Захапляльная сур’ёзнасць

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Як размаўляць з гледачом аб простым і складаным

/i/content/pi/mast/48/822/29.jpg

«Час заняцца светлым бокам жыцця» па п'есе Ніла Саймана «Апошні палка закаханы». Алена Дудзіч (Жанет), Рыгор Белацаркоўскі (Барні), Алена Дудзіч (Элен). Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Рэжысёрская прафесія ў тэатральным мастацтве шануецца. Невыпадкова яе запатрабаванасць робіць рэжысёраў асобамі вядомымі. Здавалася б, усе яны ў полі зроку. Многія працуюць на адным месцы па шмат гадоў. Тым больш дзіўна, што ёсць імёны напаўзабытыя, якія зрэдку згадваюцца ў прэсе. Парадаксальнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што кожны тэатр шукае рэжысёраў. У той жа час ёсць пастаноўшчыкі без тэатраў. Можа быць, яны такія дрэнныя, што і казаць няма аб чым? Ці, мусіць, тэатральныя кіраўнікі не надта ўважлівыя? Магчыма, сканцэнтраваны выключна на тым, каб шукаць і вылучаць маладыя таленты?

Зараз спрыяльны час для тых, хто хоча паспытаць шчасця ў рэжысуры. Спектаклі ставяць акцёры, дырэктары тэатраў, прадзюсары, драматургі, крытыкі і нават сатырыкі. Часта ставіць той, хто не вучыўся рэжысуры, не мае спецыяльнай адукацыі або атрымаў яе на кароткатэрміновых курсах ці на стажыроўцы каля прызнанага майстра. Некаторыя з тых, хто колькі разоў пасядзеў на рэпетыцыях, пасля гадамі называюць сябе вучнямі знакамітасцей.

Між тым прафесія гэта архіскладаная, асабліва што да засваення майстэрства. Аналітыкі доўга яшчэ будуць біцца над загадкай, чаму адны, маючы немалы ўласны тэатральны і жыццёвы вопыт, перачытаўшы процьму разумных кніг і выслухаўшы мільён парад, застаюцца ў рэжысуры сераднячкамі, а іншыя без усяго гэтага за плячыма прарываюцца на мастацкі Алімп. Даследаванні напісаны. Рэцэптаў няма. Відавочна, заўсёды ў творчай справе можна валодаць тэхналогіяй, наборам прыёмаў — і можна ісці інтуітыўным непратаптаным шляхам.

У тэатры пры правале прынята ў першую чаргу вінаваціць рэжысёра. У выпадку поспеху яго можна і прызабыць. Журналісты ахвотна пішуць пра ўдачы акцёраў, сцэнографаў, драматургаў. Рэжысёры або паміраюць, або іх звальняюць са скандалам, або яны пускаюцца ў вольнае плаванне.

Сёння ў Беларусі існуе пэўная колькасць рэжысёраў, якія не звязаны з месцам працы ў дзяржаўных тэатрах. Яны перыядычна мігрыруюць па абласных гарадах. З нашага поля зроку ў нейкі момант выпалі намаганні рэжысёраў, якія працуюць не ў сталіцы. А шкада! Побач са спектаклямі эпахальнымі, намінаванымі на ўсялякія прэміі жывуць паўнавартасным жыццём і кормяць тэатр дыхтоўныя пастаноўкі, дзе шчыра і таленавіта аналізуюцца грамадскія працэсы і чалавечая прырода. Можа быць, і не стае ім эксперыментальнага фестывальнага размаху, не занята ў іх вялікая частка трупы і рэкламы няма. Але жывое сэрца б’ецца і знаходзіць водгук у публікі.

На ўсе гэтыя развагі мяне натхніў цэлы шэраг прыкметных у нашым тэатральным працэсе спектакляў, якія давялося паглядзець у мінулым сезоне.

Аляксандр Дольнікаў папрацаваў у многіх тэатрах Беларусі, пакінуў рэжысёрскую прафесію, пасля вярнуўся на тры пастаноўкі ў Магілёў і ўвасобіў «Банкет» Ніла Саймана ў Маладзечне.

Алег Кірэеў паставіў на сцэне Тэатра кінаакцёра «Майстра і Маргарыту» паводле Міхаіла Булгакава, «Рамэа і Джульету» Уільяма Шэкспіра, «...Забыць Герастрата!» Рыгора Горына і, здаецца, на доўгі час змоўк. У гэткім жа загадкавым маўчанні праседзеў тройку гадоў Венядзікт Растрыжэнкаў, пакуль не здзівіў спектаклем «Хто пакахае мадам?» Анатоля Шурпіна, — пасля чаго пра яго ўспомнілі і прызначылі галоўным рэжысёрам у Мінскі абласны драматычны тэатр.

Генадзь Мушперт пасля вымушанага звальнення з Гродзенскага драматычнага паставіў два цікавыя спектаклі на мінскіх сцэнах, чым пацвердзіў свой выдатны прафесіяналізм.

Пасля некалькіх дзясяткаў гадоў працы ў Гомельскім драматычным Якаў Натапаў апынуўся па-за справай і цяпер падпісвае кантракты ў расійскіх тэатрах.

Віталь Баркоўскі вымушана сышоў з Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа і ўзначаліў тэатр у Смаленску.

Андрэй Гузій жыве ў Мінску без пастаяннай працы. Між тым, ягоныя спектаклі яшчэ памятаюць у РТБД, а ў Магілёўскім абласным на пачатку сезона ў рэпертуары значылася восем ягоных пастановак.

На шчасце, стварыла свой праваслаўны тэатр рэжысёр Наталля Башава. Бярэцца за любую работу Павел Адамчыкаў. На педагагічнай дзейнасці засяродзіліся Лідзія Манакова, Віргінія Тарнаўскайтэ, Мадэст Абрамаў...

Я назвала дванаццаць імёнаў. Іх значна больш. Выбірала выключна тых, хто добра зарэкамендаваў сябе ў прафесіі і вылучыўся здольнасцю працаваць з акцёрамі, што сёння вельмі і вельмі важна.

Лёгкасцю адносін з гледачамі грашаць нават мінскія тэатры. Жыццё перыферыйных сцэнічных калектываў звязана з такімі выпрабаваннямі, якія невядомыя сталіцы. Цяжэй укамплектаваць штат моцнымі надзейнымі кадрамі. Неабходна часта спісваць старыя спектаклі і ставіць новыя. Урэшце, патрэбна запаўняць глядзельную залу любым коштам, пры гэтым важна не здрадзіць густу, не ісці за маскультам. Гэта азначае прыдзірлівы адбор матэрыялу і прынцыпаў пабудовы спектакля, запрашэнне вядомых майстроў і пастаянную вучобу трупы. Прыкладам з’яўляецца Магілёўскі абласны драматычны тэатр, дзе не праходзіць халтурная прадукцыя і спрабуюць свае сілы шматлікія рэжысёры.

Што ёсць «касавы спектакль»? Ён — той, што не навязаны ў нагрузку ці ў якасці культпахода, а добраахвотна абраны гледачом. Хтосьці сказаў, што будзе смешна. Вельмі смешна. Так вы яшчэ ніколі не рагаталі. Вы спяшаецеся да тэатральнай касы і купляеце білет. Часам — за любыя грошы.

Спектакль — вялікае мастацтва. Смех бывае наіўны, радасны, горкі, злы. І, як аказалася, жывёльны. Смяшліваму чалавеку можна паказаць палец, і ён будзе, прабачце, іржаць да знямогі. У пошуках гумару, як вядома, нашы тэатры не надта пераборлівыя. Невыпадкова з’явілася нават словазлучэнне «гумар ніжэй пояса».

Сапраўдны смех робіць чалавека свабодным і шчаслівым. Ён пачынае бачыць светлыя бакі жыцця. Таму і запатрабаваныя камедыі. Калі айчынных не хапае, у ход ідуць замежныя добра зробленыя п’есы «ні пра што». Напрыклад, шмат дзе ставяць «Злоўленыя сеткай», «№13» Рэя Куні. Прыйшлі, пасмяяліся, забылі.

Усе задаволены. Дырэкцыя — бо ў тэатры аншлаг і перавыкананыя планы. Акцёры — бо іх шчыра ўзнагародзілі апладысментамі, кветкамі і званкамі па тэлефоне. Драматургі — бо цяпер іх п’есы возьмуць ва ўсіх гарадах. Рэжысёры — бо ўдалося дагадзіць і тэатру, і публіцы.

І толькі заўсёды незадаволеныя тэатральныя крытыкі штосьці там напішуць пра адсутнаць духоўнага кантэксту. Пра драбнатэм’е, пошлую бытавую сітуацыю, падзенне нораваў, перайманне шоу-бізнесу... Але іх можна не слухаць. Хай сабе гавораць і пішуць: у іх такая праца.

Ёсць яшчэ адзін бяспройгрышны варыянт касавага спектакля: удзел папулярнага — «зорнага» — артыста. Добра, калі ён вядомы таксама па кінафільмах і тэлесерыялах. Ягоны выхад на сцэну адразу выкліча апладысменты. Гледачы пачнуць улюбёна назіраць за сваім кумірам і не надта звернуць увагу на ўсё астатняе.

У сучасным дзяржаўным рэпертуарным тэатры пастаянна даводзіцца балансаваць паміж мастацкімі, асветніцкімі, выхаваўчымі мэтамі і пажаданнямі публікі. Мэты могуць быць высокімі. Пажаданні — нізкімі. Гледача не ўгаворыш. Не захоча — білет не купіць. Ці пойдзе з глядзельнай залы падчас спектакля, прамяняўшы яго на футбол...

Разважаючы над з’явай касавага спектакля, я выявіла прамежкавы варыянт нашай штодзённай практыкі. Пакінем убаку акцёрскія юбілеі, фестывалі, пастаноўкі па дзяржаўным заказе, калі поспех загадзя забяспечаны. Кожны вечар на нашых сцэнах адбываюцца сціплыя, нягучныя падзеі. Паміж тэатрам і гледачом ідзе шчырая, палкая, сумленная размова, якая пакідае глыбокі след. Дарэчы, гэтыя спектаклі не заўсёды прыцягваюць шырокую ўвагу, не выклікаюць ажыятажу ў крытыкаў. Ды толькі часцей за ўсё менавіта тут яднаюцца якасная драматургія, разумная рэжысура і шчырая таленавітая акцёрская ігра.

Тэатр абласнога горада проста не можа выжыць без касавых пастановак. Спектаклі існуюць нядоўга. Зорныя асобы адсутнічаюць. Матэрыяльныя магчымасці сціплыя. Але...

Прынамсі, у Магілёве вось ужо колькі гадоў ідуць спектаклі рэжысёра Андрэя Гузія «Час заняцца светлым бокам жыцця» і «Другая смерць Жанны д’Арк». Асаблівая зручнасць для тэатра: у першым заняты двое акцёраў, у другім — трое. Гледачоў прываблівае тэматыка: пошук душэўнага сямейнага шчасця, развагі пра дабро і зло, пра кампраміс і здраду.

П’еса Ніла Саймана «Апошні палка закаханы» часта і па-рознаму іграецца на нашых сцэнах, часам — як нахабна-забаўляльная драбяза. Рэжысёр назваў свой спектакль «Час заняцца светлым бокам жыцця», каб адысці ад існуючых штампаў. Можна высечы іскру камізму з узаемаадносін мужчыны і жанчыны. Можна — іскру драматызму на грані трагедыі. Андрэй Гузій абраў іншы шлях і дамогся абсалютнай верагоднасці існавання выканаўцаў Алены Дудзіч і Рыгора Белацаркоўскага. Яны лёгка і нязмушана пераходзяць межы смешнага і сумнага, высокага і нізкага. Ён, стомлены доўгім шлюбам, шукае разнастайнасці. Яна — надзейнасці, радасці, вастрыні адчуванняў. Абое згубілі раўнавагу душы і цела. І знаходзяць яе не ў выпадковай сувязі, а ў вяртанні дадому.

Рэжысёр ушчыльніў п’есу. Некалькі розных жаночых тыпажоў (прастытутка, блазнаватая, ханжа) увасабляе адна актрыса. Галоўны сэнсавы акцэнт зроблены на фінальным вяртанні да пачатковай кропкі. Рэжысёр змяшчае героя ў стандартную кватэру, прыводзіць сюды жанчыну, якая можа прэтэндаваць на ролю палюбоўніцы. Алена Дудзіч іграе чатырох асоб і не палохаецца рэзкіх фарбаў, бо валодае мастацтвам тэатральнай містыфікацыі. Дыяпазон яе карнавальных масак разнастайны. Рэжысёр і актрыса зыходзяць з таго, што адна жанчына можа ўтрымліваць у сабе некалькі розных асоб. Гузій дапамагае актрысе выявіць і паказаць нахабніцу, істэрычку-баязліўку, істэрычку-ханжу і, нарэшце, спакойную адданую жонку. У аснове ўчынкаў чатырох персанажаў — незадаволенасць, жаданне штосьці рэзка змяніць, паспытаць забароненае. Не атрымліваецца. Усё ўладкоўваецца, калі аказваецца: няма жанчыны лепшай за тую, з якой пражыў многія гады. Рэжысёр ставіць спектакль аб тым, што заўсёды можна знайсці сэнс жыцця ў самім жыцці. У нашым досыць свабодным ад сямейнай адданасці свеце існуюць яшчэ свае табу і маральныя каштоўнасці.

Разабраўшыся з рознымі тыпамі жанчын, герой прыходзіць да высновы, што лепш за ўсіх — ягоная жонка. І яна з’яўляецца ў шлюбнай сукенцы, чыстая і маладая, каб усё пачаць спачатку. Імкненне да шчасця — натуральнае і ўласцівае ўсім людзям. Як яго дасягнуць? Пытанне з катэгорыі вечных...

Акцёры і рэжысёр выказваюць у гэтай банальнай і меладраматычнай гісторыі рэдкае пачуццё меры. Здавалася б, варта крыху адысці ад высакароднага вахтангаўскага імправізацыйнага стылю — адразу праслізне пошласць і ўсё пойдзе ўразнос. Тут жа просценькія элементы кічу смешаць, не парушаючы стыльнасці.

Усё развіццё спектакля вядзе да таго, што глядач разумее: выратаванне ад адзіноцтва, ад расчаравання ў нас саміх — у духоўным стрыжні. Водгук у публікі знаходзіць жаданне вызваліцца ад жыццёвай блытаніны і знайсці сябе. Рамантычнае сцвярджэнне з прыемнымі высновамі. Магчыма, крыху казачнае. Але ў казцы намёк.

Куды складаней існаваць акцёрскаму дуэту Алена Дудзіч — Рыгор Белацаркоўскі ў спектаклі пра Жанну д’Арк. Спектакль засяроджаны на тым, як чалавеку не зламацца, не згубіць сябе ў экстрэмальных абставінах трагічнага выбару паміж жыццём і смерцю. І зноў актрыса паўстае ў некалькіх вобразах. Рэжысёр Андрэй Гузій адчыняе ёй шлях да пераўвасаблення. Артыстка вандроўнага тэатра, гераіня французскага народа і сама Дудзіч — сучасны чалавек, які не можа быць абыякавым да грамадзянскай вастрыні п’есы балгарскага драматурга Стэфана Цанева. Драматычнае дараванне Белацаркоўскага выяўляецца ў спалучэнні гратэску і вострай характарнасці. Калі ў папярэднім спектаклі магчымасцей раскрыцца ў Белацаркоўскага мала, то тут — у ролі Бога — акрамя прыроднай арганічнасці акрэсліваюцца ўласцівасці філосафа.

Белацаркоўскі дэманструе складаную акцёрскую тэхніку. Недасяжны Бог — Чалавек, які сумняваецца. Боскае і людское шчыльна сплеценыя. Публіка бачыць толькі падабенства жыцця, але смяецца і плача над рэальным. Гэты эфект дасягаецца за кошт гнуткіх, сэнсава рухомых акцёраў. Эмацыйная атмасфера ствараецца сродкамі сцэнічнай культуры. Побач з чалавечым абліччам — чалавечая падсвядомасць. За пераканальнай імправізацыяй стаіць матэматычная выверанасць.

Калі ў спектаклі працуюць вопытныя майстры, часам ствараецца ўражанне, што рэжысёр не патрэбны. Гэта памылковае меркаванне. Акцёрскае сола можа рушыць у непрадказальным накірунку. Спектаклі Андрэя Гузія не толькі ў Магілёве, але і на іншых сцэнах адрозніваюцца жорсткай фармуліроўкай задачы, калі акцёр наўпрост размаўляе з глядзельнай залай пра самае важнае ў гэты момант. Думаю, што такія спектаклі ствараюць аўтарытэт тэатрам, адметным цікавасцю да творчасці і імкненнем да новых форм, здольнасцю да сучаснага і радыкальнага выказвання.

Таццяна АРЛОВА