Усе мы -- тутэйшыя

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Напярэдадні 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ў Купалаўскім тэатры адкрылася выстава «Купала і купалаўцы» ў гонар нацыянальнага генія і адбылася прэм’ера спектакля «Сны аб Беларусі».

Прысутнічала інтэлігентная і свядомая публіка, для якой далучэнне да творчасці выдатнага паэта -- справа натуральная і неабходная. Згадваліся ўсе пастаноўкі Купалавых твораў на першай сцэне краіны. На выставе быў прадстаўлены шчодры россып фотавыяў знакамітых і любімых акцёраў. Своеасаблівы ланцужок тэатральнай гісторыі склал:

 /i/content/pi/mast/4/82/Tutejshya1.jpg
 «Паўлінка». Сцэна са спектакля.

«Паўлінка», праз якую цягам 63 гадоў прайшлі ўсе пакаленні купалаўцаў, дзве рэдакцыі «Раскіданага гнязда» (рэжысёр Б.Луцэнка) і пінігінскія «Тутэйшыя». Кожны з гэтых спектакляў -- знакавы для тэатра, мастацкая падзея на дзесяцігоддзі. Кожны -- культавы для свайго часу. Новым пакаленням гледачоў падаецца дзіўным, што менавіта вакол лёгкай іскрамётнай «Паўлінкі» паўстагоддзя таму было зламана столькі крытычных пёраў. Не кожны з іх ведае, што з таго часу «Паўлінка» вытрымала больш за паўтары тысячы паказаў. У ёй змяніўся чацвёрты склад асноўных выканаўцаў, а занятых у асобных ролях было значна больш. Менавіта з удзелу ў масавых сцэнах «Паўлінкі» пачынаецца прафесійны шлях маладых акцёраў-купалаўцаў. А выдатная актрыса Зоя Белахвосцік, унучка знакамітага Глеба Глебава, першага выканаўцы ролі Пранцыся Пустарэвіча, выходзіла на купалаўскія падмосткі ў абліччы галоўнай гераіні цягам васемнаццаці тэатральных сезонаў.
Пастаўленая ў 1972 годзе драма «Раскіданае гняздо» традыцыйна лічылася бытавой і несцэнічнай. Але ж выведзеная рэжысёрам Б.Луцэнкам у паэтычную і філасофскую плоскасць, п’еса нечакана для многіх прагучала з магутным трагедыйным напалам. Спектакль уразіў глыбінёй думак і філасофскіх разваг, шэрагам выдатных акцёрскіх работ, сярод якіх асабліва захаплялі С.Станюта (Марыля), П.Кармунін (Лявон), В.Белахвосцік (Сымон), Л.Рахленка (Старац), Г.Гарбук (Незнаёмы)... Упершыню ў структуру Купалавай п’есы былі ўведзены паэтычныя творы. Драматычнасць лёсу герояў вызначалася выбуховым драматызмам пранізлівага вершаванага слова.

 /i/content/pi/mast/4/82/Tutejshya2.jpg
 «Раскіданае гняздо». Л.Рахленка (Старац).

Напачатку 90-х гадоў купалаўцы нанова прачыталі забароненых за савецкім часам «Тутэйшых». Спектакль быў успрыняты як сенсацыя і сцэнічнае адкрыццё. Выкананне Віктарам Манаевым ролі Мікіты Зносака зрабілася адной з галоўных падзей у ягонай творчай біяграфіі. У тым, як «змікіцілі Мікітку», -- і нечаканае водгулле гогалеўскіх і чэхаўскіх матываў з рытуальна-шчымлівым спачуваннем «маленькаму чалавеку», і трагічны разгул эпохі... у краіне на скразняках гісторыі.
Цікава, што для сучасных беларускіх тэатраў пастаноўкі Купалавых твораў -- справа зусім не «дацкая» і не юбілейная. «Тутэйшыя» другое дзесяцігоддзе не сыходзяць з афішы Гродзенскага тэатра лялек, да іх дадаўся адмыслова інтэрпрэтаваны «Сон на кургане». «Адвечную песню» ўвасобілі Дзяржаўны тэатр лялек і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Да «Сну на кургане» звярнуліся Нацыянальны тэатр імя М.Горкага і Нацыянальны імя Якуба Коласа. Б.Луцэнка зноў паставіў «Раскіданае гняздо». У сённяшнім Рускім тэатры нечакана і натуральна загучала Купалава слова, з лёгкасцю ўвабраўшы новыя постмадэрнісцкія сцэнічныя расклады і захаваўшы старую як свет гісторыю пра раскіданы дом і панішчаныя жыцці.
Асобна варта згадаць чысты і пранізлівы спектакль «Тутэйшыя» ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Яшчэ ў 1982 годзе да твора Янкі Купалы звярнуўся Валерый Маслюк. Паставіў адзін са сваіх лепшых спектакляў, спалучыўшы тэкст п’есы з паэмай «Адвечная песня» і асабіста выканаўшы ролю Янкі Здольніка.
Ва ўсіх пастаноўках паводле Янкі Купалы лёгка прасочваецца агульная тэндэнцыя. Для рэжысёраў істотнае значэнне набывае ўласна дзейсны сюжэт, які лунае над кожным творам і мае дадатковы зразумелы сучаснікам сэнс. Класіка, як і належыць, спалучаецца з днём сённяшнім. А мы штораз набліжаемся да класікаў. Іншым разам пазачасавы кантакт уяўляецца фенаменальным.
Прысутнасць паэзіі адчуваецца на фізічным і духоўным узроўні. Бо ўсе мы -- тутэйшыя. Усе вырастаем з Купалы.

                                                                                                          Людміла ГРАМЫКА