Балканскі экспрэс

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Беларускі дэбют у Бялградзе

/i/content/pi/mast/49/842/41.jpg

«Губляеце хватку, Ваша Вялікасць». Сараеўскі гарадскі тэатр «SARTR».

Што мы ведаем сёння пра балканскі тэатр?
Сумленна прызнаемся — амаль нічога. У адрозненне ад тэатраў з краінаў так званага блізкага замежжа (Расія, Украіна, Літва, Польшча), тэатры з Сербіі, Харватыі, Славеніі, Македоніі, Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны на беларускія фестывалі не трапляюць, а нашыя крытыкі толькі пачынаюць наведваць літоўскія ды польскія фестывалі. Балканы ў нашай свядомасці асацыююцца пераважна з трагічнымі падзеямі нядаўняй вайны і распадам Югаславіі, а не з тэатральнымі навінкамі.

Каб выправіць прыкры прабел у ведах і атрымаць хоць нейкае ўяўленне пра развіццё і спецыфіку паўднёваславянскага тэатра, найлепей выбрацца на Міжнародны тэатральны фестываль «Славія», які штогод адбываецца ў Бялградзе...

У цені БІТЭФа

Упершыню фестываль «Славія» прайшоў у сакавіку 2002 года, яго ініцыятарам і нястомным арганізатарам з’яўляецца Батрыч Жарковіч — дырэктар тэатра «Славія» (вельмі папулярная ў Сербіі назва, якая не вымагае перакладу). Дапамагае мужу як перакладчык з англійскай і рускай моў элегантная прыгажуня Ліліяна Жарковіч, агульнымі намаганнямі яны ствараюць на фестывалі непаўторную сямейную і сяброўскую атмасферу.

Варта адзначыць, што задума арганізацыі новага тэатральнага фэсту ў сталіцы Сербіі была вельмі рызыкоўнай: Бялград вядомы ў свеце фестывалем БІТЭФ, які адбываецца з 1967 года і ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых тэатральных форумаў Еўропы. Каб «выжыць» у цені БІТЭФа, трэба было знайсці сваю экалагічную нішу, і Батрыч Жарковіч такую нішу знайшоў, як знайшоў яе раней для свайго тэатра «Славія» ў шчыльнай канкурэнцыі з вядомымі бялградскімі тэатрамі. БІТЭФ заснаваны на базе эксперыментальнага тэатра «Атэлье 212» і мае авангардны, агульнаеўрапейскі, шмат у чым касмапалітычны характар. Фестываль «Славія» заснаваны на базе камернага, прыватнага тэатра, дзе найважнейшай постаццю з’яўляецца не рэжысёр, а акцёр (ці нават увогуле глядач, якога прыцягваюць на спектакль імёны знаных выканаўцаў). На БІТЭФ прыязджаюць эксперыментальныя калектывы з усяго свету і крытыкі, каб убачыць заўтрашні стан тэатра, «Славія» запрашае ў першую чаргу балканскія трупы, каб паказаць свайму гледачу тэатр сённяшні.

Перагарнуць трагічныя старонкі гісторыі...

Першае, што ўражвае на фестывалі «Славія», — гэта прысутнасць тэатраў з Сербіі, Харватыі, Славеніі, Македоніі, Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны і сяброўскія адносіны паміж імі. Здаецца, і не было жахлівых падзей нядаўняй вайны, справакаваных палітыкамі праяў узаемнага генацыду. Можна па-рознаму ставіцца да былой Югаславіі, называючы яе ці «імперыяй Ціта», ці «адзінай дэмакратычнай сацыялістычнай краінай», але не выклікае сумнення, што кошт, заплачаны балканскімі народамі за распад агульнай краіны і набыццё незалежнасці, аказаўся надзвычай высокім. Пра трагічныя старонкі нядаўняй гісторыі нагадваюць руіны будынкаў Міністэрства абароны і Дзяржаўнага тэлебачання ў цэнтры Бялграда, якія так любяць фатаграфаваць замежныя турысты. Каб хутчэй перагарнуць гэтыя старонкі, узнавіць сувязі паміж творцамі розных нацыянальнасцей і тым самым пацвердзіць ісціну: «палітыка раз’ядноўвае, а мастацтва злучае», Батрыч і Ліліяна Жарковічы і задумалі ў свой час фестываль «Славія». У гэтым сэнсе канцэпцыя бялградскага фестывалю вельмі блізкая канцэпцыі брэсцкай «Белай Вежы» і люблінскіх «Суседзяў».

Частымі гасцямі «Славіі» бываюць тэатры з Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Расіі, радзей прыязджаюць калектывы з іншых краін, як блізкіх, так і далёкіх: Аўстрыі, Славакіі, Албаніі, Германіі, Вялікабрытаніі, Літвы, Латвіі, Украіны, Бразіліі. Напрыклад, сёлета фестывальную праграму адкрываў тэатр з Аргенціны «Timbre 4», пластычны тэатр быў прадстаўлены студыяй «Mystorin» з Ізраіля, а чэхаўская нотка прагучала дзякуючы канадскаму тэатру «Atrium».

Спецыфікай фестывалю «Славія» з’яўляецца няспешны, «бялградскі» рытм жыцця: у дзень адбываецца толькі адзін спектакль, які пачынаецца а восьмай гадзіне вечара, пасля заканчэння ўдзельнікі спектакля і госці могуць пасядзець у тэатральнай кавярні і абмяняцца ўражаннямі ці проста паразмаўляць: пры гарбаце, за чаркай слівавіцы ці пры келіху віна. Раніцай можна прыйсці ў гэтую ж кавярню і выпіць кавы з заўсёды прысутным у тэатры Батрычам Жарковічам, сябрамі журы альбо акцёрамі, якія прыйшлі на ранішнюю рэпетыцыю. Няма штодзённых прэс-канферэнцый, «круглых сталоў», абмеркаванняў спектакляў, не паўстае адвечная праблема, колькі спектакляў у дзень ты здольны паглядзець: чатыры ці шэсць? Няспешны рытм фестывалю спрыяе яго інтэграцыйнай канцэпцыі: заўсёды ёсць час сустрэцца са старымі сябрамі і пазнаёміцца з новымі.

Балканскі тэмперамент і акцёрскі прафесіяналізм

Найбольшую цікавасць выклікалі ў мяне спектаклі балканскіх тэатраў. Сараеўскі гарадскі тэатр «SARTR» паказаў палітычны фарс «Губляеце хватку, Ваша Вялікасць» паводле аднайменнай п’есы Міркі Ковача. Напісаная ў 1968 годзе п’еса высмейвала палітычны лад цітаўскай дзяржавы і была забаронена да пастаноўкі ў Югаславіі. Узяўшыся за ўвасабленне гэтага хрэстаматыйнага ўжо тэксту, рэжысёр Горан Дамянац відавочна імкнуўся прапусціць яго праз гістарычны досвед апошніх дзесяцігоддзяў, паказаць парадоксы станаўлення новых палітычных эліт у маладых балканскіх дзяржавах. Мяркуючы па рэакцыі сербскіх гледачоў, яму гэта цалкам удалося. Але прысутным у зале замежным гасцям візуальны шэраг спектакля нагадваў мрожакаўскія пастаноўкі 1970–80-х гадоў, а галоўны герой п’есы — уваскрэслага караля Убо Альфрэда Жары. Увогуле ж, у спектаклі з Босніі і Герцагавіны адбыўся цікавы сінтэз еўрапейскай паэтыкі абсурду і балканскага тэмпераменту.

Менавіта тэмпераменту, энергетыкі крыху бракавала ў спектаклі македонскага Малога драматычнага тэатра з Бітоля «Крэслы» паводле п’есы Эжэна Іанэска. Зразумела, п’еса Іанэска — гэта ўжо не палітычны фарс, а ўніверсальна-анталагічная прыпавесць пра чалавечую самоту і бездапаможнасць перад абліччам смерці. Рэжысёр Люпча Георгіеўскі і сцэнограф Валянцін Светазараў лаканічнымі, аскетычнымі мазкамі стварылі халодную, змрочную атмасферу закінутага, паміраючага дома і як бы схаваліся за шырму ці старое люстра, пакінуўшы ў самотнасці не толькі двух галоўных герояў, але і акцёраў, якія іх граюць. Патрыярхі македонскай сцэны Яанна Папоўска і Анастас Папдымітраў стварылі кранальныя вобразы Старой і Старога ў найлепшых традыцыях псіхалагічнага тэатра. Часам, праўда, здавалася, што старанны псіхалагізм аддаляе акцёраў ад паэтыкі самой п’есы, а ўвесь спектакль вытрыманы на адной тужлівай ноце. Але прызвычаеныя да камедый і фарсаў гледачы «Славіі» мужна вытрымалі выпрабаванне псіхалогіяй.

Калі ў воплесках, адрасаваных выканаўцам «Крэслаў», чулася больш пашана, чым захапленне, то ў апладысментах стваральнікам чарнагорскага «Рэвізора» адлюстравалася цэлая гама глядацкіх пачуццяў: здзіўленне, удзячнасць, радасць. Пастаўлены маладым рэжысёрам Велькам Мічуновічам гогалеўскі «Рэвізор» аказаўся вельмі гарманічным, вывераным спектаклем, у якім дынамічная рэжысура і сучасная сцэнаграфія (мастак — Дарка Нядзелькавіч) узмацняліся майстэрскай ігрой чарнагорскіх акцёраў. Асабліва вылучаўся вобраз Гараднічага, створаны Бранімірам Паповічам, які несумненна атрымаў бы ўзнагароду за лепшую мужчынскую ролю, калі б такая ўзнагарода была (адзіная ўзнагарода на фестывалі «Славія» — Гран-пры ў выглядзе статуэткі Дон Кіхота). Чарнагорскі «Рэвізор» не быў авангардна-хуліганскім і наватарскім спектаклем, як, напрыклад «Рэвізор» Мікалая Каляды, але выдатна спалучыў павагу да літаратурнай першаасновы з сучаснай формай выяўлення, паяднаў класічную рускую драматургію з балканскім тэмпераментам.

Пабачаныя на фестывалі спектаклі, рэпертуар бялградскіх тэатраў і размовы з сербскімі калегамі навялі на думку, што ў балканскім тэатры дамінуючыя пазіцыі займаюць найбольш відовішчныя жанры: фантасмагорыя, палітычны фарс, сацыяльная камедыя, а прафесійны тэатр захаваў непарыўную сувязь з народнай карнавальнай стыхіяй (таксама як, напрыклад, у Славакіі, Украіне ці Беларусі)...

Багдановіч НА «СЛАВІІ»

Упершыню за дзесяць гадоў існавання фестывалю «Славія» ў праграме браў удзел спектакль з Беларусі: «Дзённік паэта» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага. Аўтару п’есы не выпадае пісаць пра сам спектакль, адзначу толькі, што нягледзячы на доўгую дарогу і тэхнічныя праблемы, акцёры выдатна справіліся са сваёй задачай. Глядацкая аўдыторыя «Славіі» — даволі сталая па ўзросце, але тым не менш яна з разуменнем прыняла авангардную паэтыку Баркоўскага, а асабліва спадабаўся «Дзённік...» прысутным сербскім пісьменнікам і журналістам, у чым вялікая заслуга і перакладу, зробленага выкладчыцай Бялградскага ўніверсітэта Святланай Галяк. На думку некаторых журналістаў, прыхільнікаў авангарднага тэатра, «Дзённік паэта» не зусім упісваўся ў традыцыйны фармат «Славіі» і больш натуральна глядзеўся б у праграме БІТЭФа. Сябра журы, легендарны карэйскі рэжысёр Кім Ву Ок, пацікавіўся ў мяне пра іншыя спектаклі Баркоўскага і наіўна папрасіў пачытаць англійскі пераклад п’есы (вядома, усе беларускія п’есы адразу ж перакладаюцца на англійскую мову!), сербскі паэт і драматург Жэлька Каран папрасіў даслаць яму беларускі арыгінал і сербскі пераклад. Сербскага калегу вельмі зацікавілі лёс і творчасць Максіма Багдановіча (дарэчы, прозвішча «Багдановіч» сустракаецца і ў Сербіі, таксама як, напрыклад, прозвішча «Пятровіч»)... На спектаклі прысутнічалі бялградскія студэнты-славісты, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама супрацоўнікі Пасольства Беларусі ў Сербіі.

Думаецца, беларускі дэбют у Бялградзе атрымаўся ўдалым. Зачытваючы ў апошні дзень вердыкт журы, яго старшыня Рыста Стэфаноўскі з павагай назваў «Дзённік паэта» сярод лепшых спектакляў фестывалю і адным з галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

А атрымаў Гран-пры дзясятага юбілейнага фестывалю «Славія» спектакль «Рэвізор» Нацыянальнага тэатра з Чарнагорыі.

Сяргей Кавалёў