Школа перадачы досведу

№ 10 (343) 01.10.2011 - 30.10.2011 г

Навучанне ад Уладзіміра Суцягіна

/i/content/pi/mast/49/833/11.jpg

Вікторыя Розум. Ружаны. 2007.

Адна з праблем беларускай фатаграфіі — у слабой пераемнасці розных пакаленняў. Фатаграфіі не навучаюць у мінскіх ВНУ, а шматлікія гурткі не заўсёды гарантуюць прымальны прафесійны ўзровень...

Пытанні фатаграфічнай адукацыі мы абмяркоўвалі з беларускім фатографам Уладзімірам Суцягіным на працягу некалькіх гадоў. Мяне найперш здзіўляла тое, што прыхільнік класічнай фатаграфіі дзеліцца сваімі ведамі такім жа класічным чынам — непасрэдна ў стасунках, ад настаўніка да вучня. У яго майстэрні, хай прабачаць мне чытачы некаторы пафас, — як у эпоху Адраджэння. Гэтая якасць Уладзіміра — цэласнасць стылю ў мастацтве і чалавечага характару — велізарная рэдкасць і каштоўнасць для нашага часу.

Навучанне ніяк не аформлена структурна. У адрозненне ад шматлікіх педагогаў, Уладзімір не зацыкліваецца на тэорыі і тэхналогіях, а адразу скіроўвае на вынік, хоць пачынаюць яго вучні літаральна з нуля. Адукацыя яго першай і адзінай групы бесперапынна доўжыцца ўжо больш за тры гады, і яна не падобна на той метад, які практыкуюць на звычайных курсах: гэта па-ранейшаму перадача ведаў і навыкаў ад старэйшага да малодшых. Нарэшце, адукацыя бясплатная, што наогул цяжка паддаецца тлумачэнню...

Спалучэнне такіх акалічнасцей плюс унікальныя асабістыя якасці сапраўднага майстра робяць школу Уладзіміра Суцягіна выключнай з’явай. Хоць ён не называе сваю працу школай і не выкарыстоўвае звыклых слоў: курс, тэма, прэзентацыя, лекцыя, семестр, праект...

Першай нефармальную фатаграфічную адукацыю ва Уладзіміра Суцягіна пачала Таня Заронак, якая вучылася на другім курсе архітэктурнага факультэта БНТУ. Яна прынесла фотаапарат, і ёй было незразумела, што адбываецца ўнутры яго. «Я зарадзіў плёнку, паказаў: калі створкі адкрыты, праходзіць прамень святла. Паставіў усярэдзіне матавае шкло, мы ўбачылі малюнак у перавернутым выглядзе... Яна ўсё ўбачыла сама. Стала здымаць і прыносіць аднакурснікам “кантролькі”. Дзяўчынкі зацікавіліся, і праз два месяцы яны збіраліся ўжо ўчатырох. Таня Заронак, Віка Розум, Надзя Паўлава, Насця Шпакова».

На пытанне, калі ж студэнты перайшлі да здымкі і што ён лічыць вынікам — здымак, серыю, праект, — Уладзімір адказвае, што першы вынік, безумоўна, здымак.

«На тэорыі мы доўга не спыняліся. Галоўнае зразумець, як дзейнічае фотаапарат, а пасля — як з негатыва атрымліваецца здымак. Што такое ручны друк. І потым святло, кампазіцыя, выява, выбар аб’екта... Яны як архітэктары гэта ўсё ўсведамляюць. Мы адразу сталі выязджаць на здымку. З-за іх спецыялізацыі ім былі цікавыя адпаведныя аб’екты — руіны замкаў, палацаў, храмаў.

Праз паўгода мы паехалі ў Ружаны і зрабілі выставу. Гэта быў наш першы агульны праект. Другім быў “Мадулёр”, мы паказалі яго ў фотаклубе “Мінск” і атрымалі вельмі добрыя водгукі нашых вядучых фатографаў. Вядома, усе пажадалі ўдзельнікам хутчэй пачынаць самастойную, ужо не вучнёўскую працу. Хоць у выставы была сур’ёзная канцэпцыя, яна засноўвалася на прынцыпах Ле Карбюзье.

Як будуецца вучоба? Па прынцыпе “пытанне — адказ”. Я адказваю, астатнія слухаюць, мы разам разбіраемся, дапаўняем».

Як прыйшлі да яго ўдзельнікі гэтай няскончанай гісторыі — інтуітыўна ці абдумана? Як супалі іх інтарэсы і паўстаў давер?

«Напэўна, падчас абмеркаванняў. Мы глядзім шмат фатаграфічных альбомаў, я і сам вучуся, імкнуся ўвесь час чытаць нешта новае. З жанраў яны пакуль аддаюць перавагу гарадскому пейзажу. Мы разам працавалі з гарадской тэмай адмыслова для “Цудоўнага месца” (выстава 2008 года), і яна не завершана. Я трохі паспеў адзняць у Лошыцы. Дзяўчынкі захапіліся вечаровай здымкай. Але пры гэтым мы адразу разбіраліся з тым, што было незразумела, адразу рабілі фатаграфіі — і ўсё атрымлівалася добра.

Фатаграфія — асаблівая рэч: колькі б ні вучыў тэорыю, абавязкова павінна быць практыка. Можна пачаць з тэорыі, з яе выйсці на практыку і зноў вярнуцца да пытанняў і адказаў».

Звычайна на курсы студэнты прыходзяць, каб атрымаць вызначаную інфармацыю за пэўны тэрмін і адэкватны кошт. Але толькі не да Уладзіміра Суцягіна. Як жа матываваны яго вучні, і як ён сам разумее сваю задачу і свой метад?

«Так, цяпер усё выкладаюць. Што ж, людзям трэба зарабляць. Але мне незразумела, як можна прама пры студэнтах пытаць, як зрабіць тое, пра што ты павінен ім распавядаць? Тое, што трэба ведаць, раз ты бярэшся выкладаць!

З прыходам лічбавых тэхналогій знікае класічная фатаграфія. Зноў жа, людзі лічаць, што вучацца, а фатографа сярод іх няма! Фатограф ёсць, калі ён усё ўмее выконваць сам — ад здымкі да праяўкі і сушкі.

Цяпер тэхніка дазваляе зрабіць тысячы кадраў і абраць з іх сто. Ёзэф Судэк мог хадзіць цэлы дзень з фотаапаратам і нічога не зняць. Калі не бачыш кадр, яго і не здымаеш.

У Маскоўскім інстытуце кінематаграфіі на аператарскім аддзяленні выдаюць фотаапарат “Зорка” і нумаруюць кадр. Ты павінен зрабіць толькі адзін здымак! Калі ты так вучыўся, то застанешся ў прафесіі. Нельга ж стаць будаўніком толькі таму, што ты дзесьці бачыў, як кладуць цагляную сцяну... Зрэшты, у нас многія займаюцца не сваёй справай».

Любоў Гаўрылюк