі?

Вынікі Нацыянальнай прэміі былі нечаканымі для многіх, хоць колькасць членаў Тэатральнай акадэміі (112) заведама прадугледжвала непрадказальнасць фіналу. І ўсё ж тое, што пяць галоўных узнагарод (зусім як на «Оскары») дасталіся спектаклю «Не мой» Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, а многія вартыя таго намінанты былі такім чынам проста выведзены з-пад увагі, уразіла тэатральную грамадскасць, перадусім акцёраў і рэжысёраў. Зрэшты, ім яшчэ давядзецца навучыцца не крыўдаваць і спакойна ставіцца да поспеху калег. Але важна зразумець, за што прагаласавала Тэатральная акадэмія, калі з агульнага спіса вылучыла асобныя творы. Не ў сэнсе назваў і прозвішчаў, бо яны якраз агучаныя. Гаворка пра агульныя тэатральныя трэнды, густы і прыхільнасці, якія акрэсліліся ў выніку.

Узнагароду за лепшую жаночую ролю атрымала Святлана Анікей (Паліна, «Не мой»), за лепшую мужчынскую — Павел Харланчук (Джордж, «№13»). Менавіта сярод акцёрскіх работ, асабліва ў жанчын, існавала моцная канкурэнцыя. Колькасць прэтэндэнтаў была вялікая. Ролі сур’ёзныя і змястоўныя. Сталыя тэатральныя зоркі на вышыні. Прынамсі, нікога б не здзівілі зусім іншыя прозвішчы пераможцаў. Варыянты былі і, трэба прызнаць, у дастатковай колькасці. І ўсё ж, выбіраючы лепшых — Анікей і Харланчука, — прагаласавалі за моладзь, якой проста неабходна набыць уласныя цвёрдыя пазіцыі ў мастацтве.

У лепшага сцэнографа Барыса Герлавана («Не мой») гэтым разам быў толькі адзін канкурэнт — Барыс Герлаван. Але ягоная сцэнаграфічная школа доўга будзе прыносіць плён. Маю на ўвазе таленавітых вучняў, якіх мастак ужо выправіў у свабоднае плаванне.

Выбіраючы Алега Хадоску («Не мой») у намінацыі «лепшае музычнае афармленне» — адначасова прагаласавалі за музыку, што насамрэч была найбольш уражальнай у спектаклі.

Называючы «лепшую беларускую пастаноўку», кожны галасаваў за сваё. Многія проста заблыталіся. Бо першапачаткова ўсе былі зарыентаваныя на «беларускую драматургію», але ў наяўнасці аказалася толькі п’еса Сяргея Кавалёва «Магічнае люстра пана Твардоўскага». Інсцэніроўка, як вядома, арыгінальным творам не лічыцца. Лагічна, што намінацыі «лепшы спектакль» і «лепшая беларуская пастаноўка» сышліся ў свядомасці многіх. (Хіба «спектакль» гэта не «пастаноўка»? Ды і «не беларускіх» на Нацыянальнай прэміі ўвогуле не было.) Урэшце, двойчы прагаласавалі за спектакль «Не мой». «Набука» Вялікага тэатра оперы і балета таксама аказаўся «лепшым». Думаю, што тут галасавалі за маштаб, прыгожую карцінку, грандыёзныя сцэнічныя трансфармацыі, якія дайшлі да Беларусі, і за выдатных оперных выканаўцаў, найперш — Ніну Шарубіну.

Напэўна, у намінацыях яшчэ варта разабрацца. Хоць бы таму, што агульная карціна атрымалася супярэчлівай. Прынамсі, той, хто шмат разоў падтрымаў спектакль «Не мой», галасаваў за існуючую тэатральную мадэль з усімі яе шматгадовымі напрацоўкамі, надзейнымі, як вывераны механізм. Той, хто абраў «Драй швэстэрн» і рэжысуру Аляксея Ляляўскага, аддаў перавагу канцэптуальнаму аўтарскаму тэатру з ягонай вонкавай экспрэсіўнасцю і непрадказальнасцю. Здаецца, «Не мой» і «Драй швэстэрн» — творчыя антаганісты. Лагічна было б, калі б — пры існуючым раскладзе — і шостая статуэтка, «за рэжысуру», дасталася спектаклю «Не мой». Але «акадэмікі» здолелі зірнуць за гарызонт і такім чынам прагаласавалі за тэатральную перспектыву. Магчыма, не ўсё так кепска?

Людміла Грамыка

 кулуары

Людміла Волкава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра:

— Зараз у гродзенскім тэатры пануе зацішша. Няма галоўнага рэжысёра, і апошнім часам мы існуем сціпла, без асаблівых адкрыццяў. Я даўно нікуды не выбіралася і, шчыра кажучы, думала, такая сітуацыя склалася паўсюль. Ды на спектаклях Нацыянальнай прэміі пераканалася: беларускі тэатр жывы, у ім шмат новага, а галоўны набытак — моладзь... Перыферыйныя тэатры сябе паказалі выдатна. Была ўражана, як цудоўна, без дурняў, працуюць акцёры. Так, айчынны тэатр квітнее.

 

Галіна Букаціна, актрыса Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск):

— Здаецца, здзяйсняецца агульны паварот да тэатральнай справы. Мы даўно не мелі ніякага ўяўлення пра тое, што адбываецца з беларускім сцэнічным мастацтвам. Спектаклі іншых тэатраў глядзелі нячаста. Дый з калегамі па цэху не сустракаліся гадоў дваццаць. Таму ў Нацыянальнай прэміі вельмі важны інфармацыйны момант, магчымасць усвядоміць, у якім кантэксце і на якой тэатральнай тэрыторыі ўсе мы знаходзімся. Асабіста мяне моцна ўзрушылі два спектаклі: «Драй швэстэрн» Дзяржаўнага тэатра лялек і магілёўскі «Тарэлкін». Адметныя эстэтыка, трактоўка, акцёры працуюць у нязвыклай рэжысёрскай прасторы.

Але надалей варта падумаць пра ўдакладненні ў намінацыях. Ніводная п’еса, ніводны спектакль не абыходзяцца без роляў другога плана, якія з’яўляюцца цэментуючай часткай любога сцэнічнага твора. Гэта варта ўлічваць. Разумею, што ў нас мала музычных тэатраў, але спалучаць іх з драматычнымі не зусім правільна. Па якіх законах судзіць драму і оперу? Лялечныя спектаклі таксама павінны ісці асобным блокам.

Зрэшты, Нацыянальная прэмія даўно мусіла існаваць, і дзякаваць Богу, што нарэшце гэта адбылося.

Міхась Шавель, дырэктар-мастацкі кіраўнік Брэсцкага тэатра лялек:

— Здзейснілася вельмі важная, неабходная для ўсіх справа. Дарэчы, яе плён заўважны адразу: цягам тыдня прадстаўнікі розных тэатраў пазнаёміліся і цяпер ведаюць адно аднаго.

Варта падумаць пра тое, як Нацыянальная прэмія будзе развівацца. Мяркую, яе перыядычнасць можа быць раз на два гады, дзеля таго, каб кожны калектыў мог падрыхтавацца і паказацца найлепшым чынам. Я не аматар млявацякучых фэстаў, таму лічу, што глядзець па два спектаклі ў дзень — замала. Пасля праглядаў мусіць прайсці канферэнцыя, на якой выступяць крытыкі, практыкі, усе, хто цікавіцца тэатрам. Важна выказаць і выслухаць меркаванні, прааналізаваць убачанае.

Што да агульных уражанняў... Тэатр лялек у нашай краіне развіваецца вельмі дынамічна, асабліва апошнія дзесяць гадоў. І я думаў, што прафесійны рывок у драме таксама адбыўся. Шчыра кажучы, ад драматычных тэатраў чакаў большага. Ды яны мяне нічым не здзівілі. Хоць спектакль «Не мой» хочацца адзначыць. Так, зоркі ёсць у кожным тэатры, ёсць пошукі і здзяйсненні, але выйсці на новы ўзровень не надта ўдаецца. Як, напрыклад, адбылося са спектаклем «Драй швэстэрн»... Гэта твор мастацтва, з’ява.

У будучыні варта ўвесці намінацыю «Спектакль-з’ява» — як узор, да якога павінны імкнуцца ўсе рэжысёры. А таксама можа быць намінацыя «Лепшы спектакль для дзяцей» і абавязкова — «За гонар і сумленне». Ёсць людзі, што аддалі тэатральнаму мастацтву ўсё жыццё і заслугоўваюць пашану.

Асабіста я вельмі ўдзячны Міністэрству культуры за тое, што яны ўвасобілі гэтую цудоўную ідэю і Нацыянальная прэмія адбылася. А які штуршок яна надасць развіццю беларускага тэатра — пабачым.

Кацярына Аверкава, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра:

— Надзвычай цікава знаёміцца з калектывамі, якія не заўсёды трапляюць у поле зроку ў нашых абставінах. Мінскія тэатры мы добра ведаем, а вось паглядзець спектаклі абласных тэатраў атрымліваецца рэдка. Нацыянальная прэмія дае магчымасць убачыць лепшае ў беларускім сцэнічным мастацтве, і гэта вельмі здорава.

На мой погляд, самым моцным сярод паказаных быў спектакль «Драй швэстэрн» — гэта нейкі зусім іншы тэатральны ўзровень. Адкрыццём стала работа Людмілы Корхавай у спектаклі «Хросная маці». Ніколі раней не была знаёмая з яе творчасцю, і яна меня вельмі ўразіла. Незвычайнага хараства жанчына, моцная актрыса. Уражанне аб беларускім тэатры, якое складалася цягам апошніх гадоў, у цэлым пацвердзілася. Гэта пэўная дэградацыя рэпертуарнай формы. У нас відавочна не хапае эксперыментальных тэатраў, новага, свежага дыхання. У асноўным прапануюцца застаялыя формы. Такія спектаклі можна было ўбачыць дзесяць і дваццаць гадоў таму. Але ж «Драй швэстэрн» — гэта сучасны тэатр, акрэслены накірунак, тое, куды мы можам рухацца далей. Менавіта падобнай смеласці нашаму тэатру часам не стае.

акцэнты

/i/content/pi/mast/50/845/5.jpg

 «Набука» Джузэпе Вердзі. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.Пераможца ў намінацыі «Лепшы спектакль».

Пераможцы названыя. А што далей?..

З’яўленне Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў нашай культурнай прасторы — падзея неабходная і ў вышэйшай ступені патрэбная. Ад моманту першых згадак у прэсе пра яе заснаванне і да ўрачыстага ўручэння ўзнагарод вакол прэміі несупынна віравалі дыскусіі, эмоцыі, сапраўдныя жарсці.

Гаворку пра вынікі падзеі варта падзяліць на дзве часткі — уласна творчую і арганізацыйную, хоць яны і звязаныя між сабой. Магчыма, на колькі гадоў мы спазніліся, бо, напрыклад, аўтарытэтная і прэстыжная расійская «Залатая маска» ўзнікла яшчэ ў 1994-м, 17 гадоў таму. Дарэчы, звернем увагу на структуру той жа «Маскі», дзе прадстаўлены драма, опера, балет, аперэта і мюзікл, лялечны тэатр. Унутры кожнага віду і жанру ідзе спаборніцтва. Музычных тэатраў у Беларусі толькі два, а там яны ёсць у кожнай вобласці. Таму ў нас аб’яднанне розных калектываў у межах адной намінацыі — рэч вымушаная...

Асабіста мяне абнадзеілі словы міністра культуры Паўла Паўлавіча Латушкі, сказаныя падчас адной з прэс-канферэнцый: што рашэнне пра прэмію прынятае на высокім дзяржаўным узроўні, што яна будзе існаваць надалей, а ў самой арганізацыі прэміі могуць быць змены — аргкамітэт улічыць усе выказаныя заўвагі і прапановы.

Адбор спектакляў на расійскую «Маску» ажыццяўляюць экспертныя саветы (рады), у якія ўваходзяць крытыкі, а потым у журы «Маскі» працуюць акцёры, рэжысёры, дырыжоры, харэографы, мастакі. На Нацыянальнай тэатральнай прэміі склалася іншая сістэма. Кожны тэатр вылучае адну працу — лепшую на думку мастацкага савета ці кіраўніцтва. Але кожны, хоць крыху знаёмы з тэатральнай сістэмай, ведае, што ад дырэктара і галоўнага рэжысёра залежыць амаль усё. І калі на мастацкай радзе ён выступіць з прапазіцыяй аб вылучэнні на прэмію ўласнага спектакля, ніхто не запярэчыць.

Дзе гарантыя, што тэатр прапануе для галасавання лепшае? На мой погляд, яе няма! Яскравы прыклад — «Аршын мал алан», прадстаўлены Беларускім акадэмічным музычным тэатрам. З глыбокай павагай стаўлюся да яго кіраўніцтва і бачу неверагодныя намаганні, якія прадпрымаюцца, каб узняць аўтарытэт трупы, але... «Аршын мал алан» не адлюстроўвае цяперашняга ўзроўню калектыву. Паколькі на Нацыянальнай прэміі разглядаліся пастаноўкі 2009 — 2010 гадоў, лепш бы Музычны вылучыў мюзікл «Аднойчы ў Чыкага» або «Чырвоны каптурок. Пакаленне next». У якой ступені праблемы, акрэсленыя ў «Аршыне...», актуальныя для беларускага грамадства? У мяне няма адказу на пытанне. Простая музыка, элементарная рэжысура, артысты, якія не ведаюць, што рабіць на паўпустой пляцоўцы… Крыўдна, што тэатральнае грамадства меркавала пра Музычны тэатр менавіта па «Аршыне...».

Што да ацэнкі оперы «Набука», прадстаўленай Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы і балета, дык у тым, што спектакль у рэжысуры Міхаіла Панджавідзэ (разам з пастаноўкай «Не мой») прызнаны лепшым, ёсць свая логіка. Перамогу «Набука» можна было прадказаць, калі пра прэмію толькі загаварылі. Драматычны тэатр далёка не заўжды можа параўнацца з операй у сіле ўздзеяння. Слова ўплывае на розум і свядомасць, музыка — на падсвядомасць. Уявіце: рэжысёр ці артыст абласнога драматычнага тэатра прыязджае ў сталіцу ацэньваць фіналістаў. Прыходзіць у Оперны, якога, магчыма, і не бачыў пасля рамонту. На яго ўздзейнічае сам выгляд тэатра, уражваюць размах партала і пляцоўкі, пастановачныя магчымасці сцэны (у яе было ўкладзена 16 мільёнаў еўра). А яшчэ музыка геніяльнага Вердзі, манументальныя хары, дэтэктыўны сюжэт, выкарыстанне відэапраекцый. І высвятляецца: драма не можа канкурыраваць з операй, бо мае іншы маштаб!

Думаю, музычны тэатр (опера, балет, музкамедыя і мюзікл) у нашай прэміі павінен мець асобную намінацыю. Магчыма, праз некалькі сезонаў з’явіцца оперны тэатр у Гомелі (такую думку выказаў міністр культуры), новыя спектаклі паставяць у Маладзечанскім маладзёжным оперным, з развіццём бізнесу ўзнікнуць прыватныя музычныя трупы. Ды і крытыкаў, спецыялістаў менавіта па музычным тэатры ў Акадэміі павінна быць болей. Пры цяперашняй сітуацыі прадстаўнікі драматычнага тэатра, якія можа і не надта разумеюць, што такое тэмбры, вакальны ансамбль ці баланс аркестра і салістаў, выносяць прысуд музычнай пастаноўцы.

Да правядзення наступнай прэміі ёсць час, таму не пашкодзіць падумаць: мо, варта ўвесці і намінацыю «харэаграфічная пастаноўка»? Тэатр танца «D.O.Z.SK.I» актыўна гастралюе ў Беларусі і за яе межамі, выступае ў пазаконкурснай праграме «Залатой маскі». Але ў нас яны афіцыйна як быццам і не заўважаныя. А колькі існуе тэатраў танца, харэаграфічных калектываў, якія таксама маглі быць прадметам аналізу! Вядома, тут ёсць і складанасці. Адна справа — аналізаваць дзейнасць прафесійных харэаграфічных труп і зусім іншая — труп сучаснага танца, якія знаходзяцца ў непараўнальна менш спрыяльных умовах.

І апошняе. Расійская «Залатая маска» за час свайго існавання сталася своеасаблівым брэндам. Яна адзначае лепшае, найбольш цікавае, перспектыўнае, пазначанае пячаткай таленту і мастацкага адкрыцця. Вельмі хацелася б, каб і наша Нацыянальная тэатральная прэмія паступова зрабілася такім мастацкім і культурным праектам, які б з кожным сезонам набіраў новыя абароты і яшчэ большы маштаб...

Таццяна Мушынская

 

/i/content/pi/mast/50/845/7.jpg

«Драй  швэстэрн» па п’есе Антона Чэхава «Тры сястры». Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Пераможца ў намінацыі «Лепшая рэжысёрская работа»(Аляксей Ляляўскі).

Блінцы дапечаныя і недапечаныя

Правядзенне Нацыянальнай тэатральнай прэміі пакінула самыя супярэчлівыя ўражанні. Зразумела, што першы блін, па ўсіх законах, проста-такі абавязаны быць камяком. Наш «блінец», нягледзячы на пераносы тэрмінаў, аказаўся крыху «недапечаным»: далёка не ўсё папярэдне было прадумана і прадугледжана, таму і ўзнікалі некаторыя збоі — як арганізацыйныя, так і ўласна творчыя.

Вядома, арганізацыя будзе ўдасканальвацца. Самай відавочнай хібай стала затрымка цырымоніі ўзнагароджання больш як на гадзіну. Але гэты агрэх ужо не мог паўплываць на вынікі — толькі на настрой прысутных. Іншыя ж непасрэдна прыводзілі і да ўласна творчых прагалаў. Так, членам журы раздалі прыгожыя папкі з лагатыпамі, дзе было ўсё што заўгодна, акрамя... буклетаў. Тыя з’явіліся толькі на сёмым спектаклі з намінаваных 12-ці. І дасталіся далёка не ўсім, бо раздаваліся зранку, калі большасць сталічных дзеячаў культуры была на працы, ад якой на час правядзення прэміі іх ніхто не вызваляў. Калі гэта быў сталічны спектакль на «роднай» сцэне, можна было на агульных падставах набыць праграмку. У іншых выпадках (а перыферыйных акцёраў мы ведаем, пагадзіцеся, значна горш) журы працавала «ўсляпую» — перад пачаткам праграмку зачытвалі з-за сцэны, і найбольш сумленныя члены «судзейскай калегіі» намагаліся хаця б у антракце даведацца, хто з персанажаў хаваецца за намінацыямі «лепшых роляў». Увогуле, наведвалі прагляды далёка не ўсе. Некаторыя члены журы ўмудрыліся «прагуляць» абсалютна ўсе паказы, іншыя суцэльнымі натоўпамі сыходзілі ў сярэдзіне і нават на першых хвілінах спектакляў. Зразумела, ва ўсіх — праца. Дык судзейства — адпачынак?

Не менш дзіўным быў працэс галасавання. Многія прагаласавалі датэрмінова, перад апошнім спектаклем. Астатнім было прапанавана застацца пасля яго ў зале. Хто застаўся — тым і далі бюлетэні. Мне, «не члену», таксама прапаноўвалі — ажно двойчы, і вельмі настойліва, бо заставаўся яшчэ цэлы пачак нераздадзеных. Пачаліся справядлівыя пытанні: маўляў, якая розніца паміж «лепшым спектаклем» і «лепшай беларускай пастаноўкай»? Адказалі: у апошняй намінацыі адзначайце яшчэ адзін беларускі спектакль, які вам спадабаўся. Хтосьці ставіўся да выбару сур’ёзна, хтосьці «прасіў дапамогі» ў суседзяў: маўляў, будзь сябрам, падкажы, дзе паставіць птушачку. Таму няма чаго здзіўляцца, што пераможцамі аказаліся апошні спектакль, адразу пасля якога ішло галасаванне, і той, што быў на ўрачыстым адкрыцці ў Вялікім тэатры: акрамя ўсяго, іх наведала большасць членаў журы. Да таго ж, паказу оперы «Набука» папярэднічала пампезная фраза вядучай Святланы Зелянкоўскай пра новыя эстэтычныя далягляды ў мастацтве. Улічваючы, што многія «журысты» былі на оперы ўпершыню, гэта цалкам адпавядала рэчаіснасці.

А вось балет, як высветлілася, да тэатра дачынення не мае: сярод намінацый не аказалася «лепшага пластычнага вырашэння», хаця ў некаторых спектаклях пластыка адыгрывала вельмі значную ролю.

Але ўсё гэта — дробязі ў параўнанні з галоўным: сярод спектакляў, вылучаных на прэмію, вельмі бракавала так званых конкурсных пастановак, дзе былі б творчыя пошукі, элементы навізны ці хаця б сучаснасці мыслення. Цалкам гэтаму адпавядаў толькі адзін спектакль — лялечны «Драй швэстэрн», на які і ўз’еліся многія члены журы: маўляў, як так можна абыходзіцца з класікай? Трэба захоўваць традыцыі! Сапраўды, традыцыяналізму, часам нават выкананага нязграбна, сярод намінаваных пастановак хапала — як і адкрытай камерцыйнасці. Што ж, разлік на «простага чалавека», які аддасць грошы за тое, каб паглядзець (пажадана, і парагатаць), а не падумаць, — наша звычайная тэатральная рэчаіснасць. Але ж ці для гэтага прызначана Нацыянальная прэмія? Пачатковым адборам спектакляў займаліся самі тэатры, камісія працавала ўжо на падставе таго, што было вылучана. Няўжо ў тэатрах не разумеюць, што ў іх ёсць куды больш цікавыя і папраўдзе конкурсныя працы? Думаю, разумеюць. Але, паводле традыцый, вылучаюць звычайна тых, хто заслужыў: старанных, паслухмяных і, прабачце, найбольш настырных, якія, калі што, горла перагрызуць.

А вось што рабіць з операй і музкамедыяй, так, здаецца, ніхто і не ўцяміў. Разглядаць оперную партыю нароўні з драматычнай роляй? Абсурд. Оперным спевакам спаборнічаць з салістамі Музычнага тэатра? Смешна. Бо па вакале проста павінны перамагчы першыя, іначай — які ж гэта Вялікі тэатр? А па акцёрскай ігры гэтак жа абавязаны перамагчы другія, бо ў оперы, якім бы артыстычным ні быў спявак, ягонымі асноўнымі выразнымі сродкамі з’яўляюцца музычныя, а не акцёрскія, іначай — што ж гэта за партыя і што за опера, калі няма чаго спяваць? Пэўна, выйсцем было б заснаванне Нацыянальнай музычнай прэміі, дзе была б ахоплена не толькі эстрада, як цяпер, а ўся палітра музычнага мастацтва. Тады ў намінацыі «буйныя жанры» маглі б спаборнічаць не толькі оперы ды мюзіклы, але і балеты ды сімфоніі.

Пакуль жа відавочна адно: другая Нацыянальная тэатральная прэмія проста павінна «перамагчы» першую. Абавязана! Іначай добрая ідэя акажацца канчаткова і беспаваротна загубленай. І гэта будзе тым больш шкада, што нават у цяперашнім недасканалым выглядзе прэмія дасягнула сваёй мэты. Прыкладам — выпадак з жыцця. Сустракаю позна ўвечары знаёмую, якую на спектакль ці канцэрт ніякім калачом не завабіш. Спачуваю, што позна з працы вяртаецца. А яна: «Я ў Купалаўскім была. Вырашыла-такі паглядзець, за што ім усе прызы адвалілі. Слухай, а што ты мне яшчэ параіла б паглядзець?»

Надзея Бунцэвіч

 

кулуары

Аляксандр Парфяновіч, акцёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра
імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск):

— Надзвычай радасная падзея... Беларускае сцэнічнае мастацтва атрымала сур’ёзны форум, на якім ацэньваюцца ўсе новыя тэатральныя работы. Расія мае падобнае даўно. А мы — зрабілі ўпершыню. Ды гэты першы блін — зусім не камяком. Цяпер форум пачне рухацца наперад. На маю думку, неабходны больш патрабавальны адбор. Нацыянальнай прэміі ў галіне тэатра вартыя спектаклі, што зрабілі крок наперад у беларускім мастацтве, у тэатральнай эстэтыцы. І гэтага трэба дамагацца. Проста паглядзець дыхтоўныя спектаклі, на мой погляд, не мэта. Важна, каб Нацыянальная прэмія падштурхоўвала тэатральны свет у пэўным накірунку. Вось не было гэтага агляду і не было, ніхто да яго не рыхтаваўся. А цяпер для кожнага тэатра пытанне будзе стаяць сур’ёзна: што мы пакажам на наступнай цырымоніі?