Усе на open air!

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

У Нясвіжы і Строчыцах прайшлі фестывалі акадэмічнай музыкі

/i/content/pi/mast/48/816/12.jpg

Алена Бундзелева і Уладзімір Громаў падчас гала-канцэрта.

Канцэрты, спектаклі і маштабныя фестывалі на адкрытым паветры даўно ўжо зрабіліся прыкметай сучаснай музычнай культуры. Тое, што мастацтва Беларусі існуе ў еўрапейскім кантэксце, у чарговы раз даказалі «Вечары Вялікага тэатра ў палацы Радзівілаў», зладжаныя ў Нясвіжы, і «Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам», праведзеная Беларускім акадэмічным музычным тэатрам у Музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў Строчыцах.

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета правёў трохдзённы летні форум ужо ў другі раз, музычны ж тэатр спрычыніўся да канцэрта на прыродзе ўпершыню. Праўда, у абодвух меўся і ранейшы вопыт: кожны з тэатраў неаднойчы выступаў і на прыступках свайго будынка, і проста ў горадзе. А ў оперных і балетных артыстаў была практыка ўдзелу і ў замежных фестывалях open air — на свежым паветры, і ў беларускіх. Дадамо, што канцэрты ля сцен Мірскага замка і Сафійскага сабора ў Полацку прынеслі дырыжору Вячаславу Волічу спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Якімі ж аказаліся сёлетнія музычныя вечары «з Радзівіламі»? Па-першае, разнастайнымі. Бо ўмясцілі беларускую оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, класічны балет — аднаактовую «Пахіту» і канцэртныя нумары, «Вяртанне раманса», здзейсненае ў Ратушы Таццянай Траццяк, Станіславам Трыфанавым і струнным квінтэтам «Серэнада», прэм’еру араторыі «Жальбы» Ігара Хадоскі ў Фарным касцёле, нарэшце, заключны оперна-балетны гала-канцэрт. Бясспрэчна, ёсць тут і жанравая разнастайнасць, і ажно два буйныя беларускія творы, звернутыя да нашай гісторыі, і сапраўдная панарама артыстычных сіл.

Па-другое, фестываль не толькі пашырыў колькасць выкарыстаных пляцовак, далучыўшы касцёл, але і ўдасканаліў галоўную, змешчаную ва ўнутраным дворыку радзівілаўскага палаца. Замест адной часовай сцэны з’явіліся дзве: адна, па цэнтры, — для відовішча, другая, ніжэй і збоку, — для аркестра. Артыстам дый дырыжору было, можа, не вельмі зручна ды, тым больш, зусім нязвыкла, але што не зробіш дзеля любага гледача! Праўда, выйгравалі ад такой расстаноўкі сіл не першыя рады, прызначаныя для VIP-аў, а апошнія. Бо ў першай палове «партэра» гук, што ішоў з дзвюх сцэн, не паспяваў зліцца ў адну гукавую прастору. Яшчэ лепей, калі меркаваць па ўласных назіраннях, глядзець спектаклі з вокнаў самога палаца — вядома, тых, што змешчаны насупраць сцэны. Можа, з часам там і з’явіцца своеасаблівая «царская ложа», пакуль жа яе наведвальнікамі сталі музейныя супрацоўнікі.

Увогуле, акустычныя ўмовы — добрыя і нават выдатныя. А галоўнае — цалкам прыдатныя, асабліва для галасоў і духавых, якія на адкрытым паветры не стрыманы замкнёнасцю памяшкання. Архітэктура ўнутранага дворыка, з усіх бакоў адмежаванага высокімі сценамі, брусчатка замест дываноў, адсутнасць элементаў, якія сцішваюць гучанне ці ўвогуле паглынаюць яго, — усё гэта як нельга лепей спрыяе ўспрыманню кампазітарскіх і выканальніцкіх задумак. Ну, а будынак касцёла заўсёды мае выключную акустыку.

Што ж да залы гарадской Ратушы, дык раяль, пэўна, ёй не перашкодзіў бы. Але толькі ў тым выпадку, калі разглядаць залу менавіта як канцэртную пляцоўку. Калі ж праводзіць у ёй іншыя ўрачыстасці, у тым ліку вясельныя, раяль, як лічаць у Нясвіжы, будзе замінаць. Вось і замяняюць яго, пры неабходнасці, на электронныя клавішы. Ці, як у дадзеным выпадку, дбаюць пра іншае інструментальнае суправаджэнне.

Што ж набылі ці, можа, страцілі рэпертуарныя творы ў новых умовах? У «Дзікім паляванні...», калі з часу прэм’еры мінула 22 гады, а спектакль ідзе раз-два на паўгода, знік унутраны сэнс многіх мізансцэн, дый самі мізансцэны змяніліся — тым больш, што ў выязным варыянце выкарыстоўваліся далёка не ўсе дэталі сцэнаграфіі. Але музыка загучала быццам па-новаму. Менавіта яна, а не відовішчны складнік, стала галоўнай дзейнай асобай пастаноўкі. І даказала: опера пачынаецца з партытуры, у якой, пры паважлівым выкананні ўсяго, што напісана ў нотах і паміж імі, закладзена часам больш, чым у любой візуалізацыі аўтарскага тэксту. Змяненне тэатральнай умоўнасці на замкавыя рэаліі ўзмацніла і містычныя эпізоды. А як гучала ў вечаровым паркавым асяроддзі сама тэма палявання! Мурашкі па скуры беглі...

Балетная частка фестывалю не мела такіх прынцыповых змен, але артыстам давялося прыстасоўвацца да іншых памераў сцэны і згадваць перыяд жыцця тэатра, калі сцэна не была «пад градусам»: тут яны выступалі на роўнай, а не нахіленай паверхні.

Два рамансавыя астраўкі (канцэрт прэзентаваўся двойчы ў адзін дзень) дазволілі атрымаць асалоду ад салоннага паветра. Блізкасць салістаў — яны знаходзяцца ад публікі літаральна на адлегласці працягнутай рукі — вымушала іх быць максімальна натуральнымі, адмовіўшыся ад буйнога штрыха, якога патрабуе вялікая сцэна, на карысць разнастайнасці, зменлівасці штрыхоў дробных. Таццяна Траццяк, як заўсёды, скарыла тонкім псіхалагізмам, грацыёзнай, часам гуллівай тэатралізацыяй твораў. Станіслаў Трыфанаў у чарговы раз даказаў схільнасць да ўвасаблення моцных характараў, а не ідэалістычных пачуццяў. У знакамітым рамансе «Ямщик, не гони лошадей» ён «выдаў» сапраўды трагедыйны фінал, пазбаўлены ўсялякай тэатралізаванай сентыментальнасці. Віртуознае ж валоданне вакальнымі магчымасцямі для спевакоў такога класа — папросту аксіёма.

А вось струннаму ансамблю «Серэнада» не зашкодзіла б выступаць часцей. Гэта, мабыць, прымусіла б музыкантаў, прафесіяналізм кожнага з якіх не падлягае сумневу, «сыграцца», дасягнуўшы большай зладжанасці дзеянняў. Уважлівы аналіз зробленых у час канцэртаў рабочых відэазапісаў, што сёння практыкуецца кожным музыкантам, дазволіў бы пазбавіцца залішняй эмацыйнасці, ажно да «цыганшчыны» і рэстараннай манеры.

Разыначкай сёлетніх «Вечароў Вялікага тэатра з Радзівіламі» сталася духоўная фестывальная старонка — прэм’ернае выкананне «Жальбаў». Перадгісторыя падзеі налічвае больш за два стагоддзі. Некаторы час таму знакаміты оперны саліст (а цяпер і рэжысёр па ўводах), дырэктар «Беларускай капэлы» і адзін з найбольш адданых рупліўцаў айчыннай культуры Віктар Скорабагатаў знайшоў планкты — песняспевы, у якіх аплакваліся пакуты Хрыста, звычайна яны выконваліся ў перадвелікодны тыдзень. Некаторыя з іх ужо гучалі ў тых ці іншых апрацоўках, былі запісаны на радыё. Нарэшце, беларускі кампазітар Ігар Хадоска, які апошнім часам жыве ў Расіі, стварыў на іх аснове араторыю для хору і аркестра. Яе клавірны варыянт быў нават выдадзены. Але ў цэласным выглядзе «Жальбы» ўпершыню былі выкананы ў Нясвіжы, стаўшы адной з галоўных адметнасцей фестывальнай праграмы. Адразу сталі відавочнымі беларускія асаблівасці закранутай тэмы. У знакамітых «Страсцях...» Баха ярка вымалёўваюцца сюжэтная лінія, персанальныя характарыстыкі асобных герояў, драматургія пабудавана на кантрастах, у сачыненні акцэнтуюцца пакуты і трагедыйны настрой. У «Жальбах» ужо сама назва твора, пры ўсёй драматычнасці схаваных за ёй падзей, скіравана да светлага суму — ва ўсёй разнастайнасці яго псіхалагічных адценняў.

Закранем і такі складнік нясвіжскага фестывалю, як публіка. Пакуль наведвальнікамі падобных святаў могуць стаць, найперш, самі жыхары горада, можа, яшчэ тыя, хто жыве побач з ім, як гэта адбываецца штогод на «Музах Нясвіжа», што ладзіць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам Міхаілам Фінбергам. Турыстычны ж бізнес, прымеркаваны не проста да наведвання гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а да оперна-балетных паказаў у радзівілаўска-палацавым кантэксце, яшчэ на ўзроўні пачатковага фарміравання. А між тым, ва ўсім свеце менавіта гэты кірунак часта становіцца рухавіком далейшага развіцця фестывалю. Такім чынам, мэтай далёка не танных выездаў тэатра на пленэр становіцца адначасовая папулярызацыя і тэатра, і архітэктурнага помніка, дзе адбываецца свята, прыцягненне так званых «фестывальных» турыстаў, якія намагаюцца наведваць не проста тыя ці іншыя мясціны, а фестывальныя з’явы, што ў іх ладзяцца. Гэта патрабуе і далейшага развіцця гатэльнай інфраструктуры, і пашырэння ўнутрыпалацавых паслуг і выгод.

Апошні фактар, які можна было б назваць «накіраванасцю на публіку», на стварэнне для яе максімальна камфортных умоў, тычыцца практычна ўсіх канцэртаў open air. Такая «дробязь», як пачатак «Чароўнай ночы класікі...» у строчыцкім Музеі народнай архітэктуры і побыту а 22-й гадзіне, а не на 30 хвілін раней, сапсаваў уражанне многім аматарам музыкі. Няўжо арганізатары разлічвалі вечарыну толькі на тых, хто прыедзе на сваім аўто ці будзе заказваць таксі? Так, ад музея да гарадской мяжы аўтобусы хадзілі спраўна. А як ехаць далей? Вось і сыходзілі многія, не дачакаўшыся фіналу. Наўрад ці гэта прыносіла радасць і самім артыстам Музычнага тэатра, якім начны фармат таксама зрабіў шмат клопату. Да таго ж імпрэза з’яднала дзве плыні гледачоў: на яе імкнуліся патрапіць не толькі заўсёднікі тэатра і прыхільнікі оперных спеваў, але і наведвальнікі музея. А ў Строчыцах, навучаныя дзённымі фальклорнымі святамі, людзі прызвычаіліся адпачываць сем’ямі, разам з дзецьмі. Атрымліваецца, што і гэтай часткі аўдыторыі канцэрт міжволі хацеў пазбавіцца?

Сапраўды, арганізацыйна яшчэ ёсць што паляпшаць. Мастацкі ж узровень «Чароўнай ночы класікі...» аказаўся папраўдзе чароўным. Мастацкі кіраўнік тэатра і дадзенага праекта Адам Мурзіч паспрабаваў сумясціць прыемнае для публікі з карысным для артыстаў. І запрасіў да ўдзелу не толькі практычна ўсіх салістаў і дырыжораў тэатра, але і гасцей: і з Беларускай оперы, і з замежжа — Масквы, Піцера і амерыканскага горада Лінкальна. У выніку парадная прэзентацыя тэатра ў скансэне (гэтым азначэннем сталі называць усе музеі пад адкрытым небам) ператварылася ў своеасаблівае творчае спаборніцтва, прычым не заўсёды з пераможным лікам для гаспадароў. Канцэрт, можна сказаць, дапоўніўся майстар-класам, дазволіўшы артыстам Музычнага тэатра і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Больш за ўсіх, мабыць, уразілі Станіслаў Трыфанаў з нашага опернага, Ларыса Юдзіна з Марыінкі і амерыканскі дырыжор Філіп Сіманс, які ўжо не ўпершыню прыязджае ў Беларусь. Гады тры таму ён запомніўся праграмай «Dance-танцы і... амерыканцы» з філарманічным ансамблем салістаў «Класік-Авангард», а ў гэтым сезоне выступіць дырыжорам-пастаноўшчыкам «Вестсайдскай гісторыі» ў нашым Музычным тэатры. Але гэта — ужо іншая тэма...

 Надзея Бунцэвіч