Юлія Дзятко, Канстанцін Кузняцоў

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Ад класікі — да мадэрна

/i/content/pi/mast/48/819/21.jpg
У балеце «Дон Кіхот».
Сапраўдны дуэт у балеце — з’ява рэдкая. Асабліва калі ён трывалы, правераны часам. І мастацкі вынік — не сума індывідуальнасцей, а штосьці непараўнальна большае. Творчы дуэт заслужаных артыстаў Беларусі Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова ўжо два дзесяцігоддзі нязменна прываблівае айчынных і замежных аматараў балета. Салісты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі, яны гастралявалі ў Літве, Украіне, Латвіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Японіі. Выступалі ў спектаклях Нарвежскага нацыянальнага балета (Осла), Х’юстанскага балета (ЗША), «United Dance Company» (Парыж), «Рускага камернага балета» (Масква), Нацыянальнай оперы Украіны (Кіеў).

Некалькі гадоў таму, у ліпені 2008-га, пашчасціла трапіць на ваш творчы вечар. Ён ладзіўся ў Палацы Рэспублікі (там наш балет выступаў падчас капітальнага рамонту тэатра). Тая вечарына засталася ў памяці як адно з самых яркіх уражанняў апошніх сезонаў. Здзіўлялі насычанасць праграмы, разнастайнасць стыляў і напрамкаў. Тут былі класіка, фрагменты з балетаў Валянціна Елізар’ева, нумары, пастаўленыя харэографам Раду Паклітару спецыяльна для вас. У дадатак прадстаўлены розныя жанры — лірыка, драма, камедыя... Мала хто з беларускіх балерын і танцоўшчыкаў можа пахваліцца такім рэпертуарам і такой шырынёй творчага дыяпазону.

Канстанцін: Мы вельмі ўдзячныя Валянціну Мікалаевічу, тагачаснаму мастацкаму кіраўніку трупы, за наш творчы вечар. Здавалася б, такія «сольнікі» павінны быць звыклай з’явай у сучасным балеце. Не паверыце, але папярэдні вечар — бенефіс Аляксандра Мартынава — ладзіўся ў 1984-м.

Класіка дае магчымасць падтрымліваць належную пластычную форму. Харэаграфія Паклітару прадастаўляе свабоду, у ёй няма шматлікіх табу. Балеты Елізар’ева — аўтарскія, але фізічна цяжкія. Шкада, што колькасць яго пастановак на афішы пакрысе змяншаецца. Можа, хтосьці лічыць, што яны ідуць шмат сезонаў і састарэлі. Але гэтыя балеты з’яўляюцца сімвалам беларускай харэаграфіі. Калі адмаўляцца ад іх, трэба прапаноўваць штосьці раўназначнае.

Давайце вернемся ў мінулае. Цікава, як пачынаўся ваш шлях у балет? Хто былі выкладчыкамі, а хто аднакласнікамі ў нашым харэаграфічным вучылішчы?

Канстанцін: Нарадзіўся я ў Смаленску. А ў Мінску было шмат сваякоў. Аднойчы ім на вочы трапілася газета, дзе паведамлялася пра набор у вучылішча. Я якраз хацеў пабываць у Мінску. Здаў уступныя экзамены — і паступіў.

Юлія: Наша сям’я жыла ў Мінску, ля самага Тэатра оперы і балета. Пасля вайны на вуліцы Пашкевіч пабудавалі «тэатральны» дом, там была кватэра маіх сваякоў, што ігралі ў аркестры.

Канстанцін: У вучэльні мы трапілі ў адзін клас. Спярша ў нас выкладалі Этэла Прохарава і Аляўціна Карзянкова, народная артыстка Беларусі. У старэйшых класах — Аляксандр Калядэнка і Марына Пятрова. Педагогі пачалі ставіць нас разам у дуэтных танцах. Потым удваіх пайшлі ў тэатр. Урэшце ўзялі шлюб і ўжо дваццаць гадоў разам.

Юлія: Лёс аднакласнікаў склаўся надзіва ўдала. Амаль усе знайшлі сябе ў прафесіі. Іван Урбан — саліст трупы Наймаера ў Гамбургу. Вадзім Германовіч танцуе ў Рыа-дэ-Жанейра. Віталь Краснаглазаў і Вольга Лядская — у Музычным тэатры. Руслан Мінін і Святлана Гарбунова доўгі час з’яўляліся вядучымі салістамі нашага Вялікага тэатра. Андрэй Мартынаў, таксама выканаўца вядучых партый, быў вымушаны рана завяршыць кар’еру з-за траўмы, цяпер ён педагог у Партугаліі. Дана Бакунчык выкладае ў Японіі. Мая Янсон танцавала ў Музычным, а цяпер — загадчык трупы ў Барыса Эйфмана.

Вы скончылі вучылішча, і ў 1992 годзе вас прынялі ў балетную трупу Тэатра музычнай камедыі (цяпер Музычны тэатр). Да таго часу на сцэне ішоў толькі балет «Паненка і хуліган». Ці не было адчування, што вы едзеце ў «ссылку», дзе давядзецца гадамі выконваць нумары ў аперэтах?

Канстанцін: Ніна Дзьячэнка, якая пазней стала галоўным балетмайстрам тэатра, пераканала пайсці разам з ёй. Узяла ў тэатр увесь наш клас і далучыла яго да існуючага кардэбалету. У выніку атрымалася знакамітая трупа «Мінск-балет» з адметным рэпертуарам.

Юлія: Падабалася, што Дзьячэнка з павагай ставілася да чужых спектакляў. У яе думкі не ўзнікала, каб нешта змяніць ці падправіць!

Канстанцін: Разам з калегамі па «Мінск-балеце» мы спрабавалі стварыць штосьці сваё ў мастацтве. Працавалі, колькі было неабходна. Можа, таму трупа Музычнага тэатра сталася вельмі згуртаваным калектывам? Сябравалі сем’ямі, пасля працы маглі сабрацца і правесці ўсю ноч у размовах.

Юлія: Дзьячэнка працавала з кожным выканаўцам. Пасля спектакля заходзіла ў грымёрку, і мы ведалі, як сёння станцавалі, дзе дапусцілі памылкі. На жаль, такога падыходу цяпер не хапае. Ніна Мікалаеўна запрашала ў якасці рэпетытараў Марыяну Поткіну, Інесу Душкевіч, каб яны працавалі з намі. Нашы педагогі з’яўляліся прадстаўнікамі розных школ. Між іншым, залаты медаль на конкурсе імя Сержа Ліфара ў Кіеве атрымалі дзякуючы рэпетыцыям з Уладзімірам Камковым.

Самы час пагаварыць пра вашы перамогі ў міжнародных конкурсах...

Канстанцін: Мы першымі з салістаў трупы пачалі рэгулярна ездзіць на конкурсы. «Дэбют» адбыўся ў 1996 годзе, калі мы выправіліся на «Арабеск» у Пермі. За дзень да ад’езду паказалі прагон кіраўніцтву, атрымалі блаславенне: «Хай моладзь едзе...» У выніку я стаў лаўрэатам, Юлія — дыпламантам. Да 2000 года прынялі ўдзел у 11 спаборніцтвах. Любы конкурс — заўжды асабістая ініцыятыва, найперш фінансавая. Тэатр музычнай камедыі толькі два разы аплачваў такія вандроўкі. У астатніх выпадках укладвалі ўласныя грошы. Часцей за ўсё — атрыманыя за перамогу на папярэднім конкурсе.

У чым жа тады сэнс удзелу ў наступным спаборніцве?

Канстанцін: Адна справа — танцаваць звыклы рэпертуар у тэатры, дзе добра ведаеш спектакль, аркестр, кардэбалет. Зусім іншая — прыехаць у невядомую краіну, дзе збіраецца 300 лепшых танцораў з розных кантынентаў, і за невялікі час прадэманстраваць свае здольнасці. Любы конкурс — каласальны вопыт, які немагчыма здабыць, седзячы дома.

Юлія: Па-першае, гэта цікавасць і магчымасць атрымаць адрэналін. Па-другое, цяжка перадаць адчуванне, калі побач праходзяць легендарныя Галіна Уланава, Марына Сямёнава, Наталля Макарава, выступленні якіх бачыла толькі ў запісах, вітаюцца, ацэньваюць тваю працу.

Канстанцін: Нам неаднойчы расказвалі, што педагогі іншых балетных пар, прыехаўшы на конкурс, найперш высвятлялі, ці будуць беларусы...

Няўжо пасля перамог вам не прапаноўвалі танцаваць за мяжой?

Канстанцін: У нас не было мэты пакінуць краіну. З аднаго боку, нам цікава тут. З другога, у Гранд-апера ніхто не клікаў. А пераходзіць у амерыканскую трупу толькі для таго, каб трапіць за акіян?.. Былі прапановы выканаць пэўную колькасць спектакляў. Напрыклад, пасля перамогі на Маскоўскім конкурсе ў 1997-м запрасілі ў Х’юстан, чацвёрты па колькасці насельніцтва горад ЗША, цэнтр Тэхаса. Там мы чатыры разы танцавалі балет «Шчаўкунок». Гэткім жа чынам трапілі і ў Осла.

Юлія: Працягваем падарожнічаць і цяпер. Апошнія шэсць гадоў удзельнічаем у танцавальным праекце «United Dance Company», які ладзіцца пад эгідай ЮНЕСКА. Збіраемся інтэрнацыянальнай кампаніяй, робім праграму і выступаем у Германіі, Аўстрыі, Галандыі.

Шэраг перамог на конкурсах звязаны з асобай Раду Паклітару...

Канстанцін: Ніна Дзьячэнка для гастроляў рабіла па заказе «Бетховенскі цыкл». У ім удзельнічаў таксама тэнар Эдуард Пелагейчанка. Ніна Мікалаеўна паставіла ўсе нумары сама. Застаўся адзін дуэт, і яна вырашыла запрасіць (як «таленавітага хлопца») Раду, тады танцоўшчыка елізар’еўскай трупы. З таго часу і пачалося наша супрацоўніцтва.

Юлія: Раду паставіў для нас два поўнаметражныя балеты («Імгненні» і «In pivo veritas») і шэраг мініяцюр («Свет не заканчваецца ля дзвярэй дома», «Прывід ружы», «Адажыа» і іншыя).

Канстанцін: Паклітару вельмі гнуткі чалавек. Перад пачаткам новай пастаноўкі ў «Кіеў мадэрн-балеце» аб’яўляецца кастынг. Раду паказвае, танцоўшчыкі паўтараюць. Часам ён можа выбраць не таго, хто выканаў рухі правільна, а больш арыгінальнага, таго, хто прапусціў харэаграфію праз сябе.

А вы ўяўляеце сябе ў яго сучасным рэпертуары, балетах «Кармэн. TV», «Шчаўкунок»?

Канстанцін: Думаю, у нас гэтыя спектаклі мелі б зусім іншае гучанне... Нядаўна мы з Юліяй дапамагалі Паклітару пераносіць «In pivo veritas» у Кіеў. Ягоныя салісты прачыталі твор у большай ступені па-мадэрнісцку. Многія з іх не маюць акадэмічнай адукацыі, але ў сваёй сферы дадуць фору многім.

Згаданая пастаноўка на ірландскую народную музыку зрабілася апошнім балетам, пастаўленым у Музычным тэатры з разлікам на вашу індывідуальнасць. Што прымусіла сысці?

Канстанцін: Нам давялося працаваць у тэатры з трыма дырэктарамі: Сяргеем Косціным, Расціславам Бузуком і Аляксеем Ісаевым. Усе тры заяўлялі пра намер ставіць сусветныя мюзіклы, шкадавалі, што сцэна маленькая, і спадзяваліся выступаць у Палацы Рэспублікі. Найлепшым кіраўніком паказаў сябе Косцін, дзякуючы якому балет неаднаразова выязджаў на гастролі. Што да Ісаева, дык ён пачынаў нядрэнна. Але праз пэўны час балет зрабіўся яму непатрэбны. У выніку трупа стала развальвацца. Мы гатовыя займацца любімай справай за невялікія грошы. Але калі забралі і справу, заставалася сыходзіць. У заяве напісаў: «У сувязі з адсутнасцю прафесійнага творчага росту». Што тут пачалося! Нам было сказана, што тэатр зрабіў для нас усё і мы мусім працаваць на яго цэлае жыццё...

Юлія: Косця звольніўся ледзь не праз суд. А я таму, што нарадзіла дачку. Гэта здарылася ў красавіку. А ў верасні мы выйшлі на сцэну, праўда, ужо ў трупе нашага Вялікага тэатра.

Канстанцін: Наогул, Елізар’еў запрашаў нас туды некалькі разоў, яшчэ з 1997 года. Асабіста мы былі знаёмыя з ім даўно. А вось пасля Масквы ён, відаць, упершыню паглядзеў на нас як на артыстаў, здольных танцаваць у ягонай трупе. На маскоўскім конкурсе непакоіліся: ці не будзе ён нас «тапіць»? Усё-такі мы не з яго тэатра... Але наадварот, ён нас падтрымаў. Па вялікім рахунку, супярэчнасцей паміж дзвюма трупамі, пра якія часам любяць разважаць, не існавала. Назіралася невялікае дубліраванне класічнага рэпертуару. Але нашы спектаклі ішлі ў іншай харэаграфіі. Класіка неабходная для падтрымання ўзроўню трупы і гастроляў. Еўропе не патрэбны мадэрністы, іх там сваіх хапае. А вось належнае выкананне класікі можа зацікавіць гледачоў.

І як ішла адаптацыя ў новым калектыве?

Канстанцін: А ніякая адаптацыя не спатрэбілася. Салісты і сцэна не з’яўляліся для нас чужымі. У свой час Елізар’еў прапанаваў нам кантракт на пэўную колькасць спектакляў. Мы танцавалі балеты «Рамэа і Джульета», «Шчаўкунок», «Пацалунак феі», «Дон Кіхот». А пасля пераходу з’явіліся яшчэ большыя магчымасці. Выконваў Альберта ў «Жызэлі», Дэзірэ ў «Спячай прыгажуні», Абата ў «Карміна Бурана», Нуралі ў «Бахчысарайскім фантане»...

Юлія: Мяне ўвялі ў партыі Распусніцы («Карміна Бурана»), Жызэлі, Мачахі («Беласнежка і сем гномаў»). А існавалі яшчэ і пастаноўкі Паклітару.

Канстанцін: Салісты акадэмічнай трупы ўжо станцавалі многія з гэтых партый. Для іх яны з’яўляліся пройдзеным этапам, а для нас новай працай. Часам больш маладыя калегі дапамагалі засвойваць елізар’еўскую харэаграфію.

Ад пачатку вашай кар’еры прайшло амаль два дзесяцігоддзі. А чым плануеце займацца, калі не будзеце танцаваць?

Юлія: Рэпетытарствам. Пра ўласныя пастаноўкі неяк не задумваліся. Хоць нядаўна, яшчэ да прыходу Уладзіміра Іванова на пасаду галоўнага балетмайстра Музычнага тэатра, нам прапаноўвалі ўзначаліць трупу...

Чаму ж адмовіліся?

Канстанцін: Усё-такі мы яшчэ танцуем, а сумяшчаць дзве справы — нерэальна. Раней у танцоўшчыкаў Музычнага тэатра існавала жаданне рабіць нешта новае. Цяпер рух працягваецца, але на аснове старых напрацовак. Для поспеху неабходны ідэя і матэрыяльная зацікаўленасць. У тым выпадку, калі няма ні першай, ні другой, далейшае развіццё праблематычнае. У нашы часы існаваў пэўны ўзровень трупы, туды бралі нават не ўсіх жадаючых. Цяпер іншая сітуацыя. Часам здаецца, што лягчэй стварыць новае, чым бясконца рэанімаваць старое.

Такім чынам, вашы планы звязаны з рэпетытарствам...

Канстанцін: А я ўжо раблю першыя крокі ў гэтай прафесіі. Займаюся з маладымі артыстамі ў тэатры, а таксама выкладаю ў каледжы дуэтна-класічны танец. Дарэчы, мы з Юляй атрымалі адпаведную спецыяльнасць у нашай Акадэміі музыкі.

Юлія: І я звязана з каледжам. Вясной там звычайна ладзіцца справаздачны канцэрт. Студэнты імкнуцца як мага лепш падрыхтавацца, таму звяртаюцца па дапамогу. Часам у дзень займаюся з дзесяццю навучэнцамі...

Цяпер вы бачыце Беларускі харэаграфічны каледж знутры...

Канстанцін: Школа ўнікальная, адна на ўсю рэспубліку. Але, на жаль, яна належным чынам не падтрымліваецца. Знікае адчуванне элітарнасці ўстановы. Памятаю, калі паступіў туды сам і атрымаў вучнёўскі білет, гэта было адзнакай гонару. Дзякуючы яму мог лёгка трапіць на любы спектакль у тэатры. Цяпер сітуацыя крыху іншая. Педагогі вымушаны працаваць па 10–12 гадзін за сімвалічныя грошы. Прычым многімі неабходнымі рэчамі школа не забяспечвае ні выкладчыкаў, ні навучэнцаў. Напрыклад, дзеці вымушаны купляць прафесійны абутак самі, бо таго, які выдаюць, мала і ён надзвычай нізкай якасці. А «правільныя» туфлі — гэта здаровыя ногі.

Шкада, што не працуе сістэма пошуку таленавітых дзяцей. Сярод навучэнцаў сустракаюцца і тыя падлеткі, якія, умоўна кажучы, «праходзілі міма» каледжа ў дзень іспытаў, і тыя, пра чыю кар’еру мараць бацькі, а не яны самі. Ад узроўню падрыхтаванасці маладых танцоўшчыкаў і балерын залежыць далейшае развіццё нашага балета. Хацелася б, каб сітуацыя выправілася, бо іначай яго росквіту можна і не дачакацца.

У чым розніца паміж вамі і моладдзю, якая прыходзіць у трупу?

Юлія: Танцоўшчыкі маюць цяпер іншыя магчымасці. У першую чаргу, бязмежную інфармацыйную прастору. Раней мы перапісвалі запісы з выступленнямі зорак да бясконцасці, а цяпер дастаткова ўключыць камп’ютар. Але дзіўлюся: малады артыст паглядзіць троххвілінны ролік на YouTube і робіць высновы пра тэхнічныя здольнасці выканаўцы.

Чаго не хапае вам, артыстам, якія засвоілі многія партыі ў шматлікіх спектаклях?

Канстанцін: Новай харэаграфіі. Хацелася б бачыць на сцэне тэатра арыгінальныя пастаноўкі. Можна запрасіць таго ж Дзмітрыя Залескага з калектыву «D.O.Z.SK.I». Эксперыментальны балет — не такое дарагое мастацтва, як вялікая опера кшталту «Аіды». Спектакль прайшоў бы адзін-два сезоны, у выпадку адноснай няўдачы можна паставіць іншы. Мы наўрад ці пойдзем па шляху славутага харэографа Іржы Кіліяна, які мае тры трупы (моладзь, сярэдняе пакаленне і ветэраны) і ставіць з разлікам на кожную. Тым не менш нескладана рабіць канцэртныя праграмы з удзелам маладых выканаўцаў і вазіць іх па рэспубліцы.

Юлія: Дарэчы, першая спроба зроблена: «Вечар класічнага балета» адбыўся напрыканцы чэрвеня ў Магілёве.

Канстанцін: Кожны месяц у балетнай афішы стаіць па 10–12 назваў. Паміж салістамі прысутнічае здаровая творчая канкурэнцыя, таму ўласныя прозвішчы мы бачым у раскладзе не кожны раз. А танцаваць хочацца заўжды. Нам ёсць што сказаць...

Дзяніс Марціновіч