Страсці па «Цырульніку». І вакол яго...

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Новае ўвасабленне оперы Расіні

/i/content/pi/mast/49/839/30.jpg
 «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні. Сцэна са спектакля.
На пачатку новага сезона Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь прэзентаваў сваю новую работу — оперу «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні. Пастаноўка выклікала самыя супярэчлівыя меркаванні — ад «геніяльна!» (на думку тых, хто безагаворачна прыняў спектакль) да «тут Расіні проста згвалцілі!» (уражанне супрацьлеглага боку). Каб расставіць усе кропкі над «і», рэдакцыя вырашыла з нагоды прэм’еры апублікаваць меркаванні Рамантыка і Скептыка. Іх спрэчку занатавала Таццяна Мушынская.

Рамантык: Мне здаецца, што спектакль цікавы для нашай публікі і крытыкі шмат па якіх прычынах. Па-першае — захапляльны сюжэт, узяты з камедыі Бамаршэ. Па-другое, гэтая опера, створаная кампазітарам, калі яму было ўсяго 24 гады, з поўным правам лічыцца шэдэўрам сусветнай класікі. Расіні пісаў свае творы надзвычай хутка: паводле адных крыніц, «Цырульнік» з’явіўся за тры, паводле другіх, усяго за два тыдні. На першым паказе опера правалілася, на другім мела ашаламляльны поспех.

«Севільскі цырульнік» — твор, да якога звяртаюцца надзвычай часта і ў многіх краінах, — адна са знакавых партытур для айчыннага тэатра. Упершыню яго ўвасобілі ў 1927 годзе на сцэне Беларускага музычнага тэхнікума, праз тры гады — у Беларускай студыі оперы і балета пад кіраўніцтвам знакамітага спевака Антона Баначыча. На сцэне тэатра «Цырульнік» з’явіўся ў 1934-м, ставіўся ў 1942-м эвакуіраванай трупай нашай оперы ў Горкім. Спектакль, галоўны герой якога ўсюдыісны Фігара, увасабляўся ў Беларусі ажно восем разоў. Па-мойму, такі рэкорд не перасягнуты!

Скептык: Згодзен, цікавасць да назвы абумоўлена шмат у чым і сюжэтам, і камедыйнымі сітуацыямі, і зіхатлівай, віртуознай музыкай Расіні. Дарэчы, мінчане мелі магчымасць пачуць і іншыя яго оперы. Колькі гадоў таму «Шлюбны вэксаль», напісаны 18-гадовым кампазітарам, інтэрпрэтавала малады рэжысёр Сусанна Цырук. Канцэртнае выкананне «Папялушкі» адбылося ў нашай філармоніі дзякуючы ініцыятыве дырыжора Генадзя Праваторава і спявачкі Вольгі Сотнікавай.

Рамантык: Інтарэс да апошняй версіі падаграваўся той акалічнасцю, што дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіў італьянец Джанлука Марчыяна. Вядомы і прызнаны ў музычным свеце, ён ужо сустракаўся з нашым аркестрам падчас выканання «Травіяты». Каму, як не італьянскаму дырыжору, лепш адчуваць асаблівасці музычнага стылю свайго суайчынніка! На маю думку, пад кіраўніцтвам Марчыяна наш аркестр загучаў крыху іначай — больш хуткія, чым звычайна, тэмпы, імклівасць, дакладнае ўзнаўленне старанна выпісаных кампазітарам інструментальных «фіярытур». Падаецца, што і аркестр атрымаў задавальненне ад супрацоўніцтва з іншым дырыжорам.

Скептык: Рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ заявіў пра бачанне оперы-буфа як камедыі дэль артэ...

Рамантык: У адпаведнасці з гэтым вырашана і сцэнічная прастора мастаком Аляксандрам Касцючэнкам. Дзеянне перанесена з Іспаніі ў Італію, а дакладней, у Венецыю, паколькі опера пісалася для тэатра Арджэнціна і карнавалу ў Рыме. Мы бачым дамы, прастору між імі, мосцік над каналам (па ім на сцэне з’яўляюцца артысты), памост, на якім акцёры, магчыма, вандроўнай трупы разыграюць вясёлую камедыю з прыгодамі, непаразуменнямі, пераапрананнямі. Такім візуальным вобразам верыш, ствараецца ўражанне, што ты сам — побач з гледачамі, якія знаходзяцца на сцэне. На вяроўках сушыцца бялізна, а над драўляным памостам ззяюць рознакаляровыя лямпачкі. Спалучэнне побытавага і тэатральнага, рэальнага і ілюзорнага. Дзеянне пачынаецца ўжо падчас гучання знакамітай уверцюры. Пастаноўшчыкі адразу «ўводзяць» нас у прастору спектакля, які вось-вось разгорнецца.

Скептык: Згодзен, калі ў фінале артысты выходзяць на паклон, уверцюра гучыць зноўку, але яна і завяршае відовішча, і падказвае, што пройдзе нейкі час — і для іншых гараджан гэтая ж гісторыя тымі ж або іншымі артыстамі будзе разыграна яшчэ раз... Хор — гэта гледачы, якія за столікам сядзяць, слухаюць, апладзіруюць, жвава рэагуюць (хормайстар Ніна Ламановіч).

Рамантык: Заўважце, як дакладна адпавядаюць героі «Цырульніка» персанажам камедыі дэль артэ! Альмавіва — П’еро, Фігара — Арлекін, Разіна — Каламбіна... Якую сцэнаграфію звычайна мае большасць традыцыйных пастановак «Цырульніка»? Будынкі і садовыя агароджы, абавітыя вінаградам і плюшчом. Тут дзейнічаюць паны і паненкі ў аксамітавым адзенні. Завітыя локаны, парыкі, вееры, запіскі... Салодкагалосы Альмавіва, какетлівая Разіна, хітры і вынаходлівы Фігара, бурклівы і хітры апякун — стары Дон Бартала, парадыйны Дон Базіліа (апошняга і праз стагоддзе выконваюць, выкарыстоўваючы грым і касцюм Фёдара Шаляпіна). Разумееце, гэта штамп! Сумна і нецікава... Рэжысёр здолеў кардынальна адмовіцца ад штампа, прапанаваць уласнае жанравае прачытанне сюжэта і герояў — і цудоўна!

Пастановачная брыгада прыклала шмат намаганняў, каб увасобіць на сцэне атмасферу карнавалу, жарцікаў, весялосці, таго, што сучасная моладзь называе «прыколамі». Звярніце ўвагу, як нязвыкла гучаць арыі-«шлягеры»! Каваціны Фігара і Разіны, арыі Альмавівы, знакаміты вакальны маналог Дона Базіліа («Знаете ли вы, что такое клевета?..»). Спяваць іх — тое ж самае, што чытаць «Я помню чудное мгновенье...» ці маналог Гамлета «Быть или не быть?». Усе ведаюць тэкст, і не выглядаць пафасным і нясцерпна-фальшывым — вялікая праблема!

Нечаканае вырашэнне вобразаў і нечаканая акцёрская задача, якая суправаджае ключавыя музычныя фрагменты, паспрыялі свежасці ўспрымання. Стваральнікі спектакля дзе асцярожна, а дзе і досыць рашуча знялі з вядомага твора хрэстаматыйны глянец, каб зрабіць оперу актуальнай і запатрабаванай у сучаснага гледача. Арыгінальна выглядаюць у фінале кожнай дзеі праходы галоўных герояў па перыметры аркестравай яміны. А якія па-мастацку выразныя, дакладныя касцюмы, зробленыя па эскізах Элы Грыгарук!

Скептык: Ці заўважалі вы, калега, такую акалічнасць? Мы пачалі знаёміцца з «Цырульнікам» падчас генеральнай рэпетыцыі. Галоўных герояў спявалі тыя ж салісты, што і на дзвюх першых прэм’ерах. У 1-й дзеі бягучым радком ішоў рускі пераклад. У 2-й дзеі яго па нейкай прычыне не было. Можа, перад прэм’ерай не паспелі ўзгадніць тэкст, які спяваецца, і тэкст бягучага радка? У выніку здаецца, быццам гляджу недубляваны фільм, бо невядома хто і што, а галоўнае, каму і навошта гаворыць. І незразумела, што яны ўсе разам робяць? Да таго ж на працягу дзеі ў мяне нарастала ўражанне неапраўданай сумятні і, прабачце, нейкага дзіўнага, недарэчнага, бясконцага балагана. Хацелася, каб яны нарэшце перасталі бегаць па пляцоўцы, штурхаць адзін аднаго, падаць. На колькі хвілін спыніліся і заспявалі ў цішыні. Далі спакойна паслухаць аркестр, музыку Расіні, атрымаць асалоду ад спеваў і галасоў...

Рамантык: Мне вельмі спадабаўся эпізод у 2-й дзеі, калі раптам пачынаецца дождж, разбягаюцца выканаўцы і гледачы. Сцэна пустая, гучыць музыка, і светлавыя эфекты надзіва дарэчы...

Скептык: Але колькі такіх эпізодаў на ўвесь спектакль? Калі аналізуеш пэўную мастацкую з’яву, важна не толькі «карцінка», візуальны вобраз спектакля — як вынік супрацоўніцтва рэжысёра і мастака, але і тое, што называецца «послевкусием», сэнс пастаноўкі. Цудоўна, што ў дачыненні да «Цырульніка» Панджавідзэ прыдумаў такі ход, як камедыя дэль артэ. Але ён гэтак захапіўся самім прыёмам, што ў пэўны момант той падпарадкаваў сабе і рэжысёра, і выканаўцаў, і дырыжора разам з аркестрам! У выніку партытура Расіні існуе на другім або трэцім плане, нібы нагода для сцэнічнага эксперымента. Асалоды ад музыкі няма, выходзячы з тэатра, ты яе ўжо і не памятаеш...

Рамантык: Часткова пагаджуся. Але тут фарс, камедыя масак...

Скептык: Атрымліваецца, сцэнічнае дзеянне складаецца з мноства прыёмаў, цыркавых нумароў, скетчаў. У перадачы «Вялікая розніца», што таксама фарміруецца з пародый, яны цалкам дарэчы. Але тры гадзіны пародый, якія ідуць у суправаджэнні Расіні, немагчыма вытрымаць!

Рамантык: Не згодзен! У новым «Цырульніку» шмат смешных, па сутнасці фарсавых эпізодаў. Прычым артысты з задавальненнем парадзіруюць і оперныя, і харэаграфічныя штампы, смяюцца з пластыкі эстрадных выканаўцаў і акадэмічных спевакоў. Іх трэба было прыдумаць і ўвасобіць...

Скептык: Твар артыста, яго міміка — вельмі моцныя сродкі выразнасці. За абліччам сапраўднага акцёра надзвычай цікава сачыць. А тут твары цалкам закрыты маскамі...

Рамантык: А мне падалося арыгінальным, што артыстаў за маскамі амаль немагчыма пазнаць! Калі Юрыя Гарадзецкага (Альмавіва) усё-такі «ідэнтыфікуеш», дык Таццяну Гаўрылаву (Разіна) і не пазнаць, пакуль яна не заспявае. Вакалістка паўстае надзвычай нечаканай, цяжка ўявіць, што яна ўвасабляе, напрыклад, Снягурку! Складана пазнаць і Андрэя Валенція (Дон Базіліа) — ён ператварыўся ў трамбаніста, і Сяргея Лазарэвіча, які арыгінальна інтэрпрэтуе апекуна Дона Бартала (перад намі не дзядуля, а яшчэ жвавы мужчына сярэдняга ўзросту, які можа мець натуральны інтарэс да сваёй выхаванкі Разіны, — і гэта пераканаўча!).

Скептык: Але ж маска — знак, які не мяняецца на працягу спектакля. Няўжо і героі зусім не змяніліся?

Рамантык: Вы хацелі б бачыць псіхалагічнае абгрунтаванне паводзін герояў? Але ў пошуках тонкага псіхалагічнага малюнка, магчыма, лепш звярнуцца да іншага спектакля. Тэатр перажывання і тэатр прадстаўлення — розныя накірункі.

Скептык: Засмучае мяне і вось што. Патлумачце, чаму рамантычны Альмавіва (ён жа самотны П’еро) так доўга і настойліва шукае штосьці ў шматлікіх спадніцах і фальбонах красуні Разіны (Каламбіны)? Уся паказаная гісторыя нібыта кахання — толькі для таго, каб мець «доступ да цела»? Крыўдна, бо з высакародным абліччам Юрыя Гарадзецкага — а ён на нашай сцэне спяваў (і натхнёна!) Моцарта ў оперы Рымскага-Корсакава, Альфрэда ў «Травіяце», Таміна ў «Чарадзейнай флейце» — такія паводзіны мала стасуюцца. Гэткія «рэпрызы» для іншага, вытанчаны Альмавіва становіцца прымітыўным. Тым больш што ў спектаклі галоўны герой ён, а не Фігара (Станіслаў Трыфанаў). Нездарма ж прэм’ера оперы Расіні ішла пад назвай «Альмавіва, або Марная перасцярога».

Рамантык: Ну, ведаеце, тэатр на плошчы, вакол народ...

Скептык: Сустрэчнае пытанне: да ўзроўню народу на плошчы трэба апускацца кожны раз? Калі Разіну час ад часу імкнуцца пацалаваць у плечыка або ў шыйку то Дон Бартала, то Фігара, — гэта, зрэшты, нармальна. Прывабную жанчыну, як і караля, іграюць тыя, хто вакол. Але навошта было распранаць Берту, якая падчас сваёй арыі нечакана скідвае спадніцу і аказваецца ў панталонах з карункамі? Гледачы на сцэне дружна смяюцца, але ці ёсць гэта праявай высокага густу? Магчыма, вы здзівіцеся маім высновам, але стаўленне рэжысёра да гераінь-жанчын дзіўнае і не заўжды зразумелае. У 2-й дзеі «Тоскі» нягоднік Скарпіа на працягу 20 хвілін з асалодай заломвае рукі гераіні, каб нарэшце атрымаць зноў-такі «доступ да цела» (баішся, каб хоць не пашкодзіў усур’ёз пазваночнік!). У «Аідзе» галоўная гераіня, егіпецкая царэўна, ажно 4 дзеі поўзае па сцэне на каленях. Выснова адна: жанчыну трэба прынізіць, а лепей маральна знішчыць!

Рамантык: Вы намякаеце на дзядулю Фрэйда?.. Што датычыць Берты (Наталля Акініна), дык мая думка такая. Яе арыя немаленькая, проста стаяць і спяваць — каму гэта сёння цікава? Адначасова з арыяй ідзе, па сутнасці, цыркавы нумар. Яго можна выканаць у доўгай спадніцы?

Скептык: Акініна — адна з лепшых у тэатры выканаўцаў такой партыі, як Марфа ў «Хаваншчыне» Мусаргскага. Слухаеш яе знакамітую сцэну варажбы, дык аж мароз па скуры бяжыць! Трыфанаў пераканальны Барыс Гадуноў у канцэртнай версіі, цар у «Набука» і Скарпіа ў оперы «Тоска». А як выдатна зроблена яго роля ў оперы Картэса «Мядзведзь»! Ці не надта простыя задачы ставяцца перад артыстамі такога ўзроўню — «хахміць», «прыколвацца», падаць, куляцца?

Рамантык: Зануды-крытыкі, не блытайце драму з камедыяй! Дайце артыстам на сцэне атрымаць асалоду...

Скептык: Скажыце, а чаму на генеральным прагоне, на першай і другой прэм’ерах мы бачылі адзін і той жа склад — Гарадзецкі, Трыфанаў, Гаўрылава, Лазарэвіч, Валенцій? Параўнаць розныя склады і іх інтэрпрэтацыі цікава. Дый агульная рэжысёрская канцэпцыя часам пачынае ззяць новымі фарбамі...

Рамантык: На прэс-канферэнцыі пастаноўшчык сцвярджаў: гэты склад найбольш адпавядаў партыям.

Скептык: Вы рамантык, вось і верыце ўсяму, што скажуць. А я — скептык, значыць, бліжэй да рэальнасці. Думаю, усё больш празаічна, у рэжысёра проста няма часу рэпеціраваць з другім або трэцім складам. І Гарадзецкі, і Трыфанаў — цудоўныя спевакі, сапраўды еўрапейскага ўзроўню. Вакалісты і оперныя, і канцэртныя, і конкурсныя. Запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Паедзе хтосьці з іх на гастролі, будуць спяваць гэтыя ж партыі Януш Нялепа і Уладзімір Громаў, якія рэпеціравалі з рэжысёрам непараўнальна менш. Так будзе лепш для спектакля?.. Вельмі цікава было б убачыць і пачуць у партыі Разіны Алену Сало, бо роля напісана менавіта для каларатурнага мецца. (Невыпадкова ў свой час яе спявала Святлана Данілюк). У дадатак Сало вельмі артыстычная і выконвала Разіну ў папярэдняй версіі.

Увогуле хуткасць падрыхтоўкі спадаром Панджавідзэ амаль кожнага спектакля выклікае або здзіўленне, або разгубленасць. Але ж на ўсё ёсць прычыны! Глядзіце, 9 і 12 верасня — прэм’ера «Цырульніку» ў Мінску. А 19 верасня ў Казані, у Татарскім тэатры оперы і балета — прэм’ера оперы-паэмы «Джаліль» таго самага рэжысёра. Рэальна зрабіць спектакль якасна, дэталёва, грунтоўна і там, і там? Не думаю. А такіх прыкладаў шмат.

Рамантык: Парадуемся, што як пастаноўшчык ён вельмі запатрабаваны...

Скептык: За апошнія сезоны здараліся сітуацыі, калі генеральная рэпетыцыя адначасова з’яўлялася і… першым сцэнічным прагонам для пэўнага складу выканаўцаў. У адных гэта выклікае смех, у іншых — абурэнне...

Рамантык: Гэта прыватныя заўвагі ці нязгода з кардынальнай лініяй?

Скептык: Часопіс «Мастацтва» быў адным з нямногіх, хто горача падтрымаў новую версію «Набука». Бо Панджавідзэ, маючы вопыт, тэмперамент, уласнае бачанне матэрыялу, здолеў прадэманстраваць і ўласнае бачанне маштабнай партытуры, і новыя магчымасці новай сцэнічнай пляцоўкі. Між іншым, шэраг журналістаў яхідна параўноўваў спектакль з паркам культуры і адпачынку...

Рамантык: Чаму?

Скептык: Напэўна, часткі сцэны, якія ўздымаліся і апускаліся, калоны, што выязджалі наперад, у некага выклікалі асацыяцыю з арэлямі, каруселямі, колам агляду.

З нагоды «Цырульніка» хацелася б паразважаць не толькі пра спектакль, але і пра перспектывы развіцця трупы. Уважліва прасачыце за паслядоўнасцю опер, якія ўжо пастаўлены галоўным рэжысёрам і заяўлены надалей. «Набука», «Тоска», «Аіда». Пасля «Цырульніка» ўбачым «Лючыю дзі Ламермур» і «Турандот»...

Рамантык: Ну і што? У выніку могуць атрымацца маштабныя, відовішчныя пастаноўкі, дзе высокі напал пачуццяў, яркія канфлікты...

Скептык: Так. Але яны разлічаныя на драмсапрана, якіх амаль няма. І на драмтэнараў, якіх зноў-такі вельмі мала. У той жа час велізарная колькасць спевакоў, што прадстаўляюць іншыя галасы, сядзяць незапатрабаваныя.

Рамантык: У тэатры заўжды хтосьці незапатрабаваны. Тут няма нічога дзіўнага. Некалі мастацкім кіраўніком оперы з’яўляўся Сяргей Картэс, ягонай палітыкай былі задаволены найперш тыя, хто актыўна спяваў, быў заняты ў спектаклях і прэм’ерах. Тое ж самае назіралася ў часы, калі на пасадзе яго змяніла Маргарыта Ізворска.

Скептык: Можна па-рознаму ставіцца да вынікаў яе дзейнасці і ўвасобленых опер, але за тыя 6 гадоў, калі яна кіравала трупай, на авансцэну выйшла новае пакаленне маладых салістаў, тых, каму цяпер 30—35 гадоў. І многія спектаклі з’яўляліся, каб даць магчымасць раскрыцца іх талентам, вакальным і артыстычным. Калі рэпертуарная палітыка будуецца з разлікам на тое, каб і максімальна заняць трупу новымі працамі, і дзейнічаць разам з ёй, дык таленты будуць з’яўляцца проста на вачах, самі па сабе... Якія новыя імёны з’явіліся ў опернай трупе на працягу трох апошніх гадоў? Магу назваць адзінае імя: Аляксей Мікуцель, ён ярка дэбютаваў у «Набука».

Рамантык: Давайце вернемся ды прэм’еры. Не думаю, што прачытаўшы рэцэнзію з крытычнымі заўвагамі, салісты або пастаноўшчыкі пабягуць мяняць пэўныя сцэны ў спектаклі. І ўсё-такі ці ёсць магчымасць палепшыць нешта ў відовішчы?

Скептык: Лічу, баланс уласна музычнага і рэжысёрскага складнікаў спектакля павінен будавацца больш прадумана, далікатна і паважліва. Каб бясконцыя «хохмы», жарты і цыркавыя прыёмчыкі не «забівалі», не адсоўвалі на другі план музыку і драматургію, у ёй закладзеную. Бо ўсё-такі рэжысёр увасабляе партытуру Расіні, а не прэзентуе ў першую чаргу сябе. Акрамя таго, можа варта час ад часу спыняць нястомную сцэнічную мітусню, ад якой пачынае мігцець у вачах? І даваць слухачу магчымасць атрымаць асалоду ад музыкі? Дальбог, шэдэўр Расіні варты таго! У дадатак, грубасці і плоскія жарцікі трэба было б хоць бы часткова прыбраць. Усё-такі тэатр мае назву «нацыянальны» і «акадэмічны», і тое, што дазволена быку, не заўжды дазволена Юпіцеру.

Рамантык: Мне асабіста цікава будзе ўбачыць пяты-шосты паказ новага «Цырульніка». Магчыма, з іншым складам выканаўцаў. Каб даведацца, у якім напрамку развіваецца спектакль, што ў ім засталося, а што знікла як часовае, наноснае і прамежкавае. Але нават не сумняваюся: маляўнічы, камедыйны, імклівы «Цырульнік», прачытаны сучаснымі пастаноўшчыкамі, будзе мець свайго ўдзячнага гледача. Бо патрэба сучаснага чалавека ў камедыі, як і ў аптымізме, і добрым настроі, як у смехавой культуры, — няўтольная.

Скептык: Удумайцеся, якое цудоўнае словазлучэнне — «смехавая культура»! І абодва словы ў ім раўназначныя...