Канстанцін Мужаў

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Эксперымент і experience

/i/content/pi/mast/48/820/23.jpg

Змяненне лога. Змешаная тэхніка. З серыі «Урбаноіды». 2003–2007.

Канстанцін Мужаў — асоба для многіх некамфортная. Вядомы найперш сваімі мінімалістычнымі скульптурамі і перформансамі, у якіх часта прысутнічаюць расфарбаваныя аголеныя постаці — самога Канстанціна і яго напарніка Сяргея Варкіна. Інспіратар яго першых акцый — правакатыўны расійскі мастак Алег Кулік, і ў сваіх перформансах Мужаў таксама сутыкае цялеснае і сацыяльнае. Аднак яны эстэцкія — эфектныя па колерах, дынаміцы і суадносінах форм і такім чынам выкрываюць у іх аўтару майстра працы з аб’ёмам.

Існуюць як мінімум дзве прычыны, чаму варта расказаць пра Канстанціна Мужава. Першая — гэта талент і смеласць, другая — старанна культывуемая форма яго паводзін. Скандальныя выхадкі і знешнасць — толькі адзін бок, у мастацтве ён атрымлівае сваё выражэнне: непрыманне рамак, абмежаванняў, старонніх правіл. У нашым кансерватыўным арт-асяродку такія якасці неабходныя як паветра: творца паводле сваёй прыроды мусіць правяраць граніцы на трываласць. Такім чынам матрыца паводзін мастака паступова прарастае ў структуру яго твораў, праяўляючыся ў розных формах вольнага формаўтварэння.

Вонкава біяграфія Канстанціна Мужава традыцыйная: вучылішча і Акадэмія мастацтваў, скульптурнае аддзяленне якой ён заканчвае ў 2006 годзе. У 2000-м у конкурсе маладых мастакоў «Новыя імёны» Мужаў атрымлівае першае месца ў намінацыі «Авангарднае мастацтва». У тым жа годзе ладзіць групавую
экспазіцыю «Прасвет у тунэлі», удзельнічае ў шматлікіх выстаўках. З 2006 года працуе сумесна з Сяргеем Варкіным (відэа і перформанс). Паглядзець вынік яго скульптурных пошукаў можна было ў галерэі «Ў» (праект «Элементарыум») у 2010 годзе. Ствараючы геаметрычныя кампазіцыі і аб’ёмы з асобнага элемента-модуля, скульптар імкнуўся выявіць працэсы разбурэння і канструявання.


Цябе можна назваць цалкам паспяховым скульптарам у манументальнай пластыцы. Адна з нямногіх авангардных скульптур, усталяваных у беларускіх гарадах, — твая.

— Так, аб’ект стаіць у Гомелі: пульт кіравання планетай Зямля 802...4. Гэта сапраўды сучасны твор, а не кепская бронза, што вяртае нас у мінулае. Я ўвасобіў рэч, якая існавала задоўга да з’яўлення чалавецтва. Зямля — гэта вялікі касмічны карабель, і ёй патрэбны пульт кіравання...

Ёсць падобная серыя работ — «Урбаноіды», мінімалістычныя скульптуры, сімвалы краху нашай цывілізацыі. Ідэя ў тым, што людзі могуць як заўгодна гвалціць зямлю, знішчаючы прыроду, але ў рэшце рэшт усё скончыцца. Пройдзе чарговы ледавіковы перыяд, і нібы пэндзлікам для павекаў усё будзе змецена, а застануцца толькі такога кшталту скульптуры — сляды цывілізацый.

Мой бацька займаўся радыёядзернай фізікай — гэта адчуваецца і ў маіх творах, дзе ёсць пэўныя фізіка-матэматычныя разлікі і можна прасачыць законы дзялення атамаў.

Сваю майстэрню ты зладзіў ва ўласнай кватэры. Чаму ты не член Саюза мастакоў? Не прымаюць ці прынцыпова не жадаеш уступаць?

— Каб прыклаў нейкія намаганні, была б у мяне і асобная майстэрня. Але мне падабаецца той лад жыцця, які я вяду.

Але дзе тут, у тваёй кватэры, месца для «ладу жыцця»? Голыя белыя сцены, распісаныя надпісамі — вытрымкамі з творчага крэда. Музычны цэнтр, сціплая кухня... Гэткая вялікая студыя...

— Прыемна так жыць, намнога цікавей, чым проста перамяшчацца ў прасторы. Пашумець, каб суседзі запомнілі...

/i/content/pi/mast/48/820/23-.jpg

802...4. Дрэва. 2004.

Раскажы пра сваё навучанне. Няпроста было з такім характарам скончыць Акадэмію мастацтваў?

— Я не планаваў паступаць на скульптуру, бо мне заўсёды падабаўся жывапіс. Але настаўнікі паведамілі, што работы мае слабыя, і давялося выбіраць іншую спецыялізацыю. Як пазней даведаўся — няшчырыя яны былі, а сказалі так, каб прыструніць. Змена матэрыялу перакручвае добра: праца ў аб’ёме патрабуе перамены мыслення. Увесь першы курс я перабудоўваўся... Быў фенаменальным студэнтам: не ведаю, каго яшчэ выгналі з Акадэміі без права паступлення на працягу трох гадоў. Мяне выганялі — я ўзнаўляўся… Урэшце пачаў шантажаваць: буду кожны год узнаўляцца і кампасціраваць вам мазгі, лепш проста выпусціце мяне. І тады на кафедры рашылі: «Слушная думка! Давайце дадзім яму абараніцца».

Ёсць настаўнікі, якіх можаш згадаць з удзячнасцю?

— Генадзь Мурамцаў, Васіль Ясюк, Юрый Івашкевіч. Ясюк вельмі моцна «падцягнуў» мне малюнак, калі пасля вялікага перапынку я вярнуўся ў Акадэмію. Я ж, калі быў адлічаны з трохгадовай забаронай на ўзнаўленне, раззлаваўся да такой ступені, што вырашыў: больш у мастацтве працаваць не буду.

Чым жа займаўся?

— Адпачываў, весела бавіў час.

Чаму ж не з’ехаў за мяжу вучыцца?

— Думаў паступаць у Мюнстэр. Але ў мяне было мала работ... Адкуль іх магло быць шмат, мае бацькі не маюць вялікіх грошай. Дакладней, прымалі мяне і з той, што была, колькасцю скульптур, але трэба было іх прывезці...

Што да дыплома... Звычайна ён робіцца год, але не разумею, чаму так доўга. Зрабіў яго за месяц. А перад тым мусіў слухаць дзіўныя парады... Не, я для гэтай вучобы зусім не прыстасаваны...

У еўрапейскіх установах вучэбны працэс адбываецца прафесійна і лагічна. Студэнт прыдумаў нейкую ідэю, прыходзіць з ёй да прафесара, яны яе абмяркоўваюць. Пасля ідзе да прафесара па практыцы, той падказвае прыёмы і матэрыял. З гэтымі распрацоўкамі кіруецца да майстра. Той лічыць, што колькі будзе каштаваць, кафедра дае грошы — і так робіцца сапраўдная скульптура. Мозг табе пры гэтым ніхто не гвалтуе і на свой капыл цябе не перакройвае. Усё гэта, дарэчы, вельмі небяспечна: нармальныя мастакі звычайна нервовыя, могуць неадэкватна зрэагаваць.

З абаронай дыплома былі праблемы?

— Я ўсё ж зрабіў сваю ўласную работу, а не тое, што хацелі мае дарадцы. Не абышлося і без недарэчнасцей: прымусілі даляпіць галовы ва ўмоўна пададзеных постацях. Мой настаўнік Генадзь Мурамцаў вучыў нас: скульптура — гэта правільныя суадносіны аб’ёмаў, а жывапіс — правільныя суадносіны колераў. А ўсё астатняе — няважна. Спачатку бачыш форму, а потым ужо сюжэт. І ён — другасны.

Яшчэ казалі, што мой твор не зразумеюць. І вось працую я над дыпломам у майстэрні, ідуць міма сантэхнікі, нясуць трубы. «Што, гімнасткі?» — кажуць. Усё зразумела, калі форма нават і абстрактная, але вывераная. Існуюць два віды насілля над розумам: адзін — дэградацыя, а другім я займаюся. У мяне ёсць перформанс пад назвай «Інваліды маралі». Ён пра тое, што маюцца адпаведна і два віды інвалідаў маралі: людзі, якія знішчаюць (у маім варыянце — карціны і пласцінкі), — яны не «даганяюць», навошта развівацца, і кідаюцца нібы дзікуны на тое, што ім незразумела; другія ж развіты настолькі, што страчваюць асновы грамадскай маралі, напрыклад, гэта мастакі, якія не разумеюць прыземленага існавання. І атрымліваецца дысгармонія. Грамадства, такім чынам, — гэта сувязь і канфрантацыя.

Большая доля працы ў скульптуры для цябе ў чым: задума, увасабленне?..

— Самая цяжкая рэч — выкананне. Асабліва калі ідзеш шляхам, якім да цябе ніхто не ішоў, але менавіта тады твая работа і становіцца цікавай.

Папярэдні год я не працаваў творча. Галава была занятая каханнем. А гэта, дарэчы, чыстая энергія. Бяру там і выпускаю тут — у працу, і тады ўсё робіцца з любоўю. Вось мая скульптура «Разгэтасамае ва ўсе бакі» з любоўю зробленая. Назва ўзнікла выпадкова: пачаў тлумачыць сябрам, пра што мой апошні твор: «Разгэтасамае ва ўсе бакі». А яны кажуць: «Дык выдатная ж назва». І вырашыў спыніцца на гэтым несур’ёзным варыянце. Бо гумар у мастацтве — рэч каштоўная. А ў нашых варунках яшчэ і дэфіцытная.

Часам здаецца, што ў нашай краіне знішчаны сам прынцып мастацтва. Адбываецца паступовая дэградацыя. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ў Мінску было надзвычай культурнае грамадства. А цяпер — дзе яно? Нікому авангард, ды і мастацтва ў цэлым, не патрэбныя...

Ты сцвярджаеш, што завяршыў этап мінімалістычнай скульптуры. Чым займаешся цяпер?

— Называю гэта формаўтварэннем: да мяне прыходзяць людзі з ідэямі, а я прыдумваю, як іх рэалізаваць. Вось, напрыклад, дзяўчына хоча выстаўляць фатаграфію — буду рабіць залу кшталту абстрактнай працы. Уваходзіш — зала абстрактная, прыглядаешся — узнікаюць нейкія канкрэтныя фрагменты.

Я адкрыты да супрацоўніцтва з маладымі мастакамі, што маюць нестандартнае мысленне.

У мяне ёсць навык працы з выставачнай прасторай, у свой час дапамагаў вядомаму экспазіцыянеру Леаніду Хобатаву развешваць творы. Гэты мастак на мяне ўвогуле вельмі моцна паўплываў, адмыслова выхоўваў з мяне канцэптуаліста. Я сапраўды не прыхільнік лабавых рашэнняў, для мяне важна, каб глядач праходзіў нейкі шлях, найперш інтэлектуальны. У размовах з Хобатавым мінулі тры гады такой своеасаблівай самаадукацыі. Пачынаў з дэ Кірыка, а потым на працягу 10 гадоў мяняў свой стыль. Пакуль не дайшоў да ўласнай геаметрыі.

Часам думаю: вось працаваў бы на нейкую замежную галерэю і мусіў бы заставацца заўсёды пазнавальным. А як жа тады развіццё? Плён вучобы ў Акадэміі ў тым, што не думаю, як бы я мог нешта стварыць, а ствараю — прадметы, якіх дагэтуль не існавала. А калі ты капіруеш нешта — гэта не творчасць, а праца ксеракса.

Сапраўды, мастак — не столькі прафесія, колькі спосаб бачання свету, свая філасофія. Фёдар Дастаеўскі казаў, што мастак гэта злачынца, «преступник», чалавек, які пераступае грань. Вывучыўшы ўсё, што было зроблена да яго, ён ідзе далей, робіць паўкрок ці крок наперад. Калі ён зрабіў гэты крок, знайшоў, што сказаць новага ў мастацтве, то ён — творца. Калі не зрабіў, ён — неблагі мастак, але рамеснік.

— Так, у мяне па гісторыі мастацтваў была выдатная адзнака. Але я не хачу нікога паўтараць — займаюся новым і найноўшым. Межаў на гэтым шляху няма.

Якой мэты ты хочаш дасягнуць сваімі перформансамі?

— Падчас прадумвання першага перформансу ў мяне адбыўся крэн у бок тэатральшчыны. Але пасля сумесных кансультацый з Леанідам Хобатавым і Стасам Гурскім мы паступова прыйшлі да больш адэкватнай формы. Мэта таго перформансу — адмаўленне ад сацыяльнага, духоўнага і фізічнага. Я здымаў з сябе адзежу (сацыяльнае), мне састрыгалі валасы (духоўнае), я рэзаў сабе вены (фізічнае). Другі перформанс, зроблены разам са Стасам Гурскім, атрымаў першую прэмію на маладзёжным фестывалі «Новыя імёны» ў 2000 годзе.

Ідэя перформансу «Раўнавага» — у значэнні слова. Фігуры кампазіцыі пазначаюць палярнасць меркавання, раўнавага дасягаецца пры дапамозе тэксту, бо менавіта слова з’яўляецца ўніверсальным перадатчыкам інфармацыі. «Насычэнне Формы» — пра тое, як нараджаецца твор: ад унутранага да вонкавага. У ім аб’ект прамавугольнай формы з’яўляецца правадніком візуальных вобразаў, якія праяўляюцца адначасова на сценах мадэлі. Канчатковы эфект дасягаецца пры разварочванні карціны. Адна з умоў гэтага дзейства — глядач павінен рухацца наўкол.

У 2010 годзе я праводзіў сацыяльны праект «Латэнтны гвалт», галоўная яго ідэя ў тым, што ў людзей ёсць пэўныя ролі-вобразы, чалавек — нібы след у жыцці акаляючага яго грамадства. Аднак асобы часта змяняюць паняцце грамадскай маралі. Людзям патрэбныя перыядычныя культурныя ўзрушэнні, а расслабленне душы і мозга прыводзіць да вызвалення ад навакольнай рэчаіснасці.

Яшчэ калі я праводзіў свой другі перформанс, вельмі моцна адчуў дынаміку натоўпу, яго энергетыку. Уражанне, нібы ты рок-зорка на сцэне, настолькі моцная ідзе аддача залы.

Што змянілася сёння?

— Цяпер я шукаю іншую форму. Мне патрэбна многа ўсяго, напрыклад, не два чалавекі, а трыццаць. Прыйшоў да высновы, што хачу працаваць з прасторай. Каб нейкае памяшканне (скажам, асобны пакой) і было маёй работай. Што мне не падабаецца ў выставах беларускіх мастакоў: у Палацы мастацтва ёсць тумбы для скульптур, на якія ставяцца новыя творы. Усё стэрыльна, але аўтара ты за адной работай не ўбачыш. Жывапісцам лягчэй: яны прыносяць 20 твораў, маюць адразу праект. А скульптары рэдка выстаўляюцца персанальна, а калі і выстаўляюцца, то няма ў гэтым кайфу, няма, напрыклад, музыкі, відэа.

Добра, што будзе ў гэтым пакоі?

— Рабочая назва праекта — «Выпадковасць». Аб’ект, назавем яго скульптурай, складаецца з ромбаў розных колераў, і той, хто прыйшоў на выстаўку, можа перастаўляць іх як хоча. Ты можаш набраць жменю ромбаў і кінуць іх. І як бы ты ні кінуў, усё роўна атрымліваецца прыгожа, таму што інакш не можа быць. Гэта —выпадковае мастацтва і лагічны працяг маёй ранейшай геаметрычнай скульптуры, толькі на іншым узроўні.

Ты маеш устойлівую рэпутацыю хулігана. Гэта творчае крэда, якое ты падтрымліваеш? Ці твая звычайная форма паводзін?

— І тое, і другое. Пачнём з таго, што я па нацыянальнасці напалову кабардзінец. А далей мая ідэя была такая: раблю высокаінтэлектуальнае мастацтва, і людзі, якія мяне не ведаюць, прыходзяць на выставу ці ў майстэрню і мяркуюць убачыць, скажам так, інжынера ў акулярах, а тут я п’яны запаўзаю. У гледача шок. Гэтая дыстанцыя паміж інтэлектам і тым, як сябе паводжу, стварае больш любові. Людзі не разумеюць, як такі мог зрабіць такое, і гэта дае ім свабоду. Я пад уплывам жыцця стаў такім. Да таго ж бацька ў мяне Pink Floyd слухаў, а не на гармоніку граў. Сярод маіх продкаў — военачальнікі, а Канстанцінам назвалі ў гонар дзеда, які меў Зорку Героя. Свядома працую на гэты ордэн: я таксама свайго роду герой, толькі ў мастацтве. Пытанне даб’ю, упэўнены.

Падставы ёсць: імпульсіўны мастак, вольны ад канонаў і стэрэатыпаў, сфера прыкладання творчых высілкаў таксама не абмяжоўваецца адной дарогай...

— Жыццё парадаксальнае. Збіраўся быць жывапісцам, а стаў скульптарам. Але зрабіў хітры ход — стаў фарбаваць скульптуру. Паступова пачынаю ўсё змешваць і стараюся прыйсці да нейкага цэльнага вобраза. Не ведаю, што гэта будзе і як гэта мастацтва назавецца. У рэшце рэшт, напэўна, выйду з рамак перформансу і з рамак скульптуры. Пакуль толькі пачынаецца выбудоўванне гэтай піраміды...

Мастацтва для мяне — эксперымент і experience.

Алеся Белявец