Увасобленае слова

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Лета -- час мастакоўскага зацішша. У спякотныя сонечныя дні нікому няма ахвоты і жадання адкрываць выставы або рабіць канцэптуальныя праекты, бо яны наўрад ці знойдуць свайго гледача. Які сэнс у акцыі без адпаведнага водгуку ў прэсе і абмеркавання ў колах калег і сяброў? Вось і адмаўляюцца творцы ад прэзентацый, шукаюць прычыну перанесці выставу на восень.

А вось Аляксей Хацкевіч (удзельнік дуэта «Саша і Сірожа») гарачыні не збаяўся і прадставіў мінскім гледачам выставу карцін пад інтрыгоўнай назвай «Калякі-малякі» ў магазіне-галерэі «Падземка». Выстава перадусім прысвячалася Дню абароны дзяцей, бо сааўтарам А.Хацкевіча выступіла яго пяцігадовая дачка Аня. Неяк бацька прапанаваў дачушцы памаляваць алеем на палатне, а пасля закончыў яе «твор». Так пачалася іх сумесная мастацкая дзейнасць. Вынік намаганняў -- дзесяць карцін, яркіх, шчырых, радасных, непасрэдных, сюжэты якіх не змог бы прыдумаць дарослы.

 /i/content/pi/mast/4/83/Uvasoblenae-slova2.jpg
 В.Альшэўскі. Прысвячэнне Эфесу. Алей. 2006

Сур’ёзнымі распрацоўкамі несур’ёзнай тэматыкі займаецца і Юрый Алісевіч, які ў М-галерэі Інстытута імя Гётэ паказаў выставу пад назвай «Мае казкі». Мастак ужо не раз афармляў кнігі Х.К.Андэрсена і Ш.Перо, беларускія, славацкія, рускія казкі. Захоўваючы свой выразны стыль, аўтар выкарыстоўвае максімум даступных сучаснаму выяўленчаму мастацтву накірункаў, стыляў, жанраў. Некаторыя яго ілюстрацыі нагадваюць коміксы, іншыя -- маляваныя мультфільмы або традыцыйныя прыгоды прыдуманых казачных герояў. Мастак умее бачыць у звычайным незвычайнае і надзяляе гэтай якасцю сваіх персанажаў.
Што да больш грунтоўных мастацкіх акцый, то варта згадаць выставу «Кападокія. Элегія цішыні», якая адкрылася ў Міністэрстве замежных спраў. Відарысы гэтага найцікавейшага рэгіёна Турцыі адлюстраваны ў фотаздымках Міхала Баразны, а таксама ў манументальных жывапісных палотнах Віктара Альшэўскага. Кападокія -- унікальнае месца, якое нагадвае касмадром. У фотаздымках М.Баразны ёсць панарамы, знятыя з паветранага шара на вышыні дзвюх тысяч метраў, ёсць канцэптуальныя работы з фрагментамі фантастычнага наваколля Кападокіі і Анкары. Жывапіс В.Альшэўскага, прадстаўлены ў экспазіцыі, як заўжды, асацыятыўны, на падставе велізарнага эскізнага матэрыялу мастак будуе складаныя сімвалічныя карціны вялікага памеру, уключае ў гэтыя «аповеды» фрагменты фрэсак, мазаік, сілуэты знакамітых кападакійскіх пірамід.

 /i/content/pi/mast/4/83/Uvasoblenae-slova1.jpg

Н.Шчасная. Наша жамчужына.
Змешаная тэхніка. 2007.

Мець галерэю на сваёй малой радзіме -- мара амаль кожнага беларускага творцы. Гэта і пачэсна, і прыемна, і, галоўнае, дае ўпэўненасць, што напісаныя палотны не застануцца на самоце ў сценах майстэрні. Вось і Нінэль Шчасная адкрыла ў новым корпусе Полацкага дзяржаўнага універсітэта пастаяннадзеючую выставу. У экспазіцыі, якая ўпрыгожыла сцены адной з залаў, а таксама калідоры універсітэта, прадстаўлены жывапісныя творы розных гадоў, камерныя і буйнафарматныя палотны. У палачан з’явілася цудоўная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю мастачкі, ганаровай грамадзянкі горада, якая заўжды імкнулася ў сваіх работах паказваць узаемадачыненні чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам. Прадстаўленыя работы аўтарка падзяліла па жанрах -- тэматычныя карціны, нацюрморты, партрэты дзеячаў культуры і знакамітых людзей, пейзажы -- і выставіла асобнымі блокамі. Наяўнасць у зале мультымедыйнай апаратуры дазволіць дэманстраваць фільмы пра жыццёвы шлях мастачкі. Для сцэны канферэнц-залы Н.Шчасная спецыяльна напісала новы твор, прысвечаны Еўфрасінні Полацкай. На карціне яна лунае над Спаса-Еўфрасіннеўскай царквой, нібы ахоўвае яе сваімі празрыстымі адзеннямі. Да жывапіснага сюжэта мастачка дадала драпіроўкі з празрыстага чысцютка-белага шкловалакна, якое вырабляецца ў Наваполацку і вось ужо дваццаць гадоў з’яўляецца адным з яе любімых матэрыялаў з-за яго незвычайных дэкаратыўных магчымасцей. Адзенне галоўнай гераіні карціны аб’ёмнае, яно як своеасаблівая заслона часткова прыадкрывае нам зямлю з выявай пабудаванай Еўфрасінняй царквы.
А ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва -- сапраўдная сенсацыя. Малюнкі італьянскага мастака Марка Карна, створаныя ім на працягу сарака гадоў, прадставілі ўласную аўтарскую версію адлюстравання часткі «Пекла» ў «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры. Гэты твор ілюстравалі вельмі рэдка. Можна згадаць, бадай што, малюнкі С.Бацічэлі, работы Г.Дарэ. Аўтарская версія «Пекла» Марка Карна ўражвае аб’ёмам -- у Беларусь ён прывёз каля ста сарака аркушоў, а ўсяго іх больш шасцісот, -- стройнасцю вырашэння сюжэтнай лініі і стылёвым адзінствам, на фоне якіх даравальнымі падаюцца некаторыя хібы ў малюнку і пабудове кампазіцыі. Галоўнае, што візуальнае прачытанне мастаком твора Дантэ захоўвае ягоныя каларыт, настрой, магутнасць арганнага гучання.

                                                                                                    Наталля ШАРАНГОВІЧ