У цянётах казкі

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

У Беларускім тэатры «Лялька» звярнуліся да Андэрсена

/i/content/pi/mast/48/813/7.jpg

Лялька Свінапас.

Што падуладна, а што непадуладна пачуццю кахання? Знайсці адказ на гэтае пытанне Апавядальнікі разам з гледачамі спрабуюць на працягу спектакля «Прынцэса і Свінапас», пастаўленага на сцэне Беларускага тэатра «Лялька».

Акцёры выходзяць на сцэну, і вакол іх матэрыялізуецца Казка. Яна сцелецца воблакам, апускаецца парашутным купалам, выгінаецца заморскай птушкай. Яна пляце карункі, падобныя да казачных зімовых узораў на шкле, і з першых хвілін заваблівае гледачоў у цянёты фантастычна прыгожага свету.

Ці дужа далёкі гэты свет ад нашай паўсядзённасці? Рэжысёр Віктар Клімчук убачыў у вядомым творы Андэрсена і згадку пра асабістую драму вялікага дацкага казачніка, безнадзейна закаханага ў оперную спявачку, і сотні штодзённых сучасных драм, калі безразважнае пачуццё ўспыхвае паміж людзьмі з неспалучальнымі сістэмамі каштоўнасцей.

На сцэне ўвасабляюцца дзве краіны, створаныя фантазіяй сцэнографа Алеся Сідарава. Адна з іх светлая і чыстая, са сціплымі пакоямі ў атачэнні зеляніны і кветак — адбітак роднага краю, што жыве ва ўяўленні беларусаў. І Прынц (Валерый Зімніцкі) у гэтай дзяржаве адпаведны. Ён любіць сваю зямлю, не прагне вялікага багацця. Ён досыць разважлівы, вынаходлівы, але не пазбаўлены ідэалізму і нават перфекцыянізму. Маўляў, калі Ружа і Салавей надзелены надзвычайнымі ўласцівасцямі, то, значыцца, і жонка павінна быць найпрыгажэйшай у свеце.

Але вось Апавядальнікі робяцца раззалочанымі Прыдворнымі, зеляніна дрэў лёгкім рухам рукі ператвараецца ў штучны бляск — Прынц трапляе ў іншую краіну, да сваёй абранніцы. Гэтая Імперыя істотна адрозніваецца ад яго радзімы — тут усяго шмат: золата, пышных інтэр’ераў і свіней. І людзей, што пад прыгожымі ўборамі і штучнай манернасцю хаваюць душэўную пустэчу. Але закаханы бачыць толькі сваю Прынцэсу. І без ваганняў нясе ёй у дар самае каштоўнае — Ружу і Салаўя. А потым пакутліва ўсведамляе простую ісціну: тое, што дорага табе, зусім неабавязкова павінна зацікавіць іншага. Да больш дакладнага разумення сітуацыі — няварта сыпаць бісер перад свіннямі — Прынцу яшчэ давядзецца шмат перажыць і перадумаць.

Прынцэсу (Вольга Лазебная) у спектаклі нельга назваць ні злой, ні празмерна разбэшчанай. Проста «і лёгка ёй, і весела жывецца, таму што тата — важны чалавек». Калі ёй дакладваюць пра патэнцыйнага жаніха, Прынцэсу найперш цікавіць не сам юнак, а прынесеныя ім падарункі. Што ж, «падарункаў» яна дачакаецца.

Упадабае чароўны гаршчэчак са званочкамі, які дазваляе бачыць, што адбываецца з іншымі людзьмі. І не прэзентаваны — хто такі Свінапас, каб рабіць падарункі Прынцэсе? — а набыты на неблагіх умовах, за дзесяць пацалункаў. Такая размова куды бліжэй да разумення годнай прадстаўніцы Імперыі, чым эфемерныя Ружы з Салаўямі, да якіх нават цэннік не прышпіліш.

А Прынца пасля эйфарыі (ну як жа, дакрануцца вуснамі да вуснаў каханай аж дзесяць разоў!) наведваюць не надта вясёлыя развагі. Што гэта за Прынцэса, калі яна згаджаецца цалаваць Свінапаса?

Апавядальнікам увогуле ўсё ўжо зразумела — яны аж падскокваюць, перамігваючыся ў прадчуванні прыніжэння ганарыстай Прынцэсы.

Як вядома, дзяўчына спакусіцца і на музыку трашчоткі. Спакусіцца і юнак — застанецца цалавацца з той, у кім ужо расчараваўся. Нічога, па сутнасці, не зменіць і з’яўленне грознага з выгляду Імператара (Міхась Клімчук), перад якім запабягаюць, але не дужа слухаюцца.

У Ханса Крысціяна Андэрсена нешчаслівы жаніх у фінале выказваецца як суровы суддзя: маўляў, ва ўсім вінаватая жанчына, ёй адной і расплачвацца за памылкі. Драматург Панча Панчаў і рэжысёр Віктар Клімчук робяць развязку больш справядлівай: ініцыятарам усіх прыгод з’яўляецца акурат Прынц, таму ў выніку ён і губляе больш — без любові і ўвагі гінуць і Ружа, і Салавей. Зрэшты, родная зямля ў галоўнага героя застаецца. Як і надзея, што на зямлі гэтай яшчэ вырастуць кветкі і заспяваюць птушкі.

Лялькі ў спектаклі (мастак Ганна Сідарава) надзвычай зграбныя, вытанчаныя і прывабныя. Яны жывуць у яркіх, багатых на святло і фарбы інтэр’ерах нібы незалежна ад Апавядальнікаў, апранутых у някідкія шэра-ліловыя касцюмы. Акцёры спрачаюцца — лялькі дапамагаюць вырашыць спрэчку.

Упершыню спектакль «Лялькі» аздобіла музыка кампазітара Алены Яўневіч. Супрацоўніцтва сталася паспяховым — мелодыі і песні як найлепш выяўляюць трывожнае хараство андэрсенаўскага светаўспрымання.

Не меншай удачай аказалася і запрашэнне харэографа Дзіяны Юрчанка. Кожны жэст акцёраў поўніцца пластыкай, сугучнай моманту і настрою: праз рухі выдатна выяўляецца і ліслівасць Прыдворных, і спачуванне Апавядальнікаў Прынцу, і іх іронія ў адносінах да Прынцэсы. Не менш выразнымі атрымаліся і танцы лялек-марыянетак.

Цікава, што нават гаманкія і неспакойныя дзеці выходзяць з залы сцішанымі, у некаторых мам і бабуль прабліскваюць слязінкі. А ў вачах большасці гледачоў яшчэ нейкі час свеціцца адбітак Казкі.

Людміла Сіманёнак